Батумі: Дзень беларускай культуры на Чорным моры

Каля сотні беларусаў прыйшло на мерапрыемства 5 ліпеня ў Батумі, якое было арганізаванае прадстаўнікамі «Беларускай дыяспары ў Аджарыі», паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.



Хор беларускіх актывістаў спяваў нацыянальныя песні і гімны, можна было паспрабаваць халаднік і беларускую бабку, пачаставацца салам і вішнёўкаю, папіць халоднага хлебнага квасу падчас імпрэзы, якая мела назву Дня беларускай культуры.



Удзельнікі мерапрыемства падзяліліся сваімі ўражаннямі з нагоды гэтага свята:

- Важна не забываць свае карані, сваю культуру, асабліва ў далечыні ад дома. Памятаць сваіх бацькоў, сваю мову.

- Хаця б для таго, каб нас маглі адрозніваць грузіны ад тых жа самых расейцаў. І хоць мы сябруем з украінцамі, але ад іх таксама. Каб разумелі, што мы асобны народ.

- Такія імпрэзы адбываюцца і на іх мы бачым сёння дзясяткі людзей, шмат беларусаў, вельмі шмат дзетак.

- Дзень беларускай культуры — гэта важны дзень, важнае мерапрыемства для нас, беларусаў, дзе б мы не знаходзіліся.


Беларусы і госці імпрэзы, якая адбывалася ў самым цэнтры грузінскага Батумі каля Летняга тэатра, змаглі прыняць удзел у майстар-класах па каліграфіі і нацыянальных танцах, прывесці на забавы сваіх дзетак, а напрыканцы імпрэзы чытаў вершы Стась Карпаў і спяваў беларускі рэпер Вожык.