Фотамастак Андрэй Лянкевіч аб праекце “Будзьма памятаць”, нацыянальнай амнезіі і рэпрэсаваных сваяках.
Андрэй Лянкевіч, вядомы сваімі фотапраектамі пра Другую сусветную вайну і “Беларускае паганства”, цяпер працуе з тэмай месцаў памяці сталінскіх рэпрэсіяў. У розных кутках Беларусі Лянкевіч знаходзіць яры, дзе расстрэльвалі нашых суайчыннікаў, высланыя “мёртвыя” вёскі, памятныя крыжы.
Пра свой шлях да гэтай няпростай тэмы, асабістыя рахункі і планы Андрэй распавядае чытачам budzma.by.
“Дзед выжыў дзякуючы птушыным гнёздам і парасткам елак”
— Як прыйшла ідэя праекта? Гэта была ваша ініцыятыва ці вы толькі далучыліся пасля?
— Я ўдзячны кампаніі “Будзьма беларусамі!” за тое, што яна вельмі своечасова пачала гэты праект. У мяне тут пасіўная роля фатографа, які далучыўся і робіць ілюстрацыйны матэрыял да тэксту. Цяжка гэта назваць фатаграфіяй, гэта больш ілюстрацыі, якія перадаюць атмасферу. Бо факты перадаць немагчыма: сведак няма ці амаль няма, мясціны змяніліся…
Гэтая тэма мяне хвалюе, бо звязаная з гісторыяй маёй сям’і. Таму для мяне гэта не толькі замова, але і выклік, і тое, што мне сапраўды баліць. Тут пытанне не ў адзнаках і перамогах — гэта праца, якую трэба зрабіць.
— Вы кажаце, што гэтая тэма кранае асабіста. Вашы продкі былі рэпрэсаваныя?
— Так. І, размаўляючы са сваякамі, я пачаў заўважаць, як скажэнне гістарычных фактаў уваходзіць у памяць чалавека. Напрыклад, гісторыя гвалтоўнай дэпартацыі майго дзеда па бацьку з хутароў у вёску ў далучанай у 1939-м Заходняй Беларусі называлася “пераездам” і “будовай новай вёскі”. А насамрэч гэта была жудасная калектывізацыя, калі забіралі зямлю і ўсё, што на ёй.
Я нават не ўяўляю, якія высілкі трэба было прыкласці, каб абрабіць зямлю і збудаваць хутар без дапамогі трактароў і тэхнікі, а пасля проста пераехаць у вёску, усё кінуўшы. Калгас нічога не абрабляў, таму дзед пачаў зноў выкарыстоўваць пустыя землі, якія яму належалі. У выніку на дзеда завялі справу за “захоп зямлі”. А ў сям’і казалі: “Дзед уцёк у Сібір, бо ў яго былі праблемы…” То бок успрыманне цалкам іншае!
Быў рэпрэсаваны і мой прадзед па лініі маці. Ён быў праваслаўным святаром — і ўсё… А мой дзед, ягоны сын, са слязьмі на вачах расказваў, што такое голад. Калі ягонага бацьку рэпрэсавалі, то дзеда проста выкінулі на вуліцу: працаваць нельга, жыць нельга… Гэта сітуацыя, калі ты едзеш да сваякоў у вёску ад безвыходнасці і выжываеш толькі таму, што ёсць лес. Ёсць птушыныя гнёзды з яйкамі, ёсць у елак маладыя расточкі, у якіх шмат вітамінаў і ты не памрэш ад цынгі і г.д.
У гэтым сэнсе мая сям’я з усіх бакоў судакранулася з той сітуацыяй і сістэмай. Важным выклікам для мяне ёсць пошук дакументаў і складанне іх у адзіную карціну. Бо савецкая калектыўная гісторыя ўсё гэта сцірала і спрашчала моцна, называючы калектывізацыю “пераездам” альбо “ўцёкамі”… Я не ведаю, ці ва ўсіх сем’ях так, але ў маёй так.
“Ты робіш тое, што амаль ніхто не пабачыць…”
— Падчас паездак у рамках праекта для вас усё было прадказальна ці былі моманты, якія ўразілі?
— У мяне было два наймацнейшыя ўражанні падчас вандровак. Першае ў Гомелі: горад разросся, і ў раёне кальцавой дарогі, як і ў Мінску, пачынаюцца “гомельскія Курапаты”. Побач рэстарацыі, лес, людзі грыбы збіраюць… І гэта лёгкі шок. Ты адчуваеш, што пад табой ляжаць тысячы людзей. Гэта ж не сакрэт, што, калі прыязджаеш у месца вялікага болю, ты адчуваеш. У нас там машына паламалася і г.д.
Фактычна, мы жывём на касцях. Гэта і ёсць найбольшае злачынства савецкай імперыі: знішчэнне гістарычнай памяці, калі дзеці могуць жыць на касцях бацькоў. Гэта трагедыя.
— А другі момант?
— Вялізная колькасць крыжоў, якія я пабачыў. Для мяне як для чалавека, які займаецца мастацтвам, гэта было вельмі моцным уражаннем. Уявіце, што значыць прыехаць немаведама куды, у дзікі лес, ісці некалькі кіламетраў, бо машынай там не пад’ехаць, і знайсці крыж, які стаіць проста ў лесе. На ім напісана: “Месца масавых расстрэлаў…”
Случчына 1937: жахлівае падарожжа
Калі бачыш гэтыя крыжы ў розных кутках Беларусі, то разумееш, што ёсць людзі, якія жывуць у гэтай мясцовасці, і не дзеля грошай, славы, рэалізацыі, а таму, што гэта трэба зрабіць, паставілі крыж! Магчыма, гэта самы значны іхны ўчынак, які падказала іхнае сэрца. Магчыма, пра гэты крыж даведаецца пяць чалавек, магчыма, сто. Але пастаўлены ён не для таго, каб тут і цяпер вакол нешта адбывалася, а каб была памяць.
