Вандроўка шляхам Касінераў: па слядах паўстання 1863 года

Ад Свіслачы, дзе вучыліся будучыя лідары нацыі, да Мілавідаў, дзе разгарнулася адна з самых драматычных бітваў паўстання — гэтыя мясціны захоўваюць памяць пра людзей, што не пабаяліся кінуць выклік імперыі. У гэтым артыкуле мы прапануем вам маршрут вольнага дня, які спалучае гістарычную рэканструкцыю і жывы досвед сустрэчы з мінулым. Далучайцеся да вандроўкі шляхам Касінераў, каб даведацца, дзе сёння можна адчуць дух паўстання 1863 года.

Свіслач: альма-матэр рэвалюцыянераў

Свіслач — адно з найцікавейшых мястэчак Гарадзеншчыны з багатай і часам трагічнай гісторыяй. Яно размешчана ў маляўнічай мясцовасці, дзе злучаюцца рэкі Свіслач і Рось.

Svislač
Свіслач. Фота: ekskursii.by

Росквіт Свіслачы пачынаецца ў канцы XVIII ст., калі мястэчка набыў сенатар ВКЛ Вінцэнт Тышкевіч. Новы гаспадар цалкам перабудаваў яго паводле ўсіх правілаў сіметрыі, размясціўшы ў цэнтры рынак з высокай калонай пасярэдзіне. Свіслацкі Успенскі кірмаш, арганізаваны Тышкевічамі, быў другім паводле памераў ва ўсёй Гарадзенскай губерні пасля Анненскага ў Зэльве. На час кірмаша Тышкевіч нават запрашаў у мястэчка тэатральныя калектывы з Горадні, Вільні і Варшавы. У Свіслач прыязджалі не толькі жыхары навакольных вёсак ды суседніх губерняў, але і гандляры з Каралеўства Польскага, Цэнтральнай Расеі, Украіны, а таксама з Аўстрыі, Прусіі, Францыі, Італіі, Даніі, Турэччыны. Збіралася да 3-4 тысяч чалавек. Аднак перадусім мястэчка вядомае сваёй славутай гімназіяй, заснаванай у пачатку XIX стагоддзя (1804 год). Гэта была адна з найлепшых навучальных устаноў свайго часу.

Svislackaja himnazija
Свіслацкая гімназія на пачатку ХХ ст. Фота: poshyk.info

Svislackaja himnazija
Гімназія ў нашыя дні. Фота: poshyk.info

У тутэйшай гімназіі вучыліся вядомыя ўдзельнкі паўстання, а Свіслач — адзінае месца ў Беларусі, дзе два паўстанцкія лідары «сустракаюцца» ў выглядзе манументаў. Побач з гімназіяй месціцца адзіны ў Беларусі помнік, прысвечаны кіраўніку паўстання 1863 г. на беларускіх землях — Кастусю Каліноўскаму, які быў вучнем свіслацкай гімназіі. 

Biust Kalinoŭskaha ŭ Svislačy
Бюст Каліноўскага ў Свіслачы. Фота:bel.wikipedia.org

З 1987 па 2023 г. гімназія насіла назву ў гонар Каліноўскага.

Šyĺda
Шыльда на будынку гімназіі, усталяваная за савецкім часам. Фота: poshyk.info

А зусім недалёка ад бюста Каліноўскага, у паркавай алеі размешчаны помнік яшчэ аднаму паўстанцкаму кіраўніку — Рамуальду Траўгуту, ураджэнцу вёскі Шастакова на Берасцейшчыне, таксама выпускніку свіслацкай гімназіі. Помнік быў пастаўлены ў 1928 г. польскім урадам у часы, калі заходнія землі Беларусі належалі Польшчы.

Pomnik Traŭhutu
Помнік Траўгуту. Фота: bel.wikipedia.org

Тутэйшы пантэон помнікаў досыць цікавы і стракаты: помнікі Каліноўскаму і Траўгуту суседнічаюць з помнікам ваярам-інтэрнацыяналістам, помнікам Леніну і нават Сталіну! Помнік Сталіну, што цікава, быў пастаўлены ўжо ў 2000 годзе, на просьбу мясцовых камуністаў.

Івацэвічы: Шыбельная гара

Наш наступны пункт Івацэвічы — горад у Берасцейскай вобласці, на правым беразе ракі Грыўда. Даўняе мястэчка гістарычнае Слонімшчыны адзначылася на пякельнай мапе паўстання 1863 г. На найвышэйшым пункце гораду знаходзіцца месца з вельмі цяжкай энергетыкай, якое захоўвае памяць аб расправах над паўстанцамі — Шыбельная гара. Сваю назву пагорак атрымаў ад слова шыбеніца.

Šybieĺnaja hara
Шыбельная гара. Фота: 1pr.live

Вядома, што тут падчас паўстання пакаралі смерцю праз павешанне 20 паўстанцаў. Праўдзівая народная жалоба праявілася на Шыбельнай гары. Тут раслі сосны, і людзі пачалі прымацоўваць да іх абразкі ў памяць пра паўстанцаў, якіх тут забілі. Абразы вешалі ўпотайкі ўначы, і іх было відаць яшчэ дзесяцігоддзямі. Ужо ў 2000-х на Шыбельнай гары быў пастаўлены і асвечаны драўляны крыж. 

