Чарнобыль назаўжды ўвайшоў у сусветную гісторыю, стаўшы болем і горкай памяццю для некалькіх пакаленняў беларусаў. Рэха гэтай экалагічнай катастрофы будзе гучаць яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Таму важна не толькі памятаць пра саму аварыю і яе ліквідатараў, але і пра лёсы простых людзей, чые жыцці былі незваротна змененыя пасля чарнобыльскай катастрофы. Аднак у сучаснай Беларусі гэтая памяць хутчэй замінае — і ўлады стараюцца менш узгадваць пра трагічныя старонкі найноўшай гісторыі, а яшчэ лепей проста забыць.
Як паўплываў Чарнобыль на лёсы людзей, на прыкладзе сваёй сям’і распавядае гісторык Алесь Крыжэвіч.
Мой тата патрапіў у Слаўгарадскі (Прапойскі) раён у 1987 годзе, пасля заканчэння Магілёўскага педінстытута (цяпер Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.Куляшова). Тады яму было ўсяго 23 гады. Трапіў акурат у момант, калі выбухнуў Чарнобыль. Яму трэба было адпрацаваць тры гады ў вёсцы Кулікоўка-1 Слаўгарадскага раёна, які у той час стаў ужо забруджанай зонай. Гэты рэгіён аказаўся забруджаным не толькі ў выніку выбуху на ЧАЭС, але і з-за таго, што савецкія ваенныя лётчыкі разганялі хмары ды «спускалі» радыёактыўныя ападкі на беларускія землі (у тым ліку і на паўднёва-ўсходнюю частку Магілёўшчыны), каб тыя не дайшлі да Масквы.
Слаўгарадскі раён увайшоў у лік найбольш пацярпелых ад наступстваў чарнобыльскай трагедыі: уся тэрыторыя раёна ў рознай ступені трапіла пад радыёактыўнае забруджванне. Да 1986 года ў Слаўгарадскім раёне пражывала больш за 24 тысячы чалавек, але пасля аварыі на ЧАЭС было выселена альбо самастойна пакінула раён 7,2 тысячы чалавек. На сённяшні дзень насельніцтва раёна амаль удвая меншае, чым было да Чарнобыля, а сотні гектараў зямлі дагэтуль застаюцца незапатрабаванымі і небяспечнымі для апрацоўкі.
Карта радыяцыйнага забруджвання Магілёўскай вобласці. Крыніца — https://chernobyl.mchs.gov.by/
Тата адпрацаваў у забруджанай зоне ўсе тры гады і сустрэў сваю другую палову — маю маму. Мы часта прыязджалі сям’ёй на малую радзіму мамы, ездзілі па Слаўгарадскаму раёну, і тата добра памятаў дарогу на вёску, дзе пачаў свой прафесійны шлях як настаўнік гісторыі. Аднак у 1990-х ад вёскі нічога не засталося: яна была цалкам выселена, усе пабудовы знішчаныя ды закапаныя. На яе месцы цяпер — толькі голая прастора ці, як казала мая прабабуля па маці Пелагея Герасімаўна, — галяк. Цяпер роўная прастора зусім не нагадвае, што калісьці тут жылі людзі, вучыліся школьнікі, «рабілі» ў калгасе, выхоўвалі дзяцей ды трымалі хатнюю жывёлу. На шчасце, ад трохгадовай працы (1987-1990) таты на Прапойшчыне засталіся некаторыя сведчанні. Напрыклад, фотаздымак на якім малады настаўнік гісторыі ў гарнітуры са сваім калегам па навучальнай установе стаяць на ганку кулікоўскай школы.

Настаўнікі на ганку кулікоўскай школы. 1990 года. Фота з сямейнага архіва аўтара
На вялікі жаль, праца ў забруджанай зоне не прайшла без наступстваў і адгукнулася больш чым праз трыццаць гадоў, калі ў таты раптоўна знайшлі анкалогію. Дактары так і не змаглі даць рады, хоць, здавалася б, рабілі ўсё магчымае. Радыяцыя паўплывала на здароўе таты, і ён адышоў у лепшы свет, калі яму было ўсяго 58. Але калі паглядзець на маштабы наступстваў Чарнобыля для насельніцтва нашай краіны, то такіх гісторый па ўсёй Беларусі можна налічыць тысячы.
Паламаных лёсаў, страчаных дамоў і жыццяў ніхто ніколі не лічыў, а беларуская дзяржава ўжо даўно робіць выгляд, нібыта Чарнобыля проста не было.
Масавае адсяленне жыхароў на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна пачалося толькі ў 1989 годзе. За пяць гадоў населеныя пункты раёна прыйшлося пакінуць тысячам сямей, якія з’ехалі ў Магілёў, Мінск, Дрыбінскі, Бабруйскі і Кіраўскі раёны. У 1995 годзе на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна ліквідаваны некалькі калгасаў і тры сельсаветы.
На прапойскай зямлі пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС 26 вёсак, 16 з якіх былі цалкам выселены і зніклі назаўсёды: Бахань, Добры Дуб, Кульшычы, Пчэльня, Запалянне, Дубраўка, Жаролы, Кашалёва, Дабранка, Красная Слабада, Рабінаўка, Селіўча, Старынка, Сяргееўка, Кулікоўка-1, Кулікоўка-2. Апошнія две вёскі выселены былі толькі ў 1991 годзе. Абедзьве Кулікоўкі могуць з’яўляюцца сімваламі бяздарнасці і цынічнасці савецкіх уладаў у дачыненні да беларусаў.
Кулікоўка-1 і Кулькоўка-2 называліся так толькі афіцыйна, бо ў народзе іх ведалі як Кулікоўка Старая і Кулікоўка Новая. Кулікоўка Старая была вядомая, паводле пісьмовых крыніц, яшчэ з XVIII стагоддзя, а Кулікоўка Новая — з другой паловы XIX стагоддзя. Ужо пры савецкай уладзе, а менавіта ў 1926 годзе, Кулікоўка Новая налічвала 611 жыхароў, а Кулікоўка Старая была ў два разы менш — 306 жыхароў. У памяць аб трагічных падзеях Другой сусветнай вайны ў цэнтры песелішчаў былі ўсталяваны манументы ды брацкія магілы, якія ўшаноўвалі памяць некалькі сотняў савецкіх жаўнераў і мясцовых жыхароў, што змагаліся з акупацыйнымі войскамі.

