Цёмныя восеньскія вечары даюць шмат вольнага часу, які можна заняць праглядам серыялаў на стрымінгавых пляцоўках, а можна звярнуцца да беларускай літаратуры. Сёння расскажам вам пра тры трылогіі, якія былі напісаныя па-беларуску і падаюцца нам ці не найлепшай чытанкай для гэтай пары.
Якуб Колас узяўся пісаць трылогію на пачатку 1920-х гадоў, калі быў ужо прызнаным аўтарам. Як і ў іншых творах, тут многа асабістага — пісьменнік заўжды дасціпна пераробліваў уласны жыццёвы досвед у літаратурны матэрыял. Можаце нават не сумнявацца ў гэтым!
Час для напісання быў самы падыходзячы — беларуская літаратура толькі-толькі станавілася на ногі і пісьменнікі, як пачаткоўцы, так і больш старэйшыя, маглі вельмі лёгка заняць у ёй сваю нішу. Сёння цяжка паверыць, але нейкія сто гадоў таму гэткі жанр, як «беларускі раман» па-просту яшчэ не існаваў. За першынство ў справе яго напісання змагаліся адразу некалькі пісьменнікаў.
Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» складаецца з трох раманаў, якія называюцца «У палескай глушы», «У глыбі Палесся» і ўласна «На ростанях». Галоўны герой у іх — малады настаўнік Андрэй Лабановіч, які жыве і працуе ў аддаленай палескай вёсачцы. Уласна адсюль і назвы дзвюх першых кніжак.
Якуб Колас на золку сваёй кар’еры таксама працаваў настаўнікам на Палессі, таму ведаў, аб чым пісаў. Па ўласным прызнанні, тыя некалькі гадоў, што ён правёў у палескай вёсцы, неверагодна паўплывалі на яго. Бо, з аднаго боку, ён жыў у абсалютным «мядзведжым куце», дзе нічога не адбываецца, а з іншага — акурат тады пазнаёміўся з «падрыўной» літаратурай.
У раманах, асабліва першых дзвюх яго частках, безліч цікавых фактаў з культуры і побыту тагачасных палешукоў.
Скажам, акурат у трылогіі Якуба Коласа зафіксавана і другая назва беларусаў:
«Пан падлоўчы быў родам дзесь з Гродзеншчыны і паходзіў, як ён казаў сам, са старога дваранскага роду. Тутэйшае жыхарства лічыла яго палякам, сам жа пан падлоўчы з гэтым не згаджаўся.
«Я — ліцвін», — з нейкаю гордасцю зазначаў пан падлоўчы і сваю належнасць да ліцвіноў даводзіў, паміж іншым, і тым, што яго прозвішча — Баранкевіч — мела канчатак на «іч», тады як чыста польскія прозвішчы канчаюцца на «скі»: Жулаўскі, Дамброўскі, Галонскі. Даведаўшыся, што прозвішча новага настаўніка Лабановіч, падлоўчы пры спатканні з ім прыметна выказаў адзнакі здавалення, як гэта бывае тады, калі нам на чужыне прыходзіцца спаткацца з земляком.
— То і пан — ліцвін! — весела сказаў ён маладому настаўніку і пастукаў яго па плячы. Сваё ліцвінства ён падкрэсліваў пры кожным зручным выпадку, кажучы: «Мы, ліцвіны, любім піць гладка!»
Пісалася трылогія з перапынкамі каля 30 гадоў, і фінальную кропку ў ёй аўтар паставіў толькі пасля вайны. Хіба праз гэта апошні раман рэзка выдзяляецца на фоне першых дзвюх кніжак, бо акурат у ім адчуваецца наяўнасць савецкай ідэалогіі.
Першая кніга пабачыла свет у траўні 1923 года ў Вільні ў знакамітым выдавецтве Барыса Клецкіна. Другая выйшла з друку ўжо ў Беларусі ў лістападзе 1927 года. У 1948 годзе яны былі перадрукаваны пад адной вокладкай, і ў той жа час Якуб Колас узяўся за працу над трэцяй кнігай, якая была скончана ў 1954 годзе. За некалькі гадоў да смерці пісьменніка.
