Пра тое, як паўстала новая інстытуцыя, каго яна аб'ядноўвае, чым і навошта будзе займацца, у інтэрв'ю Budzma.org распавядае акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі, кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі.
У навіне, што днямі разышлася па нашых СМІ, Беларускі інстытут публічнай гісторыі заяўлены як грамадская арганізацыя, заснаваная ў Польшчы беларускімі гісторыкамі, што апынуліся ў эміграцыі і вырашылі пачаць навукова-асветніцкую дзейнасць.
Галоўныя мэты
«Галоўныя мэты інстытута — падтрыманне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, стварэнне погляду на мінулае без аўтарытарных і ідэалагічных установак, захаванне памяці пра трагічныя перыяды гісторыі Беларусі, фармуляванне бачання на складаныя і неадназначныя тэмы гісторыі нашай краіны, а таксама папулярызацыя і прасоўванне нацыянальнага гістарычнага наратыву ў Беларусі і на міжнародным узроўні», — гаворыцца ў афіцыйным тэлеграм-канале «Інстытуту публічнай гісторыі».
Як паўстаў Інстытут
«Інстытут паўстаў хутчэй як нізавая ініцыятыва супольнасці гісторыкаў. Не было нейкай дырэктывы зверху, было адчуванне патрэбы ў стварэнні інстытуцыі, якая б аб’ядноўвала супольнасць і дапамагала гісторыкам, якія імкнуцца па-іншаму бачыць гісторыю Беларусі, чым гэта зараз прэзентуецца дзяржаўнай прапагандай, — кажа Аляксей Ластоўскі. — На жаль, мы маем такую сітуацыю, што гісторыя ў сённяшняй Беларусі — вельмі палітызаваная справа, асабліва гэта было адчувальна ў 2022-м, аб'яўленым уладамі Годам гістарычнай памяці. Тады было бачна, наколькі прыярытэтна зараз для беларускіх уладаў выкладаць тую версію гісторыі, якая падыходзіць выключна пад іх палітычныя запыты. І згадаю іншы бок гэтай сітуацыі: рэпрэсіі ў акадэміі, звальненні ў Інстытуце гісторыі, у розных універсітэтах. Шмат хто з гісторыкаў быў вымушаны выехаць з краіны. Большая частка з вядомых навукоўцаў, якія заўжды адстойвалі іншы, непраўладны погляд на гісторыю краіны, зараз па-за Беларуссю».
Аляксей Ластоўскі
Ад індывідуальных высілкаў да стварэння інстытуцыі
Паводле дырэктара БІПГ, эміграцыя стварыла «выклік, калі навукоўцы пачынаюць выбудоўваць нейкія індывідуальныя траекторыі выжывання, але пры гэтым адсутнічае нейкі калектыўны голас». «Фактычна мы апынуліся ў сітуацыі, што беларуская ўлада кантралюе найбольш важныя інстытуцыі, і фармуе позірк на гісторыю Беларусі. А магчымасці неяк адстойваць іншыя пазіцыі, выступаць з крытыкай — няма.
Па-другое, трэба і абараняць інтарэсы супольнасці.
Мы набліжаемся да такой трагічнай сітуацыі, што мы можам фактычна страціць нейкую перспектыву гісторыі Беларусі, якая падавалася б не з палітычнага пункту, не ў такім палітычным ключы, як гэта зараз робяць беларускія ўлады.
Ідзе разбурэнне многіх рэчаў, спыняюць працу многія выдавецтвы, якія выпускалі гістарычныя кнігі, спынілі працу многія часопісы, як навуковыя, так і навукова-папулярныя, адзінае нейкае месца, дзе можна нешта публікаваць, распавядаць, тлумачыць і г.д. — гэта беларускія незалежныя СМІ, якія таксама, як вядома, перажываюць не лепшыя часы».
З гэтага ўсяго і выйшла ідэя «пераходзіць ад нейкіх індывідуальных высілкаў да таго, каб аб’яднацца і стварыць інстытуцыю, якая б дазваляла прадстаўляць інтарэсы гістарычнай супольнасці і змагацца за навуковыя погляды на гісторыю Беларусі».
«Тут у нас, як заўжды, ёсць нейкія разыходжанні, таму што толькі ва ўлады ёсць нейкі адзіны погляд на гісторыю, у навукоўцаў жа гісторыя — гэта заўжды дыскусія. Але мы зыходзім з таго, што крытычнае стаўленне павінна сумяшчацца з павагай да мінулага, да ўяўленняў тых людзей, якія жылі ў ранейшыя часы, і з улікам тых патрэбаў, якія стаяць зараз перад нашай краінай, у тым ліку захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Вось што мы вызначылі ў якасці прыярытэтаў», — сказаў Аляксей Ластоўскі.
Хто стаіць за Інстытутам
Паводле дырэктара інстытута, першыя захады па стварэнні БІПГ пачаліся год таму, «перамовы, абмяркоўванне канцэпцыі і таго, якім чынам гэта ўсё інстытуцыялізаваць».
