Аляксей Братачкін, гісторык, навуковы супрацоўнік кафедры публічнай гісторыі Гістарычнага інстытута Фернуніверсітэта ў Хагене (Германія), у інтэрв’ю budzma.org — пра тое, чым сённяшняя сітуацыя ў Беларусі нагадвае 1970-я гады, хто з’яўляецца галоўным «калектыўным» гісторыкам краіны і ці можа дыяспара паўплываць на будучыню Беларусі.
Працяг. Першую частку размовы чытайце тут.
Аляксей Братачкін. Фота: Heide Fest
— Вы, напэўна, чулі меркаванне пра тое, што беларуская нацыя нарадзілася ў 2020 годзе. Што вы думаеце на гэты конт?
— У сучаснай гісторыі Беларусі былі масавыя дэманстрацыі канца 1980-х — пачатку 1990-х, палітычная барацьба сярэдзіны 1990-х, падзеі Плошчы 2006 і 2010 гг. і г. д. І, вядома, можна ўзгадаць значна больш даўнюю гісторыю ХIХ — пачатку ХХ стст., калі толькі пачынае распаўсюджвацца ідэя нацыяналізму.
Нацыя — гэта «ўяўная супольнасць», і, як паказалі падзеі 2020 года, сіла ўяўлення адчуваецца многімі толькі тады, калі гаворка ідзе пра палітычную свабоду. У гэтым сэнсе мы пражылі ўжо некалькі цыклаў нараджэння і смерці гэтай свабоды, кожны раз укладваючы новыя сэнсы.
Для многіх слова «нацыя» працуе толькі тады, калі ёсць свабода. Тады застаецца прыдумаць новае слова для таго стану, у якім грамадства, усе мы, знаходзімся зараз, калі гэтай свабоды няма. Аднак я глыбока перакананы, што калі ўдасца ў будучыні стварыць дэмакратычную Беларусь, падзеі 2020 года несумненна стануць адным з найважнейшых эпізодаў сучаснай гісторыі і памяці пра яе.
Аляксей Братачкін. Фота: Дзмітрый Брушко
— Беларуская дыяспара сёння прадстаўляе даволі шматлікую супольнасць людзей, якая спрабуе працягваць развіваць беларускую культуру. Але ці можа дыяспара ўплываць на тое, якой будзе будучыня краіны? Што паказваюць прыклады з гісторыі?
— Я думаю, так. Беларуская дыяспара пасля 2020 года, напрыклад, у адрозненне ад папярэдніх пакаленняў, утварылася ў эпоху дыгіталізацыі і інтэрнэту. Што дазваляе быць бачнымі адно для аднаго — я кажу пра расколатую грамадзянскую супольнасць Беларусі і ў цэлым пра грамадства (бо з’ехалі не толькі палітычныя і грамадзянскія актывісты).
Калі ў дыяспары атрымаецца стварыць нейкія інстытуты, у фокусе якіх будзе Беларусь, гэта не дазволіць прыбраць ідэі, людзей з жыцця ўнутры Беларусі. Адна з задач дыяспары — ствараць умовы для з’яўлення новых ідэй унутры краіны.
Калі казаць пра гістарычныя аналогіі, то можна ўзгадаць ролю розных дыяспар у працэсах «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 года ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
Я чытаў, напрыклад, адно не надта аптымістычнае даследаванне, у якім распавядалася пра эміграцыю з «сацыялістычнай» Чэхаславаччыны, рэвалюцыю 1989 года і вяртанне соцень эмігрантаў у краіну пасля падзення камуністычнага рэжыму. Многія з іх пазней былі расчараваныя і сутыкнуліся з дастаткова напружаным стаўленнем да іх унутры краіны. Я прагаворваю гэтую гісторыю для таго, каб сказаць, што сітуацыя складаная, і залежыць ад шматлікіх фактараў.
— Як вы ацэньваеце стан беларускай гістарычнай навукі? У чым заключаюцца перашкоды для яе развіцця? Як яна выглядае на фоне суседніх краін?
