Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Сабескі вядомы нам як выдатны палкаводзец, які праславіўся ў пераможнай бітве з туркамі пад сценамі Вены. Аднак шлях да ўлады ў яго быў доўгі і цяжкі. 2 лютага 1676 года ён быў нарэшце увянчаны каронай, хоць каралём Польшчы яго абралі яшчэ ў траўні 1674-га. Чалавек, які не адвярнуўся ад хаўрусніка, калі гэта зрабілі ўсе астатнія, і амаль у адзіночку змяніў ход еўрапейскай гісторыі.
Ян Сабескі. Крыніца: wikipedia.org
Пачатак шляху
Выхадзец з сярэднешляхецкай сям’і, прадстаўнікі якой дасягалі, аднак, вышэйшых пастоў у дзяржаве (як, напрыклад, бацька Сабескага Якаў, кашталян Кракава), Ян Сабескі нарадзіўся ў Алескім замку недалёка ад Львова 17 жніўня 1629 года. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, у 1646–1647 гадах ён разам з братам Марэкам на два гады адправіўся ў Заходнюю Еўропу. Браты Сабескія аб’ехалі мноства краін, спасцігаючы іх вайсковыя традыцыі. Маючы добрыя здольнасці да вывучэння моў, Ян яшчэ і авалодаў лацінай, французскай, італьянскай і нямецкай. Кажуць, што першыя словы на лаціне, якія будучы кароль вывучыў, былі цытатай з «Оды» рымскага паэта Гарацыя: «O, quam dulce et decorum est pro patria mori! — О, як салодка і годна памерці за краіну!», якія былі высечаны на магіле Станіслава Жалкеўскага, яго прадзеда па матчынай лініі.
У Рэч Паспалітую Сабескі разам з братам вярнуўся ў 1648 годзе падчас паўстання Багдана Хмяльніцкага і ўступіў у войска. Браў удзел у бітве пад Берасцечкам, дзе быў цяжка паранены, але змог выжыць. А вось для яго брата Марэка гэтая вайна скончылася трагічна: у 1652 годзе ў бітве пад Батогам ён трапіў у татарскі палон і, верагодна, згінуў недзе на нявольніцкіх рынках Крыма ці Стамбула. Ян спрабаваў адшукаць брата. Выправіўшыся ў складзе польскага пасольства ў Турцыю, ён асвоіў татарскую мову і аб’ехаў у пошуках усю краіну, але беспаспяхова. Па іншай версіі Марэк быў забіты разам з іншымі палоннымі па асабістым загадзе Багдана Хмяльніцкага адразу пасля бітвы.
Першыя вайсковыя поспехі
У 1654–1655 гадах пачалося ўварванне ў Рэч Паспалітую войск Швецыі і Маскоўскай дзяржавы, якое ў літаратуры атрымала назву «Патопу». Краіна падзялілася на два лагеры. Частка шляхты на чале з Вялікім гетманам Літоўскім Янушам Радзівілам падтрымала шведаў, шукаючы ў іх абароны ад ціску Масквы на літоўскія і беларускія землі, але большая частка шляхты пачала змагацца з акупантамі. Нягледзячы на сваё шведскае паходжанне, узначальваў супраціў кароль Ян II Казімір Ваза.
Спачатку Сабескі далучыўся да прашведскай партыі Вялікага гетмана і ваяваў на баку Карла Густава, але затым змяніў лагер і ваяваў ужо супраць інтэрвентаў — на баку законнага караля Яна II Казіміра.
Удзельнічаючы ў шматлікіх кровапралітных бітвах, з казакамі, татарамі, маскавітамі і шведамі, малады шляхціч паказаў сябе адважным салдатам, таленавітым камандзірам і арганізатарам, за што ў 1656 годзе польскі кароль Ян Казімір надаў герою ганаровы сан Вялікага кароннага харунжыя — галоўнага знамяносца дзяржавы.
