Беларускі фэйсбук аб’явіў вайну камандзіру Трэцяга армейскага корпуса УСУ Андрэю Білецкаму. За што? За выказванне аб «адсутнасці ў беларусаў маральнай традыцыі ўзброенай барацьбы за незалежнасць іхняй краіны». Традыцыя аб’яўляць войны ў фэйсбуку і маланкава ў іх перамагаць у нас дакладна ёсць. За гэта можна быць спакойным.
Заснавальнік палка «Азоў», камандзір Трэцяга армейскага корпуса УСУ Андрэй Білецкі. Скрыншот відэа ютуб-канала «Бомбардир»
Чаму кароткая рэпліка Білецкага выклікала абурэнне? Бо трапіў у балявую кропку. Балюча, значыць, праўда. Каб менш балела, мы маем адмысловую «аптэчку»: вось вам Слуцкі Збройны Чын, вось «дзяды ваявалі» пад Оршай... Але мазі з таблеткамі не вырашаюць праблемы. Інакш, не было б ані гэтай цытаты, ані абурэння. І жылі б мы ў сваім доме, а не ў Вільні, Варшаве ці Беластоку.

Бітва пад Оршай. Мастак: Міхаіл Басалыга
Мы маем шмат традыцыяў: этнаграфічную, песенную, кніжную, палітычную і дысідэнцкую. Нават традыцыю турэмнай прозы — таксама маем.
З традыцыяй узброенай барацьбы за незалежнасць і свабоду ў нас усё дрэнна. Вельмі дрэнна. Замест традыцыі — сімулякр. Гэта калі замест гістарычнага факту мы падаем яго пераказ у стылі мастацка-дакументальнай прозы.
Сімулякр — гэта не фактура, а палепшаная версія мінулага. Версія, якую мы свядома абіраем, каб камфортней сябе адчуваць сёння. Каб было чым крыць у спрэчках. Войска БНР? Раскажыце, калі ласка, колькі населеных пунктаў кантралявала «войска БНР»?.. Слуцкі Збройны Чын? А што гэта за вайсковая адзінка — «чын» — гэта атрад, полк, дывізія?.. Булак-Балаховіч? Узгадайце, чаму Балаховіч адмовіўся ад супрацы з БНР і перайшоў да палякаў, га?..
Усё антысавецкае і незалежніцкае, што было цягам Другой Сусветнай вайны і пасля яе (у выглядзе партызанкі, падполля, дэсантаў) — гэта кароткія ўспышкі, якія не паказвалі аніякага вайсквовага рэзультату. Не блытайце гераізм з вайсковым рэзультатам, добра? Усё гэта не было працягам традыцыі БНР і не пакінула нейкай традыцыі пасля сябе.Усё антысавецкае і незалежніцкае, што было цягам Другой сусветнай вайны і пасля яе (у выглядзе партызанкі, падполля, дэсантаў) — гэта кароткія ўспышкі, якія не паказвалі аніякага вайсковага выніку. Не блытайце гераізм з вайсковым вынікам, добра? Усё гэта не было працягам традыцыі БНР і не пакінула нейкай традыцыі пасля сябе.
Бо, што такое традыцыя? Гэта цыклічнае паўтарэнне падобных дзеянняў цягам працяглага адрэзку часу. Алгарытм, які мы перадаем наступным пакаленням, а самі атрымалі ад бацькоў і дзядоў. Але праблема ў тым, што ад дзядоў мы не атрымалі пацёртых фрэнчаў з бел-чырвона-белымі шэўронамі. У лепшым выпадку — «буденовку, что где-то в шкафу мы нашли».
Вайсковая традыцыя ў беларусаў ёсць. Цягам ХХ ст. беларусы ваявалі па ўсім свеце ў дзясятках войнаў: ад Японіі і Афганістана да Блізкага Усходу і Фінляндыі. Беларусы бралі Кёнігсберг, пралівалі кроў пад Монтэ-Касіна, прабіраліся праз джунглі сцежкамі Хо Шы Міна. Беларусы — добрыя байцы: дысцыплінаваныя і трывалыя. Пачытайце ўспаміны Уладзіміра Барадача пра Афганістан: нашы землякі могуць быць не проста жорсткімі, але і бязлітаснымі.
