Беларускі моладзевы хаб сёння ведае, бадай, кожны актыўны беларус ці беларуска ў Варшаве. Яно і не дзіва. Тут можна знайсці партнёраў для праекта, наведаць цікавыя беларускія імпрэзы альбо зладзіць сваё мерапрыемства ці проста прыемна правесці час у кампаніі сяброў і аднадумцаў. Кіруе Хабам ад самага першага дня існавання Алесь Лапко. Сустрэліся з ім ды паразмаўлялі пра тое, якой павінна быць ідэальная грамадская арганізацыя і як «прадаваць» беларусам беларускасць, а таксама пра ягоны ўласны шлях да беларушчыны.
Алесь Лапко
Беларускі моладзевы хаб у Варшаве — пляцоўка, на якой дзейнічаюць больш за 20 ініцыятыў і арганізацый: Беларуская музычная школа, заняткі вакалам — Мужчынскія спевы з Сержуком Доўгушавым, заняткі танцамі, адукацыйныя сустрэчы, сацыяльны клуб «Лісты палітвязням», кінапрагляды, моладзевы клуб «Суполка», клуб інтэлектуальных гульняў «Што? Дзе? Калі?», сустрэчы з псіхолагамі, жаночы клуб ЯЁсць, рэгулярныя канцэрты, выставы і прэзентацыі, беларуска-польскаія праекты: Чытаем з табой (навучанне польскай мове), экскурсіі па Варшаве ад беларускамоўнага паляка Альберта Вяжбіцкага, крама з беларускімі кнігамі і мерчам TheKrama Store, каворкінг для актывістаў і журналістаў. Таксама Хаб выкарыстоўваецца для канферэнцый і трэнінгаў.
Штодня ў Хабе адбываецца ад трох да сямі мерапрыемстваў. Сачыць за раскладам можна па календары мерапрыемстваў
– Алесь, раскажыце, калі ласка, як Вы прыйшлі да беларушчыны?
— Я заўсёды ў ёй быў. Мае бацькі з Ганцавіцкага раёна, мы размаўлялі ў сям’і па-беларуску, дзядулі і бабулі між сабой — на мясцовай гаворцы. Маці — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, а бацька — вайсковец. Я нарадзіўся ў 1991 г. у Віцебску, бацька там служыў. Тады была хваля нацыянальнага адраджэння. Бацька ведаў беларускую мову, а яго саслужыўцы, якія не з Беларусі, — вучылі. І гэта было нармальна, усе ўспрымалі такія патрабаванні новай дзяржавы адэкватна. У нас была энцыклапедыя «Этнаграфія Беларусі», я па ёй вучыўся чытаць.
Пасля пераезду ў Мінск бацькам даводзілася больш размаўляць па-расейску. На нашых сямейных відэа канца 1990-х, калі бацька купіў сваю першую відэакамеру, бачна, што ў Мінску я размаўляю без акцэнту па-расейску, з бацькамі — па-беларуску, а з бабуляй у вёсцы пераходжу на мясцовую гаворку.
Адкрыццё хаба ў новым памяшканні 3 кастрычніка 2023 г. Людзі слухаюць выступ ініцыятывы "Беларуская музычная школка"
Я негатыўна ставіўся да трасянкі. Гадоў у 17 упершыню пачуў «Разбітае сэрца пацана» — і мне ідэя песень на трасянцы зусім не спадабалася. Я думаў: «У нас жа ёсць такая мілагучная літаратурная мова, навошта трасянку прасоўваць?». Але потым я паглядзеў інтэрв’ю хлопцаў і зразумеў, што трасянка шмат для каго можа быць мастком ад рускай мовы да беларускай. Да таго ж, гэта мова, на якой размаўляе народ. Да літаратурнай мовы, канечне, трэба імкнуцца. А вось цікавы прыклад — рускамоўны, здавалася б, Магілёў. І колькі там беларускамоўных гуртоў!
У Беларускім моладзевым хабе
– Якая музыка Вам падабалася?
