Святлана Алексіевіч падпісала Зварот да чалавечнасці

Славенскі ПЭН, Інстытут развіцця інклюзіўнага грамадства і платформа «Жанчыны за мір і бяспеку Славенія», грунтуючыся на дыскусіях пра чалавечнасць, якія прайшлі сёлета ў лютым, сакавіку і красавіку, прапанавалі 54-ай Сустрэчы ПЭНа «Пісьменнікі за мір» Зварот да чалавечнасці, піша penbelarus.org.


149.png

Паколькі прырода і грамадства папярэджваюць нас, якім няпэўным і пагрозлівым зрабілася наша існаванне, мы, людзі, мусім пераадолець свае нечалавечыя і іншыя згубныя спосабы мысліць і дзейнічаць;

Паколькі міжрэлігійная, міжнацыянальная, міжрасавая і іншая нянавісць, гвалт, мова варожасці, дыскрымінацыя, прыгнёт, катаванні і забойствы нашых бліжніх, асабліва дзяцей, жанчын, старых, а таксама людзей з іншых уразлівых груп, падштурхоўваюць мужчын і жанчын да жорсткасці і разбуральнасці і перашкаджаюць развіваць чалавечыя каштоўнасці, так неабходныя для існавання і развіцця нашага грамадства;

Паколькі, на жаль, навуковыя, тэхналагічныя і іншыя сацыяльныя дасягненні дапамагаюць хутчэй забруджваць і разбураць планету Зямля, чым рухаць прагрэс і павялічваць грамадскі дабрабыт, служаць узбагачэнню нямногіх за кошт большасці, падтрымліваюць вытворчасць ўзбраення і забойствы людзей, руйнуючы прыроду і культурную спадчыну, з’яўляюцца спосабам памнажаць голад, галечу, гвалт і іншыя непрымальныя формы чалавечага існавання ва ўмовах страху і нястачы;

Паколькі чалавечнасць — гэта першая і асноўная каштоўнасць, здольная пераадолець зло і дапамагчы чалавечай расе ў канструктыўным і ўстойлівым развіцці на аснове мірнага суіснавання;

Паколькі такі від мастацтва, як літаратура, можа абудзіць у людзях спачуванне і чалавечнасць і зрабіцца радасным вестуном станоўчых змен;

мы запрашаем сябраў ПЭНа і ўсіх людзей далучыцца да нашых высілкаў дзеля ўмацавання чалавечнасці і пабудовы мірнай і ўстойлівай будучыні нашага грамадства такім чынам, каб імкнуцца да наступнага:

Штодня і ўсюды мы мусім заставацца людзьмі і выяўляць сваю чалавечнасць перад іншымі людзьмі і жывымі істотамі. Быць людзьмі — гэта значыць, разумець іншых, цярпліва ставіцца да іх, спачуваць ім і дапамагаць, падтрымліваць іх.

Мы мусім усведамляць, што чалавечнасць робіць магчымым агульны дабрабыт для ўсіх нас. Усё дабро, якое мы творым, у выніку прынясе карысць нам самім, і такі досвед дапаможа нам расці і ўзмацняцца ў станоўчым ключы.

Кожны чалавек — і я, і ты — мусіць быць прыкладам чалавечнасці незалежна ад таго, як дзейнічаюць іншыя. Мы мусім быць настойлівымі, не зважаючы на тое, што гэтымі каштоўнасцямі часова пагарджаюць і не бяруць іх у разлік: у доўгатэрміновай перспектыве чалавечнасць — адзіны спосаб узмацніць людзей і грамадствы.

Мы мусім выяўляць смеласць і рашучасць, калі імкнёмся да дабра ў сабе і іншых. Веданне таго, што гэта — адзіны спосаб умацаваць чалавечнасць у грамадстве, мусіць заўсёды пераважаць прыгнёт і ўціск чалавечай годнасці, свабоды і правоў.

Давайце зараз дапаможам усім, хто зазнае жах, хваробы, нягоды, боль, несправядлівасць і іншыя цяжкасці.

Мы мусім асабліва бараніць дзяцей, жанчын, пажылых людзей, людзей з асаблівасцямі із абмежаваным доступам да адукацыі, а таксама людзей з іншых уразлівых груп, якія ў сілу сваёй слабасці могуць больш пацярпець ад эксплуатацыі і жорсткага абыходжання.

МЫ патрабуем, каб палітычныя і эканамічныя лідары паважалі і выконвалі свае абавязкі,дзейнічалі ў адпаведнасці з прававымі актамі, міжнароднымі пагадненнямі і ўсімі астатнімі юрыдычнымі і палітычнымі дакументамі, якія падтрымліваюць чалавечнасць, мір, бяспеку, салідарнасць, змаганне з галечай і устойлівае развіццё.

Мы звяртаемся да ўсіх урадаў і сусветных эканамічных лідараў з заклікам падтрымаць свабоду слова і свабоду творчасці, якія гарантуюць, што ўсе галасы, незалежна ад расы, нацыянальнасці і гендару будуць пачутыя і ацэненыя.

Мы ніколі не павінны забываць, што належым да адной чалавечай расы і адказваем за сябе, сваіх бліжніх — мужчын і жанчын, — а таксама за нашу планету Зямля. Калі мы сумняваемся, то заўсёды мусім выбіраць шлях чалавечнасці і БЫЦЬ ЛЮДЗЬМІ.

Гэты зварот напісалі:

Бэчыр Кечанавіч, магістр навук, дырэктар IRVD — Інстытута развіцця інклюзіўнага грамадства,

Міраслаў Цэрар, доктар навук, прафесар факультэта права, універсітэт Любляны, і палітык, былы прэм’ер-міністр Славеніі, былы міністр замежных спраў Славеніі,

Васілка Санчын, доктарка навук, прафесарка міжнароднага права, загадчыца кафедры міжнароднага права, дырэктарка Інстытута міжнароднага права і міжнародных адносін, факультэт права, універсітэт Любляны, сябра і віцэ-прэзідэнтка Камітэта ААН па правах чалавека(2019-2022), і

Таня Тума, пісьменніца, прэзідэнтка Славенскага ПЭНа.

penbelarus.org