Але ў чым праблема? Усе гэтыя войны беларусы прайшлі ў чужых мундзірах. У савецкіх, польскіх, нямецкіх, амерыканскіх. На тыя самыя мундзіры нашы суайчыннікі атрымлівалі чужыя ўзнагароды: савецкія «чырвоныя зоркі» ці амерыканскія Vietnam Service Medal. То бок, традыцыя ваяваць — ёсць. Беларусы не пацыфісты. Але Білецкі казаў не пра гэта. Ён казаў пра традыцыю ўзброенай барацьбы за незалежнасць і свабоду, праўда? І вось тут — самае цікавае.
Беларуская палітычная і вайсковая традыцыі ходзяць побач, але — не перасякаюцца. З часоў БНР нашы палітыкі паказвалі поўнае неразуменне вайсковай тэмы. Неразуменне таго факту, што войска нельга «абвесціць» дэкрэтам ці граматай. Нельга раздаць званні палкоўнікаў і генералаў, але забыцца на зброю і забеспячэнне. Нельга грэбаваць вайскоўцамі, якія, бачыце, размаўляюць «па-расейску»...
Вынік падобнай палітыкі — факт таго, што ўсе баяздольныя беларускія часткі 1918-1921 гадоў дзейнічалі ў рамках польскага ці літоўскага вайсковага механізму. Выконвалі загады польскіх і літоўскіх камандзіраў, а не беларускіх.
Ніхто з іх не падпарадкоўваўся БНР, таму БНР свайго сапраўднага войска не мела. Ніколі. Нават Слуцкая брыгада падпарадкоўвалася палякам, калі раптам вы забыліся.
Маркі Часовай Рады Случчыны
Пасля вайны эмігранцкая прэса стварыла міф пра «Армію Вітушкі» ў лясах Беларусі. І чым болей часу праходзіла з 1945-га года, тым большымі ставалі шэрагі той арміі. Чаму прэса пісала пра Вітушку, а не пра рэальных «лясных братоў»?.. Бо пра рэальных на Захадзе нічога не ведалі (а тыя не ведалі пра БНР). Яны былі стыхійныя, аўтаномныя. А пра Вітушку — нешта чулі. Вось і пісалі, каб не сорамна было перад украінцамі і літоўцамі.
У чарговы раз нагадаю: давайце не блытаць гераізм асобна ўзятых людзей і традыцыю, добра? Традыцыя — гэта нешта паўсюднае, масавае. Гэта правіла. А кейс Філістовіча, Вострыкава ці Лапіцкага — гэта выключэнні, якія не мелі аніякага эфекту, апроч складання фактаў у скарбонку нацыянальнай памяці. Мы іх памятаем, але не знойдзем іх здымкаў у сямейных фотаальбомах.
Ці маюць беларусы вайсковую традыцыю? Так. Ці гэтая традыцыя нацыянальная? Не. У гэтым бяда. Войска, якое пачало стварацца з пачатку 1990-х гадоў беларускім можна назваць толькі ўмоўна — тэрытарыяльна. Там няма сваёй традыцыі ўзнагародаў, адрознай ад савецкай. Няма сваіх герояў, адрозных ад савецкіх. У кожнай частцы інжынерных войскаў на стэндзе вы ўбачыце... Пятра Першага, які нібыта заклаў традыцыю будаваць пантоны і пераправы.
Наша традыцыя ўзброенай барацьбы за свабоду і незалежнасць нараджаецца толькі зараз, на нашых вачах — пачынаючы з 2014 года. Пад Пескамі, Кіевам, Бахмутам. Парадокс у тым, што мы гэта ўпарта ігнаруем.
Колькі партрэтаў, песень, кліпаў, п’ес, біяграфій палеглых герояў было створана па матывах подзвігаў тых, хто ваюе зараз? Трошкі кінадакументалістыкі ды — усё.
Адкрыццё выставы фотаплакатаў «Гісторыя беларускага супраціву» ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце. 2025 г. Фота з сайта ўніверсітэта
Атрымліваецца, што мы не ўплятаем гэта ў наш беларускі дыскурс. Яно адбываецца, але — недзе побач, у іншым свеце. Не з намі. Яно нам не патрэбна, так выходзіць?
Праз пяць гдоў у краме «Кнігаўка» ў Варшаве я дакладна ўбачу новыя раманы Філіпенкі ці Альгерда Б., але — малаверагодна, каб побач стаялі біяграфіі Міраслава Лазоўскага, Алеся Чаркашына, Марыі Зайцавай.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org