Таня Купра, сузаснавальніца Pavetra, распавяла budzma.org, чаму паўстала новая арганізацыя беларускіх творцаў за мяжою і якім атрымаўся яе першы перформанс, які адбыўся 21 верасня ў Дзюсельдорфе.
Таня Купра. Фота: Galina Orlenko
— Таня, віншуем з дэбютным праектам! Якім атрымаўся перформанс у Дзюсельдорфе?
— Ён прайшоў у мясцовым Музеі тэатра (Theatermuseum Düsseldorf). Гэта была заява свету пра наша існаванне — існаванне новага грамадзянскага культурнага аб’яднання Pavetra. Перформанс меў месыдж: «Свобода як паветра: мы заўважаем яе толькі тады, калі яе бракуе». Мы казалі пра беларускую сітуацыю, беларускае мастацтва і тэму вайны ва Украіне.
Перформанс у Дзюсельдорфе. Фота: Irina Ignatjuk
Гэта быў мазаічны і мультымедыйны перформанс са спалучэннем візуальнага мастацтва, літаратурных чытанняў, тэатра, музыкі, харэаграфіі. Магчыма, не адзіны такі ў свеце, але эсперыментальны фармат.
Перформанс у Дзюсельдорфе. Фота: Irina Ignatjuk
У Дзюсельдорфе нам атрымалася сабраць амаль усіх чальцоў нашай новай арганізацыі. Пералічу частку ўдзельнікаў ды ўдзельніц.
• Андрэй Дурэйка, мастак/мультымедыя.
• Максім Тымінько, мастак/відэа.
• Каця Арцёменка, аўтарка.
• Сільвія Вайскопф, акторка.
• Кацярына Жураўская, сапрана.
• Надзея Каракулка, цымбалы.
• Павел Бяляеў, вібрафон, перкусія.
• Дар’я Унгаро-Дзергачова, мадэрацыя.
• Ірына Ігнацюк, фота/відэа.
І я, Таня Купра, якая адказвала за танец, часткова за слова, а напрыканцы яшчэ і за барабан.
Удзельнікі перформанса ў Дзюсельдорфе. Фота: Irina Ignatjuk
— На якой мове ладзіўся перформанс?
— Працоўнай мовай была нямецкая, бо мы жадаем дагрукацца да самай шырокай аўдыторыі, у тым ліку менавіта лакальнай еўрапейскай. У недалёкай будучыні мы плануем імпрэзы ў Нідэрландах, там працоўнымі мовамі будуць ангельская і нідэрландская.
Хаця, натуральна, калі гэтага патрабуюць мастацкія моманты, беларуская мова таксама ўсплывае ў нашых перформансах, як гэта было відавочна ў цытуемых працах візуальных мастакоў, якія ляглі ў аснову відэапраекцыі.
Перформанс у Дзюсельдорфе. Фота: Irina Ignatjuk
Па выніках перформансу ў Дзюсельдорфе выйдзе відэаматэрыял, у якім будуць паказаныя часткі перформансу і інтэрв’ю з удзельнікамі і ўдзельніцамі, якія праведзеныя на нямецкай і беларускай мовах — з ангельскімі субтытрамі. З аднаго боку, мы хочам, каб аўдыторыя ведала, адкуль мы ёсць, з іншага — хочам даць ёй найбольшы шанец зразумець нас і нашу творчасць.
Перформанс у Дзюсельдорфе. Фота: Irina Ignatjuk
— Распавядзіце, калі ласка, пра вашу арганізацыю, як яна паўстала.
— Pavetra удалося зарэгістраваць зусім нядаўна (хто ведае, што такое нямецкая бюракратыя, зразумее, што працэс ішоў няхутка) — у верасні. Нашае аб’яднанне вырасла з руху #MusicForBelarus, дзе большасць нас, мастакоў і мастачак, пазнаёміліся. Хаця некаторыя пазнаёміліся і на іншых імпрэзах ды фарматах.
#MusicForBelarus, нагадаю, аб’яднаў музыкаў з розных еўрапейскіх краін, якія праводзілі і праводзяць дабрачынныя канцэрты, сабраныя сродкі з якіх ідуць на дапамогу палітвязням ці іх сем’ям.
