Алег Хаменка выступіў у Магілёве (фота)

Выступ лідара гурта «Палац» Алега Хаменкі, якi прайшоў у Магілёве 20 чэрвеня, сабраў нямала прыхільнікаў гэтага спевака. Магілёўцы палюбілі групу «Палац» яшчэ з выступу апошняй на фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа» і з радасцю прыйшлі паслухаць таленавітага музыканта.

Як і заўсёды на сваіх выступах, Алег Хаменка больш гутарыў з публікай, чым спяваў. Кожную песню спявак суправаджаў невялікім расказам пра тое, як і дзе ён яе ўпершыню пачуў, якія з ёй звязаны гісторыі, калі і ў якіх умовах яна была напісана. Большасць песень лідар гурта «Палац» пачуў падчас сваіх падарожжаў па Беларусі – у Алега Хаменкi нямала гісторый пра тое, як яму ўдавалася разгаварыць мясцовых жыхароў і паслухаць іх любімыя народныя песні. А потым запісаць іх і аранжаваць. Але некаторыя песні, напісаныя пры гэтым у «народным стылі», Алег склаў сам. Так, напрыклад, было і з песняй «Каліна»: музыка доўга шукаў песню пра каліну, хацеў аранжаваць яе і выконваць на канцэртах, аднак неабходнай песні так і не знайшлося, таму і давялося пісаць яе самому.

Шмат даведаліся магілёўцы пра жыццё музыкі, яго інтарэсы, змаглі задаць пытанні, якія iх цікавiлi. Папрасілі гледачы Алега і аб невялікім падарунку для магіляўчанкі Алесі Башарымавай – перакладчыцы, якая на днях выйграла лiтаратурны конкурс «Экслібрыс». Музыка з задавальненнем выканаў песню ў падарунак дзяўчыне.

Канцэрт Алега Хаменкі атрымаўся зусім невялікім, але вельмі цікавым. Пасля заканчэння гледачы не раз папрасілі Алега абавязкова паспрабаваць выступіць на фестывалі «Магутны Божа» зноў, ці хаця б проста прыехаць у Магілёў са сваёй групай у поўным складзе. Пад канец вечара ўсе ахвотныя таксама змаглі купіць дыскі, атрымаць аўтограф любімага спевака і сфатаграфавацца з ім.

Марыя Гілёва