Канстанцыя Буйло: Костачка белліту

Костачкай звалі яе ў дзяцінстве. Яе бацька, Антон Аляксандравіч, калі яна нарадзілася, займаў пасаду старшага конюха на скакавых стайнях Гагарына ў Вільні. Той Гагарын быў князем, а яна сама ўвайшла ў класіку беларускай літаратуры дзякуючы вершу “Люблю”. Верш паклаў на музыку Мікола Равенскі, тую музыку ўпадабала беларуская рэдакцыя Радыё Свабода і зрабіла сваімі пазыўнымі, а іх палюбіў я. І праз пазыўныя РС далучыўся да творчасці Канстанцыі Буйло, хоць і спрабаваў спяваць пад тую мелодыю “Мы выйдзем шчыльнымі радамі…”, пакуль не дайшло, што насамрэч трэба “Люблю наш край, старонку гэту…”


 

Да вядомасці

Яна нарадзілася ў Вільні ў сялянскай сям’і 2(14) студзеня 1893 года. Бацькі, Антон Аляксандравіч і Анастасія Францаўна (у дзявоцтве – Бусіла), мелі сямёх дзяцей. Бацька працаваў старшым конюхам у скакавых стайнях князя Гагарына.

Хрост Канстанцыі адбыўся 17 (30) студзеня таго ж года ў віленскім касцёле Святога Якава.

Усе Буйлы, пачынаючы ад бацькі, былі людзьмі ганарлівымі, духоўна незалежнымі і з тога мелі дадатковыя клопаты. Бацька не трываў знявагі, не лез у кішэню па слова, бунтаваў супраць несправядлівасці і падбухторваў іншых. На фармаванне характару Канстанцыі і яе стаўленне да жыцця ўплыў бацька зрабіў велічэзны.

У 1895-м сям’я перабралася ў мястэчка Вішнева Ашмянскага павета. Бацька стаў арандатарам, лясным аб’ездчыкам у графа Храптовіча. Пасля яны даволі часта мянялі месца жыхарства: Антон Буйло даглядаў разарый у Адравонжы, працаваў учотчыкам на цагельні, зарабляў з паляванняў і як таксідэрміст, майстраваў музычныя інструменты, пчалярыў, лячыў дзяцей… Маладзечна, Сугвазды, Барсуковіна, Радзейкава, Іранёва, Заазер’е, Скрыдлёва, Дыманова…

Пэўныя кніжкі падаюць гадамі нараджэння Канстанцыі 1898 і нават 1899 год, а значыць, і мяняюць яе месца народзін. Так ім называюць і Вішнева, і вёску Барсуковіна.

Калі пагадзіцца з датамі нараджэння 1898/99 то непазбежная выснова – Канстанцыя расла паэтычным вундэркіндам.

Праз пэўныя абставіны ставіць сапраўдную дату і месца нараджэння нашай гераіні ў новыя даведачныя выданні давялося толькі пасля смерці паэткі.

*

Маленства Костачкі (так яе называлі ў дзяцінстве) выглядала падобным да цыганскага і амаль жабрачага. На двух вазах можна было змясціць пры пераездах увесь сямейны скарб.

Буйлы былі пісьменнымі. Бацька лічыў непісьменнасць адной з прычынаў гаротнай долі, і ўсіх дзяцей з малых гадоў прыахвочваў да чытання, выпісваў дзіцячыя часопісы, шмат грошай траціў на кнігі.

Костачка расла жвавай, энергічнай, здольнай. Чытаць навучылася хутка, і калі да бацькі завітвалі леснікі – чытала ім уголас газеты.

У доме былі творы Дастаеўскага, Мацея Бурачка, Лермантава, Міцкевіча, Шаўчэнкі, пазней – Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Першым уласным творам Канстанцыі стаў яе дзённік. Яна штодня занатоўвала туды тое, што адбывалася дома. На жаль, ацаніць мастацкія якасці таго летапісу мы не можам, бо стваральніца яго ў далейшым знішчыла, як і мноства іншых сваіх запісаў. Часы, у якія яна жыла, істотна адрозніваліся ад тых, калі Гогаль паліў працяг “Мёртвых душаў” і матывацыі знішчэння ўласна напісанага былі іншыя; і хаця равеснік Канстанцыі Міхаіл Булгакаў сцвердзіў у сваім самым вядомым творы, што рукапісы не гараць, жыццё ў многіх выпадках даводзіла, што спаленне рукапісаў дае застацца на свабодзе і не пасадзіць за краты іншых…

*

Маці не замінала Костачцы пісаць, нягледзячы на заўважныя траты газы ў халодныя цёмныя паравіны году: відаць, мела надзею, што з тога занятку дачкі будзе сэнс. Тым больш што апроч фіксацыі падзеяў дачка стала спрабаваць крэмзаць вершы.

