Асобны артыкул пра «Пагоню» ў англамоўнай частцы анлайн-энцыклапедыі ператварыўся ў перанакіраванне на герб Літвы, дзе беларуская традыцыя сімвала выкладзена максімальна коратка і тэндэнцыйна. Гэта вынік скаардынаванай кампаніі некалькіх рэдактараў, якія маніпулявалі правіламі платформы, каб прынізіць ролю беларусаў у гісторыі ВКЛ, піша «Наша Ніва».

Працэс дэмантажу герба «Пагоня» з будынка Дома ўрада ў хуткім часе пасля рэферэндуму аб дзяржаўных мовах і сімволіцы, праведзенага ў 1995 годзе для легітымізацыі русіфікацыі
Беларускім вікіпедыстам даводзіцца супрацьстаяць не толькі русіфікацыі.
Як вынікае з расследавання «Вольных вікіпедыстаў», да 2021 года англамоўны тэкст пра «Пагоню» захоўваў баланс, апісваў гістарычныя і візуальныя адрозненні паміж эталонамі дзвюх краін (напрыклад, шасціканцовы крыж супраць латарынгскага), а таксама ўтрымліваў дзясяткі гербаў гарадоў і ваяводстваў ад Віцебска да Беластока, створаных з выкарыстаннем «Пагоні». Некалькі літоўскіх рэдактараў паклалі доўгія гады, каб сцерці інфармацыю пра беларускую «Пагоню».
Іх першапачатковая спроба заблакаваць беларускіх рэдактараў праз Арбітражны камітэт правалілася (суддзі адхілілі скаргу з лікам 7:0), тады яны звярнуліся да механізму выдалення праз правіла Вікіпедыі аб забароне дублявання артыкулаў. Літоўскі рэдактар пад нікам Pofka і яго паплечнікі заявілі, што «Пагоня» і сучасны літоўскі «Віціс» з’яўляюцца адным сімвалам, таму асобны тэкст не патрэбны.
Поспех маніпуляцыі забяспечыла хітрая пабудова артыкула пра герб Літвы. У ім ігнаруецца савецкі перыяд, бо для Літвы гэта перыяд акупацыі, і гісторыя пераскоквае з 1940 адразу ў 1990 год, што стварае ілюзію гістарычнай бесперапыннасці выкарыстання сімвала.
Беларуская ж сітуацыя мае ўразлівасць: сучасная дзяржава — правапераемніца БССР, таму агульны артыкул пра герб Беларусі абавязаны ўключаць і савецкі, і сучасны мадыфікаваны варыянт.
Скарыстаўшыся гэтым, ініцыятары дамагліся зліцця «Пагоні» менавіта з артыкулам пра герб Літвы, як тоесным па сутнасці.
Але пры такім аб’яднанні ўвесь багаты беларускі гістарычны кантэкст стаў выглядаць недарэчна. Яго скарацілі ўсяго да пары абзацаў і ссунулі ўніз — менавіта ў гэтым і была ідэя аб’яднання.
Беларуская «Пагоня» падаецца там выключна як чужы сімвал, які беларусы прыўласцілі ў 1918 годзе. Цікава, што ўказваецца, што гэты сімвал выкарыстоўваўся беларускімі калабарацыяністамі ў часы Другой сусветнай. Пры гэтым згадкі пра выкарыстанне яго ў той самы перыяд літоўскімі калабарацыяністамі адсутнічаюць.
Хітрасць фармулёвак закранула нават старонку неадназначнасцяў, дзе «Пагоня» цяпер апісваецца проста як «беларускамоўны тэрмін для абазначэння герба Літвы».
Каб даказаць адміністратарам неабходнасць выдалення, ініцыятары выкарыстоўвалі падвойныя стандарты. З аднаго боку,
Pofka называў беларускія гістарычныя даследаванні «прапагандай тэрарыстычнага рэжыму». З іншага боку, каб абгрунтаваць, што беларусы самі адмовіліся ад сімвала, ён выкарыстаў вынікі лукашэнкаўскага рэферэндуму 1995 года.
Маніпулюючы вырванымі з кантэксту словамі экс-суддзі Канстытуцыйнага суда Міхаіла Пастухова, рэдактар пераконваў заходніх адміністратараў, што адмова ад герба была законнай.
Матывацыя такіх дзеянняў грунтавалася на ўспрыманні беларусаў як заваяванай масы. У дыскусіях Pofka наўпрост заяўляў:
«ВКЛ было беларускім настолькі ж, наколькі Брытанская імперыя была індыйскай. Большасць насельніцтва не мае значэння, калі яна не кіруе дзяржавай».
Для надання вагі сваім тэорыям ён селектыўна выкарыстоўваў працы заходніх гісторыкаў, у прыватнасці кнігу Стывена Роўэла пра «Паганскую імперыю», якую беларускія даследчыкі крытыкуюць менавіта за поўнае ігнараванне беларускага складніка.
Таксама ён пісаў, што беларусам, якія не пагаджаюцца з тым, што гісторыя ВКЛ гэта гісторыя выключна Літвы, варта «паглядзець на Латвію, Эстонію, Славакію і быць задаволенымі тым, што яны сапраўды маюць».
Стварыць штучны кансэнсус для выдалення артыкула дапамог яшчэ адзін рэдактар, які паслядоўна мяняў нікнэймы і ідэнтычнасці.
Першапачаткова зарэгістраваўшыся як «ашкеназскі яўрэй» Itzhak Rosenberg, ён хутка пачаў выдаваць сябе за літоўца, а пазней дзейнічаў пад імёнамі Cukrakalnis, +JMJ+ (скарот ад Jesus, Maria, Joseph) і D&P.
Вузкае факусаванне на ваеннай гісторыі можа азначаць, што ён сам вайсковец, а аналіз яго актыўнасці паказаў, што час рэдагавання не супадае з рэдактарамі з Літвы, але супадае з вечаровай актыўнасцю на Усходнім узбярэжжы ЗША.
Сёння артыкул пра «Пагоню» застаецца перанакіраваннем. Аднак сістэматычныя парушэнні этыкі з боку ініцыятараў не засталіся зусім без наступстваў.
Pofka атрымаў бестэрміновы бан у літоўскай Вікіпедыі за агрэсіўныя паводзіны, а ў англамоўнай караўся часовай тэматычнай забаронай і кропкавымі санкцыямі, хоць і здолеў вымаліць «другі шанец», пазбегшы канчатковага выгнання.
Тым не менш створаны ім гіганцкі прапагандысцкі артыкул пра «Літвінізм», дзе беларускі погляд на гісторыю беспадстаўна прыраўноўваецца да фашызму, напрыканцы 2025 года быў цалкам выдалены незалежнымі рэдактарамі і перапісаны ў нейтральным ключы.