30 студзеня 1922 года быў заснаваны Інстытут беларускай культуры. Праз 6 гадоў яго ператвораць у Акадэмію навук. У навуковую камісію 1922 года ўваходзілі такія выбітныя беларусы, як Янка Купала, Язэп Лёсік, Сцяпан Некрашэвіч. Жыцці амаль усіх будуць скалечаныя бальшавікамі. Угледзімся ў лёсы беларускіх навукоўцаў, піша Ганна Ермаковіч у «Новым Часе».
Навуковая камісія Інбелкульту, 1922 год. Сядзяць злева направа: Я. Купала, А. Круталевіч, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, У. Чаржынскі, В. Шэмпель, М. Байкоў. Стаяць злева направа: Міхаіл Грамыка, Лявон Більдзюкевіч, Часлаў Родзевіч, Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), Кастусь Гадыцкі-Цвірка, Язэп Дыла
«Рэпрэсіі 1920-х — пачатку 1930-х не былі яшчэ масавымі. Так, вяліся надуманыя справы, людзей арыштоўвалі, катавалі, давалі тэрміны... Не было толькі масавасці, да якой заставаўся адзін крок», — адзначае гісторык Барыс Палута. Сугучна з нашым часам, праўда?
Тады, як і праз 90 гадоў, масавасць рэпрэсій чакаць сябе не прымусіла.
У 1930 годзе бальшавікі абвесцілі вайну з беларускімі навукоўцамі, сфальсіфікаваўшы справу «Саюза вызвалення Беларусі». Агулам па гэтай справе ў бліжэйшыя месяцы былі арыштаваныя 108 дзеячаў беларускай навукі, сярод якіх — Вацлаў Ластоўскі, Максім Гарэцкі, Уладзімір Дубоўка, Якуб Колас і многія іншыя. Большасць абвінавачаных — 77 чалавек — былі асуджаныя да 5-гадовай высылкі.
Пасля перагляду справы ў крывавым 1937-м многіх абвінавачаных па так званай справе СВБ расстралялі, іншых адправілі ў лагеры. У 1988 годзе КДБ БССР у адказ на зварот Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ адказаў, што «...руплівым вывучэннем архіўных матэрыялаў не выяўлена якіх-небудзь дакументальных матэрыялаў аб верагоднасці існавання «Саюзу вызвалення Беларусі».
Беларускі класік стаў адным з ініцыятараў утварэння Інстытута беларускай культуры, сапраўдным членам якога абраны ў 1922 годзе (па ўтварэнні на базе Інбелкульта Акадэміі навук у 1928 годзе Купала стаў акадэмікам).
Янка Купала, 1919
У пачатку 1920-х з-пад пяра Купалы выйшлі вершы «Перад будучыняй», «Пазвалі вас» (прымеркаваны да запрашэння еўрапейскімі дзяржавамі Леніна на міжнародную нараду ў Геную). У гэтых творах паэт выявіў рэзка негатыўнае стаўленне да бальшавікоў, абодва творы былі забароненыя.
«...Чатыры годы крок у крок
Тварыць вы шлі і кроў лілі
Сваю, чужую па зямлі...
Расьлі магілы... зваў прарок...
Рос вашай моцы блеск і мрок.
І ўсё вы ўзялі, ўсё, як ёсьць:
Фабрычны дым, сяўбы загон
І панскі двор і царскі трон...
Дый стала ўсё вам гэта ў злосьць—
У хлебе восьць, у горле косьць»
(Урывак з верша «Пазвалі вас»).
Крыху пазней адрасаты твора паспрабуюць адыграцца, назваўшы паэта «беларускім пісьменнікам-шавіністам».
Палітыка беларусізацыі на кароткі час палепшыла стаўленне да беларускіх нацыянальных дзеячаў у савецкай дзяржаве, а таксама аблягчыла для іх магчымасці друку і самавыяўлення. 10 чэрвеня 1925 года СНК БССР прысвоіў Янку Купалу званне Народнага паэта БССР, а таксама пастанавіў прызначыць паэту пажыццёвую пенсію і вызваліць ад пасад, якія той займаў, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для творчай працы. Але не надта доўжылася ласка камуністаў, у канцы 1920-х гадоў у БССР па згортванні палітыкі беларусізацыі стаўленне да нацыянальных дзеячаў пагоршылася і бальшыня з іх трапіла пад палітычны пераслед.
Улетку 1930 года ў газеце «Звязда» з’явіўся артыкул Лукаша Бэндэ «Шлях паэта», у якім Янка Купала абвяшчаўся «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму».
