Суд Баранавічскага раёну і Баранавічаў 14 кастрычніка прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага («Беларускi кнiгазбор», 1997, 512 старонак). Прыгэтым супрацоўнікі Мінінфарма не змаглі напісаць прозвішча Вацлава без памылкі — у іх спісе ён «Ластоускі», паведамляе тэлеграм-канал viasna96.
Вацлаў Ластоўскі — выбітны беларускі навуковец, выдавец, пісьменнік, публіцыст, палітычны дзеяч, адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускага Адраджэння. Ён імкнуўся да таго, каб Беларусь займела іншую назву. Чаму так? Паспрабуем высветліць.
Вацлаў Ластоўскі
Без вышэйшай адукацыі, але з неверагодным патэнцыялам
Вацлаў Ластоўскі па праве належыць да той плеяды беларускіх дзеячаў, што стаялі ля вытокаў беларускага Адраджэння. Чалавек, які цягам жыцця так і не займеў ніякага дыплому аб вышэйшай асвеце, стаў у выніку сакратаром Беларускай Акадэміі навук. Ён і праўда меў надзвычай шырокі кругагляд і проста неверагодны патэнцыял, бо паспрабаваў свае сілы шмат у якіх сферах.
Власт, як ён сам падпісваў свае матэрыялы яшчэ з часоў «Нашай Нівы», быў надзвычай матываваным. Яшчэ працуючы там у рэдакцыі, ён укладаў цэлыя нумары газеты, калі карэспандэнцыі бракавала. Тым самым падыходам ён будзе карыстацца і далей, калі будзе друкаваць газеты «Гоман» і «Крывічанін», а таксама пачне ў літоўскім Коўне выдаваць легендарнага «Крывіча». Па крыптонімах бачна, каму там належыць збольшага аўтарства.
У чым каштоўнасць «Кароткай гісторыі Беларусі» Ластоўскага
Ластоўскі быў ці не адзіны, хто ў самым пачатку ХХ стагоддзя быў літаральна зачараваны мінуўшчынай. Для беларушчыны тае пары гэта было зусім не характэрна. Хутчэй наадварот — большасць беларускіх актывістаў трымаліся сацыялістычных паглядаў, адпаведна нічога добрага ў даўніне не бачылі. Многія з іх былі яшчэ і марксістамі, а гэта пакідала свой адбітак.
Гэты чалавек бачыў у прамінулых часах наш «залаты век». Прычым звяртаўся ён не да нейкага канкрэтнага перыяду, які ўважаў такім, але да гісторыі ўвогуле.
Паводле яго, каб народ абудзіўся, трэба было вярнуць тое, што належыць яму па праве — гістарычную і культурную спадчыну.
Менавіта з гэтай прычыны ён і ўзяўся пісаць «Кароткую гісторыю Беларусі», якая выходзіла спачатку калонкамі ў «Нашай Ніве», а потым пабачыла свет асобнай кнігай у 1910 годзе.
«Кароткая гісторыя Беларусі», 1910 год
Да гэтай Властавай працы часцяком ставяцца пагардліва — маўляў, чалавек без прафесійнай адукацыі ўзяўся рабіць тое, у чым не разбіраўся. Але калі ўзяць гэтую кнігу ў рукі, прачытаць хаця б прадмову, то ўсё становіцца на свае месцы. Ластоўскі не збіраўся рабіць ніякіх сенсацый і адкрыццяў. Больш за тое, ён нават не збіраўся пісаць нешта новае. Па сутнасці ён проста скампанаваў і пераказаў усё тое, што даведаўся з працаў прафесійных гісторыкаў. І ў дадатак расставіў правільна акцэнты — да гэтага ніхто не рабіў чагосьці падобнага. І за гэта можна смела сказаць яму «дзякуй», бо
любая версія беларускай гісторыі, пазбаўленая любога каланіяльнага ўплыву, фактычна паўтарае формулу Ластоўскага — Беларусь пачалася са старажытнага Полацка.
