З чатырох з лішкам дзясяткаў еўрапейскіх краін адукацыі на тытульнай мове няма ў трох — у Ірландыі, на Мальце і ў Беларусі. Сітуацыю трэба выпраўляць, лічаць навукоўцы, але хуткім працэс дакладна не будзе. Што можна зрабіць і што робіцца ў гэтым кірунку прама цяпер, разважалі ўдзельнікі і ўдзельніцы анлайн-дыскусіі «Як беларуская сістэма адукацыі знішчае асвету і свабоду думкі?»
Падчас анлайн-дыскусіі, якую зладзіла 18 кастрычніка ініцыятыва «Сумленныя людзі», удзельнікі-навукоўцы абмеркавалі ў тым ліку і моўнае пытанне. Зразумела, у сённяшняй Беларусі пераход вышэйшай адукацыі на беларускую мову не разглядаецца, але вучоныя глядзяць на перспектыву.
Таццяна Шчытцова. Фота: tsikhanouskaya.org
Філосафка Таццяна Шчытцова, выкладчыца ЕГУ, дарадца Святланы Ціханоўскай, кажа, што «беларуская мова ў ВНУ, адукацыя на беларускай мове — гэта тое, што патрабуе сістэмнай падтрымкі на ўсіх узроўнях: ад дашкольнай, школьнай, універсітэцкай адукацыі, наогул, тое, што патрабуе пэўнай культурнай і адукацыйнай сістэмнай палітыкі». «Галоўнае, трэба ўжываць вельмі гнуткі дыпламатычны падыход, не прымусовы. Трэба думаць пра інструменты, пра тое, каб людзі самі — выкладчыкі, навукоўцы — захацелі пераходзіць на беларускую мову», — лічыць Таццяна Шчытцова.
Павел Церашковіч. Фота з Фэйсбуку Паўла Церашковіча
Этнолаг, гісторык і культурны антраполаг Павел Церашковіч кажа, што планы беларусізацыі разглядаюцца навукоўцамі і цяпер, пакуль у выгнанні: «Днямі ў Вільні прайшла канферэнцыя, арганізаваная адукацыйным праектам «Васьміног», на якой былі прадстаўлены планы рэфармавання беларускай адукацыі, у тым ліку план па беларусізацыі, падрыхтаваны Марынай Сакаловай і мной».
Навукоўцы лічаць, што беларусізацыя будзе «сапраўды доўгім працэсам», «каб яго завяршыць, спатрэбіцца як мінімум дзве генерацыі людзей, то-бок трэба разлічваць на 40-50 гадоў».
«Галоўным прынцыпам працэсу будзе прынцып пазітыўнай дыскрымінацыі, які ўжо апрабаваны ў шмат якіх краінах свету. Гэта пра тое, калі раней пазбаўленым нейкіх магчымасцяў і правоў групам даецца магчымасць атрымаць роўны статус у грамадстве. Гэта азначае, што беларускамоўная адукацыя павінна атрымліваць дадатковыя рэсурсы, бонусы і г. д., каб стаць асноўнай у будучай Беларусі.
Я абсалютна ўпэўнены, што гэта патрэбна, бо гэта правіла агульнаеўрапейскае. І вось паглядзіце, з 44-х краін Еўропы толькі ў трох краінах няма адукацыі на тытульнай мове нацыі — у Ірландыі, на Мальце і ў Беларусі. Гэтую сітуацыю, безумоўна, трэба выпраўляць», — падкрэсліў Павел Церашковіч.
Першыя навіны пра стварэнне Беларускага навукова-даследчага ўніверсітэта з’явіліся сёлета ўвесну.
Так, дзяржава зараз якраз толькі заціскае вольную навуковую думку, з краіны з’язджаюць выкладчыкі і студэнты, у апошнім рэйтынгу акадэмічнай свабоды Беларусь займае чацвёртае месца ад канца. Але, кажа Павел Церашковіч, можна прывесці прыклад адной з найлепшых зараз ВНУ, створанай без існавання нацыянальнай дзяржавы: «Гэта стварэнне «Тэхніёна», Ізраільскага тэхналагічнага інстытута, які паўстаў у 1913 годзе, калі на гэтых землях яшчэ існавала Асманская імперыя, яшчэ да Брытанскага мандату ў Палесціне. І «Тэхніён» у тым ліку заклаў асновы нацыянальнай габрэйскай дзяржавы».
Павел Церашковіч уваходзіць у аргкамітэт па стварэнні Беларускага навукова-даследчага ўніверсітэта: «Гэты ўніверсітэт будзе большай часткай гуманітарны. Мы б хацелі кампенсаваць цяперашнія ідэалагізацыю і пагром у гэтай сферы. Наш універсітэт будзе прынцыпова беларускамоўны, ён інстытуялізуе беларускую мову ў сферы вышэйшай адукацыі. Працэс ужо ідзе, створана некалькі цэнтраў, дзе гатовы працаваць больш за 50 чалавек, гэта ў тым ліку цэнтр філасофскай думкі, антрапалагічны цэнтр, два гістарычных, цэнтр эдукалогіі. Нават калі навукоўцы зараз працуюць дзесьці ў заходняй інстутыцыі, то яны могуць паспрыяць і паўдзельнічаць у стварэнні кансалідаванай беларускай акадэмічнай супольнасці», — сказаў Павел Церашковіч.