Неўзабаве Купалу пачалі выклікаць на допыты ў ДПУ, яму інкрымінавалася лідарства ў сфабрыкаваным спецслужбамі «Саюзе вызвалення Беларусі».
«Прыйшоў час, калі і Купалу пачалі цягаць на начныя допыты. Ёсць успаміны, што ўвечары спыняўся «варанок» (людзі сталага веку ведаюць, што гэта машына, якая перавозіла арыштаваных людзей). Купалу не арыштоўвалі, яго забіралі на ноч на допыт, давалі яму пытанні — пра п’есу «Тутэйшыя», пра альманах «Адраджэнне», пра яго сяброў.
Купала быў крыштальна чысты чалавек — абгаворваць сваіх сяброў ён проста не мог! Жонка Уладзіслава Францаўна згадвала, што пасля такіх допытаў Купала вяртаўся і ляжаў, адвярнуўшыся да сценкі, ягоныя рукі калаціліся.
Не мог запаліць папяросу. Ён не вытрымаў», — распавядала ў інтэрв’ю «Народнай Волі» супрацоўніца Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску Фаіна Ваданосава.
У лістападзе таго ж года яго паўторна выклікалі ў ДПУ па той жа справе. 20 лістапада 1930 года, пасля допытаў у ДПУ, Янка Купала зрабіў спробу самагубства, распароўшы сабе жывот.
«Жонка ўбачыла гэтую страшэнную карціну... Кінулася ў суседнюю хату — там жыла сям’я Шабуняў, сястры братоў Луцкевічаў. У той час у гэтай хаце жыў іх трэці брат — Стэфан Луцкевіч, ваенны лекар, які прымаў удзел у Першай сусветнай вайне, быў рэпрэсаваны потым... Ён аказаў Купалу першую дапамогу.
Дарэчы, ёсць успаміны, што ў момант спробы самагубства на кватэры Купалы былі прадстаўнікі НКУС. Але дакументаў такіх у нас няма, пэўна казаць цяжка... Пасля выкліку «хуткай дапамогі» Купалу адвезлі ў 1-ю клініку, дзе аказалі дапамогу. Паводле ўспамінаў, ля ягонай палаты дзяжурыў вайсковец з белым халатам на плячах. Рана ў Купалы вельмі дрэнна загойвалася — як яшчэ яна магла загойвацца ў чалавека ў такімі стане? І аднойчы да Купалы ўвайшоў вайсковец з падносам пачастункаў: дарагія цыгарэты, садавіна, салодкае. Ён паставіў паднос і сказаў: «Іван Дамінікавіч, з вас знялі абвінавачванне». Купала нібыта нават не павярнуўся паглядзець. Неўзабаве яго перавезлі дадому, Купала быў у дрэнным стане.
Аднойчы да яго прыйшоў тагачасны прэзідэнт Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі. Ён сказаў Купалу: «Янка, ты павінен жыць, ты ў нас адзін». А на наступны дзень Ігнатоўскі скончыў жыццё самагубствам: НКУСаўцы ўсе абвінавачанні з Купалы перакінулі на Ігнатоўскага, вялікага беларускага навукоўца і патрыёта...», — распавядала спадарыня Фаіна.
У снежні 1930 года ў газеце «Звязда» быў апублікаваны «пакаянны» ліст Янкі Купалы, у якім паэт прызнаваўся ў «памылках» і «шкодных поглядах», абяцаў парваць з «кулацкім нацыяналістычным адраджанізмам» і «аддаць усе свае сілы сацыялістычнаму будаўніцтву».
Паэт загінуў у 1942 годзе пры загадкавых абставінах. Адна з версій — забойства органамі савецкай бяспекі.
Янка Купала, 1925
Выбітны матэматык і шашыст Алесь Круталевіч нарадзіўся ў красавіку 1884 года у Варшаве, а памёр у крывавым 1937-м.
Алесь Круталевіч, 1922
З 1918 года спадар Круталевіч выкладаў у сярэдніх навучальных установах Мінска. З 1921 года ў складзе навукова-тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта займаўся распрацоўкай навуковай тэрміналогіі ў галіне алгебры, геаметрыі, батанікі, фізікі і хіміі. З 1922 года выкладаў у педагагічным тэхнікуме, з 1925 — у БДУ.
«Прыблізна з сярэдзіны 1920-х гг. «кампетэнтныя органы» імкнуліся ўсяляк скампраметаваць А. Круталевіча перад калегамі.
