Спадчына, якую мы не перадалі. І добра, што так

13.03.2026
Ці займаўся нехта зборам агульнапостсавецкага фальклору знявагі і прыніжэння? І ці варта яно таго? Разважае Марыя Грыц.

Maryja HrycМарыя Грыц. Фота з асабістага архіва

Днямі я злавіла сябе на думцы: як добра, што цяперашнія бацькі не перадалі сваім дзецям адну даволі характэрную спадчыну — агульную постсавецкую хамаватасць у зносінах з малымі.

Бачылі гэтыя рылсы, дзе мамы просяць сваіх дзяцей працягнуць фразы:

«Пакуль ты жывеш у маім доме...»,
«Шмат хочаш — ...»,
«Больш паплачаш — ...»

І дзеткі працягваюць гэтыя выразы так, што становіцца зразумела — іх любяць, пра іх клапоцяцца і яны аніяк не цямяць, пра што ідзе гаворка ў гэтых выразах. Не выключаю, што ёсць мамы і таты, чые дзеці ведаюць працяг, таму яны свае рылсы і не здымаюць, але ж ёсць і іншы варыянт. І ён класны!

Дык вось, тых ролікаў была цэлая гара. І я доўга не магла ўцяміць: як так атрымалася, што на велізарнай прасторы і ў розных краінах мы ўсе ведаем гэтыя пагрозлівыя выразы? Чаму дарослыя паўтаралі іх нам, калі мы былі малымі?

І самае цікавае — адкуль старэйшае пакаленне брала ўвесь гэты агідны фальклор?

Я распытала некалькі больш дарослых чалавек, і аказалася, што гэта нават не гісторыя пра канкрэтных бацькоў і іх дзяцей. Так казалі ўсе ўсім. Гэта былі выразы з паветра. Нібыта нейкі агульны слоўнік стасункаў.

Проста наша пакаленне, здаецца, вырашыла не папугайнічаць і не паўтараць гэта ні дзецям, ні ўвогуле. Нам іх казалі, калі мы былі малыя. Мы яшчэ не разумелі, што адбываецца, але дакладна адчувалі: нешта тут не так.

І ўсё ж для мяне застаецца адкрытым пытанне: адкуль крынічыла гэтае злое лайно? Няўжо існавалі нейкія метадычкі, якія раздавалі людзям у пэўным узросце? Бо інтэрнэту і мамскіх форумаў тады не было. Які быў крывы шлях распаўсюду, што ён дацягнуўся ад Далёкага Усходу да нашых земляў?

У мінулым жыцці мне пашчасціла ўдзельнічаць у некалькіх этнаграфічных экспедыцыях. Памятаю, як я грэбліва ставілася да песень, прыказак і ўсяго, што бабулі расказвалі пра часы СССР. Мне здавалася, што гэта не сапраўдная традыцыя, а нешта штучнае і наноснае. А вось старадаўнія веды мне падаваліся больш натуральнымі, сапраўднымі і вартымі ўвагі.

Тады больш дасведчаныя спадарыні казалі мне: праз пяцьдзесят гадоў любая творчасць можа апынуцца перлінай нацыянальнай культуры. Наша справа — не судзіць, а фіксаваць, каб не згубілася.

І вось з гэтай тэзы, увага, пытанне: ці займаўся нехта зборам агульнапостсавецкага фальклору знявагі і прыніжэння? І ці варта яно таго?

Бо поле там велізарнае. Толькі з цік-токаў і рылсаў можна назбіраць некалькі дзясяткаў ідыём, якія мы ўсе чулі ў дзяцінстве. А колькі іх насамрэч — нават страшна падумаць.

І ўсё ж я не ўпэўненая, што гэтую спадчыну абавязкова трэба ратаваць.

Мне вельмі падабаецца назіраць за іншым працэсам — як мы перамагаем у справе неперадачы траўматычнага досведу.

На мінулым тыдні мой сябра вырашыў арганізаваць аматарскі тэатр з дзецьмі. Малыя насіліся шчаслівыя, бо пабачыліся і маглі дурэць уволю, а гэты святы чалавек цярпліва вучыў іх увазе і сваім акцёрскім штукам.

Я сядзела побач з адным з татаў і бачыла, як у яго літаральна падымаецца ціск. Ягоны малы не слухаў, не сядзеў на месцы, не рабіў таго, што яму казалі.

Maliunak Andrusia Takindanha
Малюнак Андруся Такінданга

А наш арганізатар проста паўтараў і паўтараў. Прыдумляў новыя хады, каб прыцягнуць увагу будучых актораў і акторак. Карацей, змагаўся. І напрыканцы ўсё ж перамог — не крыкам, а кемлівасцю.

Той тата павярнуўся да мяне і сказаў:

— Я б ужо ляшча выхваціў. І не раз.

Я толькі заківала. Бо ў маім дзяцінстве за такія паводзіны я таксама дакладна атрымала б.

І ў той момант я злавіла сябе на нечаканай радасці. Нашыя дзеці нават не ведаюць, што ў нас унутры ўсё гэта яшчэ жыве. Што мы ў той вечар абое заціскалі ў сабе словы кшталту: «Прыйдзем дадому — атрымаеш».

Ніхто гэтага не сказаў.

І нашыя дзеці нават не чулі гэтай лухты кшталту «я — апошняя літара ў алфавіце», «унукі помсцяць за сваіх бабуль і дзядоў» ці «падрасцеш — тады ўсё сам/а зразумееш».

І вось я думаю: ці трэба ўсё ж фіксаваць гэты фальклор прыніжэння, каб ён не згубіўся?

Ці, можа, гэта адзін з тых рэдкіх выпадкаў, калі культурніцкая страта — найлепшае, што можа здарыцца са спадчынай.

Марыя Грыц, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org