Убачыць такі крыж немагчыма. Ён не стаіць на дарозе альбо на іншым бачным месцы. Яго паставіў, магчыма, нейкі мясцовы краязнаўца, які робіць сваю працу. І калі ты гэта бачыш і параўноўваеш нават са сваімі выставамі, якія ладзяцца тут, то разумееш, што гэта непараўнальныя рэчы. Гэта вельмі значна. Так, яно схаванае, зробленае на далёкую перспектыву…
Гэта як жменька людзей, якія выйшлі на Красную плошчу ў Маскве супраць уведзеных танкаў у Чэхаславакію ў 1968 годзе. Іх было сямёра і прастаялі яны ўсяго пару хвілін перад затрыманнем. І сітуацыя з месцамі памяці, на маю думку, аналагічная. Ёсць сакральны момант: ты робіш нешта, што амаль ніхто не пабачыць, але гэта надзвычай важна!
“Фота з крымінальнай справы — самае моцнае”
— То бок месцы памяці савецкіх рэпрэсіяў — гэта нібы той схаваны ў лесе крыж, які не навідавоку, але ўсё адно існуе…
— Для мяне гэта вельмі добры сімвал, які ілюструе дадзеную сітуацыю. У кожнай беларускай сям’і ёсць сувязь з гэтымі падзеямі. Але, з іншага боку, гэта так схавана і перакручана з дапамогай афіцыйнай гісторыі, якую нам выкладалі ў школе ці ва ўніверсітэце, што наша сямейная гісторыя і памяць сціраюцца.
Калі я лазіў па тых лясах, у двух выпадках сапраўды знаходзіў яміны, у якіх маглі забіваць і закопваць людзей. Гэта ёсць, яно побач, варта толькі выцягнуць руку. Але сам сакральны момант, калі беларусы выцягнуць руку, пакуль не прыйшоў.
— На вашых здымках няма людзей. Ці не было задумы паразмаўляць з мясцовымі, якія могуць нешта памятаць?
— Па-першае, кал ў тэксце напісана, што ўсіх жыхароў вывезлі альбо расстралялі, то і фатаграфаваць няма каго. Я далучыўся да праекта ў той момант, калі тэксты ўжо былі напісаныя. Таму і магчымасцяў упісваць гісторыі людзей разам з іх партрэтамі не было. Таму герояў няма. Калі шчыра казаць, герояў быць і не можа ў гэтых гісторыях, могуць быць адно сведкі. Героі ж загінулі альбо былі далёка высланыя на 99%.
Наогул, з самага пачатку я прапаноўваў зусім іншы падыход да праекта і працы. Мяркую, што ў наступным годзе ён вырасце і будзе збудаваны цалкам па-іншаму. Тады далучацца і людзі. Зрэшты, людзей далучаць неабавязкова праз мае здымкі: ёсць жа здымкі архіўныя, са справаў. Хай нешта закрыта ў нас, але некаторыя дакументы трапілі ва Украіну, дзе СБУ дае магчымасць працаваць з імі.
Фота са справы — яно ж самае моцнае. Нумар, стомлены твар, анфас, профіль… Мой здымак гэтага не перадасць.
Гісторыі непрыкметных дарог Беларусі
“…А забілі — вас, вашых суседзяў, вашых суродзічаў”
— Мінорны фармат здымкаў прыйшоў па ходзе працы альбо так і было задумана?
— Кожны праект дыктуе сваю візуальную мову. У дадзеным выпадку здымкі і не маглі выглядаць інакш. Фота мае быць чорна-белым, бо размова пра мінуўшчыну. А моцны кантраст на здымках акурат добра перадае атмасферу драматызму. Трэба разумець, што ў пэўнай ступені гэта гістарычная маніпуляцыя, бо калі вы прыедзеце самі ў тыя мясціны, то не ўбачыце ў тым лесе такой драмы. Але фота тут проста дапамагае зразумець тэкст, які галоўны ў праекце.
— Ці плануеце афармляць зняты матэрыял у выставу, альбом, набор паштовак?
— На дадзены момант вельмі рана пра гэта казаць. Пакуль гэта проста набор атмасферных здымкаў. Пры гэтым мы плануем зрабіць інтэрактыўную мапу месцаў расстрэлаў па ўсёй Беларусі, падмацаваную здымкамі. Гэта было б вельмі моцным крокам, бо візуальна ўявіць сабе маштабы рэпрэсіяў без такой мапы немагчыма.
Па-другое, мы жывём у цынічным тэлевізійным свеце, у якім 600 000 альбо 1 400 000 рэпрэсаваных беларусаў не значаць амаль нічога. Але такая мапа прывяжа кожнага расстралянага жыхара да пэўнага месца: тут забілі, тут забілі і тут забілі… А забілі — вас, вашых суседзяў, вашых суродзічаў. Гэта будзе вельмі моцна працаваць.
Калі чалавек зойдзе на ўмоўную старонку stalin.by, дзе мапа Беларусі ўся чорная ад кропак, навядзе на пэўную кропку і ўбачыць, што там расстраляна 75, 50,180 чалавек, ён ужо не зможа застацца абыякавым. Хай гэта будзе пад савецкую музыку, аповеды Сталіна, як добра жыць у Саюзе, маналогі Горкага пра ГУЛАГ, які перавыхоўвае людзей… Мапа мае ўражваць, каб у сэрцы нешта зварухнулася.
размаўляў Алесь Кіркевіч