У матэрыялах Камісіі па інтэлігенцыі (сакавік 1926 г.) яму даецца наступная характарыстыка: «палітычна нечэсны, кар’ерыст, шантажыст». Паказальна, што ў такім жа стылі характарызуюцца і многія іншыя дзеячы беларускай навукі і культуры: Мікалай Азбукін, Іван Бялькевіч, Аляксандр Вазнясенскі, Дзмітрый Даўгяла, Хведар Імшэннік, Канстанцін Міцкевіч, Язэп Лёсік, Іван Луцэвіч, Аркадзь Смоліч, Аляксандр Цвікевіч, Леў Цвяткоў, Уладзіслаў Чаржынскі, Мікалай Шчакаціхін і яшчэ некалькі дзясяткаў асоб», — пісаў даследчык Дзмітрый Дзятко.
«Пасля пачатку масавай калектывізацыі сельскай гаспадаркі савецкае кіраўніцтва запатрабавала ад выкладчыкаў, каб яны ў студэнцкай аўдыторыі ўсяляк прапагандавалі дасягненні калектывізацыі. Аляксандр Круталевіч падвёў пад гэта «навуковую базу»: ён прааналізаваў звесткі пра прыбыткі і выдаткі калгасаў і прыйшоў да высновы, што калгаснік за 30 працоўных дзён зарабляе 45 капеек. Натуральна, што такой «ідэалагічнай дыверсіі» ўлады дараваць не маглі, і А. Круталевіч быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. У 1930-я гг. ён, верагодна, загадваў кафедрай матэматыкі Бухарскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута».
Трагічны канец жыцця спадара Круталевіча, у якім выяўляецца ўся сутнасць бальшавізму, апішам трыма наступнымі сказамі: Арыштаваны па даносе 14 снежня 1936 года, месца арышту не вядома. Асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 24.11.1937 года ў Мінску.
Спадар Дзятко піша:
Пасля яго смерці ўдава, выконваючы прыжыццёвае распараджэнне мужа, перадала бібліятэку і архіў вучонага яго дзядзьку А. Ракітніцкаму — вядомаму беларускаму шашачнаму дзеячу.
Акуратнасць і сістэмнасць, з якой Аляксандр Круталевіч вёў запісы, сведчаць пра тое, што беларуская навука страціла ў яго асобе таленавітага даследчыка, чалавека, які мог бы яшчэ шмат зрабіць для айчыннай матэматыкі і тэрміназнаўства.
Падобным трагічным чынам склаўся лёс кіраўніка БНР, аднаго з першых выкладчыкаў БДУ Язэпа Лёсіка.
Язэп Лёсік
Упершыню ён быў арыштаваны савецкай уладай у 1922-м. Падручнік «Практычная граматыка беларускае мовы» аўтарства Лёсіка бальшавікі назвалі «контррэвалюцыйным». Сваім вызваленнем у той час Язэп Лёсік абавязаны наркаму асветы ССРБ Усеваладу Ігнатоўскаму.
На жаль, ніхто не здолее дапамагчы самаму Ігнатоўскаму, які па адной версіі скончыць жыццё самагубствам пасля допыту ў ДПУ, па іншай — будзе застрэлены савецкімі карнікамі ў 1931-м.
Па «Справе вызвалення Беларусі» Язэп Лёсік быў арыштаваны 14 ліпеня 1930 года. Пасля арышту яго пасадзілі ў турму НКУС, так званую амерыканку. Як і спадара Ластоўскага, Лёсіка таксама вышлюць на 5 гадоў у Саратаўскую вобласць. У 1938-м колішняга кіраўніка БНР ізноў абвінавацяць, гэтым разам па справе «Контррэвалюцыйнай арганізацыі палітссыльных у Саратаве», і асудзяць на 5 гадоў ГУЛАГу. Язэп Лёсік памёр на наступны дзень пасля прысуду.
Першы старшыня Інбелкульту, віцэ-прэзідэнт БелАН, выбітны мовазнаўца Сцяпан Некрашэвіч таксама быў арыштаваны ў ліпені 1930-га, па ўсё той жа справе СВБ.
Сцяпан Некрашэвіч
На 7 гадоў яго саслалі ва Удмурцію. У 1937 годзе крыважэрныя бальшавікі арыштавалі Некрашэвіча паўторна і прысудзілі да расстрэлу.
Крытык, літуразнавец, перакладчык Уладзіслаў Чаржынскі нарадзіўся ў 1897 годзе. У 1925 скончыў этнолага-лінгвістычнае аддзяленне БДУ. Працаваў у Інбелкульце, пазней — у БелАН.