Вольга Шпарага. Фота: pozirk.online
Філосафка Вольга Шпарага зазначае, што рэжым дагэтуль рэагуе на «ўсё тое, што стварала ўмовы для таго, каб людзі ў 2020 годзе выйшлі на вуліцы, на ўсе НДА, у тым ліку і на недзяржаўную адукацыю, рэжым выганяе з краіны прафесіяналаў». «Але выкараніць цалкам гэта немагчыма, патэнцыял у нашым грамадстве захоўваецца. Ацаніць жа веды і методыкі, якія зараз прымяняюцца ў вышэйшай адукацыі ў Беларусі, аб’ектыўна нельга. Каб гэта ацаніць, нашай сістэме адукацыі зноў трэба інтэгравацца ў міжнародную сістэму, мы не можам зараз гэта ацэньваць, мы вырваныя з кантэксту. (...) Зараз мы можам судзіць толькі вось па тым, што «азаронкі» выкладаюць у ВНУ, што рэпрэсіўныя механізмы ўведзеныя і працуюць і г. д.
У гэтым сэнсе нам трэба нешта рабіць, каб інтэграваць у еўрапейскую сістэму тых, хто з’ехаў, і тых, хто гатовы гэта рабіць, застаючыся ў Беларусі. Каб разумець, дзе мы знаходзімся, куды мы гатовыя рухацца. Вельмі важна падтрымліваць альтэрнатыву, тых, хто ў Беларусі сёння застаецца і працягвае шукаць выйсце», — сказала Вольга Шпарага.
Павел Церашковіч звяртае ўвагу на новую тэндэнцыю: «Выехала сапраўды вялікая колькасць беларускіх даследчыкаў і навукоўцаў. Нам трэба канстатаваць, што тыя праграмы, якія для беларусаў існуюць, далікатна кажучы, мізэрныя. Я не кажу пра ўкраінцаў, іх у сітуацыі вайны падтрымліваюць усе, але я таксама заўважаю, што ў расійскіх навукоўцаў, якія таксама бягуць, шанцаў уладкавацца ў заходнія акадэмічныя структуры значна больш, чым у беларускіх. Тыя праграмы, што арыентаваныя на рускіх, пераўзыходзяць шматкроць тыя, што ёсць для беларусаў. І яшчэ адзін момант: тыя праграмы, якія існуюць, арыентаваныя на тое, каб беларускія вучоныя ўладкаваліся і інтэграваліся ў структуры еўрапейскіх універсітэтаў. З пункту гледжання будучыні гэта не зусім добра. Людзі там паступова забываюць на тое, што ёсць Беларусь».
Таццяна Шчытцова бачыць адзін з магчымых выхадаў у інтэрнацыяналізацыі беларускіх вучоных: «То-бок зараз можна і трэба выкарыстоўваць тыя рэсурсы, якія ёсць, і шукаць магчымыя кантакты і рэсурсы, самім шукаць умовы, каб праз розныя даследчыя праекты сумесна з еўрапейскімі вучонымі беларусы рэалізоўвалі сябе прафесійна: праводзілі канферэнцыі, выпускалі кнігі, друкаваліся ў сур’ёзных навуковых выданнях і часопісах на іншых мовах. Інтэрнацыяналізацыя беларускіх вучоных — гэта вельмі добры задзел на будучыню. Мы бачым, як украінская навуковая супольнасць рухаецца падчас крызіснай сітуацыі: стварае нэтворкінгі, акадэмічныя сеткі. Я разумею, у іх іншыя рэсурсы, сама дыяспара большая ды і ўкраінская навуковая супольнасць большая. Але трэба ісці па гэтым шляху, трэба яго асвойваць, выкарыстоўваць разнастайныя магчымасці для інтэрнацыяналізацыі беларускай навукі».
Таццяна Шчытцова таксама адзначае, што беларуская школьная адукацыя радуе шмат каго з чыноўнікаў, але непакоіць навукоўцаў.
«У 2018 годзе Беларусь упершыню ўдзельнічала ў рэгулярным міжнародным тэставанні пятнаццацігадовых школьнікаў. У нашых школьнікаў быў вышэй сярэдняга паказнік засваення матэрыялу — і беларуская ўлада гэтым вельмі ганарылася і ганарыцца. Мы бачым паслухмянасць і дэфіцыт крэатыўнасці. Гэты тэст паказаў, што беларускія дзеці вельмі саступаюць зараз, напрыклад, дзецям з Украіны. Саступаюць у выкананні заданняў, якія прадугледжваюць гнуткасць мыслення, варыятыўнасць мыслення, разняволенасць фантазіі, у заданнях, якія звязаныя з заняццем крытычнай дыстанцыі, з крытычным мысленнем, — распавяла філосафка. — Усё гэта фармуецца на ўзроўні метадалогіі школьнай адукацыі. Я гэта параўноўваю з домам з нізкай столлю.
Нашы школы — гэта дом з нізкай столлю. Дзіця туды заходзіць, расце, а столь — не, яна росту перашкаджае. Немагчымасць вырасці, раскрыць свой патэнцыял і гэтак далей — гэта вельмі сур’ёзная праблема. І значная колькасць беларускіх педагогаў гэту праблему не ўсведамляюць.
Яны абапіраюцца на пазітыўныя вынікі тэставання і лічаць, што ўсё ў нас са школай добра. Гэта трывожна, і гэта трэба ўлічваць, калі будзем прасоўваць рэформы адукацыі. Гэта значыць, што мы сутыкнёмся з пэўным супрацівам пэўнай часткі педагогаў, як мінімум, з супрацівам у выглядзе неразумення педагогамі сутнасці рэформ. З выкладчыцкай супольнасцю трэба таксама працаваць».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org