— Мой сябра дзяцінства Аляксей Сапрыкін (цяпер актор Свабоднага тэатра) дзяліўся са мной музыкай, кнігамі. Я слухаў NRM, шмат чытаў пра іх. Добра мне заходзілі «Песняры». Я лічу, што Мулявін шукаў беларускі культурны код, які, можа, чалавеку з Урала быў больш цікавы, чым самім беларусам. Беларусы ў гэтам выраслі, а чалавеку звонку, умоўна кажучы, цікава было паглядзець на туземцаў. Гэта, канечне, каланіялізм, але Мулявін гэтым вельмі шчыра займаўся.
Па начох я слухаў перадачу «Амарока» на «Радыё Рокс». Яе вёў Зміцер Вайцюшкевіч. Мне вельмі падабалася яго творчасць. Калі ў мяне з’явіўся камп’ютар з інтэрнэтам, то першае, што я там загугліў — творы Вайцюшкевіча.
На адно са спатканняў са сваёй будучай жонкай я прывёў яе акурат на канцэрт Тодара ў клуб «Графіці», і праз беларускую мову гэта магло скончыцца крызісна. Вайцюшкевіч расказваў жарт пра бабулю, якую ў іх у вёсцы называлі «дупа». Усе засмяяліся, а дзяўчына, з якой я прыйшоў, не ведала гэтага слова і запытала пра яго значэнне. Ну, я ёй паказаў, вельмі акуратна, у раёне пояса. За гэта яна мяне паставіла ў інвіз у асьцы і адносіны маглі б скончыцца, але я быў упарты, і вось мы ўжо 13 год разам.
Ініцыятыва "Лісты палітвязням". На адной з сустрэч прысутнічаў Яўген "Салам" Жураўскі, беларускі добраахвотнік, які зараз ваюе ва Украіне.
– А на якой мове Вы цяпер размаўляеце штодня?
— Па-рознаму. Я жыву ў Польшчы ўжо 8 год, і мы з жонкай размаўляем на мяшанцы беларускай, расейскай, польскай і ангельскай. Мы абое скончылі кірунак «Інфармацыя і камунікацыі» БДУ. Каця працуе ў сферы маркетынгу. Калі яна расказвае пра сваю працу, то ўмешвае і ангельскія, і польскія словы, бо ў іх міжнародная кампанія, працоўная мова — ангельская, але працуе шмат палякаў, таму, натуральна, што там размаўляюць і па-польску.
Мая жонка на 90% расейскамоўная — з бацькамі, з сябрамі. Але ёсць у нас сямейныя правілы, што ў некаторых сітуацыях мы размаўляем толькі па-беларуску. Я яе набліжаю да беларускасці. Бо яна такая перфекцыяністка: не магу размаўляць, бо буду рабіць памылкі. А я ёй кажу: «Размаўляй, як можаш». У таксоўках у Польшчы мы размаўляем толькі па-беларуску. Гэта і ў мэтах бяспекі, бо шмат рускамоўных таксістаў, і каб паказаць, што ёсць такая мова. Асабліва дзівяцца беларускія таксісты, якім нязвыкла чуць беларускую ў Варшаве, калі ў Беларусі яны з ёю мала сустракаліся.
Мая польская ў апошнія тры гады значна пагоршылася, бо камунікую пераважна па-беларуску. Ва ўніверсітэце вучыў харвацкую, шмат дзе сутыкаюся з украінскай. Атрымліваецца такая славянская мешаніна ў галаве, новы ўзровень трасянкі. Трэба не саромецца размаўляць, хай па-польску з акцэнтам, як атрымоўваецца. І калі цябе пытаюцца, адкуль ты, з гонарам казаць: «Я з Беларусі. Так, у мяне акцэнт, бо я не паляк». Нармальна, калі і па-беларуску чалавек размаўляе з акцэнтам, хай расійскім, хоць у беларусаў яго няшмат. Ну так, у яго, можа, рускамоўная сям’я, а ён размаўляе па-беларуску, бо лічыць, што гэта важна.