У 1665 годзе Ян ажаніўся з Марыяй Казімірай Луізай дэ Гранж д’Арк’ен, удавой Сандамірскага і Кракаўскага ваяводы Яна Замойскага, фрэйлінай каралевы Марыі Людовікі. Гэты шлюб стаў даволі прыкметнай падзеяй у Еўропе, асвячаў яго сам папскі пасланнік апостальскі нунцый Антоніа Піньятэлі, будучы Рымскі папа Інакенцій XII. Марысенька, як яе празвалі ў Польшчы, не толькі прынесла новаму мужу вялікі пасаг, але і на ўсю моц выкарыстоўвала свае шырокія сувязі пры польскім і французскім дварах для паспяховага прасоўвання яго кар’еры.
Марысенька Сабеская. Крыніца: wikipedia.org
Вайсковыя таленты, арганізатарскія здольнасці і заслугі Сабескага перад Радзімай былі добра ацэнены каралём Янам II Казімірам, які прасоўвае яго ўверх па службовай лесвіцы і прызначае на ганаровыя і адказныя пасады. У 1666 годзе ён стаў Польным каронным гетманам, адным з намеснікаў галоўнакамандуючага войскамі Рэчы Паспалітай, а праз два гады — Вялікім каронным гетманам, гэта значыць галоўнакамандуючым арміяй.
У 1668 годзе кароль Ян Казімір адмаўляецца ад польскага стальца. Адным з прэтэндэнтаў на карону становіцца Ян Сабескі. Аднак шляхта пад ціскам імператара Святой Рымскай імперыі вырашыла абраць на пасад князя Міхала Вішнявецкага.
Вайна з Асманамі. Бітва пад Хоцінам
У 1672 годзе на Рэч Паспалітую ў чарговы раз нападаюць туркі. Кароль Міхал Вішнявецкі быў не ў стане сабраць дастатковае войска супраць асманаў. У такой цяжкай сітуацыі Сабескі зноў вызначыўся сваім вайсковым талентам. Маючы пад сваім кіраўніцтвам усяго толькі 2500 кавалерыстаў супраць моцна пераважаючых сіл суперніка, ён у перыяд з 5 па 14 кастрычніка, хутка рухаючыся з месца на месца, здзяйсняў імгненныя напады на варожыя атрады і разбіваў іх паасобку. У агульнай складанасці яго атрад пераадолеў такім чынам каля 450 км.
Гераізм Вялікага гетмана не прынёс краіне перамогі. Туркі вымусілі караля да падпісання 18 кастрычніка 1672 г. Бучацкага мірнага дагавора, згодна з якім дзяржава пазбаўлялася Падольскага і Брацлаўскага ваяводстваў, а паўднёвая частка ваяводства Кіеўскага пераходзіла пад уладу гетмана Правабярэжнай Украіны Пятра Дарашэнкі, які прызнаваў залежнасць ад султана. Аднак сейм не ратыфікаваў гэтай дамовы, вайна аднавілася зноў.
Галоўная бітва адбылася ў лістападзе 1673 года ля сцен крэпасці Хоцін, дзе ўдарная групоўка турак пад камандаваннем Хусейн-пашы сышлася з войскам Сабескага. Сілы былі прыкладна роўныя: 30 тысяч аб’яднаных армій Кароны і ВКЛ супраць 35 тысяч турак. 10 лістапада і ўсю наступную ноч ваяры Сабескага бесперапынна то сур’ёзна атакавалі, то толькі імітавалі напады на ўмацаваны лагер турак. Знясіленыя бясконцымі трывогамі, змерзлыя пад дажджом са снегам асманы не змаглі даць адпор галоўнаму штурму раніцай 11 лістапада. Яны паспрабавалі схавацца за сценамі Хоціна, але да крэпасці іх не падпусцілі ўланы. Пры адступленні адзіны мост праз Днестр, пашкоджаны войскам Сабескага, абваліўся пад цяжарам турак. Дагнаўшы іх, польска-літоўскія ваяры перарэзалі амаль усё войска Хусейн-пашы, уцячы змаглі толькі некалькі тысячаў турак. Выжылыя асманы празвалі Сабескага «Польскім львом».
