Алег Гарбуз: «Расія не мае права існаваць у цяперашнім выглядзе. І яна ўжо на крок бліжэй да краху»

Акцёр Алег Гарбуз распавёў «Салідарнасці» пра святло ў канцы тунэля, заробкі і размову з КДБ.


Alieh Harbuz
Фота перададзены суразмоўцам «Салідарнасці»

— Алег, 15 гадоў таму вы купілі ў крэдыт новенькі «Форд Мандэа», праехалі паўтара дзясятка кіламетраў і пакінулі машыну ля абочыны ў Зялёным Лузе. У той дзень быў патоп, і здарыўся гідраўдар. За замену рухавіка выставілі 8 тысяч долараў. Тады здавалася, што нічога больш драматычнага ў жыцці здарыцца не можа...

— Гэта ўсяго толькі грошы на самай справе. І, як сёння бачым, тая сітуацыя была зусім не драматычная. Я яе прайшоў і забыўся.

Той «Форд», дарэчы, і сёння са мной, у Варшаве. Мне яго тады адрамантавалі танней. Праўда, у Варшаве я зараз на машыне не езджу, купіў сабе праязны і ганяю.

Насамрэч, калі б хацеў, даўно б ужо жыў у Польшчы. Але я б не разглядаў варыянты пераезду з Беларусі, калі б не такі лімітавы ціск улады.

Я прыехаў у Варшаву напрыканцы 2021-га, разумеючы, што будзе толькі горш. Напалоханы Лукашэнка — вельмі помслівы і дробны чалавек, які не адпусціць сітуацыю і будзе ўсім даказваць, што яго дубінкі самыя лепшыя. Так і атрымалася.

Я задаволены сваім рашэннем эміграваць. Самае галоўнае, што я вольны, кажу, што хачу, раблю як хачу, не павінен хаваць свае погляды, спакойна хаджу, не баючыся, што ў любы момант за мной прыйдуць.

Alieh Harbuz

Тое, што перыядычна заканчваюцца грошы — не прычына вяртацца ў турму. Трэба проста працаваць.

Як і многія калегі, разглядаю розныя варыянты падпрацовак. Некаторыя купілі машыны, таксуюць. Калі браць аўто ў арэнду, трэба плаціць каля 200 даляраў у тыдзень, а нядрэнную патрыманую машынку можна купіць за 6-7 тысяч даляраў і спакойна адбіць яе кошт за паўгады. Дакладна не бачу ў гэтым ніякай трагедыі.

«Арандаваць сцэну Драматычнага тэатра ў Варшаве каштуе 4 тысячы еўра за дзень»

— Я вось у пачатку года паздымаўся ў кіно, але грошы заканчваюцца, і трэба варушыцца, шукаць падпрацоўку. Пакуль рукі-ногі-галава на месцы, можна нешта прыдумаць.

Хоць перыядычна ўсіх кідае ў дэпрэсію, я бачу гэта па калегах і свайму досведу. Часам накатвае адчуванне бяссілля, роспачы, а потым нешта ўсё роўна з’яўляецца.

У мяне было падобнае два гады таму, калі думаў ісці працаваць на будоўлю. І нічога страшнага ў гэтым няма.

Насамрэч мае кропкавыя фінансавыя праблемы можа вырашыць адно кіно. З іншага боку, тады супакойваешся, запавольваецца развіццё. Жывеш сабе спакойна пакуль не з’ясі запасы і не скончацца грошы.

— Занадта расслабляецеся?

— Мы ў любым выпадку не расслабляемся, у нас жа ёсць і свае Купалаўскія справы. Стараемся не разваліцца, трымацца адзін аднаго, каб у рэпертуары з’яўляліся новыя назвы.

Alieh Harbuz

Цяпер думаем, як бы гэта граць тое, што мы ўжо напрацавалі. Спектакляў ужо нямала: «Дзяды», з якіх мы пачалі, ёсць два Бахарэвічы, быў «Сфагнум», «Камедыя Юдзіфі». Многае ўпіраецца ў пляцоўку, за арэнду якой трэба плаціць немалыя грошы.