Ці не кожны беларускі школьнік памятае запамінальны вобраз Ганны Чарнушкі з «Людзей на балоце», але мала хто ведае, што трылогія пра жыццё палешукоў, дзе магістральную лінію займае лінія кахання, стала абсалютнай выпадковасцю нават для самога пісьменніка.
Справа ў тым, што Іван Мележ належаў да таго самага пакалення, што і Іван Шамякін, і Васіль Быкаў. Як і многія іншыя пісьменнікі той пары, ён зведаў франтавыя дарогі, дзе моцна падарваў сваё здароўе — у яго былі хвароба нырак, ампутаваны плечавы сустаў, строгая дыета і даволі сур’ёзныя праблемы са слыхам і зрокам.
Нягледзячы на гэта, Іван Мележ пасля вайны бярэцца за тое, каб увайсці ў літаратуру, і пачынае актыўна пісаць. У 1952 годзе выходзіць ягоны раман «Мінскі напрамак» — узорны твор паваеннага часу, які прысвечаны нядаўняму ліхалеццю. Каб хаця б неяк адпачыць ад буйнога жанру, ён бярэцца за напісанне невялікіх карацелек, якія прысвечаны галоўным чынам побыту на Палессі.
"Людзі на балоце", выданне 1968 года
Так паступова і з’яўляецца на свет гісторыя рамантычных адносін Ганны і Васіля, якая складаецца з трох кніжак — «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і «Завеі, снежань». Апошняя, дарэчы, так і не была скончана, але дакладна вядома, што сам аўтар планаваў зрабіць з трылогіі пяцікніжжа.
З’яўленне першых раманаў з «Палескай хронікі» зрабіла сапраўдны фурор у тагачасным літаратурным жыцці. Бо ад Івана Мележа ніхто не чакаў чагосьці больш грувасткага па аб’ёме за той самы «Мінскі напрамак», які ўласна і даў яму пуцёўку ў пісьменніцкае жыццё. Але «Людзі на балоце» ў імгненне перабілі той франтавы раман.
Не толькі чытачы і калегі па літаратурным цэху былі ў захапленні ад твора, але і крытыкі. Яны ў імгненне паставілі Івана Мележа ў адзін шэраг з ужо прызнанымі беларускімі пісьменнікамі-раманістамі. Найперш Якубам Коласам і Кузьмой Чорным.
Кожны пісьменнік так ці іначай звяртаецца ў сваёй творчасці да ўласнага досведу. Не выключэнне тут бацька беларускай фантастыкі Янка Маўр — большасці ён вядомы па такіх творах, як «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі», «Амок», «Палескія рабінзоны» ды іншых.
Янка Маўр, а ў жыцці сціплы выкладчык з Мінска Іван Фёдараў, узяўся за напісанне гэтай трылогіі ў дастаткова сталым узросце, калі ўжо спачываў на лаўрах літаратурнага мэтра. За ўзор для сваёй эпапеі ён узяў аповесці Льва Талстога, якія распавядаюць пра дзяцінства, юнацтва і сталасць расейскага пісьменніка. На гэта нават указваюць эпіграфы з якіх пачынаецца кожны з раздзелаў.
У літаратуразнаўстве лічыцца, што важным фактарам трылогіі з’яўляецца тое, што кожная з кніг можа чытацца асобна ад іншых, бо з’яўляецца самастойным творам. У выпадку Маўра гэтае правіла таксама працуе, але з адным выключэннем — паасобныя кнігі не маюць асобных назваў, а проста называюцца «Кніга першая», «Кніга другая», «Кніга трэцяя».
Дык што мы можам даведацца з «Шляху з цемры»? Маўр даволі дасціпна і арыгінальна распавядае нам пра сваё дзяцінства і юнацтва, якія праходзілі яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. На дзіва, трохкніжжа, якое пісалася 30 гадоў — з 1920-х да сярэдзіны 1950-х — напісана ў даволі нейтральным стылі.
Вядома, прысутнічае там і класавая барацьба, і змаганне за лепшую долю народа, і ўсе іншыя неабходныя ідэалагічныя атрыбуты, але найперш мы сочым за жыццём галоўнага героя — то-бок самаго пісьменніка. А ўсё астатняе — проста часовыя дэкарацыі.
Budzma.org