Напярэдадні прэзентацыі сваёй дэбютнай празаічнай кнігі «Анаталогія» Анатоль Івашчанка распавёў, як збалансаваць аўтара і я-героя, а таксама пра сваё стаўленне да рускага року і сучаснага літаратуразнаўства.
Шаноўны Анатоль, у выдавецтве «Кнігазбор» нядаўна выйшла Вашая новая кніга «Анаталогія». Назва арыгінальная. Цікава, як яна прыйшла і што за ёй стаіць?
Пошук назвы, відаць, для кожнага творцы – працэс сакральны. Важна не памыліцца. На этапе прыдумвання назвы ў мяне было каля дзесяці самых розных варыянтаў і, адпаведна, канцэпцыяў афармлення вокладкі. Напрыклад, такі. “Заплечнік”. Першая старонка вокладкі – чалавек ідзе з заплечнікам па кветкавым полі. Расшпіленая кашуля. Твару мы не бачым, але можам здагадацца, што ён шчаслівы. Бачым толькі лямкі заплечніка, неба, поле з краскамі і г.д. Апошняя старонка – той жа заплечнік від ззаду. З яго тырчыць флейта дажджу, дзесьці матляецца б-ч-б стужка, можа, якаясьці значка прышпіленая… Відавочна, што ў тым заплечніку – так бы мовіць, “творчы набытак” аўтара. Як бы канцэпцыя – у адсутнасці канцэпцыі. Ілюстрацыя да такога сабе міні збору твораў, якім, праўда, гэтая кніга не ёсць, бо не ўсё з напісанага ў прозе на сённяшні момант сюды патрапіла…
Некалькі тыдняў я быў цалкам пагружаны ў пошук-перабіранне назвы. А пасля раптам прыгадалася, што адзін прыяцель калісьці жартам сказаў, што калі я буду выдаваць кнігу, то абавязкова мушу назваць яе “Анаталогія”. (Ён вялікі аматар каламбураў.) Тут усё і супала, бо нагадаю, што з грэцкай анталогія – гэта збор кветак. (Дарэчы, імя Анатоль – таксама грэцкага паходжання.) То бок назва прыйшла сама, як бы звонку, а не ў выніку пакутлівага абдумвання. Як і павінна быць.
Не сакрэт, што кожная кніга, нават калі яна падкрэслена не аўтабіяграфічная, можа распавесці пра аўтара больш, чым самыя блізкія людзі. І, хаця ў мастацкіх творах стараешся гэтую асабовасць прыхаваць, пасунуць на задні план, у назве якраз і захацелася яе падкрэсліць. Збалансаваць аўтара і я-героя. Пагатоў, у “Анаталогіі” наўпрост аўтабіяграфічнага якраз-такі дастаткова – два раздзелы з трох.
Таму ў сугуччы назвы з імем аўтара не варта шукаць праяваў нарцысізму.
У кнізе ёсць раздзел «Пацалункі ў неба. Татавы нататкі» з запісамі перлінаў, фразачак і пацешных слоўцаў Вашых дзяцей. Як узніклі гэтыя запісы і для каго яны рабіліся?
Яны ўзнікалі са звычайнага чалавечага жадання прыпыніць імгненне, таго самага, з якога ўзнікла і літаратура, і жывапіс, і фотамастацтва, і кіно… Проста не заўсёды ж бярэш з сабой відэакамеру. Ну, і запісаныя ў нататніках і пасля, праз шмат гадоў знойдзеныя, гэтыя нататкі набываюць раптам незвычайную каштоўнасць. Прынамсі, для іх стваральніка.
Вы аўтар грунтоўнага даследавання паэтыкі Алеся Разанава («Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй») Творчасць якіх беларускіх літаратараў, на Вашую думку, засталася па-за ўвагай даследчыкаў і вартая літаратуразнаўчых працаў?
Тут прасцей сказаць, творчасць якіх аўтараў не засталася па-за ўвагай грунтоўных даследаванняў. Уражанне, што літаратуразнаўства на сёння – самая інертная гуманітарная галіна. Калі я паступаў у аспірантуру Інстытута літаратуры, марылася, што патраплю ў прастору, якая паспрыяе майму паглыбленню ў нейкія таямніцы літаратурнага працэсу, зменіць мысленне, пашырыць тэзаўрус і г.д., і да т.п. Не скажу, што гэтакага не адбылося. Прынамсі, з супервайзерам мне фантастычна пашэнціла. Міхась Аляксандравіч Тычына – не толькі глыбокі навуковец, фактычна прадаўжальнік школы тэарэтычнага літаратуразнаўства, але й выдатны педагог, які не перапісвае за цябе працу ці, іншая скрайнасць, не зводзіць усё да фармалёвых заўваг (бо як даводзілася чуць не раз, кандыдацкая – праверка ці ўмее чалавек афармляць навуковы тэкст), а скіроўвае працу ў патрэбнае рэчышча… Але што да астатняга, дык якраз на маіх вачах адбылося злучэнне інстытутаў мовы і літаратуры. Ну, а пасля ліквідацыі Інстытута мовы і літаратуры дзеля “зліцця” з Інстытутам мастацтвазнаўца, этнаграфіі й фальклору пра беларускае літаратуразнаўства, на жаль, можна забыцца.
На імпрэзах Вы спяваеце пад гітару свае пераклады з Барыса Грабеншчыкова, Віктара Цоя і Аляксандра Башлачова, створаныя для «Анталогіі перакладаў расійскай рок-паэзіі». Гэта толькі творчы эксперымент, хобі, альбо Вы сур’ёзна вырашылі заняцца музыкай і будуць новыя песні?
Гэта, вядома ж, творчы эксперымент. Рэч у тым, што заўсёды хацелася праспяваць на нашай мове песні, любімыя з часоў туманнага юнацтва. А тут выдарылася магчымасць, з бласлаўлення галоўнага рэдактара “Дзеяслова” спадара Барыса Пятровіча, уцялесніць гэтую мару ў выглядзе рок-анталогіі, што выйшла ў 69-м нумары часопіса.
Рускі рок – як сістэма апазнавання свой-чужы. Шмат для каго ён быў першай прыступкай на ўваходзе і ў музыку, і ў паэзію. Шмат хто яе, дарэчы, так і не пераадолеў. Той жа ленінградскі рок 80-х, які да майго пакалення перайшоў па інерцыі ад старэйшых братоў і сёстраў, перадусім, пардон за пафас, – прышчэпка свабодалюбства. Атмасфера татальнае несвабоды, у якой ствараліся лепшыя рэчы, падаецца, і стымулявала да творчасці, да пошуку гэтай самай свабоды ўнутры сябе, як спявала Умка. Падаецца, з цягам часу шмат якія тэксты, што ствараліся тады, толькі набываюць большую глыбіню і рэльефнасць. Відаць, так і не прычакалі мы таго часу, калі, як спяваў Башлачоў, “гэтыя песні стануць не патрэбныя”.
Дарэчы,у “Анаталогіі” ёсць нямала адсылак і да тэкстаў г.зв. рускага року. Ну і, відаць, не выпадкова ж кніга пачынаецца з цытаты песні групы “Кіно”.
“Кніганоша”, №36
Прэзентацыя кнігі “Анаталогія” Анатоля Івашчанкі адбудзецца сёння а 19.00 у кнігарні “Логвінаў”. Запрашаем! Больш падрабязна – ТУТ.