Марыя Грыц: «Агарод круцей за ёгу. Я вам дакажу!»

«Ці ёсць нейкая беларуская сістэма жыццеўспрыняцця, каб трымала доўга, укараняла ў рэальнасць і адначасова мацавала і цела, і душу? Я доўга шукала. І, падаецца знайшла яе ў агародніцтве.

Што? Так! І зараз я дакажу вам, што для нашай супольнасці яно працуе часам лепш, чым ёга».

Піша Марыя Грыц і прыводзіць ажно 5 доказаў таго, што агарод круцей за ёгу.

Kvietki

1. Фізічная нагрузка

У маёй вялікай сям’і спорт дзеля спорту ніколі не быў папулярны. Нам патрэбны вынік. Каб можна было ўвечары заварваць духмяную гарбату, сесці на ганак і паглядзець: вось ён, маленькі кавалачак сусвету, які стаў прыгажэйшым дзякуючы таму, што ты прыклала да яго рукі.

І тады мышцы не ныюць, а нібыта спяваюць пра тое, што ты частка чагосьці большага, чым квадратныя метры.

У мацоўні ці на спартовай пляцоўцы ты робіш пэўную колькасць падыходаў і маеш часавыя абмежаванні. У агародзе цябе абмяжоўвае толькі плот і цемра, што паступова накрывае зямлю. Тут не так проста згубіць матывацыю ў працэсе, бо як жа кінуць, калі там кветкі, памідоры, расада? Яны ж будуць пакутаваць.

У Інстаграме ідзе чэлендж #formananova, каб прывесці сябе ў добры фізічны стан да лета. Я шчыра намагалася ўдзельнічаць у ім класічным чынам з адцісканнямі і планкай, але паўтараць кожны дзень адное і тое ж мяне хутка занудзіла. Не тое, што рыдлёўка! Кожны раз нешта новае выкопваеш: новы камень, новы корань, старая банкаўская картка... І мацуеш не адну групу цагліц за раз, а ўсё цела. А як хочаш зрабіць акцэнт на ягадзіцах — вазьмі рыдлёўку паменей!

2. Самота, якая лечыць, і супольнасць, якая трымае

Агародніцтва часцей выглядае як сола-практыка, і ў гэтым яго сіла. Бабуля мне казала: «Як стане кепска на душы — ідзі да зямлі, яна ўсе твае горасці забярэ». Манатонныя рухі, рукі ў зямлі, пахі, птушкі і чмялі — і галава пачынае раскладаць жыццё па палічках на дробныя трывогі, вялікія пытанні, будзённыя крыўды.

Але гэта і калектыўная гісторыя. У кожнага прыстойнага хобі ёсць свае крамы, свае «сакрэтныя месцы», свае людзі.

А ў беларусаў і беларусак агарод — гэта амаль нацыянальны дзэн.

Пра расаду можна пагаварыць з кім заўгодна. Пахваліцца памідорамі — нават калі яны растуць на падаконні. Раздаць лішнія гуркі, узяць чужыя кабачкі, разам перажываць замаразкі і спёку.

Нашыя жыцці ўжо не залежаць ад ураджаю. Але сам працэс — гаючы.

3. Доўгі гарызонт замест трывожнага сёння

Псіхолагі раяць «зазямляцца». А хіба нейкі спосаб можа быць лепей, чым самы літаральны?! 

Калі вакол адбываецца тое, што адбываецца, вельмі хочацца проста накрыцца коўдрай і чакаць, пакуль усё скончыцца. Але ў агароднікаў ды агародніц ёсць іншая логіка: трэба паспець адсаджацца!

І ты ўстаеш. 

Пасля працы заходзіш у краму з насеннем, а там цябе чакае вядро эндарфіну ад выбару раслін — вось гэта, і гэта, і яшчэ трошкі гэтага.

Koška Кошка таксама бярэ ўдзел у выбары насення

Потым вяртаешся да свайго плана ўчастка (нават калі гэта паўтара квадратных метра на гаўбцы ці падаконне) і думаеш, як уціснуць туды яшчэ кусцік размарына і пару малышак-аксамітак.

А планаванне — гэта ж асобная асалода. Хто не ўмее — вам у дапамогу каляндар агародніка, дзе па днях распісана жыццё наперад да бясконцасці, бо гэты цыкл паўтараецца і не абрываецца.