Інстытуцыйнай падтрымкі ў Купалаўцаў няма. Часам нам выдзяляюць нейкія сродкі на пастаноўку, ставім спектакль, а адыгрываць яго ўжо няма за што.

Той жа «Зэкамерон» мы ўжо спрабуем граць на самаакупляльнасці. Вядзём перамовы з адной кампаніяй, каб сыграць ужо напрацаваны рэпертуар з вялікай колькасцю занятых артыстаў.

Было б выдатна, калі б нам дапамаглі гасіць арэнду на партнёрскай аснове. Арандаваць вялікую сцэну Teatra Dramatyczny ў Палацы культуры і навукі ў Варшаве каштуе 4 тысячы еўра за дзень.

Alieh Harbuz

— Не раз чула, што, маўляў, Купалаўцы звольніліся ўслед за Латушкам, падтрымалі яго, а чаму ён не дапаможа сваім, дамовіўшыся з чыноўнікамі пра выдзяленне памяшкання?

— Ён спрабаваў дапамагчы. Мы схадзілі ў Бюро культуры Варшавы, шукалі памяшканне, але ў выніку ўсё заглухла. Калі б было валявое рашэнне важкага польскага чыноўніка, але пакуль яго няма.

Сёння беларусы далёка не ў першых шэрагах польскага парадку дня. Калі б мы гэта паспелі ў 2020-2021, то, хутчэй за ўсё, ужо мелі б памяшканне. Але ж мы звальняліся не для таго, каб адразу пераехаць у Польшчу і заняцца тэхнічнымі пытаннямі.

Адразу пасля звальнення Купалаўцы хацелі наладзіць сваё жыццё ў Беларусі. Таму многія пераехалі толькі ў канцы 2021 — пачатку 2022, калі ўжо была відавочная забарона на прафесію плюс далейшыя рэпрэсіі за непадпарадкаванне.

«Калі б не ездзіў у Польшчу кожны месяц — я б звар'яцеў»

— Які быў самы цяжкі перыяд эміграцыі?

— У мяне яго не было. Я ледзь не кожны месяц езджу ў Польшчу з 2008-га, працаваў на «Белсаце», займаўся дубляжом фільмаў. Паспеў тут яшчэ і ў тэатры пайграць на польскай мове, часам жыў па месяцу. І за гэтыя 15 гадоў пакуль я сюды ездзіў Польшча стала звыклай.

У мяне не было адчування, што пераехаў у іншую краіну. Атрымалася такая мяккая эміграцыя.

— Раз вы працавалі на «Белсаце», рызыкі, застаючыся ў Беларусі, у вас былі сур’ёзныя.

— Ды не, ведаеце, мяне і КДБ выклікаў, яшчэ ў 2010-м. Здарыўся цікавы момант, я ўжо працаваў на «Белсаце», і мы з Купалаўцамі зняліся ў промароліках для тэлеканала. Наш КДБ пра гэта даведаўся і мне прызначылі сустрэчу ў кавярні. Гэбісты, праўда, тады былі іншыя.

Мы сустрэліся, і чалавек мяне спытаў: «Алег, як так здарылася, што вы працуеце на «Белсат»?» На што я шчыра адказаў: «Не паверыце — проста пашанцавала». І растлумачыў, што наша праца заключаецца не толькі ў тэатры ці кіно, але і ў іншых праектах. На тым і разышліся.

Alieh Harbuz

Калі б не ездзіў у Польшчу кожны месяц — я б звар’яцеў. Я прыязджаў і кожны раз выдыхаў.

— Што тады раздзірала мацней за ўсё?

— У мяне з самага пачатку была выразная пазіцыя адносна так званага прэзідэнта Беларусі. Я вельмі засмуціўся адразу ж, як толькі яго абралі, яшчэ ў 1994-м. Тады ж зразумеў, што гэта непрыемна і хутчэй за ўсё надоўга. Унутры адразу апусціліся рукі.

Па сутнасці, я ненавідзеў яго заўсёды: не мог ні бачыць, ні чуць. І паездкамі ў Польшчу я яго для сябе быццам мінімізаваў, разгарнуўшы сваё жыццё ў зручным мне рэчышчы.

