На працягу стагоддзяў Беларусь была тэрыторыяй з моцнай і асаблівай ідэнтычнасцю, якая адрознівала яе ад суседзяў. Эндаэтнонімы (назвы) і экзаэтнонімы (саманазвы) тэрыторыі і народа, які пражывае ў сучасных межах Беларусі, мяняліся на працягу стагоддзяў. Яны «падарожнічалі» паміж рэгіёнамі, мянялі гучанне і напісанне. Не заўсёды саманазвы супадалі з назвамі, якія выкарыстоўваюцца суседзямі. Само слова «Беларусь» за сучаснай тэрыторыяй краіны стала замацоўвацца ў XVI стагоддзі, але афіцыйным яно стала толькі пасля стварэння суверэннай дзяржавы на зыходзе XX стагоддзя.
На працягу стагоддзяў існавала і суіснавала некалькі варыянтаў таго, як называць гэтыя землі і іх жыхароў. Dekoder.org узгадвае найважнейшыя з іх і расказвае адкуль яны ўзяліся і чаму — у адрозненне ад назвы Беларусь — не змаглі замацавацца.
1. Калі яна яшчэ не была «белай»
Усходнія славяне пачалі займаць тэрыторыю сучаснай Беларусі ў V–VI стст. н. э. у ходзе Вялікага перасялення народаў. Да X стагоддзя цяперашнія беларускія землі былі заселены такімі плямёнамі, як крывічы, радзімічы і дрыгавічы, якія разам са сваімі паўднёвымі, паўночнымі і ўсходнімі супляменнікамі атрымалі агульную назву «Русь» і аб’ядналіся ў дзяржаўную структуру з цэнтрам у Кіеве («Старажытная Русь», «Кіеўская Русь»). Тэрыторыя гэтай феадальнай дзяржавы ў першую чаргу фармавалася вакол гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі» — ад Балтыйскага да Чорнага мора.
Паняцці «Русь», «рускі», «русін», «русіч» выкарыстоўваліся для абазначэння ўсіх усходнеславянскіх народаў былой Кіеўскай Русі аж да XIX стагоддзя. Такім чынам, корань «Русь» у сучаснай назве беларускай дзяржавы і нацыі мае глыбокія гістарычныя карані. Ён быў зразумелы і шырока выкарыстоўваўся ў сярэднявечных дакументах. Асноўная інтрыга ў тым, калі і як да яго дадалося прыметнік «Белая».
2. «Крывія»
Усходнія славяне, якія занялі лясныя і багністыя вобласці на тэрыторыі сучаснай Беларусі, сутыкаліся з іншымі індаеўрапейцамі, якія прыйшлі сюды раней, — балцкімі плямёнамі (літвой, яцвягамі і іншымі). Не варта ідэалізаваць іх узаемаадносіны, аднак захаванне многіх балцкіх, а таксама гідронімаў і тапонімаў, якія дасталіся ім самім ад фіна-уграў (Полацк, Віцебск, Дзвіна, Дрыса і інш.), сведчыць аб працяглым суіснаванні розных этнічных груп. Узаемны ўплыў і натуральная асіміляцыя прывялі да так званага балта-славянскага сінтэзу, які абумовіў адрозненні беларусаў ад іншых усходнеславянскіх народаў.
Kollage © dekoder.org
Значную частку паўночных і цэнтральных раёнаў сучаснай Беларусі да Х стагоддзя занялі прадстаўнікі племяннога саюза крывічоў (полацкія крывічы). Памяць аб гэтым племені захавалася не толькі ў тапонімах і гідронімах, але і ў назве Беларусі і Расіі на латышскай мове. Так, Беларусь латышы называюць Baltkrievija (balts — белы, Krievija — Русь, Расія), і гэта назва адлюстроўвае даўняе ўзаемадзеянне двух народаў. Этнонім «Крывія» на пачатку ХХ стагоддзя быў прапанаваны ў якасці альтэрнатыўнай назвы беларускай нацыянальнай дзяржавы. Аўтарам ідэі і яе найбольш актыўным прыхільнікам быў вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага руху і даследчык Вацлаў Ластоўскі.