Мітынг з нагоды Дня Волі ля Беларускага моладзевага хаба. 26 сакавіка 2022 г. У цэнтры – Святлана Ціханоўская. Фота Алены Ляшкевіч
– Як пачыналася Ваша грамадская актыўнасць?
— Як я ўжо казаў, мне вельмі падабалася творчасць Вайцюшкевіча. І я па ўласнай ініцыятыве пачаў рабіць яго фанпэйдж у Фэйсбуку. Вешаў там навіны, кліпы… Потым мне сам Зміцер неяк напісаў і папрасіў дадаць яго да адміністратараў гэтай старонкі. Зараз яго чалавек вядзе тую старонку. А ў 2021 годзе я ўжо ладзіў канцэрт Вайцюшкевіча ў Варшаве.
У школе, як і шмат хто, я быў у БРСМ, калі былі траваядныя часы. Чаму не ў Моладзі БНФ? Мне здаецца, ім не хапала інклюзіўнасці і рэкламы. Калі маладыя людзі актыўныя, ім хочацца нечым займацца, — яны шукаюць магчымасці. Калі б Моладзь БНФ была больш інклюзіўная ў 2000-х, калі я вучыўся ў школе, — можа, я да іх пайшоў бы. Але было так, што прыходзіш на Управу БНФ, а ўсе на цябе глядзяць з падазронасцю. Ты адчуваеш сябе няўтульненька. Я разумею, чаму так адбывалася. Але гэта не было тады нешта падпольнае, а самы цэнтр Мінска, вуліца Варвашэні, 8.
– А што нам сёння рабіць у сітуацыі, калі ў арганізацыю ці ініцыятыву прыходзіць чалавек, якога мы не ведаем? Раптам ён агент? Мы ж не папросім у яго рэкамендацыі ці пратаколы затрыманняў…
— Калі чалавек хоча супрацоўнічаць, нешта рабіць — хай робіць. Я стаўлюся так, што, з аднаго боку, не маю падстаў чалавеку не давяраць. З іншага боку — нават калі ён агент, то што? Трэба проста весці дзейнасць сваёй арганізацыі адкрыта, празрыста, інклюзіўна для ўсіх. Калі ён, умоўна кажучы, агент, ці проста чалавек, які не падзяляе твае каштоўнасці, але ён пабачыць на ўласныя вочы, як гэта існуе, што тут прапаноўваюць, якія ёсць магчымасці, то ён, можа, яшчэ і пераканаецца ў тваёй рацыі.
Трэба ставіцца да людзей больш адкрыта, калі хочаш быць масавым рухам, а не нейкай маргіналізаванай закрытай арганізацыяй, што нас сто чалавек, а астатніх мы вельмі непрыязна будзем прымаць. Каб быць шырокім рухам, ці моладзевым, ці агульнабеларускім, трэба стварыць максімальна простыя ўмовы ўваходу. Трэба рабіць правілы, нейкія рэгламенты ўзаемадзеяння. Каб не было такога, што хтосьці сваімі паводзінамі дыскрэдытуе арганізацыю.
Калі гэта ў добрым сэнсе забюракратызавана, то будзе працаваць. Добры прыклад — у 1980-х у польскі прафсаюзны рух «Салідарнасць» уступіла 10 з 40 мільёнаў палякаў. Добра было б, калі б у беларусаў таксама была нейкая магчымасьць уключыцца ў шырокі працэс. Магчыма, Каардынацыйная Рада зможа нешта прапанаваць.
Алесь Лапко (другі злева) на шэсці з нагоды Дня Волі разам са Святланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам. 26 сакавіка 2022 г. Фота Алены Ляшкевіч
– Чаму Вы пераехалі з Мінска ў Варшаву?
— Пасля ўніверсітэта працаваў у Беларусі больш за два гады. Спачатку ў кампаніі «Анега» займаўся SMM і маркетынгам. Потым мы з калегамі стварылі ўласную фірму, праз якую арганізоўвалі самастойныя падарожжы па Еўропе. Кліенты былі ў асноўным ва ўзросце 18–30 гадоў, але прыходзілі і старэйшыя. Чалавек хацеў кудысьці паехаць сам, а не з тургрупай, але не мог вырашыцца. Тады яшчэ людзі мала ведалі пра лоўкосты, booking, airbnb. Мы ўсё рэзервавалі і прапаноўвалі падтрымку 24/7 падчас самой паездкі.