Што тычыцца самага цяжкага на эміграцыі — шкада, што ў нас ва ўсіх не жалезныя нервы. Такія моманты выключаюць камфорт і гармонію з сабой. Бывае, калі зусім ужо незразумела, як жыць і што рабіць. Калі побач сыпяцца твае сябры і калегі — пачынаеш сыпацца ўслед за імі, таму што часам таксама не вывозіш...

Калі сканчаліся грошы, я пачынаў перажываць, а потым падумаў: «Чаго перажываць? Што-небудзь ды знайду!». Наша акцёрскае існаванне — латарэя, але, на шчасце, у ёй шмат залежыць і ад цябе.

Alieh Harbuz

Я агучваю аўдыёкніжкі. Цяпер вось пачалі агучваць Біблію на беларускай мове ў перакладзе Антонія Бокуна. У мінулым годзе працаваў рэжысёрам камп’ютарнай гульні.

«Мая шчырая мара — каб Расейская імперыя развалілася»

— На ваш погляд, у эміграцыі прасцей аднаму або з партнёрам?

— Бачу, як разбураюцца моцныя пары, але ў той жа час калі ёсць чалавек, якога можна абняць — гэта шчасце. У маім выпадку гэта маё малодшае дзіця, сыну 13, ён жыве са мной.

Я вельмі хацеў, каб ён сюды эвакуіраваўся, таму што не мог дапусціць, каб сын целяпаўся ў тым барахле. Але не хвалюйцеся, яго мама жыве непадалёк і ў вольным доступе да дзіцяці.

— Чула пытанні ад некаторых дзяўчынак: «Алег Гарбуз — зайздросны жаніх?»

— Ды ну, які Алег Гарбуз зайздросны жаніх... У Алега Гарбуза ніколі нічога не было.

Людзі прыязджалі з суседніх гарадоў і атрымлівалі кватэры ад Купалаўскага тэатра. Алег Гарбуз — не, таму што мінчук і заўсёды былі свае 9 квадратаў, якія не дазвалялі ні стаць у чаргу на кватэру, ні з’ехаць ад бацькоў. Таму ўсё жыццё жыў на здымных.

Адзінае, што ў мяне было — аўтамабіль, і тое, як вы ўжо палічылі, яму ўжо 15 гадоў. Так што які там жаніх — сівы ўжо чалавек. Час ужо ў бок Госпада ступні свае паварочваць...

Мэтанакіравана чагосьці мне ўжо сапраўды не трэба. Адносіны зараз дакладна не на першым месцы.

Alieh Harbuz

— Выпраўляючы 2023-й вы казалі, што ў 2024-м мы ўбачым святло ў канцы тунэлю. Што сёння думаеце аб тым прагнозе?

— Украіна мяне зараз натхніла, ну прам малайцы! Тое, што яны зрабілі ў Курску — гэта выдатна. У гэтай сітуацыі абсалютна зразумела хто ахвяра, хто агрэсар. І калі ахвяра кусае так, што ставіць пад сумнеў моц агрэсара — гэта натхняе.

Мая шчырая мара — каб Расейская імперыя развалілася. Я бачу, што Расея на крок бліжэй да краху, а яна заўсёды была турмой народаў.

Я адчуваў гэта і раней, але зараз абсалютна выразна ўсведамляю: Расія не павінна, не мае права існаваць у тым выглядзе, у якім яна зараз існуе. На маю думку, яна павінна быць развалена. І ў гэтым выпадку мы станем свабоднымі, як нацыя і як народ.

— Чаму?

— Таму што ім будзе не да нас. Калі ўсе ад іх разбягуцца і кожны зоймецца сабой...

Хоць, вядома, XXI стагоддзе паказала, што па сутнасці нічога не змянілася з часоў Сярэднявечча: хто мацнейшы — той і мае рацыю. Ня ведаю, што здарыцца з гэтымі расейскімі тэрыторыямі, мне ўсё роўна. Галоўнае, каб ад нас адкалупаліся.

