Якія асацыяцыі выклікае ў нас слова “курган”? Знаўцы савецкай геаграфіі, пэўна, адразу ўявяць той ці іншы азіяцкі горад з вузкавокімі пераважна насельнікамі. Патрыёты Оршы, некалі слаўнай вулічнымі бойкамі “раён на раён”, згадаюць такі, з прывязкай да тамтэйшага Кургана Славы, жылы масіў, байцы якога традыцыйна былі хаўруснікамі іншага даволі баявітага раёна – Старога Задняпроўя. А фаны беларускай літаратуры і мулявінскіх “Песняроў” хутчэй за ўсё ўспомняць Янку Купалу.
І для мяне песняроўска-мулявінскі “Курган” доўгі час быў адзінай знаёмай і любімай купалаўскай паэмай.
Карані ж той паэмы, мяркую, ва ўвазе, блізкай да завочнага кахання з боку культавага ў тагачасным беларускім асяродку дваццацісямі-дваццацівасьмігадовага Івана Луцэвіча (ён жа – Купала) да шаснаццаці-сямнаццацігадовай паэткі Канстанцыі (яна ж – Костачка) Буйло.
Перадгісторыя
Пра паэтычную пераклічку 1909 года на старонках газеты “Наша Ніва” між “мэтрам” Янкам Купалам (які тады вершы для газеты і падбіраў) і вясковай паэткай з беднай сям’і, якая пад уплывам яго паэзіі пачала пісаць і сама, Канстанцыяй Буйло можна прачытаць на budzma.by.
Тая пераклічка пасля на пэўны час быццам бы выдахлася, але ўлетку 1910-га атрымала “другое дыханне” з відавочным прысмакам рамантыкі.
“Курган” Буйло
Там, дзе быстраю хваляю рэчка плыве,
У даліне між цёмнаго лесу
Прытаіўся высокі зялёны курган
Пад плакучых бярозак завесай.
Рож здзічэлых кустамі зарос ён увесь;
Між рож камень стаіць; пазалоту з яго
Сцёрла часу рука векавая.
А на камені надпісь:– “Пад тым курганом
Лежаць двое: хлапец і дзяўчына.
Пад бярозкай зялёнай схаваны Янук,
Пад кустом рожы дзікай – Галіна”.
Хто іх тут пахаваў і хто былі яны, –
Надпіс гэты ня кажэ нічога.
Аб усім давялося даведацца мне
Ад прахожага дзеда старога.
– “Шмат гадоў працякло, як было гэта ўсё”, –
Пачаў дзед, – “на гары пад далінай
Двор вялікі стаяў. Ў двары тым жыў пан
Нейкі з дачкой прыгожай, Галінай.
Тут, бывала, што – ноч цэлы двор у агнях;
Шмат паноў адусюль наежджае,
Цэльну ноч пьюць і гуляюць яны;
Без прэстанку музыка іграе.
А чуць сьвет раз’ежджаюцца ўсе, хто куды;
Спаць кладзецца, пан і дружына.
Як замрэ цэлы двор… Адна толькі ня сьпіць
У дварэ маладая Галіна.
Яна хутка ўстае, бо пад дубам ужо
Янка ціха на дудцы іграе,–
Тут, бывала, што-дзень стада белых авец
Ён на пашу у лес прыганяе.
І прыгожы-ж быў Янка,– хлапец хоць глядзі:
Твар, як кроў, з малаком памешаны;
А яго валасы, чорна-цёмны, як ноч,
У пярсцёнкі былі пазвіваны.
Там, бывала, пад дубам пасядуць яны,
Ціха – ціха на дудцы ён грае,–
Стада белых авечэк паляжэ укруг,
А Галіна вяночкі сплетае.
Але трэба-ж бяды! – Адзін пан малады
Прысылае сватоў да Галіны.
Бацька рад, на вяселле склікае гасцей,
Хоць ня хочэ ісьці замуж дзяўчына.
У дварэ зноў банкет: пьюць, гуляюць, пяюць,
Рой дзяўчат маладую ўбірае;
Яна-ж, вочы самкнуўшы, на крэсьле сядзіць,
Толькі белыя рукі ламае…
Пасьля ўстала, памалу ідзе да дзярэй…
– Пачакайце, вярнуся! – сказала.