І вось нам выпісалі штраф нібыта за парушэнне Закона аб рэкламе. А я гэты закон ведаў уздоўж і ўпоперак, бо падчас педпрактыкі выкладаў рэкламнае права ва ўніверсітэце. Нам неафіцыйна сказалі, што ад камітэта дзяржкантролю прыйшла разнарадка на фірму, дзяржаве трэба грошы, варта заплаціць. Мы прайгралі некалькі судоў, хаця я ведаў, што маем рацыю. Я адчуў сябе безабаронным перад дзяржавай. Гэта ў 2020-м з’явілася шырокае разуменне «дэфолта права», хоть такое адбывалася і раней, проста кропкава, а не масава. Тады, у 2016-м, я вырашыў з’ехаць.
– Чым Вы займаліся ў Варшаве да стварэння Моладзевага хаба?
— Вучыўся ў магістратуры. Пісаў дыпломную працу аб уступленні Харватыі ў Еўразвяз як магчымасць для дэмакратызацыі грамадства і краіны, як можна гэты вопыт выкарыстаць у Беларусі. Мая жонка таксама паступіла ў магістратуру, у найлепшую эканамічную навучальную ўстанову Польшчы — Галоўную гандлёвую школу.
Разам з аднадумцамі мы стварылі ў Варшаве клуб «Што? Дзе? Калі?». У 2017 г. мы рабілі беларускі квіз і грошы, якія тады сабралі, накіравалі на стварэнне помніка Тадэвушу Касцюшку ў Марачоўшчыне. Дарэчы, гэты помнік жыўцом я яшчэ не пабачыў, але, спадзяюся, пабачу. Потым разам з тымі ж паплечнікамі мы дапамагалі ініцыятывам By_help i ByCovid19: шукалі рэспіратары, пульсаксіметры, тэрмометры і перапраўлялі ў Беларусь.
Падчас гульні “Што? Дзе? Калі?” ў Беларускім моладзевым хабе. Фота Алены Ляшкевіч
— Як агулам выглядала беларускае жыццё ў Варшаве да 2020 г.?
— Было не так шмат беларускіх арганізацый. Беларускі Дом існаваў з 2011 г., пры гэтым, як я разумею, у іх не было падтрымкі і нейкага нават чалавечага рэсурсу, каб нешта вялікае рэалізоўваць.
2020 год даў імпульс стварэнню альбо рэанімацыі беларускіх арганізацый і стварэнню дыяспары. А да таго я не магу сказаць, што тут была беларуская дыяспара. Бо дыяспара — гэта нешта больш устойлівае, чым асобныя людзі. Гэта сувязі, інстытуцыі, разуменне, што мы тут нешта створым, і гэта будзе працаваць на нашу агульную беларускую справу.
– Як Вы ўспрымалі Беларусь, маючы досвед жыцця ў Польшчы?
У Мінску тады ўжо з’явіліся Кастрычніцкая, Зыбіцкая — рэзервацыі для беларускай прагрэсіўнай моладзі. Праз тое, што я жыў у Варшаве, а ў Мінску бываў толькі наездамі, было вельмі заўважна, як штучна гэта ўсё рэалізавана. Едзеш у метро — людзі нейкія шэрыя, не ўсміхаюцца. А потым прыходзіш на Кастрычніцкую — там тусуюцца, усю ноч музыка… Нейкі проста Мінск і Менск, як у Вольскага. Пасля Варшавы, якая вельмі падобная да Менска і памерам, і складам насельніцтва, і развіццём, гэта было вельмі заўважна.
Альтэрнатывай «афіцыйнай» рэчаіснасці для беларускай моладзі была ўнутраная эміграцыя. А цяпер шмат з тых людзей ужо на самай справе з’ехала. Гэта бачна па назвах і складзе заснавальнікаў устаноў, якія адкрываюцца за мяжой — яны такія ж, як былі ў Мінску.