Ян Сабескі ў бітве пад Хоцінам. Крыніца: wikipedia.org
Кароль Ян ІІІ
Пасля перамогі пад Хоцінам аўтарытэт і слава Вялікага гетмана ўзняліся настолькі, што пасля смерці караля Міхала Вішнявецкага яго кандыдатуру ў якасці будучага манарха зацвердзілі на Сейме. Шаноўныя сенатары бачылі ў Сабескім чалавека, які зможа не толькі абараніць Радзіму ад нападаў агрэсараў, але і, павярнуўшы назад ход вайны, вярнуць захопленыя ворагамі землі. 21 траўня 1674 года ён быў аб’яўлены каралём. Праўда, сама каранацыя адбылася толькі праз два гады, калі Сабескі ўсё ж такі ўзышоў на трон, як Ян III, Кароль Польскі і Вялікі Князь Літоўскі.
Вайна з туркамі не спынялася. Вялікая бітва адбылася пад горадам Сучавай, у паўночнай частцы Малдовы. На гэты раз камандаваць войскам, якое складалася з асманаў і крымскіх татар, прыбыў сам султан Мехмед IV. Ён марыў нарэшце разграміць Рэч Паспалітую і захапіць значную частку яе паўднёвых і паўднёва-ўсходніх уладанняў. Бліжэй да дня бітвы Ян Сабескі зноў узмацніў каронную армію войскамі Вялікага княства. Гэта ў значнай ступені адбілася на выніках бітвы. Туркі чарговы раз былі ім пераможаны.
Асманскі султан Мехмед IV. Крыніца: wikipedia.org
Але, атрымаўшы карону, новы манарх трапіў у цяжкае геапалітычнае становішча. Самы магутны чалавек тагачаснай Еўропы французскі кароль Людовік XIV, які быў звязаны саюзнымі адносінамі з турэцкім султанам, настойваў на хуткім згортванні баявых дзеянняў.
У кастрычніку 1676 года Ян III Сабескі быў вымушаны заключыць з туркамі Журавенскае перамір’е, якое сейм не зацвердзіў. Прафранцузская палітыка не карысталася падтрымкай шляхты, якая баялася, што пасля завяршэння турэцкай вайны кароль аб’явіць вайну германскаму імператару або па вобразе і падабенстве Людовіка XIV усталюе абсалютысцкі рэжым у краіне.
Сабескі добра разумеў, што мір, падпісаны з Турцыяй, недаўгавечны і з’яўляецца толькі кароткачасовай перадышкай перад будучымі войнамі. Уступіўшы на пасад, ён праводзіць шырокамаштабную ваенную рэформу, рэарганізацыю і пераўзбраенне войска. На працягу наступных сямі гадоў міру праводзіць палітыку ўмацавання дзяржавы, павялічэння яе моцы, абароназдольнасці і ўзмоцнена рыхтуецца да маючай адбыцца вайны.
У 1683 годзе паміж Рэччу Паспалітай і Аўстрыяй быў заключаны дагавор аб прадастаўленні ваеннай дапамогі ў выпадку нападу Турцыі на адну з краін. Ян Сабескі і аўстрыйскі імператар Леапольд І пакляліся адзін аднаму ў вернасці, і як паказала гісторыя, гэты дагавор меў эпахальнае значэнне не толькі для хаўруснікаў, але і для ўсёй Еўропы.
Бітва пад Венай
Увесну 1683 года Турцыя аднаўляе баявыя дзеянні ў Еўропе і ўрываецца ў межы Аўстрыі. Велізарнае 200-тысячнае войска, узначаленае дасведчаным палкаводцам — вялікім візірам Кара-Мустафой, імкнецца да Вены.
Слабая аўстрыйская армія была не ў стане даць адпор захопніку, яна пачала адыходзіць углыб краіны, пакінуўшы Вену на волю лёсу. Нягледзячы на гэта, нешматлікі гарнізон аўстрыйскай сталіцы вырашыў супраціўляцца і да апошняй кроплі крыві бараніць свой горад.