Калі ў Вільні пачала выходзіць газета “Наша Ніва”, Буйлы сталі яе падпісчыкамі.


 

У “Нашай Ніве” пад чужым імем

Канстанцыя Буйло неаднойчы падкрэслівала, што пісьменніцай яе зрабіла “Наша Ніва”. Вершы Купалы, Коласа, Цёткі на старонках газеты абудзілі жаданне стаць упоравень з імі.

Першым друкаваным творам Канстанцыі стаў верш “Хвоя” ў “НН” ад 27 лютага (12 сакавіка па новым стылі) 1909 года. Ён быў падпісаны Э. Буйло, Одровонж, Ашм.п

Той нашаніўскі нумар вызначаўся тым, што ў ім у “першай беларускай газеце з рысункамі” малюнкі чамусь адсутнічалі зусім, а другі верш нумару – ад Янука Купалы – быў прасякнуты такім сумам і безвыходнасцю, што на яго фоне “Хвоя” з верай у бляск сонца выглядала надта светла і аптымістычна.

Канстанцыя паслала “Хвою” ў рэдакцыю ў самым пачатку года і адчула здзіўленне і шчасце і з таго, наколькі хутка яго надрукавалі, і з таго, што надрукавалі ўвогуле.

А вось другой публікацыі паэтцы давялося чакаць амаль паўгода – 6 (19) жніўня ў “Нашай Ніве” выйшаў яе верш “Салавейка”.

У тым нашаніўскім выпуску ў параўнанні з папярэдняй сустрэчай на газетных старонках Купала і Буйло як бы мяняюцца месцамі: верш Купалы “Зажынкі” энергічна-пазітыўны, а ў Канстанцыі – шчымліва-драматычны раманс.

Купала і Костачка, можна лічыць, паразумеліся амаль адразу. Малады і прызнаны за класіка і найбуйнейшага беларускага творцу, Купала відавочна сімпатызаваў таленавітай зямлячцы. Вершы для друку ў “НН” адбіраў і рыхтаваў ён, і, можна зрабіць высновы, зусім невыпадкова Канстанцыя стала на старонках газеты такім эмацыйным Купалавым антыподам – ён яе зацаніў.

Трэцяя пераклічка Купалы і Буйло – у нашаніўскім нумары ад 12 (25) лістапада 1909: у Купалы – верш “З мінуўшых дзень” у Э. Буйло – “Скора зіма”. Антытэза тут: мінулае – будучыня, настрой і там і там мінорны. Верш Купалы – доўгі. Верш Буйло – караценькі.

Чацвёрты друкаваны твор паэткі быў падпісаны пашыраным псеўданімам – Эдвард Буйло, Вішнево. Ён знайшоў сабе месца ў “НН” ад 10 (23) снежня 1909-га і быў вершам з назвай “Хаутурны звон”.

Дзіўнаваты вершык, калі з арыентырам на Беларускую савецкую энцыклапедыю даць веры, што яго аўтарцы было тады 10 поўных гадкоў! А калі пагадзіцца, што гадоў аўтарцы ўсё ж 16 – то верш быў няякасны, заўважна горшы за любы з трох надрукаваных раней.

У тым нашаніўскім нумары ад Янкі Купалы верша-супрацьвагі Буйло не было. Затое быў верш Максіма Багдановіча (С.Н-ну) – вельмі жыццесцвярджальны. Прычым Максім быў падпісаны напоўніцу ўласным імем і прозвішчам, насуперак нашаніўскім традыцыям…

Эдвард Буйло – таксама не зусім псеўданім. У Канстанцыі рэальна быў родны старэйшы брат з такім імем, і менавіта ён дапамагаў сястры ў дасланні-дастаўцы яе вершаў у “Нашу Ніву”. І аўтарства сястры, нягледзячы на свой подпіс пад яе вершамі, не аспрэчваў.


 У “НН” пад сваім імем

У 1910-м Канстанцыю, як і Максіма Багдановіча, пачнуць друкаваць пад уласнымі імёнамі і прозвішчамі. Але не адразу.

У нумары ад 6(20) мая 1910-га пад яе вершам нарэшце паўсталі рэальныя дадзеныя – К. Буйло. Верш зваўся “Вясной” і меў такі маршава-паходны рытм:

Як я лесам іду, ветрык дрэўцы там гне

І лес шумам вясны зважна песьні пяе,

Птушкі дзеткам сваім гнёзды цёплы віюць

І пяюць

А як полем я йду, там над чорнай ральлёй

Ў сінім небі завіс шэры жаўранчык мой,

Ў чыстым воздусе ён швыдка крыльцамі бье

І пяе

Як я лугам іду

 І гэтак далей яшчэ тры страфы.

