Кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка адзначыў, што падчас працы міністрам культуры гэта была тэма, якой ён займаўся. Творчасць паэта аказала вялікі ўплыў на палітыка.

«Я вучыўся ў школе падчас адраджэння і беларусізацыі. Тады шмат беларускіх вершаў вучылі на памяць. Багдановіч – вельмі таленавіты паэт, лаканічны, захапляльны. Ён здолеў укладваць глыбокі сэнс у сваю творчасць.
Павел Латушка згадвае, як быў першакурснікам гістарычнага факультэта БДУ, праходзячы ў Мінску па праспекце Машэрава – сёння гэта праспект Пераможцаў – часта заходзіў у кнігарню, якая знаходзілася ў будынку Міністэрства культуры. У гэтай кнігарні ён часта купляў беларускамоўную літаратуру, у тым ліку творы Максіма Багдановіча.
Максім Багдановіч за 25 гадоў свайго жыцця напісаў шмат таленавітых твораў. Памёр паэт у Ялце.

Максім Багдановіч. Крыніца: Wikipedia
«Адзін з маіх папярэднікаў на пасадзе міністра – паважаны ў культурных колах чалавек – звярнуўся да мяне з ідэяй перапахаваць Максіма Багдановіча.
Мы пачалі абмяркоўваць творчасць класіка і прыйшлі да высновы, што перапахаванне Максіма Багдановіча можа стаць аднаўленнем гістарычнай справядлівасці, моцнай і нацыянальна натхняльнай падзеяй для беларускага грамадства, для разумення нашай культурнай самабытнасці.
Аргументаў было шмат: і за, і супраць. Думаю, і сёння знойдуцца прадстаўнікі абодвух меркаванняў, але гэта быў шанец для беларускай культуры – пахаваць Багдановіча на Радзіме, пра якую ён так шмат пісаў».
Палітык уздымаў гэтую тэму падчас перамоваў з украінскімі міністрамі, але гэты быў складаны працэс, які, на жаль, у той час не ўдалося рэалізаваць.
«Я памятаю, што адной з заўваг была сітуацыя з тым, што даследчыкі казалі, што пліта на магіле Максіма Багдановіча была перасунута ў выніку землятруса. Таму на 100 адсоткаў сказаць, што менавіта там быў пахаваны Максім Багдановіч – немагчыма. Зразумела, што трэба было рабіць экспертызу, што трэба было рабіць аналіз ДНК. І гэта ўжо была іншая гісторыя. На жаль, усё ж такі гэта не атрымалася, але гэта не значыць, што гэта немагчыма зрабіць у будучым – пачынаючы з ДНК і заканчваючы магчымасцю перапахавання».
Адстойванне нацыянальнай культуры ў сістэме Лукашэнкі заўсёды было выклікам – кажа былы міністр культуры.
«Цяжка сабе ўявіць, але нават класікаў, якія ўваходзяць ва ўмоўную «зорную пяцёрку» беларускай літаратуры, да якой асабіста я адношу Купалу, Коласа, Багдановіча, Караткевіча і Быкава, нават з імі было цяжка трапіць на ўрадавыя мерапрыемствы. Нават іх трэба было адстойваць, прыкладаць намаганні, каб іх творы маглі прагучаць на ўрадавых мерапрыемствах. І такая барацьба здаралася не раз».
Латушка прыгадвае, што з канца 1990-х гадоў кожны студзень у Беларусі ладзяць канцэрт з нагоды раздачы прэмій за духоўнае адраджэнне. Сцэнар для канцэрта, дзе прысутнічае Лукашенка, павінны падпісаць у Міністэрстве культуры. У год 125-годдзя ад нараджэння Купалы і Коласа, намесніца мінкульта Ірына Дрыга выкрасліла з сцэнара канцэрта згадкі пра гэтых пісьменнікаў.
«Я памятаю гэтую хвіліну, калі на маім стале з’явіўся сцэнар. Я бачу яго і не магу зразумець, Купалы і Коласа няма, а Чайкоўскі і Моцарт ёсць. І гэта на канцэрце ў гонар беларускага духоўнага адраджэння.
Тое, што міністру культуры часоў БССР немагчыма было ўявіць, для міністра культуры незалежнай Беларусі было рэальнасцю».