Рымскі папа Інакенцій заклікаў хрысціянскіх манархаў дапамагчы Аўстрыі, але тыя на дапамогу не надта спяшаліся. Адгукнуўся толькі Ян Сабескі. Сабраўшы 30-тысячнае войска, ён рушыў на дапамогу Вене.
3 верасня войскі саюзнікаў сустракаюцца каля горада Тульн, і пасля аб’яднання сілы кааліцыі дасягаюць 71 тысячы салдат. Акрамя Рэчы Паспалітай і Аўстрыі, свае арміі даслалі саксонцы, швабы, франконцы ды іншыя народы Святой Рымскай імперыі. Паколькі імператар Леапольд пакінуў сталіцу, то па аднадушным рашэнні ўсіх саюзных ваеначальнікаў вярхоўнае кіраўніцтва над аб’яднаным войскам хрысціян было аддадзена каралю Яну Сабескаму як прафесійнаму эксперту па турэцкай тактыцы. Падышоўшы да Вены, Сабескі прыступіў да ажыццяўлення свайго плана, згодна з якім аўстрыйскія і нямецкія войскі павінны былі завязаць бой з туркамі. У гэты час армія Рэчы Паспалітай мусіла ажыццявіць падманны абходны манеўр з мэтай удару ў фланг непрыяцелю.
12 верасня 1683 года адбылася знакамітая бітва пад Венай. Дзякуючы свайму палкаводчаму і арганізатарскаму таленту, шматгадоваму баявому досведу і глыбокаму веданню суперніка, Ян Сабескі здолеў бліскуча ажыццявіць сваю тактычную задуму. У той час, калі аўстра-германскія войскі скавалі сілы турак і вымусілі іх змагацца ў сутычцы, войска Рэчы Паспалітай рашучым ударам атакавала фланг суперніка. На вастрыі атакі знаходзіліся легендарныя крылатыя гусары, якія з’яўляліся наймацнейшай цяжкай кавалерыяй у Еўропе на працягу XVI–XVII стагоддзяў.
Закаваныя ў жалезныя даспехі з накінутымі па-над імі звярынымі шкурамі, з крыламі за спінай і ўзброеныя доўгімі 6-мятровымі пікамі, яны літаральна вытапталі турак, якія патрапіліся ім на шляху. Атаку коннікаў узначальваў сам Ян III. Ён загадаў накіраваць галоўны ўдар на шацёр Кара-Мустафы. У гэты ж момант адчыніліся вароты Вены, і абложаны гарнізон распачаў контратаку. Асманы не вытрымалі падвойнага ўдару і пабеглі. Разгром быў поўны.
Крылатыя гусары. Крыніца: wikiwarriors.org
Пасля гэтай слаўнай бітвы Ян Сабескі перафразаваў знакамітую фразу Гая Юлія Цэзара «Veni. vidi, vici» і сказаў: «Venimus, vidimus, Deus vicit». У перакладзе з латыні гэта азначае — «Мы прыйшлі, мы ўбачылі, Бог перамог».
Апошнія гады свайго яркага жыцця Ян Сабескі моцна хварэў. Жыццё, праведзенае ў сядле з мячом у руцэ, раненні, атрыманыя ў баях, і бясконцыя вайсковыя паходы падтачылі яго здароўе. 17 чэрвеня 1696 года ў выніку інсульту сэрца аднаго з найвялікшых каралёў Рэчы Паспалітай перастала біцца.
Прах Яна Сабескага быў урачыста, з усімі ўшанаваннямі, пахаваны ў крыпце Святога Леанарда ў кракаўскім Вавельскім кафедральным саборы, а яго сэрца ў касцёле Праабражэння Гасподняга ў Варшаве.
Архіўны тэкст, упершыню апублікаваны 15.06.2022 г.
Ілля Дняпроўскі, budzma.org