Мітынг з нагоды гадавіны выбараў 2020 г. ля Беларускага моладзевага хаба. 7 жніўня 2022 г. Фота Алены Ляшкевіч
Я не быў у Беларусі з 14 сакавіка 2020 г., калі апошні раз выехаў, фактычна апошнім цягніком. Была пандэмія, Польшча зачыняла мяжу. Я выязджаў хіба ў 22.00, і больш ужо цягнікі не хадзілі.
— Якая мэта дзейнасці Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве?
— Місія хаба — гэта стварэнне бяспечнай прасторы для дзейнасці і рэалізацыі беларусаў і беларусак у Варшаве. Гэта тое, што ўжо дзейнічае, што бачна. Калі шырэй — гэта стварэнне кантактаў і мастоў паміж беларусамі і беларускамі ў Польшчы і ў Беларусі. Але гэта і стварэнне мастоў між беларусамі і палякамі ў Польшчы.
Беларускі моладзевы хаб шмат для каго стаў тым месцам, дзе толькі пачала з’яўляцца цікаўнасць да беларускасці.
Прыходзілі людзі, якія прыехалі з Беларусі на выходныя, і казалі: «Файна, што хоць тут, у цэнтры Варшавы, можна дакрануцца да нечага беларускага».
Адкрыццё хаба ў новым памяшканні 3 кастрычніка 2023 г.Выступае гурт Jasakara
Мэта беларускіх арганізацый за мяжой — не толькі ўтрыманне дыяспары, але і каб беларусы захоўвалі беларускасць, каб вярнуцца.
— Што павінна яднаць беларусаў? Зараз модна казаць, нібы не мова, а нейкія іншыя фактары…
— Мова — адзін з кампанентаў. Тое, што нас яднае, што ў 2020 годзе з’явілася ў шырокіх мас і развілася — гэта гонар. Гонар быць беларусам.
У мяне ёсць знаёмая сям’я палякаў з Беларусі. Яны жылі ў Беларусі, але культывавалі польскія традыцыі, а потым урэшце і пераехалі ў Польшчу. У 2020 г. удзельнічалі ў акцыях салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве. І вось дачка ў гэтай сям’і пачала сябе ідэнтыфікаваць як беларуска, хаця ёй было зусім няшмат год, калі яны з’ехалі з Беларусі. У пэўны важны для краіны момант пачалася чыстая нацыятворчая беларусізацыя.
Уваход на падворак Беларускага моладзевага хаба. Фота Алены Ляшкевіч
Вайна ва Украіне прытармазіла працэс, людзі зноў з перасцярогай пачалі казаць, што яны беларусы. Нежаданне ўдзельнічаць у патэнцыйна канфліктных сітуацыях стала мацнейшым. Але калі будзе зноў нагода для гонару, то будзе новая хваля цікаўнасці да беларушчыны.
Мой прагноз: тры месяцы беларускага тэлебачання плюс беларускай бюракратыі ўнутры Беларусі — і ўсе будуць размаўляць па-беларуску, без усялякага гвалту і супраціву.
Прапаганда любой ідэі можа працаваць больш якасна, калі яна soft power. Рэклама паўсюль павінна быць, і разуменне камунікацый у тым ліку.
Беларусам трэба прадаць ідэю беларускасці. Хоць хтосьці кажа, што ў 2020-м ужо прадалі, а беларусы купілі гэту ідэю. Я лічу — не, мо і купілі, але яшчэ не распакавалі. Трэба дапамагчы.
Кожны вечар у дворыку Хаба запальваецца ўтульнае асвятленне, а падчас вялікіх мерапрыемстваў можна выпіць розныя кававыя напоі.
Беларускі моладзевы хаб у Варшаве не з'яўляецца камерцыйнай арганізацыяй, таму вельмі мае патрэбу ў вашай дапамозе. Дзякуючы вашай дапамозе сотні беларусаў могуць дазволіць сабе прымаць удзел у грамадскім жыцці і рэалізоўваць свае праекты.
А. Л., budzma.org