— Ёсць некалькі «вечных» праблем: адсутнасць аўтаноміі навукі (адноснай незалежнасці ў атрыманні рэсурсаў), свабоды даследаванняў, наяўнасць цэнзуры і гэтак далей. Нават пасля распаду СССР уся гістарычная навука ў Беларусі была сканцэнтравана ў дзяржаўных інстытуцыях, са сваёй іерархіяй і сістэмай прызнання ступеняў і прафесіі.
З’яўленне ЕГУ і прыватных ВНУ крыху змяніла сітуацыю. І таксама ў 1990-я гісторыкі пачалі часцей выязджаць за межы краіны, і некаторыя атрымлівалі ступені там жа. Аднак унутры краіны пачала дзейнічаць пазней сістэма настрыфікацыі — прызнання замежных дыпломаў. Гэта азначала таксама, што кантроль над гістарычнай навукай заўсёды заставаўся: палітычна адчувальныя тэмы не надта віталіся, у шэрагу абласцей была некаторая свабода.
Тым не менш гістарыяграфія з 1990-х развівалася, у ёй можна знайсці шмат прыкладаў адпаведнасці акадэмічным стандартам. Потым вялікую ролю адыграў Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які заснаваў незалежную прэмію за найлепшыя артыкулы і манаграфіі ў галіне гісторыі. І перыядычна, у 2000-х, напрыклад, звальнялі гісторыкаў за сваю пазіцыю з дзяржінстытуцый.
Пасля падзей 2020 года звальненні і забарона на прафесію ўнутры краіны прынялі значны маштаб, з Інстытута гісторыі НАН РБ звольнены былі многія вядомыя гісторыкі, аўтары манаграфій. Звольнены работнікі музеяў, выкладчыкі-гісторыкі і гэтак далей.
Гэта свайго роду катастрофа, наступствы якой яшчэ толькі надыходзяць. Гістарычная навука, будучы «дзяржаўнай», становіцца ўсё больш ізаляванай і ператвараецца ў шэрагу тэм у вытворчасць прапаганды і ідэалогіі.
Што цікава — месцы звольненых хутка запоўніліся, прынамсі фармальна, што, вядома, ставіць пытанні аб этыцы і палітыцы ўнутры акадэмічнай супольнасці (калі яна такой з’яўляецца). І сённяшняя сітуацыя збольшага нагадвае якія-небудзь 1970-я гады — вось гісторыкі, частка з іх абслугоўвае палітычны рэжым, частка мімікруе пад канфармістаў, але цалкам магчыма, што нехта робіць важныя працы, абстрагуючыся ад сітуацыі і займаючыся «чыстай навукай».
Аляксей Братачкін, фота з асабістай старонкі Facebook
— У 2018 годзе вы сказалі ў інтэрв’ю, што Ігара Марзалюка можна лічыць «галоўным гісторыкам» з таго пункту гледжання, што ў яго найбольшыя рэсурсы для лабіравання пэўных ідэй. Як вы ацэньваеце сітуацыю сёння, у 2024-м? Ці можна Марзалюка па-ранейшаму разглядаць у якасці «галоўнага гісторыка»?
— Сітуацыя значна змянілася.
Сёння галоўным «калектыўным» гісторыкам з’яўляюцца работнікі генеральнай пракуратуры: яны выдаюць навучальныя дапаможнікі для школ, расказваюць грамадзянам пра тое, як яны бачаць вобразы гісторыі Другой сусветнай вайны і сучаснай гісторыі Беларусі.
Да гэтага можна далучыць усіх прапагандыстаў і ідэолагаў, якія зараз развіваюць фармат «папулярнай гісторыі».