Педагагічны калектыў школы Кулікоўка-1 каля манумента ў цэнтры вёскі, 1990 год. Фота з сямейнага архіва аўтара
На пачатку 1990-х насельніцтва Куліковак налічвал больш за чатыры сотні людзей, а ў кожнай з вёсак меліся фермы і майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, школы ды сельскія клубы, бібліятэкі і прадуктовыя крамы. У Кулікоўцы-1, дзе працаваў мой тата, былі нават фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі і пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва. Цяпер пра існаванне вёсак, у якіх калісьці буяла жыццё, нагадваюць толькі падручнікі са школьнай бібліятэкі з сямейнага архіва са штампам кулікоўскай школы....
Тытульная старонка падручніка па гісторыі СССР са штампам кулікоўскай школы. Кніга з сямейнага архіва аўтара
Прыклад знікнення вёсак Куліковак з’яўляецца ўвасабленнем той трагедыі, што адбылася ў Слаўгарадскім раёне і ва ўсёй Беларусі з-за бяздарнасці, цынізму і крывадушнасці камуністычных уладаў, якіх не хвалявалі лёсы тысяч людзей. Жыхары многіх вёсак Слаўгарадчыны і іншых раёнаў Магілёўскай вобласці мусілі назаўсёды пакінуць свае дамы, частка з іх ніколі ўжо не вярнуліся нават на магілы сваіх сваякоў.
У 1996 годзе ў Слаўгарадзе была адкрыта мемарыяльная алея ў памяць аб пахаваных вёсках, якія сталіся ахвярамі чарнобыльскай тэхнагеннай катастрофы. Яна мае назву алея «Памяці пахаваных вёсак». У той час адносных свабодаў рэалізацыя падобных ініцыятыў была магчымая, цяпер жа гэта ўявіць цяжка. Тым не менш кожны год у алеі адбываліся мытынгі-рэквіемы памяці ахвяраў чарнобыльскай катастрофы на Слаўгарадчыне і не толькі. На іх раней выступалі ліквідатары, прадстаўнікі ўлады і праўладных грамадскіх арганізацыяй, а таксама ў абавязковым парадку ўдзельнічалі школьнікі.

Алея памяці зніклых вёсак у Слаўгарадзе. Крыніца — townsman.livejournal.com
У 1990-2010 гадах дзеці з чарнобыльскіх тэрыторый ездзілі на аздараўленне ў розныя еўрапейскія краіны: Італію, Германію, Ірландыю, Люксембург і іншыя. Мае стрыечныя браты ездзілі ў Германію, а адзін з іх пабыў там разоў пяць ці шэсць і ўжо да 11 класа ведаў нямецкую мову на размоўным узроўні. Аднак за апошняе дзесяцігоддзе ўсё часцей беларускія чыноўнікі сталі прызнаваць ранейшыя забруджаныя раёны і вёскі чыстымі. Адпаведна не трэба выдаткоўваць грошы на санаторыі для дзяцей ды і наогул напружвацца, каб адправіць школьнікаў на чарговае аздараўленне. Пасля 2020 сітуацыя яшчэ пагоршылася, і беларускі рэжым пачаў адкрыта блакаваць выезд дзяцей на аздараўленне ў еўрапейскія краіны.
Такім чынам, на сённяшні дзень чарнобыльская катастрофа, што адбылася 40 гадоў таму, застаецца непераасэнсаванай, а гісторыі тысяч чалавечых лёсаў і людскія трагедыі застаюцца малавядомымі. Дзяржаве гэтыя людзі наогул непатрэбныя, яна гатовая пра іх проста забыць, у тым ліку, і пра дзяцей-чарнобыльцаў, якія для яе хутчэй, як стрэмка ў воку.
Х. П., Budzma.org
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.
Вось як можна гэта зрабіць.