У 1910 годзе Ластоўскі апублікаваў у Вільні «Кароткую гісторыю Беларусі» — падзея ўнікальная для таго часу. Кніга стала першым у гісторыі папулярным выданнем, напісаным беларусам для беларусаў. У ёй, сярод іншага, была ўпершыню зроблена спроба перадазаваць гісторыю Беларусі. З 1923 па 1927 гады ў Коўне Вацлаў Ластоўскі выдаў 12 нумароў часопіса «Крывіч» («Kryvič»), апублікаваў расійска-беларускі (крыўскі) слоўнік, гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі. Пад уплывам савецкай прапаганды ў 1927 годзе вучоны пераехаў у Мінск (сталіцу БССР), дзе неўзабаве па сфабрыкаваным абвінавачанні быў арыштаваны і ў 1938 годзе расстраляны.
А тэрмін «Крывія», хоць і адрадзіўся ў назвах сучасных фальклорных груп і грамадскіх аб’яднанняў, не атрымаў шырокага распаўсюджвання ў якасці абазначэння дзяржавы і народа. Для большасці беларусаў ён аказаўся занадта архаічным і міфалагічным.
3. «Літва» і «ліцвіны»
Больш шырокую вядомасць у якасці альтэрнатыўнай назвы для тэрыторыі, народа і дзяржавы беларусаў атрымаў этнонім «Літва». Падставай для гэтага стала тое, што беларускія землі на працягу некалькіх стагоддзяў уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і аказалі моцны ўплыў на яго развіццё.
Узнікненню Вялікага Княства Літоўскага ў паўночна-заходняй частцы сучаснай Беларусі і ў паўднёва-ўсходняй — Літвы папярэднічала спусташэнне мангола-татарскімі качэўнікамі ў сярэдзіне XIII стагоддзя ўсходніх і паўднёвых тэрыторый старажытнарускай дзяржавы (Кіеўскай Русі). Да XV стагоддзя княства ператварылася ў найбуйнейшую еўрапейскую дзяржаву, якая з 1441 года называлася Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іншых земляў. Свой уклад у яго развіццё ўнеслі розныя народы Цэнтральнай-Усходняй Еўропы: літоўцы, беларусы, украінцы, палякі, рускія і іншыя. Так, у якасці мовы справаводства аж да XVII стагоддзя выкарыстоўвалася мова ўсходніх славян, можна сказаць, продкаў беларусаў і ўкраінцаў, — рутэнская.
Падданыя ВКЛ рознага этнічнага паходжання на працягу стагоддзяў называлі сябе «ліцвінамі», выкарыстоўваючы гэтае слова найперш як палітонім — гэта значыць для абазначэння сваёй дзяржаўнай прыналежнасці. Так, выбітны польскі паэт Адам Міцкевіч, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у XIX стагоддзі называў сваю айчыну «Літвой». Тэрмін «Літва» для абазначэння заходняй часткі беларускай тэрыторыі захоўваўся ў Еўропе аж да заканчэння Першай сусветнай вайны.
4. Беларускі «літвінізм»
Створаная ў 1919 годзе на абломках Расійскай імперыі Літоўская Рэспубліка (Lietuvos Respublika) аб’явіла сябе спадчынніцай Вялікага Княства Літоўскага (гістарычнай Літвы) — шматканфесійнай і поліэтнічнай дзяржавы. Тым часам ва ўтворанай тады ж савецкай Беларусі зацвярджалася расійская імперская канцэпцыя, часткова ўзятая на ўзбраенне бальшавікамі, — што беларускія землі былі заваяваны літоўскімі князямі і на працягу стагоддзяў падвяргаліся нацыянальнаму і рэлігійнаму прыгнёту, асабліва пасля аб’яднання ВКЛ і Польскага каралеўства ў Рэч Паспалітую. З аргументаванай крытыкай гэтага палітызаванага падыходу, які распаўсюдзіўся яшчэ ў XIX стагоддзі, выступалі некаторыя гісторыкі беларускага паходжання, але іх гледжанні не прыжыліся ў навуцы. Можна прыгадаць таго ж Вацлава Ластоўскага, які назваў шаснаццатае стагоддзе «залатым векам» беларускай гісторыі.
