Ініцыятыва MALDZIS выкупіла Радзівілаўскую карту ВКЛ

Ініцыятыва MALDZIS выкупіла Радзівілаўскую карту, надрукаваную на лацінскай мове ў Амстэрдаме ў 1631-ым годзе ў атласе Вілема Блаў. Гэта адзін з шэдэўраў еўрапейскай картаграфіі беларускага паходжання тых часоў, напісана на сайце ініцыятывы.

Карта ахоплівае ўсю тэрыторыю ВКЛ у межах да Люблінскай уніі 1569-га года (да федэратыўнага аб’яднання з Каронай Польскай) і часткова землі суседніх краін. Ініцыятарам яе стварэння і мецэнатам быў нясвіжскі князь і буйны дзяржаўны дзеяч Мікалай Крыштап Радзівіл (Сіротка), і ў выніку карта ўвайшла ў гісторыю пад ягоным прозвішчам.

Radzivilaŭskaja karta
Фота: Ірына Арахоўская

Радзівіл хацеў прэзентаваць Еўропе цывілізаваную, урбанізаваную дзяржаву ды зняпраўдзіць тагачасныя апісанні замежнікаў аб непраходных лясах, населеных паўдзікімі плямёнамі. Мапа рабілася фактычна з нуля і павінна была змяшчаць геаграфічную, палітычную і гістарычную інфармацыю. Адным з дакладна вызначаных аўтараў эскіза карты з’яўляецца нясвіжскі гравёр Тамаш Макоўскі.

Radzivilaŭskaja karta Фота: Ірына Арахоўская

Кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS:

«Радзівілаўская карта была шырока вядомая ў Еўропе і служыла ўзорам для наступных карт гэтага рэгіёна, але ўжо ў XVIII стагоддзі лічылася вельмі рэдкай. Да гэтага часу карта застаецца найкаштоўнейшай гістарычнай крыніцай. На ёй пазначаныя звыш 1000 населеных пунктаў, з якіх больш за 300 — на землях сучаснай Беларусі. Фактычна гэта першая навуковая мапа нашай краіны».

Карта была набытая ў Літве на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Сяргея Казлоўскага, Ані Буглаковай, Уладзіміра Гарлача і Дзмітрыя Падалінскага.

Radzivilaŭskaja karta
Фота: Ірына Арахоўская

У будучыні карта будзе перададзеная ў Нясвіжскі палац у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання на радзіму карта будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за межамі Беларусі.

Кажа Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы MALDZIS:

«Радзівілаўская карта ВКЛ — помнік сусветнага картаграфічнага мастацтва, які амаль на два стагоддзі сфармаваў вобраз ВКЛ у еўрапейскай картаграфіі. Гэта сведчанне моцы дзяржаўных эліт, інтэлектуальнай спеласці і эканамічнай заможнасці тагачаснай Беларусі».

Paviel Macukievič i Ryhor Astapienia
Фота: Ірына Арахоўская

Гісторыя выдання Радзівілаўскай карты

Першаўзор Радзівілаўскай карты быў створаны, верагодна, у Нясвіжы блізу 1603-га года, але да нашых часоў не дайшоў — пакуль лічыцца страчаным. Шырокую вядомасць карта набыла дзякуючы выданню 1613-га года ў Амстэрдаме ў картаграфічнай майстэрні Вілема Янсзона Блаў. Адзіная вядомая арыгінальная насценная Радзівілаўская карта 1613-га года знаходзіцца ў бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары (Нямеччына).

Radzivilaŭskaja karta
Фота: Ірына Арахоўская

З 1631-га года адбітак Радзівілаўскай карты з клішэ выдання 1613-га года, выкананага галандскім гравёрам Геселем Герыцам, увайшоў у склад сусветнага атласа Вілема Блаў «Appendix Theatri A. Ortelii et Atlantis». Адно з першых атласавых выданняў карты якраз і набыла ініцыятыва MALDZIS.

Мапа выкананая ў тэхніцы афарбаванай гравюры на медзі, склееная з чатырох частак, памер карты — 73,5×73,5 см. Дакладны маштаб — 1:1 293 000.

На адваротным баку набытай карты надрукаваны пачатак лацінскага тэксту пад назвай «Descriptio Lithuaniae» («Апісанне Літвы»), што робіць гэтае выданне адметным сярод іншых амаль 20 выпускаў Радзівілаўскай карты, якія былі надрукаваныя з 1613-га да 1670-га года.

Radzivilaŭskaja karta

«Descriptio Lithuaniae» — гэта геаграфічнае і гісторыка-культурнае апісанне Вялікага Княства Літоўскага. Паходжанне гэтага апісання дагэтуль дакладна не высветленае і датуецца прыкладна 1574-1579 гадамі.

Пра MALDZIS і магчымасці падтрымаць ініцыятыву

Ініцыятыва атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя беларускія каштоўнасці і імёны. MALDZIS працягвае гэтую справу і бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацаванні вобраза Беларусі як еўрапейскай нацыі.

Такія набыткі, як Радзівілаўская карта, Трэці Статут ВКЛ ці іншыя, магчымыя дзякуючы грамадскім ахвяраванням.

Цяпер MALDZIS мае найбольшую патрэбу ў падтрымцы даследчай працы ў пошуку каштоўнасцяў, іх набыцці, ушанаванні памяці слынных беларусаў і беларусак ды вяртанні забытых імёнаў. Асабліва карыснымі для ініцыятывы з’яўляюцца штомесячныя ахвяраванні, нават малога памеру.