Марзалюк і іншыя гісторыкі з відавочнай прааўтарытарнай пазіцыяй могуць толькі прыбудавацца да гэтага лакаматыва новай гістарычнай праўды. І пачаць барацьбу за рэсурсы, прыдумаўшы, напрыклад, нейкую сваю канцэпцыю «дзяржаўнасці», у надзеі захаваць званне экспертаў. Сітуацыю ў гістарычнай навуцы Беларусі, яе менеджменце і вакол яе сёння трэба разглядаць, мінімізуючы аналіз акадэмічных стратэгій, яна рухаецца іншымі спосабамі, за межамі гэтых стратэгій.
— Ці бачыце вы пагрозу далейшага расколу беларускага грамадства з улікам таго, як па-рознаму падаецца гісторыя краіны ўладамі і грамадзянскай супольнасцю?
— Гэта складанае пытанне. Дзяржаўныя ідэолагі, я думаю, жадаюць аднавіць кантроль над інтэрпрэтацыямі гісторыі, зрабіць яго такім, якім ён быў у Савецкім Саюзе, калі існавала афіцыйная версія гісторыі, і больш ніякіх яе версій не было.
Пасля 2020 года для гэтага зроблена шмат: створана Рэспубліканская рада па гістарычнай палітыцы, прыняты законы, якія рэгулююць інтэрпрэтацыі гісторыі Другой сусветнай вайны і пасляваеннай Беларусі («Закон аб генацыдзе беларускага народа», напрыклад), зменены экспазіцыі ў музеях, выдадзены новыя падручнікі па гісторыі, у якіх прасоўваецца ідэя «генацыду беларускага народа» і таксама ствараецца вобраз ворага з удзельнікаў масавых антыаўтарытарных пратэстаў 2020 года. Дзяржаўныя медыі працуюць як адзіная машына прапаганды.
З публічнай прасторы прыбіраюцца знакі прысутнасці альтэрнатыўных гістарычных наратываў (якія тычацца не толькі Другой сусветнай вайны, але і іншых перыядаў).
Аляксей Братачкін, Фота: eurocafe.by
Што можа гэтаму супрацьпаставіць грамадзянская супольнасць?
Па-першае, яна расколатая, частка тых, хто арганізоўваў мноства розных гістарычных ініцыятываў апошніх 10 гадоў, выехалі з краіны. Частка гісторыкаў, якія выехалі, захавала сваю прафесійную ідэнтычнасць, яны працягваюць працаваць і за межамі Беларусі. З’явіліся новыя гістарычныя ініцыятывы, якія выкарыстоўваюць лічбавыя платформы і сацыяльныя сеткі, кшталту Youtube і г. д. Пакуль што можна цалкам знайсці альтэрнатыўны пункт гледжання на гісторыю, і нават прафесійны.
Па-другое, сам працэс ідэалагічнай індактрынацыі досыць фармальны, не занадта крэатыўны, і вынік дасягаецца толькі пры дапамозе элементарнай «долбежки». Я не магу ведаць дакладна, як, напрыклад, у сем’ях бацькі, якія выраслі ў 1990-я і раней/пазней, успрымаюць зараз тое, чаму іх дзяцей вучаць у школах, як пра гэта гавораць ці не гавораць, што яны думаюць пра сучасную гісторыю Беларусі або гісторыю Другой сусветнай вайны. Вонкавае маўчанне можа азначаць розныя рэчы.
Калі ўзгадаць гісторыю пратэстаў 2020 года, шмат хто таксама здзіўляўся таму, наколькі хутка ў новых умовах актуалізаваліся дэмакратычныя сімвалы 1990-х — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», пасля доўгіх гадоў ідэалагічнай апрацоўкі адваротнымі фактамі.
Я думаю, што калі адбудзецца выйсце з аўтарытарызму, розніца гістарычных наратываў не будзе ключавой праблемай, хаця зараз робіцца ўсё для таго, каб палярызацыя грамадства ўзмацнілася. Аднак я магу і памыляцца.
Антон Навумчык, budzma.org
Чытайце яшчэ:
Даследаванні, папулярызацыя, гістарычная дыпламатыя. Чым будзе займацца Беларускі Інстытут публічнай гісторыі?