На дварэ чэкаў Янка, – на рукі яго,
Абамлеўшы, Галіна ўпала.
Час ляцеў… маладая назад не ішла…
Пралеталі мінуты, гадзіны…
Над рэкой нейкі крык… скалыхнуласць вада…
Ў ёй прапалі Янук і Галіна…
Тут пад тым курганом бацька іх пахаваў…”
Скончыў дзед і закрыў твар рукою;
Па сівой барадзе ў перагонку з сабой
Плылі ціха сьлеза за слязою.
– “А скажы мне, стары, адкуль ведаеш ты
Ўсю гісторыю Янкі і Галіны?…”
Тут стары памаўчаў і, абцёршы слязу,
Мне сказаў: – Янук быў маім сынам…
Вішнево, 5/VІІ – 1910г.
Цяпер пра “Курган” Буйло памятаюць хіба адмыслоўцы. А ў год свайго першадруку твор зрабіў уражанне на Янку Купалу.
У дзень публікацыі “Кургана” ў “Нашай Ніве” паэт стварыў верш “Мая думка” з падзагалоўкам “Ахвярую Канстанціі Буйло”:
Як вецер, як птушка, дзе сонцэ, дзе зоры,
Так рвецца, нясецца ў даль думка мая;
Абоймецца з небам, пакоціцца ў морэ,
У вялікае морэ людзкога жыцьця.
І ўдарыцца ў сэрцэ так сумна, балесьне, –
Як лісьцем віхура, так ім скалыхне,
Так ім закалоціць аж выклікне песьню…
Ўжо с песьняй ляціць зноў да зор к вышыне.
Запеўшы пахвалай нязведанай далі,
К вядомай павернецца долі людзкой;
Атсьвеціцца ў сьлёзах, як сьвечка ў крышталі,
Дый ў сьвет зноў за сонцэм за новай зарой!…
На небі свабода, сьвятло і прывольле, –
А думцы за мала: німа там людзей;
Людзей на зямельцы спаткае даволі,
Дык сонцэ і воля ня сьвецяць тут ей…
І так без упынку, то к небу – дзе зоры,
Нясецца, як птушка, ў даль думка мая;
То скоціцца ў морэ, ў вялікае морэ
Людзкога, забытаго шчасьцем, жыцьця.
Пецярбург 19/8 1910
Канстанцыя была радасна ўзрушаная і вершам, і прысвячэннем. Ніколі не бачыўшы і не чуўшы Купалу асабіста, яна піша-ахвяроўвае яму верш “Звон” – аптымістычны і палкі:
Ён плыў над палямі з ветранаю хваляй,
У даль пранасіўся, ляцеў,
Там рэхам гулкім над лесамі раздаўся,
То ціх, заміраў, то ізноў калыхаўся
Ў паветры і зычна гудзеў.
Зноў зважна, свабодна ляцеў над палямі,
Над нівамі, сёламі плыў.
А гукі яго дзіўнай нотай дрыжалі
То якбы ў задуме, то якбы у жалі,
То зноў якбы громкі прызыў.
Ён зваў да жыцьця і да лепшае долі
Ўсіх тых, хто йшчэ цьвёрдым сном спаў,–
І сну заклятога апалі аковы,
І ўстаў народ цэлы і ўстаў якбы новы,
Да новага жыцьця ўстаў.
Завочная сімпатыя Купалы да Костачкі, можна меркаваць, набліжалася тады да кахання. Бо як іначай тлумачыць тое, што адбылося далей?
“Курган” Купалы
Увосень 1910-га Купала піша свой “Курган” – паэму з такім жа, як у “Кургане” Буйло, рытмам, і падобным галоўным персанажам – старым апавядальнікам. Толькі ў Канстанцыі пра курган – любоўная драма, а ў Купалы – драма гераічная, стары апавядальнік расказвае не пра прыватную трагедыю, а выкрывае народныя беды ў твар самазадаволенаму магутнаму князю і ягонай сволачы.
