Гурт Relikt прэзентаваў новы трэк Bursoniki, прысвечаны культавай беларускамоўнай складанцы коміксаў 90-х. Песню зводзіў амерыканскі прадзюсер Марыё Кінтэра, а сам рэліз стаў часткай будучага альбома. CityDog.io расказвае, чаму вам варта паслухаць гэты трэк.
Беларускі гурт Relikt выпусціў сінгл Bursoniki. Ён стаў музычнай адсылкай да зборніка коміксаў «Дзе жылі Бурсонікі» — першага, які ў 1992 годзе выйшаў на беларускай мове накладам 200 тыс. экзэмпляраў, ад стваральнікаў «Планеты Гэя» Цвяткова і Каршакевіча.
Зборнік коміксаў «Дзе жылі Бурсонікі»
Адзін з гэтых коміксаў у дзяцінстве патрапіў у рукі будучага лідара Relikt Аляксандра Дземідзенкі і паўплываў на ягоны шлях у беларускую культуру.
«Я вялікі аматар фантастыкі — незвычайных светаў, а ў гэтай кнізе злучыліся адразу два: беларускі і выдуманы, фантастычны. Гэта стала для мяне сапраўдным адкрыццём: у нас ёсць свой непаўторны космас, які можна бясконца даследаваць. Напэўна, у дзяцінстве я фармуляваў гэта крыху па-іншаму, але менавіта з бурсонікаў і шляхціца Завальні пачаўся мой шлях да беларускай культуры», — кажа Аляксандр.
Relikt — адзін з самых самабытных беларускіх гуртоў. Калектыў спалучае элементы традыцыйнай культуры з сучасным гучаннем і працуе над новым альбомам. А свежы трэк Bursoniki стаў вынікам супрацоўніцтва з амерыканскім саўндпрадзюсарам Марыё Кінтэра (група Spotlights), які заняўся звядзеннем і мастэрынгам.
Гітарыст і аўтар кампазіцыі Віталь Макшун падкрэслівае, што трэк адрозніваецца прагрэсіўным гучаннем, зменамі рытму і музычнай формай: «Bursoniki паказвае больш прагрэсіўны бок музыкі Relikt — змены рытмаў, музычных памераў і танальнасцяў. Музычна гэта свайго роду падарожжа, якое развіваецца па спіралі і выходзіць на яркую кульмінацыю ў фінале».
Дарэчы, да гэтага гурт Relikt выпусціў сінгл Scizoryk. Паўнавартасны альбом чакаецца да канца 2025 года. Падтрымаць яго выпуск можна на платформе Buy Me a Coffee.
Цяпер гурт базуецца ў Варшаве, актыўна гастралюе па Польшчы і Еўропе. За плячыма Relikt — восем студыйных альбомаў, саўндтрэкі, дзясяткі кліпаў і ўзнагароды як у Беларусі, так і за яе межамі.