«Былі пададзеныя дакументы на юрыдычную рэгістрацыю ў Польшчы. На жаль, пакуль гэты працэс яшчэ не завершаны. І шукалі гэтым часам нейкую аптымальную форму дзейнасці. На дадзены момант вынікае так, што ёсць актыўнае ядро, якое ўзначальваюць дзве асобы: журналіст, даследчык сталінскіх рэпрэсій Ігар Станкевіч, які займаецца больш практычнымі рэчамі, і я, Аляксей Ластоўскі, які выступае ў якасці акадэмічнага дырэктара, адказвае за публічную рэпрэзентацыю і за тое, каб дзейнасць інстытута адпавядала навуковым стандартам. Але ёсць рада інстытута, у якую ўваходзіць каля 15 чалавек, не буду пералічваць паіменна ў цяперашнія часы, але магу сказаць, што гэта сапраўды лепшыя беларускія гісторыкі і што ініцыятыва з’яўлення інстытута паўстала менавіта ад супольнасці», — зазначыў Аляксей Ластоўскі.
Задача — стварыць контур супрацьдзеяння прапагандзе
Паводле Аляксея Ластоўскага, гісторыкі доўга дыскутавалі пра назву інстытуцыі, бо «публічная гісторыя — гэта такая спецыфічная сфера актыўнасці, інстытут не называецца як інстытут гістарычных даследаванняў — у нас не ставілася задача займацца выключна нейкімі навуковымі пытаннямі, паколькі для гэтага павінны быць іншыя формы арганізацыі».
«Абмяркоўвалі ў тым ліку такую ідэю назвы, як «інстытут нацыянальнай памяці», паколькі гэта назва досыць пашыраная ў нашым рэгіёне, у тым ліку ў Польшчы, ва Украіне, і ў некаторых іншых дзяржавах існуюць падобныя арганізацыі. Але трэба разумець, што там ІНП уяўляюць сабой дзяржаўную інстытуцыю, якая павінна прасоўваць версію мінулага з пункту гледжання дзяржаўных інтарэсаў, — тлумачыць дырэктара БІПГ. — Ясна, што ў нас зусім іншая задача, зусім іншыя магчымасці і рэсурсы, таму вырашылі сканцэнтравацца на тым, што для нас важная ў першую чаргу дзейнасць гісторыкаў у публічным полі.
Паколькі зараз такая сітуацыя, што ўяўленні людзей пра гісторыю пераважна складаюцца, хутчэй за ўсё, праз медыі, нават у большай ступені, чым праз школьную адукацыю, то
задача інстытута стварыць контур супрацьдзеяння прапагандзе, якая імкнецца да аднабаковай падачы гістарычных пытанняў і да скажэнняў у палітычнай кан’юнктуры, наша задача паказаць, што ёсць даследчыкі, якія маюць экспертызу, якія працуюць у адпаведнасці з сучаснымі навуковымі стандартамі, якія могуць даваць гэтую веду пра гісторыю таксама і ў публічнай прасторы».
Асноўныя накірункі дзейнасці
Дзейнасць новага Інстытута Аляксей Ластоўскі акрэслівае так: «Ёсць і даследчы накірунак палітыкай памяці.
Далей мы плануем развіваць накірунак, які можна назваць папулярызатарскім.
Трэці накірунак, на маю думку, таксама прынцыповы, хоць у анонсе мы пакуль што пра яго не казалі. Гэта ўсё ж такі спроба знайсці паразуменне наконт мінулага з суседзямі. На жаль, зараз такая сітуацыя вакол, што абвастраюцца гістарычныя спрэчкі наконт супольнага мінулага, якое, здавалася б, павінна было аб’ядноўваць, але бачым, што хутчэй яно раз’ядноўвае. Асабліва калі мова ідзе пра дачыненні з літоўцамі, у меншай ступені — з украінцамі, але ідзе такое паступовае разыходжанне поглядаў на мінулае. І гэта, канечне, сітуацыя не вельмі добрая, бо яна і разбурае прафесійныя кантакты, і адбіваецца ў тым ліку на статусе беларусаў, якія знаходзяцца, напрыклад, у Літве. Мы ўяўляем, што адной з задач інстытута стане тое, што можна назваць гістарычнай дыпламатыяй, спробай знайсці шляхі паразумення датычна супольнага мінулага з суседнімі народамі».
На думку Аляксея Ластоўскага, зараз трэба ў першую чаргу дамаўляцца навукоўцам, «бо калі мы кажам пра выпрацоўку нейкіх супольных падыходаў, то лепш, каб гэта рабілі гісторыкі, а не палітыкі». «Таму што для палітыкаў вельмі важна, наадварот, раздзьмуць канфлікты і на гэтым зарабіць сабе палітычны капітал, тое, што ў прынцыпе і бачна. Вось калі мы кажам пра феномен літвінізму, то такое адчуванне, што гэта ў большай ступені раздзьмута літоўскімі палітыкамі з досыць празрыстымі палітычнымі мэтамі. Мы ж павінны прасоўваць шлях у першую чаргу праз працу гісторыкаў, якія прафесійна займаюцца гэтымі тэмамі і могуць знайсці глебу для паразумення. Як ні дзіўна, найменш спрэчак ідзе паміж гісторыкамі, у большай ступені спрэчкі ідуць паміж палітыкамі, а таксама «неафітамі», людзьмі, якія не займаюцца прафесійна гісторыяй, але пачынаюць чапляцца за нейкія гістарычныя тэмы ў змаганні за сваю ідэнтычнасць», — падкрэсліў Аляксей Ластоўскі.
Кіраўнік Беларускага інстытуту публічнай гісторыі зазначыў, што «інстытуцыя яшчэ ў працэсе станаўлення, у нас шмат планаў, сярод якіх і ёсць ідэі па стварэнні супольных дыялогавых пляцовак з польскімі, літоўскімі, украінскімі гісторыкамі».
Рыгор Сапежынскі, Budzma.org