Уладзіслаў Чаржынскі
Спадар Чаржынскі апынуўся «у кіпцюрох ГПУ» 28 чэрвеня 1930 года па справе «СВБ». На 5 гадоў яго высалі ў Казань, дзе ён і пражыў да 1974 года. Літаратурай больш не займаўся.
Дацэнт філалогіі, філосаф, выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі Мікола Байкоў нарадзіўся ў 1889-м.
Мікола Байкоў
У 1913-м годзе ён скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію. Савет Акадэміі прысудзіў яму вучоную ступень кандыдата багаслоўя з прылічэннем да першага разраду.
Выкладаў філасофскія і педагагічныя дысцыпліны (логіку, псіхалогію, гісторыю філасофіі і дыдактыку) ў Мінскай духоўнай семінарыі, у гімназіі ды прыватных навучальных установах.
Атрымаў вядомасць як аўтар прац па літаратуразнаўстве, крытыцы і педагогіцы, але асабліва як укладальнік слоўнікаў: «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М. Гарэцкім), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925), «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва разам з С. Некрашэвічам), «Практычны беларускі вайсковы слоўнік» (1927, разам з А. Бараноўскім).
Мікола Байкоў таксама апынуўся ў шэрагу арыштаваных па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызвалення Беларусі». Яго схапілі 19 ліпеня 1930 года. У верасні таго ж года — вызвалілі, але вярнуцца да акадэмічнай працы ўжо не дазволілі.
Падчас вайны Мікола Байкоў знаходзіўся ў Менску, супрацоўнічаў з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. У 1944 выехаў у Германію.
Па некаторых звестках, арыштаваны савецкай ваеннай контрвыведкай «Смерш» у Берліне, утрымліваўся ў мінскай турме. Далейшы лёс невядомы.
Вучоны-геолаг, педагог Міхайла Грамыка нарадзіўся у 1885 годзе ў Рэчыцкім павеце.
Міхайла Грамыка
У час вучобы ў Магілеўскай гімназіі ўдзельнічаў у рабоце нелегальнага гуртка, які знаходзіўся пад уплывам магілеўскай арганізацыі РСДРП. У 1905 паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт, затым перавёўся на фізіка-матэматычны па спецыяльнасці геалогія. Удзельнічаў у маскоўскім снежаньскім паўстанні (1905).
Міхайла Грамыка распрацоўваў беларускую навуковую тэрміналогію у галіне геаграфіі, геалогіі, грунтоў і хіміі. Апублікаваў на беларускай мове падручнікі «Пачатковая геаграфія», «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе».
Адным з першых браў удзел у пошуках нафты на Палессі.
У 1930 годзе яго таксама арыштавалі па справе «СВБ» і высланы на 5 гадоў. На радзіму навуковец больш не вяртаўся. Жыў у Іжэўску, Пермскай вобласці, Удмурціі. Рэабілітаваны ў 1957-м.
Выбітны матэматык Лявон Більдзюкевіч нарадзіўся у 1895 годзе, у мястэчку Івянец.
Лявон Більдзюкевіч
Спадар Більдзюкевіч атрымаў выдатную адукацыю: cкончыў Мінскую гімназію (1913), Кіеўскі ўніверсітэт (1917), педагагічныя курсы пры Кіеўскай навучальнай акрузе (1918), курс па эканоміцы Кіеўскага камерцыйнага інстытута (1919).
3 чэрвеня 1919 жыў у Мінску, працаваў загадчыкам Мінскай школы сляпых, дзе перавёў навучанне на беларускую мову. Таксама пераклаў на беларускую мову шматлікія падручнікі па матэматыцы.
3 1921 — член прыродазнаўчага аддзялення Тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, удзельнічаў у апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі па матэматыцы, касмаграфіі і фізіцы. Працаваў у Інстытуце торфу БССР, выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце і БДУ.
Па справе «Саюза вызвалення Беларусі» яго арыштавалі ў 1938-м. Навукоўцу прысудзілі 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Лявон Більдзюкевіч памёр на Калыме.
Рэабілітаваны ў 1956-м.
Асоба таленавітага беларуса Часлава Родзевіча надзвычай шматгранная. Ён нарадзіўся ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці у 1889 годзе.
Часлаў Родзевіч
У 1908 годзе скончыў Віленскую сярэднюю хіміка-тэхналагічную школу, пазней — Новачаркаскі політэхнічны інстытут.
