Гістарычную каштоўнасць ператварылі ў сметнік

У Сенненскім раёне ўжо даўно і безвынікова спрабуюць прадаць паўразбураную сядзібу «Беліца» — гістарычную каштоўнасць 2-й катэгорыі. Цяпер зрабіць гэта стала яшчэ больш праблематычна: падчас праверкі стану гістарычных мясцін пракуратура Сенненскага раёна зафіксавала на тэрыторыі былой сядзібы сметнік бытавога смецця і адходаў драўніны, піша тэлеграм-канал Orsha.eu.

Siadziba «Bielica» Фота: t.me/orshaeu

Сядзіба, якая знаходзіцца ў аграгарадку Полымя, пабудавана ў стылі позняга класіцызму ў пачатку XIX стагоддзя. Яе апошнія ўладальнікі — шляхцічы Свяцкія Усе будынкі з’яўляюцца гістарычнымі помнікамі 18 стагоддзя. У 1903-1904 г.г. у сядзібе «Беліца» працаваў паэт Янка Купала. Аднак гістарычная каштоўнасць аб’екта не стала перашкодай для тых, хто зладзіў там беспарадак.

Зрэшты, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці аб’ектаў Сенненшчыны ігнаруецца і мясцовымі ўладамі: раённая пракуратура ўстанавіла, што на васьмі помніках археалогіі, якія маюць статус каштоўнасцей 3-й катэгорыі, адсутнічаюць ахоўныя дошкі.