Купалаўскі “Курган” дзякуючы песеннаму свайму запісу з “Песнярамі” і Уладзімірам Мулявіным стаў першай знаёмай купалаўскай паэмай для многіх.
А ў Песняра Янкі за паэмай-баладай “Курган” з’явілася (распачаў яе ён таксама ў 1910-м) больш любімая ім і самая працяглая яго паэма “Сон на кургане”. Як вынікае з пісьмовага сведчання самога Купалы, адзіным чалавекам, які зацікавіўся той паэмай па яе выхадзе, аказаўся рускі класік Максім Горкі. Зацікавіўся да таго, што і ўхвальную рэцэнзію напісаў, і перакладаць узяўся. Гэты аб’ёмны драматычны твор “у чатырох абразах” страшэнна не любіла і хавала Беларусь савецкая, а ў незалежнай Беларусі яго яшчэ варта як след прачытаць і асэнсаваць.
У Костачкі ж заканамерным вынікам яе знакавага “Кургана” стала выданне ў 1914-м у Вільні зборніка паэзіі пад назвай “Курганная кветка”, якая лагічна вынікала з назвы галоўнага твора. 88 старонак, 43 вершы і дзве драматычныя паэмы, 3000 асобнікаў накладу (!). І па цяперашніх часах – дэбют заўважны і смелы з боку выдаўцоў. Рэдагаваў зборнік, як і складаў, як і падганяў аўтарку слаць да яго новыя і новыя яе вершы, Янка Купала, а афармляў, па просьбе Купалы, вялікі, містычны і легендарны мастак Язэп Драздовіч, які намаляваў на вокладцы жанчыну-сфінкса – сімвал загадкавасці і яшчэ не раскрытых магчымасцяў здольнай паэткі.
Першай рэцэнзіяй на зборнік адгукнуўся малады вялікі Максім Багдановіч. Рэцэнзія займала абзац у яго артыкуле ліпеня 1914 года “Белорусское возрожденіе”: “На темах, касающихся любви, сосредоточилась К. Буйло (“Курганная кветка”), пишущая не очень яркие, но гладкие стихи”.
У што вырастаюць “Курганы”
У студзені 1916-га Янка Купала павянчаўся ў Маскве са сваёй даўняй (з 1908 года) знаёмай Уладзіславай Станкевіч, сяброўкай Канстанцыі.
Костачка выйшла замуж у чэрвені 1916-га за шляхціча Віталя Калечыца.
Сябраваць яны працягнулі. Сябравалі Канстанцыя і Уладзіслава і стаўшы ўдовамі, пасля гвалтоўнай смерці мужоў.
*
У пачатку 1920-х, падчас “беларусізацыі”, якая праводзілася ў межах савецкага эксперыменту “каранізацыі”, купка таленавітых беларускіх творцаў (Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Адам Бабарэка, Пятро Глебка) стварыла супольнасць, якую, бы каранямі з “Кургана”, вырашыла назваць “Узвышша”. Бо “мастацтва павінна стаць узвышшам”.
Суполка распрацавала цікавую творчую ідэалогію, якая атрымала назоў “узвышэнства” і, нягледзячы на далейшыя рэпрэсіі, не знікла разам са сваімі чальцамі, а, як станоўчы вірус, зрабіла ўплыў на іншых беларускіх творцаў. Напрыклад, вялікая паэтка Наталля Арсеннева лічыла знаёмства з “узвышэнствам” адным з найважнейшых (пераломных!) этапаў ва ўласным творчым развіцці.
“Узвышэнства” – гэта наступны, пасля Адраджэння, з яго вышыванкамі-выцінанкамі ды шматтысячнымі шоў на вулках, плошчах і ў парках ля тэатраў, этап развіцця нацыянальнага мастацтва,. Сярод пустак-балот беларускай зямлі. І яе мегаполісаў з аграгарадкамі.
Падчас работы над тэкстам аўтар карыстаўся творамі згаданых у ім беларускіх творцаў і Дануты Бічэль, а таксама ўласнай кніжкай пра Канстанцыю Буйло з серыі “100 выдатных дзеячаў”. Мяркуецца, што да канца гэтага года кніжка з’явіцца ў продажы.
Андрэй Мельнікаў