Як і ў #MusicForBelarus, чальцоў нашай новай арганізацыі аб’ядналі агульначалавечыя і грамадскія каштоўнасці. Усім нам балела ад таго, што адбываецца ў Беларусі, і мы шукалі сродкі, мову, якімі можна было б дагрукацца да аўдыторыі.
Сама назва Pavetra сведчыць пра тое, што мы жадаем быць максімальна адкрытай прасторай — і тэматычна, і інструментальна. Таму ў нашай камандзе людзі з розных галін мастацтва.
— Чальцы вашага аб’яднання — беларускія творцы ў Нямеччыне?
— У асноўным гэта мастакі і мастачкі з Беларусі ці з беларускімі каранямі. Аднак ёсць у нашай камандзе, напрыклад, і нямецкая акторка Сільвія Вайскопф. Большасць знаходзіцца ў гарадах Нямеччыны, але з намі і Максім Тымінько ды Ганна Шыбаева — у Нідэрландах.
— Таня, распавядзіце, калі ласка, трошкі пра сябе. Як вы апынуліся ў мастацтве?
— З нашай грамады я адзіная поўнасцю неакадэмічная мастачка. Я вырасла ў Мінску, па адукацыі з’яўляюся фізікам (дзякуючы чаму пераехала ў Нямеччыну), працавала і дагэтуль працую ў навуцы.
Таня Купра. Фота: Marcus Gruendler
А ў мастацтве я апынулася праз хіп-хоп культуру. Пачала танчыць хіп-хоп у падлеткавым узросце, з часам хобі перарасло ў нешта большае, а пасля і ў занятак на прафесійным узроўні.
На пачатку 2000-х у Беларусі, калі мы пачыналі з іншымі людзьмі, то былі першай генерацыяй хіп-хоп танцораў: раней за нас у краіне быў толькі брэйкінг, што нам вельмі дапамагло. Вучыліся па відэакасетах, DVD (інтэрнэт на добрай хуткасці прыйшоў пазней), а калі змаглі зарабляць нейкія грошы — ездзілі ў суседнія Літву і Польшчу, каб трапіць на воркшопы.
У Нямеччыне прысутнічае вольная танцавальная і тэатральная сцэна, дзе ёсць нямала адкрытых фарматаў для людзей, як гэта раней называлася, з «субкультур» (сёння іх проста называюць «культурамі»). З 2016 года я стала працаваць у тым ліку з танцавальным тэатрам.
З дапамогай руху, мовы цела, харэаграфіі нельга дакладна патлумачыць аўдыторыі, што ты хочаш сказаць, але можна забраць яе эмацыйна. Праз гадоў пятнаццаць актыўных заняткаў вулічным танцам мая мова цела стала дастаткова спелай, каб размаўляць на сацыяльныя ці палітычныя тэмы.
Таня Купра. Фота: Axana van der Ra
Цікава, што адэкватнай танцавальнай адукацыі ў хіп-хопе нельга атрымаць сёння і ў Нямеччыне. То-бок у гэтай галіне мастацтва практычна немагчыма апынуцца лагічным шляхам навучання. Ужо можна ў Францыі, часткова ўжо можна ў Швецыі і Вялікабрытаніі — гэта вялікая праца, якая пачалася і працягваецца.
У Беларусі ж дагэтуль нельга атрымаць адэкватную вышэйшую адукацыю нават па сучаснай харэаграфіі — у параўнанні значна больш прынятым і ўжо больш акадэмічным напрамку танца. Думаю, пройдзе шмат часу, пакуль пазаакадэмічныя формы мастацтва ўвойдуць у беларускія адукацыйныя інстытуцыі.
Пасля падзеяў 2020 года мне спатрэбілася прыкладна паўгады, каб дамовіцца з сабою і пачаць працаваць з танцам, каб размаўляць пра гэта.
Нам балюча, але танчыць трэба. Гэта тая мова, якой я магу размаўляць пра беларускую тэму і якой я магу дагрукацца да публікі на іншых узроўнях, чым вербальна.
Антон Навумчык, budzma.org