Чалавек, які адкрываў таленты
Спрабаваў Ластоўскі сябе і на ніве палітыкі. Ён быў сярод тых, хто змагаўся за з’яўленне незалежнай і нацыянальнай Беларускай дзяржавы, нават стаў прэм’ер-міністрам БНР. Але тагачасная realpolitik, дзе трэба было быць жорсткім і беспрынцыпным нават са сваімі — відавочна не яго. Ластоўскі быў з іншага цеста, што можам зразумець па ягоных вершах і кароткіх занатоўках. Чалавек моцны духам, валявы, але адзінокі.
Ён не шукаў натоўпу, які пайшоў бы за ім, як за тым Майсеем. Куды важней для яго было адшукаць сапраўдны талент, дыямент, штучны экзэмпляр. Такім быў Максім Багдановіч, які менавіта пасля знаёмства з Властам таксама глыбока занурыўся ў нашую мінуўшчыну ды пачаў складаць проста неверагодныя вершы. Легендарную «Пагоню» ў тым ліку.
Ластоўскі стварае легендарны часопіс «Крывіч»
Пасля 1923 года, калі мінула 5 гадоў палітычнай барацьбы і стала ясна, што беларускай рэспублікі ў тым выглядзе, як уяўлялі гэта сабе беларускія дзеячы, не будзе, Ластоўскі назаўжды сыдзе з палітычнай арэны. Увесну ён падасць у адстаўку, якую гэтым разам Пётра Крачэўскі будзе вымушаны прыняць, і зоймецца выключна культурай. А ўжо летам пачне выходзіць легендарны часопіс «Крывіч». Разам з Ластоўскім выдаваць гэты часопіс будзе яшчэ адзін знакавы для беларускага руху персанаж — Клаўдзій Дуж-Душэўскі , які зрабіў у свой час эскіз нацыянальнага сцяга.
Першы нумар часопіса «Крывіч», 1923 год
Асноўны матыў выдаванага імі часопіса быў нетрывіяльны па тых часах: Беларусь і беларусы маюць называцца іначай — Крывія, ці Крыўя, і крывічы, паводле найбольш вядомага і ўплывога племені старажытнасці. На вокладцы красаваўся скарынаўскі шрыфт, а ўнутры была ўсё тая ж зачараванаць мінуўшчынай. Ластоўскі з кампаніяй нібыта спрабавалі нагнаць той час, які быў недаравальна ўпушчаны папярэднікамі.
«Крыўская ідэя» і фінт Ластоўскага
Вядома, што ўласна «крыўскую ідэю» прыдумаў не сам Ластоўскі. Яна існавала задоўга да яго — яшчэ Ян Чачот пісаў пра крывіцкую мову. Але ніхто да Власта нават і не думаў яе хоць бы неяк структураваць ды аформіць у прывабны праект нацыянальнай ідэнтычнасці. І тут важны матыў — для чаго гэта было рабіць. Раней жа называўся ў тым ліку і сам Ластоўскі беларусам, і было добра, а тут вырашыў выкінуць такі фінт.
Хутчэй за ўсё Ластоўскі за часамі сваёй палітычнай кар’еры зразумеў даволі простую рэч — без добрага падмурка нельга пабудаваць нешта трывалае. На розных канферэнцыях і перамовах па сканчэнні Першай сусветнай вайны нічога не хацелі чуць аб нейкіх там беларусах і Беларусі, бо ніколі такой краіны нібыта і не было. Крывіі таксама не існавала, але былі крывічы. На іх, як, дарэчы, і на радзімічаў з дрыгавічамі, ніхто іншы асабліва і не прэтэндаваў. Таму ён і выршыў звярнуцца да вобраза «сівагорбага Полацка».
Чаму ж не Літва?
