У Горадні адбыліся альтэрнатыўныя дні горада – пяты раз дні Святога Губерта, патрона Горадні, адзначаліся з 2 да 5 лістапада.
У рамках фэсту прайшлі творчыя сустрэчы са Змітром Вайцюшкевічам і Палінай Рэспублікай, Міжнародная навуковая канферэнцыя “Гарадзенскі палімпсест – 5: людзі даўняй Горадні”, прэзентацыі і майстар-класы.

Пра адметнасці сёлетняга святкавання расказвае Павал Мажэйка, адзін з арганізатараў мерапрыемства:
— Трэба адзначыць, што форма для нас — не галоўнае. Ідэя дзён Святога Губерта ў тым, каб кожны, хто хоча “варушыцца” ў грамадскім сэнсе, кожны, для каго быць жыхаром Горадні — гэта аднаўленне традыцый, хто хоча, каб частка яго жыцця ішла на карысць гораду, меў магчымасць рэалізавацца. Пачыналася ўсё пяць гадоў таму з маленькай навуковай канферэнцыі на знак падтрымкі гісторыкам, якіх не вельмі шануюць гарадзенскія ўлады. У выніку ўсё перарасло ў сапраўдныя святкаванні на некалькі дзён. Нам не даюць памяшкання, канферэнцыю мы ладзім там, дзе месціцца польскае консульства.
— Ці збіраюцца гарадзенцы пашырыць сваё мерапрыемства на ўсю Беларусь?
— Вельмі хацелася б. Але па шчырасці, я не ведаю іншых гарадоў, апроч Мінска, дзе можна б было казаць пра такую еднасць мастакоў, гісторыкаў. Самае важнае тое, што гэта не проста людзі, якія любяць сустракацца, але якія гатовыя частку свайго жыцця, даробку аддаваць грамадскай дзейнасці. Было б здорава, каб у кожным абласным горадзе паўставалі ініцыятывы, якія не зацыкліваліся б на нашым унутраным гета.
— Што змянілася за пяць гадоў правядзення?
— Калі казаць пра тэхнічную частку, то гэта маштаб. Мы кожны год дадаем мерапрыемствы, далучаем новых людзей. Напрыклад, сёлета для мяне адкрыццём сталіся гарадзенскія арнітолагі. Для нас вельмі важныя новыя твары. Не будзем хаваць, што ўнутранае гета ёсць. Вельмі здорава, што далучаюцца новыя людзі, якія чакаюць новых адкрыццяў. Сёлета мы спрабавалі рэалізаваць ідэю з календаром на 2013 год. Некалькі сотняў гарадзенцаў будуць памятаць пра гістарычныя дні.
Мы робімся разумнейшымі, багацейшымі на досвед. Пяць гадоў таму мы сумняваліся, што здолеем, што пацягнуцца людзі, а сёння ведаем, як зрабіць. Меншымі высілкамі, але якасна. Мы ведаем, што нам яшчэ ёсць над чым працаваць. Напрыклад, для канферэнцыі мы распрацавалі анкету, з якой хочам зразумець, у якім кірунку развівацца. Мы хочам адгукацца на патрэбы часу, таму што развіццё ведаў пра Горадню не стаіць на месцы.
Размаўляў Андрэй Мялешка