На канцэрт Алега Газманава ў беларускай сталіцы сабралася шмат людзей. Гэта выклікала розгалас у інтэрнэце, многія абураліся: «Як можна ісці на выступ адыёзнага выканаўцы, які прапагандуе вайну?».
«Сумна? Ну, не настолькі, надзея ёсьць», — сцвярджае Лявон Вольскі і тлумачыць у рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org, чаму так здарылася, і якія людзі ўсё ж пайшлі на канцэрт.
Адгрымела грамадзка-патрыятычнае сьвята. Адтупалі вайсковыя боты на плошчах. Адлуналі ў паветры ўзьнятыя над галовамі падфаташопленыя здымкі дзядоў-ваяроў. Адгучаў «День победы» з магутных калёнак на цэнтральных вуліцах. Адмацюкаліся п’яныя цёткі і дзядзькі ў бэрлінскім Treptower Park, тыя самыя, што некалі ў Паволжы былі немцамі, а цяпер зрабіліся «рускімі», і за расейскі трыкалёр і партрэт Пуціна гатовыя парваць хоць каго, як Тузік грэлку быць арыштаваныя паліцыяй. Адбегалі па гарадзкіх вуліцах дзеці ў форме «гарматнага мяса». Iх зноў пераадзелі клапатлівыя бацькі ў форму «піянэраў і школьнікаў». Адхэйцілі ў сацсетках ура-патрыёты ўсіх, хто хоць на каліва сумняецца ў сьвятасьці савецкага салдата-вызвольніка. Адсьпяваў Газманаў свае неўміручыя хіты ў цэнтры беларускай сталіцы...
Дарэчы, гэты выступ расейскага сьпевака ўзьняў хвалю розгаласу ў беларускім інтэрнэце. Як заўсёды ў такіх выпадках, перад сцэнай каля Сьвіслачы сабралося шмат народу, і ўсе падпявалі «за расію і свабоду да канца» і іншыя паэтычна-музычныя пэрліны газманаўскага аўтарства.
Неабыякавыя інтэрнэт-карыстальнікі пачалі абурацца: як можна (няхай і бясплатна) ісьці на выступ адыёзнага выканаўцы, які прапагандуе вайну?

Канцэрт Алега Газманава, Мінск, 9 мая 2026 г. Крыніца: belta.by
Паспрабую вам (і сабе) растлумачыць, як так здарылася. Ёсьць у Беларусі людзі (і іх нямала), якіх не хвалюе, што там адбываецца ў сьвеце. Іх нават не хвалюе, што адбываецца на іхнай радзіме. Іхны сьветапогляд звужаны да памеру «сям’я, дзеці, дом, лецішча, праца, адпачынак». У 2020-м яны кідалі абыякавы позірк на ланцугі салідарнасьці, што імкліва шыхтаваліся па вуліцах беларускіх гарадоў, і бурчэлі пад нос: «Ага, стойце сабе тут, пратэстуны, я лепей за гэты час яшчэ адзін заказ вазьму (яшчэ адну халтурку зраблю, цешчу ў паліклініку зважу, да каханкі зьежджу, бульбу ў вёсцы павыкопваю...), а вы сабе стойце, паглядзім, да чаго дастаіцеся». Гэта яшчэ ў лепшым выпадку. Я ўпэўнены, шмат хто з гэтага кантынгенту тых пратэстаў і не заўважыў, бо быў на працы, потым адпачываў зь сябрамі, потым езьдзіў у вёску да бацькоў, так паўгоду й праляцела...
Для гэтых людзей, як гэта ня сьмешна гучыць, Газманаў — частка ідэнтычнасьці. Ягоная творчасьць суправаджала ўсё іхнае дзяцінства-юнацтва-маладосьць-сталасьць. На сустрэчах выпускнікоў, на вечарынах у гонар 50-годзьдзя прадпрыемства, на якім давялося працаваць, на днях нараджэньняў, на кухнях, дзе так добра сядзелася зь сябрамі дзяцінства, па тэлевізары, заўсёды ўключаным «у фонавым рэжыме» — паўсюль гучалі простыя, няхітрыя, запамінальныя песьні пра есаула, марачку й марака, афіцэраў-расіянаў і Маскву, дзе гараць пражэктары.
Дык з чаго, зь якога перапуду ён (ці яна) мусіць адмаўляцца ад таго, што зрабілася часткай ягонага (ейнага) жыцьця?
І вось на выходныя, на сьвяты, яны ўсёй сям’ёю едуць у сталіцу, чапляюць на грудзі яблыневыя кветкі, і сярод мінчанаў (так, у Мінску таксама набярэцца пару тысячаў непераборлівых) ды гасьцей сталіцы (перадусім — з Расеі) падпяваюць зь дзяцінства міжволі завучаныя радкі:
Вновь уходят ребята,
Растворяясь в закатах,
Позвала их Россия,
Как бывало не раз...
І няма што супрацьпаставіць гэтаму, бо нашыя сьпевакі, якія б маглі фармаваць беларускую ідэнтычнасьць — хто сядзіць у турме, хто на выгнаньні, дый нават, каб былі на радзіме й мелі б магчымасьць выступаць, усё адно іх бы не дапусьцілі да пляцоўкі ў цэнтры гораду ды яшчэ ў такі сакрамэнтальны сьвяточны вечар...
Сумна? Ну, не настолькі, надзея ёсьць — хаця б таму, што далёка ня ўсе ў Беларусі жывуць несьвядомым жыцьцём, дзе дамінуюць чарка ды шкварка.
Але трэба быць максымальна асьцярожным, бо, я ўжо не кажу пра Газманава, але розныя расейскія (нібыта інтэлектуальныя) музыкі ці то літаратары, акторы, філёзафы, мастакі, грамадзкія дзеячы, блогеры, якія захоўваюць традыцыйна высокі рэйтынг сярод беларускае публікі і якія цяпер гуляюць на баку цемры, могуць весьці-весьці цябе па пакручастых лябірынтах і раптам крыкнуць, як у дзіцячай страшылцы: «Аддай сваё сэрца!».
Зважайце! «Ваша сэрца пад прыцэлам», як той сьпяваў.
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org