А адразу за вершыкам ішоў тэкст, прысвечаны памяці загінулага ў Кіеве Сяргея Палуяна – таго, хто выцягнуў з архіву ненадрукаваныя за ўпартасць аўтара творы Максіма Багдановіча і дамогся, каб вялікі талент друкавалі і ў парушэнне завядзёнкі пад сваім імем-прозвішчам. Можа, дзякуючы Палуяну так – пад сваім імем-прозвішчам – замацавалася ў белліце і Канстанцыя Буйло.

У наступныя гады “НН” надрукуе яшчэ некалькі дзясяткаў вершаў нашай паэткі.


 

“Люблю”

У 1914-м яна скончыла ў Вільні кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы і падалася настаўнічаць на Лідчыну, затым ачоліла беларускую кнігарню ў Полацку. Затым, з пачаткам вялікай вайны і закрыццём кнігарні, перайшла на працу ў Земскі саюз.

У тым жа годзе ў Вільні пад рэдакцыяй Янкі Купалы выйшаў паэтычны зборнік Канстанцыі “Курганная кветка”, які да гэтага часу многія лічаць яе адзіным зборнікам. Карэктненька падправім: тое быў адзіны прыжыццёвы несавецкі паэтычны зборнік Буйло. Аздобіў яго Язэп Драздовіч, а першую рэцэнзію на тую кніжку напісаў Максім Багдановіч.

Верш “Люблю” з тога зборніка стаў яе галоўным творам – творам, дзякуючы якому яе памятаюць, ведаюць і цэняць у беларускім свеце.

 Люблю наш край — старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла…

Верш доўгі. Знайсці ў сеціве – лёгка. Праз пэўны час, дзякуючы кампазітару Міколу Равенскаму, ён стаў песняй. Пра яе класна напісала Данута Бічэль: “не мае ценю – уся ў сонцы або ў цемры, як гара Табор”.

І далей, ад яе ж – пра іерархічную яскравасць гэтага твора:

“На першым месцы – любоў нават не да Радзімы, а да старонкі, дзе нарадзілася; на другім месцы – любоў да народа, яго сядзібаў і зямлі, якая корміць народ; на трэцім месцы – любоў да ракі як сімвалу руху, глыбіні, вечнасці; пасля паэтка патлумачыла, за што яна любіць вясну, лета, восень і зіму, якія мяняюцца ў роднай старонцы і мяняюць яе краявіды. Нарэшце, прызналася ў любові да песні, тонамі дзявочых галасоў абняла і сагрэла сваю старонку, загарнула яе ў любоў. Няма ў гэтым вершы метафараў і гіпербалаў, толькі эпітэты і параўнанні. Песня “Люблю” створаная для неба, як песня жаўранка, прадвесніка вясны. Такое яе прызначэнне”.


 

Жыццё пасля “Люблю”

У 1917-м Канстанцыя падалася ў бежанства ад нямецкага наступу на фронце. У канцы года яна – у падмаскоўным Валакаламску, працуе статыстам у павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У далейшым робіцца бухгалтарам у падмаскоўным саўгасе.

У 1923-м паэтка пераехала ў Маскву, стала хатняй гаспадыняй у шлюбе.

Муж, Віталь Адольфавіч Калечыц, быў арыштаваны ў 1933-м і загінуў у лагерах у 1938г.

Пасля арышту мужа Канстанцыя пайшла працаваць ізноў. Вырасла ў эфектыўнага кіраўніка: пачала з пасады начальніка аддзела на заводзе “Аграном”, затым стала выканальніцай абавязкі намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста “Саюзветзабпрам”.

У 1944-м яе прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР.

Яна зрабіла рэверанс лаяльнасці савецкай сістэме, стварыла і ўласную “Песню аб Сталіне” (надрукаваная ў 1947-м), але ўсё адно афіцыйныя крытыкі жорстка ўшчувалі яе за недасавецкасць.

У 1954-м пайшла на пенсію.

У 1968-м Савецкая Беларусь вырашыла ўганараваць Канстанцыю Антонаўну – ёй надалі статус Заслужанага дзеяча культуры рэспублікі.

4 чэрвеня 1986-га яна памерла ў Маскве. У 1989-м сын перавёз урну з яе прахам у Вішнева, а апусціў яе ў магілу на тамтэйшых могілках, стаўшы на калені, шмат у чым варты шматплённы паэт Ніл Гілевіч.

 

Пры напісанні нататкі аўтар карыстаўся тэкстамі Дануты Бічэль, Дзіяны Чаркасавай, Любові Гарэлік і ўласнай кніжкай пра Канстанцыю Буйло, якая мае шанцы выйсці ў гэтым годзе ў серыі “100 выдатных дзеячаў”.

 

Андрэй Мельнікаў