Смутна мне, Божа! Куды я ні гляну…
Гэта, калі што, Купала напісаў, а не я. Я б так не змог. Па-першае, таму што ён быў геній, а па-другое, на мне няма цяпер маёй сялянскай кашулі. Яе ў мяне, калі быць шчырым, зусім няма. Сорамна, канечне, у дваццаць першым стагоддзі не мець сялянскай кашулі ў гардэробе. Ці майтак з нацыянальным арнаментам. Можа, хто падорыць на 25 сакавіка… Ці на гадавіну перамогі пад Воршай. Хаця ёсць сумнеў, што яны там пад Воршай менавіта ў вышыванках маскалю прачуханца давалі. Але хто яго ведае, якім было сярэднявечнае хакі…
Але да верасня яшчэ чакаць і чакаць, а мне і без сялянскай кашулі неяк смутна. Бо куды я ні гляну – на мяне пазіраюць разумныя, сучасныя, таленавітыя людзі, якія ў 2014 годзе чамусьці апрануліся ў вышыванкі і так радуюцца, быццам ім толькі што замянілі расстрэл на катаргу. Хаця катарга – гэта, вядома, архаізм. А вышыванка?
А яна акурат у трэндзе. Вось і маё любімае радыё абмяркоўвае, чаму гэта раптам вышыванка зноў у модзе. Этнаграфізм? Выклік нацыяналістаў? Унутраная патрэба? Салідарнасць з Украінай? Добра, калі толькі апошняе.
Здаецца, перадусім трыумф вышыванкі значыць, што ўсё было дарэмна. Мы прапалі. Вышываначная Беларусь зноў перамагла Беларусь еўрапейскую. Мы вярнуліся туды, дзе былі. Да Беларусі льняной, жытнёвай, баравой, а таксама баваўнянай, саматканай, паркалёвай, пладова-ягаднай і сінтэпонавай. Быць беларусамі без вышыванкі не атрымліваецца. Кракадзіл не ловіцца і не расце какос. Нешта не складваецца. Але што?
Проста беларусам, без вышыванкі, быць нецікава. Беларускасць трэба насіць на сабе. І зашпільваць на ўсе гузікі. І пажадана да калена. Каб усе бачылі – вось ідзе беларус. Ці беларусачка. Сама цёмная, вусы белыя, а на грудзёх – узор нацыянальны. Эцюд у белых і чырвоных тонах.
Навошта кніжкі чытаць, калі ёсць вышыванка? На ёй усё напісана, то бок вышыта. Ці намалявана, як тату на скуры. А больш беларусу ведаць неабавязкова. Мудрасці пакаленняў, запісаных беларускімі рунамі, хопіць, каб пражыць жыццё і іншых навучыць. Навошта кірыліца і лацінка, калі ёсць руны? Вышыванка – таксама цывілізацыйны выбар. Адмова ад Захаду і ад Усходу таксама – а замест гэтага рух углыб, у зямлю. Да нібыта глыбокіх – як магілы – народных традыцый. Толькі, на жаль, кожная традыцыя ёсць усяго толькі міфам. Апраўданнем голаду – гэтага вечнага спадарожніка людзей у вышыванках. Традыцыі выдумваюць тады, калі гэта робіцца выгодным. І забываюцца на іх адразу ж, як толькі яны пачынаюць замінаць.