А мы такія людзі, якія ў стане пасябраваць з суседзямі і жыць з імі ў свеце. Мы да гэтага, так скажам, генетычна звыклыя.

— Вы апісалі, што ваш прагноз спраўджваецца ў дачыненні да Украіны. А што пра Беларусь?

— Ну вядома мы ўсе чакаем, калі два дзядкі [памруць]. Зразумела, не імі ўсё абмяжоўваецца, але дапушчаю акно магчымасцяў, як было ўжо не раз. Не хочацца чужымі рукамі запал заграбаць, але мы цяпер мала на што можам уплываць.

Адзінае, што я магу зрабіць, каб рэальна мець магчымасць уплываць на сітуацыю — калі ў Польшчы сфарміруюць воінскае падраздзяленне, пастараюся быць максімальна карысным і, можа, нават пайду служыць. Магчыма, і для многіх беларусаў гэта стане выйсцем.

Надакучыла слухаць, што «вы, беларусы, умееце толькі ныць і клянчыць». Не хочацца такім выглядаць ні ў вачах суседа, ні ў сваіх уласных. Таму пракручваю розныя варыянты.

— А вы ў арміі служылі?

— Не, я не хацеў там служыць і не служыў. Не хацелася аддаваць камусьці гады свайго жыцця, па сутнасці іх выкідваць. Падпарадкоўвацца людзям, якія незразумела кім дадзеным правам будуць мной камандаваць. Я заўсёды вельмі дакладна для сябе разумеў, што ў мяне перад «савецкай радзімай» даўгоў няма.

Але ў пэўным моманце разумею, што чалавек можа прыняць рашэнне, пра якое нават не падазраваў. Таму і ад сябе магу чакаць чаго заўгодна.

«Трэба граматна разлічваць сябе на доўгую дыстанцыю»

Alieh Harbuz

— У 2008-м у тэлешоў «Адзін супраць усіх» вы выйгралі тагачаснымі грашыма 6 мільёнаў 250 тысяч рублёў, лепш за ўсіх адказаўшы на пытанні. Збіраліся купіць мабільнік дачцэ, а сабе ветразную дошку. Так і сказалі: «Убачыце на Мінскім моры дошку з пунсовым ветразем — ведайце, што гэта я!» Сёння гэта гучыць вельмі сімвалічна.

— Тады гэта было каля 3, 5 тысяч еўра. І не паверыце, тыдзень таму я быў у польскім яхт-клубе, прыглядаўся да расцэнак.

Я ж былы спартовец, пасля васьмі класаў паступіў у палітэхнікум на рэвалюцыйную спецыяльнасць «вытворчасць прамысловых робатаў». Тады і пачаў займацца ветразным спортам.

Скончыўшы тэхнікум з чырвоным дыпломам, пайшоў працаваць у Акадэмію навук і паралельна вучыўся на завочным у Політэхнічным інстытуце. Але вельмі хутка ўсё гэта кінуў. З таго часу, як пайшоў у тэатральную студыю і паступіў у Акадэмію мастацтваў на акцёрскі факультэт.

Цяжка было і таму, што з-за працы не мог займацца спортам, а да таго кожны дзень быў на Мінскім моры, спаборнічаючы, аб’ездзіў увесь саюз, паспеў стаць кандыдатам у майстры спорту. Так і перахацеў быць вучоным.

Думаю, калі зараз устаць на дошку — то адразу і пайду.

А што тычыцца вярнуцца ў Беларусь — тое, што я тут набываю, буду цягаць за сабой. Дзе б я ні апынуўся. Вярнуся дадому разам з ветразнай дошкай, думаю, прывязу ў Беларусь і не адзін ветразь.

Ніхто не можа зараз даць гарантыі па часе. Таму трэба разлічваць сябе на доўгую дыстанцыю, спрынтам за мяжой не пражывеш нават некалькі год. Таму ўсім нам важна і тэрапеўтычна граматна і дазавана размяркоўвацца ў новай рэальнасці.

Alieh Harbuz
На наступны дзень пасля размовы з «Салідарнасцю» Алег Гарбуз арандаваў у Варшаве дошку і аднавіў заняткі, перапыніўшы паўзу ў 35 год.