Ініцыятыва MALDZIS выкупіла рэдкую гравюру Берасця XVII стагоддзя

Гэта адзіная дэталёвая выява старога горада, знішчанага ў XIX стагоддзі.

Пра вяртанне гравюры Берасця

Ініцыятыва MALDZIS набыла гравюру «Горад і замак Берасце Літоўскае» (арыгінальная назва «Urbs et Castellum Brestzie Litewski»), выдадзеную ў 1696 годзе ў Нюрнбергу. Гэта адзіная дэталёвая выява старога Берасця, якое было цалкам знішчанае ў XIX стагоддзі ўладамі Расейскай імперыі для будаўніцтва Берасцейскай крэпасці.

Твор выкананы ў тэхніцы медзярыту. Сама гравюра каляровая, з ручной размалёўкай, памерам 35 на 49,5 см. На першым плане — панарама шведска-венгерска-казацкага войска каля сцен горада; у цэнтры — панарама і план Берасця з умацаваннямі, замкам, касцёламі і сінагогай.

Hraviura «Horad i zamak Bierascie Litoŭskaje» Гравюра «Горад і замак Берасце Літоўскае» (арыгінальная назва «Urbs et Castellum Brestzie Litewski»), выдадзеная ў 1696 годзе ў Нюрнбергу. Мастак — Эрык Ёнсан Дальберг

Кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч:

«Гэтая гравюра — рэдкае акно ў гісторыю Берасця XVII стагоддзя. Горад, які больш не існуе, паказаны такім, якім яго запомнілі ўдзельнікі гістарычных падзей, — з умацаваннямі, забудовай і храмамі, што зніклі назаўжды. Такія візуальныя сведчанні дазваляюць беларусам па-новаму ўявіць гісторыю беларускіх зямель да ўваходжання ў склад Расейскай імперыі».

Твор быў набыты на аўкцыёне ў Польшчы на сродкі Дар’і Сліж і ў будучыні будзе перададзены ў Музей гісторыі горада Берасця ў якасці грамадскага падарунка.

Кажа апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня:

«Кожны новы набыты твор дазваляе MALDZIS фармаваць больш цэласнае бачанне беларускай культурнай спадчыны. Гравюра Дальберга паказвае Берасце падобным да шматлікіх еўрапейскіх гарадоў, якія захавалі сваю даўнюю архітэктуру. Гэта сведчанне гісторыі, пра якую мы амаль не ведаем, бо не маем яе фізічных доказаў. І вось яны вяртаюцца».

У верасні гравюру можна будзе пабачыць і даведацца цікавінкі пра яе ў межах «Art-кавярні MALDZIS» у Варшаве. Сачыце за нашымі абвесткамі.

Hraviura «Horad i zamak Bierascie Litoŭskaje»
Гравюра «Горад і замак Берасце Літоўскае», выдадзеная ў 1696 годзе ў Нюрнбергу. Мастак — Эрык Ёнсан Дальберг. Каманда MALDZIS злева направа: Павел Мацукевіч, Таццяна Капітонава, Рыгор Астапеня. Варшава, жнівень 2026 года. Фота — Саша Івулін

Пра падзеі, адлюстраваныя на гравюры

Гравюра выйшла ў кнізе шведскага барона Самуэля фон Пуфендорфа «De rebus a Carolo Gustavo Sueciae rege gestis», прысвечанай Другой паўночнай вайне 1655–1660 гадоў (вядомай як Патоп). Выданне змяшчае 115 медзярытаў, аснову якіх складаюць малюнкі шведскага вайсковага інжынера, архітэктара і мастака Эрыка Ёнсана Дальберга (1625-1703). Берасце — адзіны населены пункт у сучасных межах Беларусі, які трапіў у гэтую серыю.

Гравюра адлюстроўвае аблогу Берасця ў траўні 1657 года. Горад асадзілі шведскія войскі Карла X Густава разам з венграмі і запарожскімі казакамі на чале з князем Ракоцы. Пасля трохдзённага гарматнага абстрэлу гарнізон здаў горад. Праз два тыдні шведскае войска пакінула горад, перадаўшы яго венграм.

Hraviura «Horad i zamak Bierascie Litoŭskaje»
Гравюра «Горад і замак Берасце Літоўскае» (арыгінальная назва «Urbs et Castellum Brestzie Litewski»), выдадзеная ў 1696 годзе ў Нюрнбергу. Мастак — Эрык Ёнсан Дальберг

У цэнтры гравюры — панарама Берасця з паўночнага боку: замак, касцёлы, сінагога, умацаванні і прадмесце Лозкі. Ніжэй паказаная сутычка літоўскіх драгунаў з варожай конніцай. У правым ніжнім куце — дзевяць найвышэйшых асобаў варожых войскаў, у тым ліку сам шведскі кароль Карл X Густаў і князь Трансільваніі Юрый II Ракоцы. А над ніжнім картушом — сам аўтар, Эрык Дальберг, паказаны ў выглядзе вершніка. Мастак увекавечыў сябе як удзельніка тых падзеяў.

Hraviura «Horad i zamak Bierascie Litoŭskaje»

Hraviura «Horad i zamak Bierascie Litoŭskaje»

Hraviura «Horad i zamak Bierascie Litoŭskaje»

Паводле меркавання берасцейскага краязнаўцы і гісторыка Анатоля Нікітчыка (артыкулы «Берестейский кроссворд Э. Й. Дальберга» і «Берасце, май 1657 года. Шведскія намаганні і трансільванская роспач»), Дальберг стварыў гравюру ў 1691–1696 гадах на падставе ранейшых замалёвак і ўспамінаў. Яна лічыцца адным з найлепшых прыкладаў еўрапейскага гарадскога пейзажу ў стылі барока на беларускіх землях.

Гравюры Дальберга ў добрым стане і з нанесенымі колерамі — рэдкія. Для Беларусі гэты твор яшчэ больш каштоўны праз тое, што дапамагае візуалізаваць гісторыю і ўмацоўвае нацыянальную гістарычную памяць. Дзякуючы гравюры мы ведаем, як выглядала Берасце больш за 360 гадоў таму.