Вось чаму гэта так трымае: у агародзе няма фіналу. Ты заўсёды ў працэсе.

Як казала мая бабуля, няма калі паміраць.

Aharod
Агарод можна зрабіць нават на гаўбцы

4. Псіхалагічная саспеласць і кантроль там, дзе яго мала

Да агародніцтва трэба дарасці. У дзяцінстве я яго ненавідзела!

Памятаю, як мама не пускала мяне на спатканне, пакуль я не дапалю градку. З такой злосцю, як я тады, людзі, напэўна, не рвалі пустазелле ніколі ў гісторыі. Я клялася: вырасту — закатаю ўсё газонам, буду грыліць і гуляць у валейбол.

Ага, якое! Cпачатку ставіш шклянку з цыбуляй на акно ў кухні, а потым валачэш пакет зямлі, бо ўсе падаконні, гаўбец і нават агульная клумба ўжо пад тваім пільным творчым кантролем. А далей — болей.

І вось мы, ужо дарослыя, спрачаемся з мужам за кожную жменьку зямлі: яму — газон, мне — градкі. Падзялілі ўчастак напалам. Пакуль. Полымя дыскусіі толькі прыціхла да часу.

Вясной я бачыла шмат пастоў і сторыз у маладзейшых сябровак, што яны дараслі да агарода. І тут ёсць рацыя. Бо ў юнацтве няма калі! Трэба выпрабоўваць і даследаваць гэты свет, трэба шукаць сябе, трэба паўсюль і адразу. А калі ты назбіраеш досведу столькі, што ўжо няма куды класці, хочацца звычайнай, максімальна блізкай прыгожай працэдуры: ранкам паліваць свой вазон з суніцамі перад тым, як будзіць дзетак у садок і ісці на працу.

Такія імгненні — як і любы рытуал — трымаюць цябе ў лепшым стане, даюць адчуванне кантролю хай не над сапраўды істотнымі падзеямі, але хоць над якімі.

Вось паспеюць суніцы — пакажаш дачцэ, як нанізаць ягадкі на травінку і зрабіць пацеркі. І свет становіцца крыху больш вытлумачальным.

Dačka Maryi Hryc
Калі паспеюць суніцы — пакажу дачцэ, як нанізаць ягадкі на травінку і зрабіць пацеркі

А памятаеце, як мы казалі бабулям, што прасцей купіць гародніну ў краме, чым упорвацца на агародзе? Калі нехта яшчэ прытрымліваецца такога меркавання, то паглядзіце, якія прыгожыя цяпліца і курачкі ў Бэкхама! Таксама дзядзька хапануў свайго, цяпер капусту вырошчвае.

5. Традыцыя

Мая мама садзіць расаду. Мая бабуля садзіла. І яе маці, і яе маці... і мая дачка садзіць зярняткі ў пластыкоўку, каб назіраць за раслінамі ў працэсе.

Калі з зерня прабіваецца парастак, я адчуваю сувязь з імі — жанчынамі, якіх ужо няма, але якія ўсё яшчэ са мной у гэтым руху, у гэтай зямлі, у гэтым чаканні. А якія песні спявалі нашыя жанчыны ў полі, а якія святы ўраджаю, мммм...

Прабабулі, вітаю! Глядзіце, я кабачкі пасадзіла сёлета! А то гэтыя эмігранты і эмігранткі занадта расслабіліся без падкідышаў напрыканцы лета. Я вырашчу іх, як і вы, памерам з нагу, каб толькі сякерай секчы. І словы ўсе памятаю магічныя кшталту «я так старалася, расціла, няўжо не возьмеш і прыйдзецца выкідаць?». Не, такія рэчы не маюць знікнуць толькі праз тое, што мы далёка ад сваіх градак. 

Я цяпер жыву ў краіне з пачкаматамі, то планую рассылаць кабачкі далёка ва ўсе бакі! Будзе весела і, падаецца, новая форма традыцыйнага свята ўраджаю! Няхай гэта будзе наша новая форма сувязі.

Бо ёсць рэчы, якія не павінны знікаць толькі таму, што свет мяняецца занадта радыкальна для аднаго чалавека.

Марыя Грыц, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org

______________________________________________________________________

Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.

Вось як можна гэта зрабіць.