Пакуль што па вуліцах беларускіх гарадоў людзі ў вышыванках яшчэ не бегаюць. Яны ў вышыванках пераважна пазіруюць. Трохі збянтэжаныя, яны пазіраюць у аб’ектыў і думаюць, што выглядаюць вельмі патрыятычна. Патрыятызм наогул – усяго толькі адна з формаў фотагенічнасці. Людзям у вышыванках вельмі важна адчуць, што іх шмат. Толькі тады яны моцныя. І ў гэтым нашае з імі адрозненне. Еўрапейцу важнае крыху іншае – адчуць сваю каштоўнасць і свабоду, застаўшыся самому, без грамады. У гэтым яго моц. А моц вышываначнага чалавека – ва ўзоры пад яго падбароддзем. Таму ён, шукаючы аднадумцаў, пазбягае ўсё ж хадзіць у вышыванцы па людных вуліцах і на публічныя мерапрыемствы. Барані Божа капне хто кетчупам – і сваю сіламоц давядзецца праць парашком “Мара”. А што можа быць прыніжальней…
Неверагодным чынам вышыванка ўвайшла ў моду тады, калі здалося, што беларускія гараджане нарэшце пачалі апранацца як еўрапейцы. Па праспекце пройдзеш – Яўропа: мінчукі выглядаюць гэтаксама, як жыхары іншых еўрапейскіх сталіцаў. Не горш. Гэтак жа разнастайна. Беларусаў цяпер наогул усё цяжэй стала вылучаць за мяжой з натоўпу. Людзі як людзі: такія могуць жыць у Баранавічах, а могуць – у Брандэнбургу. Гэта ісцінна рускіх людзей ні з кім не зблытаеш: іхныя кабеты вандруюць па Еўропах у піжамах (сам бачыў), а мужчыны ў спартовых касцюмах, зусім як пацыенты якога-небудзь мінскага шпіталя. Каб лішні раз не пераадзявацца – ну, і каб падкрэсліць, што рускі чалавек паўсюль у сябе дома: у спальні.
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што тыя рускія жанчыны, відаць, не здагадваліся, што яны ў піжамах. Успамінаецца анекдатычная гісторыя пра тое, як жонкі савецкіх акупантаў хадзілі ў тэатр у купленых імі ў Вільні начных сарочках, прыняўшы іх за прыгожыя вечаровыя сукенкі з карункамі. Затое які выклік грамадству…
Вышыванка вось таксама нібыта выклік. На першы погляд. Але ўвогуле ў папулярнасці вышыванак ёсць нешта паўночнакарэйскае. Тысяча абсалютна голых людзей будзе выглядаць больш індывідуальна, чым гэткая самая тысяча ў вышыванках. Спецыфіка жанру…
Знаёмая літоўская літаратарка расказвала неяк пра першага пабачанага ёй у жыцці беларускага паэта. Прозвішча яна не запомніла. Вершаў таксама. І ніхто не запомніў. “Вершы былі такія самыя, як яго вышыванка… – сказала знаёмая. – Такія архаічныя. Вось вышыванку запомнілі ўсе. І з гэтым вы хочаце ў Еўропу?”
Цяпер я думаю, што мы туды ўжо не хочам.
Можна, вядома, сказаць, што вышыванка і не абавязаная падкрэсліваць індывідуальнасць. Наадварот: той, хто надзявае вышыванку, абірае так званыя традыцыйныя каштоўнасці, а іхным прыхільнікам на нейкае асобнае “я” заўжды было напляваць. Ці камянямі закідаць. Традыцыйныя каштоўнасці лёгказасваяльныя, і на іх трымаецца свет: што б мы ўсе рабілі без мілых нашаму сэрцу хатняга гвалту, цемрашальства, рэлігійнага фанатызму, моцнай рукі, ксенафобіі і г.д.!.. І ў шафе гэтых каштоўнасцяў для састарэлай вышыванкі заўжды вісіць пустая, ганаровая вешалка.
Смутна мне, Божа.
Ясная рэч, вышыванка – гэта мода, і яна міне. Але сялянскую кашулю ў гардэробе на ўсялякі выпадак мець варта. Раптам ужо заўтра вышываначныя людзі пачнуць весці рэй у краіне. Трэба мець адну вышыванку для маскіроўкі, каб непрыкметна дабрацца да мяжы. Ці дзве. А лепш дзесяць. І ўсе іх надзець, адразу, адну на адну. Каб ніхто не здагадаўся.