Тут таксама ўсё даволі проста, можна сказаць, на паверхні. Ластоўскі быў з тых беларускіх дзеячаў, хто меў сімпатыі да літоўцаў. Больш за тое — быў жанаты з Марыяй Іваноўскай (Марыя Іванаўскайце-Ластаўскене), якая вядомая кожнаму літоўскаму школьніку па агульным з сястрой Зосяй псеўданіме Lazdynų Pelėda.
У складаны час, пасля арышту палякамі, выбраў для эміграцыі менавіта літоўскае Коўна. Пасля ліквідацыі ў 1923 годзе Міністэрства беларускіх справаў, якое ачольваў яшчэ адзін вядомы прыхільнік беларуска-літоўскага сяброўства Дамінік Сямашка, Ластоўскі з Дуж-Душэўскім фактычна сталі штатнымі супрацоўнікамі літоўскага МЗС. Былыя паплечнікі па ўрадзе БНР, некаторыя з якіх у хуткім часе стануць выразна прасавецкімі, будуць літаральна захлынацца слінай у нянавісці і зайздрасці да гэтых двух чалавек.
Прасцей кажучы, жывучы і працуючы ў міжваеннай Літве, маючы штодзённы кантакт з літоўцамі, Ластоўскі разумеў — дзвюх Літваў папросту быць ужо не можа. Да ўсяго ён удасканаліў свае веды па гісторыі, вынікам чаго стала непераўзыдзеная і дагэтуль ягоная «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі», якая пабачыла свет у тым самым Коўне ў 1926 годзе не без падтрымкі літоўскіх уладаў.
Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі, 1926 год
У ёй Ластоўскі нарэшце структураваў усе свае веды, якія былі назапашаныя саматугам за дзесяцігоддзі ягонага жыцця. Трэба думаць, яшчэ ад часоў, калі ён працаваў пасыльным у рыжскай віннай лаўцы. Власт зрабіў адзін працяглы тэкст, дзе аформіў і выклаў усе свае думкі, што раней публікаваліся асобнымі абразкамі на старонках розных выданняў. Там і пра даўнюю Крывію, і пра Вялікае Княства Літоўскае, і шмат пра што яшчэ. Аўтар, апісваючы гісторыю кнігі на Беларусі, вельмі часта адыходзіць ад магістральнай тэмы, і гэтыя адступленні чытаюцца не менш цікава і захапляльна, чым асноўны тэкст.
Дык чаму ж менавіта Крыўя?
Бо гэта адзіная ўласная назва нашай краіны, якая не выклікае ніякіх пярэчанняў. З Белай Руссю праблемы, бо так самі сябе не заўжды называлі, ды і лакалізацыя не адназначная. Тое самае і з Літвой, а пагатоў у часы Власта ўжо была і суседняя дзяржава, якая так называлася. Яго практычны падыход нічым не адрозніваецца ад іншых еўрапейскіх, калі краіна атрымлівае назву па назве найбуйнешага племені. Як тая ж Францыя пайшла ад франкаў...
Іншая справа, што хоць бы якіх шанцаў на поспех у Ластоўскага папросту не было. Бо на момант, калі ён узяўся за выданне «Крывіча», былі ўжо і Беларуская Народная Рэспубліка, і Савецкая Беларусь, і Заходняя Беларусь. І тым не менш ягоная прапанова адгукнулася ў многіх сэрцах — беларусы, асабліва на эміграцыі, ахвотна называлі свае таварысты і арганізацыі крывіцкімі. Трэба думаць, і сябе ўважалі носьбітамі крыўскай ідэнтычнасці.
Апошнія гады паказваюць, што гісторыя нашай краіны зайшла на чарговы круты віраж. Таму, хто ведае, можа ў перспектыве з’явіцца цікавасць і да пакрыёмай Крывіі, і да ейнага стваральніка, якому пакуль належная пашана ўсё яшчэ не аддадзена...
Л. Г., budzma.org