На шведскім фестывалі Book & Walk выступяць беларускія літаратары Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч і Юлія Цімафеева

З 17 па 20 ліпеня ў шведскай камуне Ар’еплуг (Arjeplogs) пройдзе фестываль Bok & Vandring, які арганізуе даўняя сяброўка Беларусі, шведская фатографка і аўтарка Марыя Сёдэрберг, піша reform.news.

Bok & Vandring

Падчас фестывалю адбудуцца некалькі выступаў беларускіх літаратараў. 18 і 19 ліпеня — Юліі Цімафеевай і Альгерда Бахарэвіча. «Новыя пераклады маіх вершаў зрабіў Mikael Nydahl. Альгерд прадставіць шведскі пераклад сваёй навэлы «Плошча Перамогі», а мадэраваць усе нашыя імпрэзы будзе дыпламат, перакладчык і яшчэ адзін даўні сябар Беларусі Stefan Eriksson», — паведаміла Юлія Цімафеева ў сваім Фэйсбуку.

20 ліпеня на фестывалі выступіць беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч. Размова пісьменніцы і лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі са сваёй шведскай перакладчыцай Кайсай Оберг Ліндстэн, названая «Секундная стрэлка часу», пойдзе пра кнігу «Час сэканд-хэнд».

Святлана Алексіевіч прыязджае ў месца правядзення фестывалю — Яквік разам з перакладчыцай Кайсай Обэргэ Ліндстэн. Падчас падарожжа яны наведаюць мемарыяльныя месцы ахвяр Другой сусветнай вайны і нацыянальны парк Нурлан у Стор’ордзе.

Запрашэнне пісьменнікаў, музыкаў і паэтаў, якія жывуць у выгнанні, з’яўляецца чымсьці накшталт візітнай карткі культурных мерапрыемстваў Марыі Сёдэрберг.

«Важна прыцягнуць увагу да іх становішча, і не ў апошнюю чаргу праліць святло на той факт, што толькі ў Беларусі 1500 журналістаў і пісьменнікаў, палітычных зняволеных зазнаюць катаванні. Я ведаю некалькіх з тых, хто быў заключаны ў турму, гэтае жудаснае абыходжанне з людзьмі адбываецца ў непасрэднай блізкасці ад нас», — расказвала Марыя Сёдэрберг шведскаму выданню Arjeplognytt.

На фестывалі Book & Walk таксама будзе асветлена ўразлівае становішча нацыянальных меншасцяў у Расіі. Напрыклад, будуць чытацца вершы на кільдзінскай саамскай мове Рамана Якаўлева.

Фестываль Book & Walk спалучае некалькі рэчаў — культуру, у прыватнасці — літаратуру, і прыроду. Важнай часткай фестывалю, як вынікае з назвы, з’яўляюцца вандроўкі, падчас якіх адбываюцца сустрэчы з літаратарамі і экскурсіі.

Адна з тэмаў імпрэзы — культурная спадчына, з чаго яна складаецца, што важна захаваць і як мы ставімся да нематэрыяльнай культурнай спадчыны? «Гэта таксама важная і актуальная тэма. Адным з рухавікоў вайны з’яўляецца знішчэнне нашай культурнай спадчыны», — кажа Марыя Сёдэрберг.

Расклад мерапрыемстваў можна паглядзець тут.