Хіба на вечар той можна забыцца?
Жухлае лісьце, сухая ігліца.
Ані бялюткае плямы нідзе.
Сьнег не ідзе.
Вось памяркоўны клімат пракляты!
Як жа бяз горкі дзятве на Каляды?
Як дываны выбіваць грамадзе?
Сьнег не ідзе.
Дзед Мікалай, дзе твая калымага?
Зраніцы мага аж мучае смага:
«Зорачкі, дзе вы? Пяць зорачак – дзе?»
Сьнег не ідзе.
Лічаць гадзіны, чакаючы даты,
бард валасаты, мысьляр барадаты.
Горкія сьлёзы ў яго барадзе –
сьнег не ідзе!
Просіць паэт, падбіраючы словы,
і рыбаловы губляюць галовы:
нехта з адчаю пайшоў па вадзе…
Сьнег не ідзе.
Просяць у Божанкі: «Цуд нам зрабі!» –
біятляністы ды іншыя бі… –
бітнік, біёляг гібее ў нудзе.
Сьнег не ідзе.
Просяць дарослыя і падшыванцы.
Просіць палітык на добрай трасянцы:
«Дзеткам – па зорачцы, нам – па зьвязьдзе…»
Сьнег не ідзе.
Не сумнявайся, мірныя людзі!
Цуд на Каляды… калісьці, ды будзе:
выйдзеш увесну, а там, як на грэх,
сьнегу да стрэх!