Толькі калі ў 1991 г. Беларусь стала незалежнай дзяржавай, вывучэнне ВКЛ атрымала новы імпульс. Аднак у гэтым працэсе не абышлося без крайнасцяў. Адной з іх праяваў стаў так званы «літвінізм», сутнасць якога заключаецца ў жаданні не толькі аб’явіць беларусаў галоўнымі спадкаемцамі гістарычнай Літвы, але і выкарыстоўваць гэты палітонім для абазначэння новай дзяржавы і яе грамадзян. Напрыклад, у канцы 1990-х была агучаная ініцыятыва перайменаваць Беларусь у «Вялікае Княства Літоўскае — Беларусь».
Але ні «Крывія», ні «Літва» не змаглі замацавацца ў якасці назвы для тэрыторыі Беларусі і наймення яе жыхароў. «Перамогу» ў гістарычным спаборніцтве атрымала «Беларусь» — «Белая Русь».
Kollage © dekoder.org
5. Падарожжа тапоніма
Папулярнае тлумачэнне, адкуль узялася назва «Белая Русь», у XIX стагоддзі спрабавалі даць гісторыкі Расійскай імперыі. На іх думку, «Белай Руссю» ў XIII стагоддзі стала называцца частка Старажытнай (Кіеўскай) Русі, якая не трапіла ў залежнасць ад мангола-татарскіх ханаў. Да іншых версій належаў белы колер ільнянога адзення, светлыя валасы і скура жыхароў. І хаця ні адна з гэтых інтэрпрэтацый не мае пад сабой неабходнага навуковага абгрунтавання, яны карысталіся і працягваюць карыстацца папулярнасцю ў Беларусі і за яе межамі.
А між тым усё не так.
Паводле распаўсюджанай у цяперашні час сярод гісторыкаў версіі, упершыню тэрмін «Белая Русь» («Alba Ruscia») згаданы ў ананімным геаграфічным трактаце, напісаным на латыні паміж 1255 і 1260 годам у Дубліне, пад назвай «Пачатак апісання земляў» («Incipiunt Descriptiones terrarum» «). Рукапіс упершыню пасля выяўлення быў апублікаваны ў 1979 годзе. У той перыяд, да якога адносіцца стварэнне трактата, і да канца XV стагоддзя тэрмін «Alba Ruscia» часцей за ўсё служыў для наймення рэгіёна, у цэнтры якога размяшчалася Наўгародская рэспубліка — добра вядомая еўрапейцам як партнёр Ганзейскага саюза.
Пасля таго як у 1471 годзе вялікі князь Маскоўскі Іван III здзейсніў паход на Ноўгарад і неўзабаве канчаткова падпарадкаваў яго Маскве, словазлучэнне «Alba Ruscia» ў многіх заходніх і ўсходніх пісьмовых крыніцах таго часу стала выкарыстоўвацца ў адносінах да Масковіі. Іншымі словамі, у перыяд позняга Сярэднявечча тэрмін «Белая Русь» меў «плывучы» характар і не быў замацаваны за канкрэтнай тэрыторыяй. У самой Масковіі і ВКЛ, мяркуючы па наяўных дадзеных, ён не выкарыстоўваўся.
У 1555 годзе польскі гісторык Марцін Кромер выдаў у Базелі кнігу «Гісторыя палякаў» (De origine et rebus gestis Polonorum), якая атрымала шырокую вядомасць у будучай Рэчы Паспалітай і Заходняй Еўропе. У гэтай працы да Белай Русі былі аднесены ўсе абшырныя тэрыторыі Літоўскай Русі (беларускія і ўкраінскія землі), на якіх пражывала праваслаўнае насельніцтва. Але гэтыя абазначэнні выкарыстоўваліся толькі ў кнігах і сярод інтэлектуалаў8.
