У Ветцы адмянілі традыцыйнае свята «Гуканне вясны», якое планавалася правесці 22 сакавіка. Пра гэта паведаміў Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый у сваёй афіцыйнай заяве, піша «Штодзень».

Напярэдадні музей апублікаваў анонс мерапрыемства, аднак ужо на наступны дзень паведаміў пра яго адмену. Паводле тлумачэння, свята не адбудзецца «ў сувязі з рэкамендацыяй не праводзіць масавыя мерапрыемствы ў памяць сумнай гадавіны Хатынскай трагедыі».
«Гуканне вясны» — адно з найбольш вядомых народных святаў беларускага каляндарнага цыклу. Яно сімвалізуе развітанне з зімой і прыход новага жыцця. У канцы 1980-х і ў 1990-я гады гэтае свята разам з Купаллем і Шчодрамі стала адным з ключавых культурных мерапрыемстваў нацыянальнага адраджэння. Менавіта яго, як і іншыя традыцыйныя святкаванні, папулярызавала гомельская суполка «Талака», якая аднаўляла старажытныя абрады і вяртала іх у сучаснае грамадскае жыццё.
Апошнія гады падобныя імпрэзы ўсё часцей сутыкаюцца з абмежаваннямі. Адмена «Гукання вясны» ў Ветцы паказвае больш шырокую тэндэнцыю, калі культурныя і традыцыйныя святы выціскаюцца з публічнай прасторы, якая ўсё больш запаўняецца дзяржаўнымі памятнымі датамі і мілітарызаванай сімволікай.