Глядзіце і слухайце: пяць праектаў пра гісторыю Беларусі, якія выйшлі ў 2026 годзе

Як дзесяць паўстанцаў разагналі роту расейскіх жаўнераў? Чаму адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху пахаваны пад дзвюма чужымі магіламі? Адказы ёсць не толькі ў архівах, але і ў новых відэа- і аўдыяпраектах. «Будзьма беларусамі!» сабраў пяць, што выйшлі ў 2026 годзе.

«Беларусь 1863» ад «Будзьма беларусамі!»

«Bielaruś 1863»
 Скрыншот з YouTube-канала «Будзьма беларусамі!»

Праект цалкам прысвечаны паўстанню Кастуся Каліноўскага. Кожны выпуск — гэта асобны яркі факт, чалавечы лёс ці захапляльны сюжэт, якія разам дапамагаюць адчуць сапраўдную атмасферу і маштаб падзей 1863 года.

Каларытны вядоўца — гродзенскі актор, рэжысёр і рэканструктар Васіль Калач. Ён апавядае пра тое, чаго не пачуеш у беларускіх школах. Чаго хацеў ад паўстання Каліноўскі, а чаго Карл Маркс? Чаму для паўстання закупілі 200 тысяч штуцэраў і карабінаў, а ваявалі збольшага самаробнай зброяй — ад косаў да драўляных гармат?

Самае папулярнае відэа пра зброю, якой баяліся маскалі. З гэтай зброяй дзесяць паўстанцаў зайшлі ў тыл да роты расейцаў і ўсіх разагналі. У роце, паміж іншым, 200 жаўнераў.

Колькасць відэа: 10

Сярэдняя працягласць відэа: 12 хвілін

Спасылка на YouTube

«Каса на камень» ад «Белсат history»

«Kasa na kamień»Скрыншот з YouTube-канала «Белсат history»

Серыя відэа, у якіх пра нашу гісторыю распавядаюць харызматычныя вядоўцы Кацярына Ваданосава і Васіль Калач. Яны тлумачаць падзеі мінулага і разыгрываюць невялікія сцэнкі, каб перанесці гледачоў у пэўную эпоху з яе канфліктамі і штодзённым жыццём. Дапаўняе сюжэты гісторык Алесь Кіркевіч. Ён каментуе падзеі і дадае неабходны кантэкст.

«Каса на камень» — гэта не паслядоўны курс гісторыі. Вядоўцы закранаюць спрэчныя тэмы з розных эпох: ад Рагнеды і Полацкага княства да БНР, Чарнобыля і Афганскай вайны. Яны разбураюць савецкія міфы і паказваюць падзеі па-новаму.

Найбольш папулярны выпуск пра партызанскі рух у Беларусі. Кацярына і Васіль не ставяць пад сумнеў сам факт супраціву, але спрачаюцца пра яго масштабы і эфектыўнасць. У фінале відэа гучыць пытанне: «Дакажуць вучоныя, што паўмільёна знішчаных партызанамі «фашыстаў» у Беларусі — гэта ў асноўным мірныя людзі. І што нам застанецца?».

Колькасць відэа: 12

Сярэдняя працягласць відэа: 20 хвілін

Спасылка на YouTube

«Цікавосткі беларускай гісторыі» ад PALATNO Media

«Cikavostki bielaruskaj historyi»
Скрыншот з YouTube-канала PALATNO Media

Серыя відэа ў больш класічным фармаце: вядучая Наста распавядае, а побач з’яўляюцца візуальныя элементы для ілюстрацыі яе слоў. Выпускі можна слухаць не па чарзе. Агульнае ў іх адно — героі гісторый: людзі, жывёлы і нават рэчы маюць дачыненне да Беларусі.

Наста закранае вельмі разнастайныя тэмы ад жывёл ледніковага перыяду да складаных сямейных гісторый. Напрыклад, пра трох родных братоў з-пад Ліды, якія пасталелі і сталі прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў: беларускай, польскай і літоўскай.

У самым папулярным выпуску Наста распавядае гісторыю «Парыжа». Які нейкім чынам мае дачыненне да БНР.

Колькасць відэа: 17

Сярэдняя працягласць відэа: 7 хвілін

Спасылка на YouTube 

SercaEuropy ад Васіля Герасімчыка

SercaEuropy
Скрыншот з YouTube-канала SercaEuropy

Праект гродзенскага гісторыка Васіля Герасімчыка. Фармат — класічныя лекцыі, дзе да аповеду дадаюцца выявы з фатаздымкамі і дакументамі. Відэаролікі ахопліваюць перыяд ад паўстання 1863 года да сярэдзіны XX стагоддзя.

Васіль падае гісторыю праз гісторыі розных асобаў — ад Каліноўскага да Прытыцкага. Але распавядае і пра малавядомых людзей з нетрывіяльнымі лёсамі. Напрыклад, Барыс Каверда, сын беларускіх актывістаў з Варшавы, застрэліў у Польшчы паплечніка Леніна, а на судзе называў сябе рускім.

Найбольш папулярнае відэа пра Івана Луцкевіча — аднаго з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху. Васіль распавядае пра магілу Івана, паверх якой пахавалі яшчэ двух не датычных да Луцкевіча чалавек.

Колькасць відэа: 6

Сярэдняя працягласць відэа: 30 хвілін

Спасылка на YouTube

«Magistra Svita налева пашыта» ад Цімоха Акудовіча

«Magistra Svita nalieva pašyta»
 Скрыншот са старонкі праекта Magistra Svita. Фота: euroradio.fm

Падкаст гісторыка Цімоха Акудовіча — класічны аўдыяфармат без відэа. Аўтар абяцае нешта падобнае да старых радыёперадач, але з нестандартным зместам. Калі вы глядзелі яго іншы праект «Сармацкі вус», які сёлета трапіў у шорт-ліст прэміі Багушэвіча, то ведаеце: нудна не будзе.

У новым праекце Цімох разбірае ключавыя таямніцы ВКЛ: каранаванне Міндоўга, знікненне шляхецтва. А яшчэ ўздымае тэму, якая ўжо некалькі гадоў баламуціць польскае грамадства, а ў Беларусі яшчэ не мае шырокага распаўсюду: хто мы — нашчадкі гордай шляхты ці прыгонных халопаў?

Самы папулярны выпуск пра малы ледніковы перыяд. У ім Цімох тлумачыць, чаму ў гэты час на землях сучаснай Беларусі не вадзіліся маманты і саблезубыя тыгры, а кіравалі Віцень і Гедымін.

Колькасць аудыё: 11

Сярэдняя працягласць відэа: 40 хвілін

Спасылка на Patreon

Глядзіце, слухайце і дзяліцеся з тымі, каму цікава, хто мы і адкуль.

Ганна Ажына, Budzma.org