У 1563 годзе маскоўскі цар Іван Грозны захапіў Полацк і ўтрымліваў яго каля пятнаццаці гадоў, што ўзмацніла тэндэнцыю называць Белай Руссю ўжо не Масковію, а захопленыя ёю ўсходнія землі Вялікага княства Літоўскага — Полацкую зямлю. Пасля вызвалення Полацка войскамі нядаўна створанай Рэчы Паспалітай (аб’яднанне Каралеўства Польскага і ВКЛ) назва Белая Русь захавалася і замацавалася за ўсходнімі тэрыторыямі сучаснай Беларусі (Полацк і Магілёў), насельніцтва якіх спавядала праваслаўе.
У другой палове XVI стагоддзя ў пісьмовых крыніцах пачынае сустракацца і этнонім «беларусы». Упершыню ён быў згаданы польскім асветнікам Мацеем Стрыйкоўскім (1547–1593). У «Хроніцы польскай, літоўскай, жмудскай і ўсёй Русі» (1582) ён сярод славянскіх народаў вылучыў і «літоўскіх беларусцаў».
Першы вядомы выпадак вызначэння сябе ў якасці беларуса звязаны з ураджэнцам Полацкай зямлі, паэтам-лаціністам Саламонам Рысінскім (лац.: Solomonis Risinius (Pantherus), 1560–1625), які ў 1586 годзе пры паступленні ў Альтдорфскі ўніверсітэт каля Нюрнберга назваў сябе Leucorussus з старажытнагрэцкага — «беларус». Аднак гэты тэрмін не меў шырокага распаўсюджвання нават сярод жыхароў усходняй Беларусі.
Kollage © dekoder.org
6. «Белая Русь» знаходзіць сваё месца
За XVII стагоддзе назва «Белая Русь» канчаткова замацавалася за землямі вакол Полацка і Магілёва. Маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч (бацька Пятра I) у 1654 годзе, часова захапіўшы полацкія і магілёўскія землі, уключыў назву «Белая Русь» у свой тытул: Цар Вялікія, Малыя і Белыя Расіі самадзержац. Пашырэнне тытула адлюстравала экспансіянісцкія памкненні Масквы. Актыўна выкарыстоўваючы тэрмін «Белая Русь», Масква імкнулася прадэманстраваць гістарычную, культурную блізкасць усходніх беларускіх земляў да Маскоўскай (Вялікай) Русі, адарваць іх нават у паняційным сэнсе ад Літвы.
Выкарыстанне слова «Беларусь» толькі ў адносінах да ўсходняй часткі сучаснай Беларусі працягвалася і пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1796 годзе на зноў далучаных тэрыторыях Расійскай імперыі была ўтворана Беларуская губерня з цэнтрам у Віцебску і Літоўская — з цэнтрам у Вільні. Пры новым адміністрацыйным дзяленні ўлічвалася, сярод іншага, рэлігійны фактар і звязаная з ім гутарковая мова насельніцтва. Жыхары Беларускай губерні сталі ўсё часцей называць сябе «беларусамі», што мела, аднак, не столькі этнічны, колькі адміністрацыйна-геаграфічны сэнс.
Пасля паўстання ў Царстве Польскім, Беларусі і Літве (1830–1831 гады) расійскі імператар Мікалай I актыўней заняўся знішчэннем самабытнасці былых земляў ВКЛ. Была ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква (1839), поўнасцю спынена выкарыстанне Статута Вялікага Княства Літоўскага (1840) і тым самым скасаваны свабоды польска-літоўскага дваранства. Для абазначэння зямель сучаснай Беларусі і Літвы стаў выкарыстоўвацца тэрмін «Паўночна-Заходні край», які пачалі толькі больш прымяняць да гэтых земляў пасля падаўлення паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі 1863–1864 гадоў.