Pamiatny kryž
Памятны крыж на гары. Фота: 1pr.live

Гэта пункт маршруту для роздумаў аб тым, якую цану плацілі за свабоду...

Івацэвічы: маёнтак слаўнага паўстанцкага камандзіра

На тэрыторыі Івацэвіцкага шпіталя стаіць адзін з найстарэйшых будынкаў у горадзе — сядзіба роду Юндзілаў XVIII стагоддзя. 

Majontak Jundzilaŭ
Маёнтак Юндзілаў. Фота: pro.belarus.by

Найбольш вядомы ў кантэксце нашай тэмы прадстаўнік гэтага роду паўстанец Францішак Юндзіл. Адслужыўшы ў расейскім войску напярэдадні паўстання, Францішак вярнуўся на радзіму. Быў у падпольнай арганізацыі на чале з Каліноўскім. Падчас паўстання Юндзіл стварыў аддзел, у якім было каля 300 касінераў і дзейнічаў у раёне Дабромысля і Югаліна. 3 чэрвеня 1863 года яго аддзел разам з іншымі браў удзел у бітве з расейскімі войскамі пад Мілавідамі. Пасля паразы паўстання Францішак Юндзіл выехаў у Францыю, дзе сканаў ад сухотаў у 1865 годзе.

Cядзіба Юндзілаў у Івацэвічах ужо ў XXI стагоддзі была абвешчана гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Косава: помнік шляхецкага гонару

Недалёка ад Івацэвічаў ляжыць горад Косава, вядомы палацам славутага роду Пуслоўскіх, а таксама домам-музеем героя трох народаў Тадэвуша Касцюшкі — сядзіба Марачоўшчына. Але для паўстанцкай гісторыі 1863 года Косава важнае памятным крыжом на тутэйшых могілках.

Помнік знаходзіцца непадалёк ад сядзібы Марачоўшчына. У 1863 годзе ў навакольных лясах дзейнічалі актыўныя паўстанцкія аддзелы. У Косаве адбываліся сутычкі з царскімі войскамі. Помнік (крыж з каплічкай) нагадвае пра мясцовую шляхту, якая амаль цалкам падтрымала Каліноўскага. 

Pamiatny kryž na mohilkach u Kosavie
Памятны крыж на могілках у Косаве. Фота:be-tarask.wikipedia.org

Крыж месціцца на каталіцкіх могілках, на асобнай магіле паўстанцаў. Яго паставілі ў 1927 годзе, пры польскай уладзе, цудам ён перажыў часы савецкай улады. 

Помнік знаходзіцца ў канцы могілак з боку Івацэвіч. Там спачываюць тры паўстанцы, адзін невядомы, два абазначаныя — Красінскі і Лукашэвіч. Цалкам магчыма, што пахаваны тут паўстанец Лукашэвіч быў кіраўніком аднаго з тутэйшых аддзелаў — Ісідора Лукашэвіча, удзельніка знакамітай бітвы пад Мілавідамі.

Мілавіды: месца паўстанцкай славы

Гэта кульмінацыя маршруту. 3 чэрвеня 1863 года тут адбылася адна з найбуйнейшых бітваў паўстання на тэрыторыі Беларусі. Паўстанцкія аддзелы пад кіраўніцтвам Францішка Юндзіла здолелі адбіць атаку расейскіх войскаў, якія былі значна большыя па колькасці. Расейцы вярнуліся на наступны дзень з падмацаваннем, але паўстанцы паспелі адысці.

Paŭstancki boj
Паўстанцкі бой, малюнак пач. ХХ ст. Выява: rosszuki.blogspot.com

Загінулыя паўстанцы і вайскоўцы паводле загаду падпалкоўніка Булгарына былі пахаваныя паабапал тутэйшае шашы, у розных магілах. Тут месцяцца адразу некалькі помнікаў.

Белая капліца-помнік, узведзеная ў 1933 г. палякамі, сімвалізуе гераізм касінераў. 

Kaplica
Адкрыццё капліцы ў 1933 г. Фота: radzima.org

Праваслаўны крыж быў пастаўлены ў памяць пра загінулых салдат расейскай арміі.

Kryž u pamiać zahinulych rasiejskich vajskoŭcaŭ
Крыж у памяць загінулых расейскіх вайскоўцаў. Фота: radzima.org

Пасля набыцця Беларуссю незалежнасці тут з’явіўся яшчэ адзін памятны камень, прысвечаны паўстанцам, з выявай кіраўніка паўстання ў Беларусі — Кастуся Каліноўскага.

Pamiatny kamień u honar bielaruskich paŭstancaŭ
Памятны камень у гонар беларускіх паўстанцаў. Фота: radzima.org

Pamiatnaje miesca
Агульны выгляд памятнага месца. Фота: radzima.org

Гэтая вандроўка — не проста экскурсія, а даніна павагі людзям, якія свядома выбралі шлях змагання за волю. Сёння гэтыя помнікі — маўклівыя сведкі годнасці нашага народа.

Ю. Ш., Budzma.org