Уваходзіў у Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Першую беларускую трупу Ігната Буйніцкага. У 1918-1919 гг. Часлаў Родзевіч выявіўся як акцёр, камісар Беларускага савецкага тэатра ў Мінску, выкладчык Мінскага беларускага педагагічнага інстытута.
У 1920-я займаўся навуковымі даследаваннямі ў галіне прыродазнаўства пры Мінскай балотнай станцыі. 3 1922 працаваў у Інбелкульце. З 1925 — навуковы сакратар сельскагаспадарчай секцыі.
Пра далейшы лёс спадара Часлава здагадацца, на жаль, не складана. У ліпені 1930-га ён быў арыштаваны, асуджаны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і высланы на 5 гадоў у Саратаў (Расія). Загінуў у зняволенні.
Рэабілітаваны ў 1957.
Не абмінулі рэпрэсіі і народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, які яшчэ да бальшавікоў меў няшчасце 3 гады правесці за кратамі ў Пішчалаўскім замку (сёння Валадарка).
Якуб Колас
Ён супрацоўнічаў з Літаратурнай камісіяй па збіранні вуснай народнай творчасці Інбелкульта, быў выкладчыкам у Беларускім педагагічным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце.
З сярэдзіны 1920-х у доме Якуба Коласа не раз праводзілі вобшукі, самога пісьменніка выклікалі на допыты. Як і ягоных паплечнікаў, спадара Якуба спрабавалі прыцягнуь на адказнасці па справе «Саюза вызвалення Беларусі».
У 1930-я гады яго, як і Янку Купалу, абвінавачвалі ў «нацдэмаўшчыне», а таксама разнастайных «шкодных ухілах» у творчасці.
У 1930-я гады былі рэпрэсаваныя і расстраляныя знаёмыя, калегі і сваякі Якуба Коласа, у тым ліку матчын брат Язэп Лёсік і жончын брат Аляксандр Каменскі. Самому Якубу Коласу неаднаразова пагражаў арышт і рэпрэсіі, але, верагодна, на гэта не было атрымана дазволу найвышэйшага савецкага кіраўніцтва. Даследчыкі адзначаюць, што гэтыя падзеі негатыўна адбіліся на псіхалагічным стане пісьменніка, адпаведна і на яго творчасці.
Язэп Дыла (сапраўднае імя Восіп Лявонавіч Дыла) нарадзіўся ў 1880 годзе ў Слуку. Навучаўся ў мясцовай гімназіі. Пасля гімназіі паступіў у Юр’еўскі (Тартускі) ветэрынарны інстытут, адкуль у 1903 годзе выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях без права паступлення ў іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Язэп Дыла
З 1921 па 1924 год працаваў на розных кіраўнічых пасадах у Менску: старшыня Цэнтрасаюза спажывецкіх таварыстваў Беларускага краю, старшыня Дзяржаўнай планавай камісіі БССР, намеснік старшыні па раянаванні БССР, член ЦВК БССР.
З 1924 — правадзейны член Інбелкульта. Разам з прафесарам Уладзімірам Пічэтам, акадэмікам Яўхімам Карскім распрацоўваў статут Інбелкульта.
З красавіка 1929 года працаваў інспектарам Галоўмастацтва Наркамасветы.
Але высокія пасады не выратавалі спадара Язэпа ад арышту. У 1930 годзе яго схапілі па ўсё той жа справе «Саюза вызвалення Беларусі».
На 5 гадоў яго выслалі ў горад Кунгур Пермскай вобласці. Жыў у Саратаве.
У 1938-м былога інспектара арыштавалі зноў, але ў 1939 справу спынілі.
Можна сказаць, што з усіх, хто трапіў на знакаміты здымак беларускіх навукоўцаў, стваральнікаў Інбелкульту, спадару Язэпу пашчасціла найбольш. Ён памёр у Саратаве, не дажыўшы адзін тыдзень да 93 гадоў.
Такім чынам, як адзначаў гісторык Барыс Палута, «рэпрэсіі закранулі ўсіх: і масцітых навукоўцаў з ступенямі і званнямі, і маладых перспектыўных даследчыкаў».
«Чысткі, тэрор, даносы, дух страху і падазронасці... Гэтыя ўмовы не спрыялі развіццю не толькі гістарычнай навукі, але і навукі наогул».
Але скончым гэты сумны аповед абнадзейваючымі словамі Янкі Купалы:
«Не падаючы духам, мы павінны ісці праз жыццё ў гэты новы год і моцна трымаць сцяг змагання за сваё вызваленне, за незалежнасць сваёй бацькаўшчыны Беларусі. І перамога будзе на нашым баку».