Але ў другой палове 1860-х гадоў, калі царская ўлада актыўна змагалася супраць польскага ўплыву, эндаэтнонім «беларусы» не без яе ўхвалення пачаў зацвярджацца за беларускім этнасам і паступова, на працягу 1870–1890-х гадоў, выцясняць іншыя назвы. Вынікі гэтага працэсу выявіліся ў выніках перапісу насельніцтва ў Расійскай імперыі (1897). Пытанне адносна этнічнай прыналежнасці (народнасці) тады не задавалася, але пра родную мову ўдзельнікаў і ўдзельніц пыталіся. І беларускую мову ў якасці такой у Магілёўскай губерні назвалі 82,4% жыхароў, у Мінскай — 76%, у Віленскай — 56%, у Віцебскай — 52,9%, у Гродзенскай — 44%.
І ўсё ж трэба падкрэсліць, што працэс набыцця жыхарамі Беларусі, перш за ўсё сялянствам, нацыянальнай ідэнтычнасці ішоў вельмі марудна. Найважнейшай самаідэнтыфікацыяй беларусаў на мяжы XIX і XX стагоддзяў па-ранейшаму заставалася рэлігійная. Мясцовыя каталікі адносілі сябе да польскага этнасу, а многія беларусы-праваслаўныя называлі сябе рускімі. Калі ж трэба было адрозніць сябе ад тых ці іншых, значная частка беларусаў нават у XX стагоддзі працягвала называць сябе няйначай, як тутэйшыя — гэта значыць мясцовыя. Іншымі словамі, беларусы дакладна ідэнтыфікавалі іншыя этнасы, з прадстаўнікамі якіх яны ўжываліся на працягу стагоддзяў (рускіх (маскалёў), палякаў, яўрэяў, татараў, літоўцаў, украінцаў і інш.), але не праяўлялі ўпэўненасці пры абазначэнні ўласнай ідэнтычнасці.
Беларуская Народная Рэспубліка была першай у гісторыі дзяржавай, якая выкарыстоўвала слова «Беларусь» у сваёй назве. Але стварыць паўнавартасную дзяржаўнасць ёй не ўдалося. Пазней узніклі савецкія дзяржаўныя ўтварэнні з гэтым жа словам у назве. У першыя гады сваёй дыктатуры бальшавікі імкнуліся заахвочваць «нацыянальнае адраджэнне» былых ускраін Расійскай імперыі, выкарыстоўвалі яго ў сваіх палітычных мэтах, ва ўнутранай і знешняй прапагандзе. Афіцыйна абвяшчалася, што перыяд будаўніцтва сацыялізму ёсць час росквіту нацыянальных культур, сацыялістычных па зместу, нацыянальных па форме. Сталін скончыў гэты эксперымент, а многія прадстаўнікі новай беларускай эліты сталі ахвярамі Вялікага тэрору.
Пасля Другой сусветнай вайны, падчас якой Беларусь была спустошана, яўрэйскае насельніцтва ў значнай ступені знішчана і жыхары ў цэлым перажылі страшныя выпрабаванні, узмоцненая саветызацыя выключала любыя спробы нацыянальнага адраджэння. Яно зноў пачалося толькі ў выніку перабудовы, чарнобыльскай катастрофы і выяўлення масавых пахаванняў на Курапацкім кальцы, а калі набыло папулярнасць, вырасла ў найважнейшы палітычны рух.
7. Эпілог
Пасля распаду СССР на палітычнай карце Еўропы з’явілася новая дзяржава — Рэспубліка Беларусь, якая ў момант заснавання зрабіла колерамі сцяга і сімваламі дзяржаўнасці менавіта тыя, што ўказвалі на дасавецкую і дарасійскую гісторыю рэгіёна. Але пошук ідэнтычнасці ў краіне далёкі ад завяршэння. Пра гэта сведчаць супярэчлівыя палітычныя працэсы ў сучаснай Беларусі, як і барацьба гістарычных наратываў унутры яе. Захаванне дзяржаўнасці застаецца пад пытаннем, паколькі залежнасць ад Расіі пасля падаўлення пратэстаў і ўвязвання ў расійскую агрэсіўную вайну супраць Украіны толькі павялічылася. Затое сотні тысяч беларусаў, вымушаныя выехаць за межы радзімы, адказваюць на палітыку аўтарытарнага рэжыму заўважным уздымам цікавасці да сваёй роднай мовы.