Падляшскае ваяводства ў Польшчы — Падляшша, Беласточчына — той рэдкі рэгіён па-за Беларуссю, дзе беларусы былі, ёсць і застануцца пры кожным палітычным раскладзе. Пытанне, у якім фармаце, колькі, з якім бачаннем сябе?
25 сакавіка 2023 году ў беларускім ліцэі ў Гайнаўцы, фота з архіву аўтара
Зараз беларуская дыяспара і этнічныя беларусы Падляшша жывуць побач. Але, здаецца, гэта два розныя сусветы. Са сваімі святамі, арганізацыямі, самаадчуваннем. Адныя — «палітычныя», частка рускамоўныя, на валізках. Іншыя — грамадзяне Польшчы, перакананыя ў сваёй іншасці, са сваім укладам і традыцыяй.
Насуперак тым палякам, якія дагэтуль лічаць, што «беларусаў сюды прывёз Сталін», нашы суайчыннікі на Падляшшы маюць доўгую гісторыю. З часоў міжусобіцаў рускіх князёў, палякаў і Літвы. Да 1569-га Падляшша належаыла да ВКЛ. У часы Расіі гэта была частка Гродзенскай губерні. Беларусы тут ніколі не знікалі праз стагоддзі.
Іншае пытанне, што для беларусаў «з мацерыка» падляскае беларускае жыццё было загадкай. Раней пра яго ведалі адзінкі, для рэшты гэта быў у лепшым выпадку фармат тосту: «За нашу Вільню, Смаленск... і Беласток». Камічна. Пасля 2020-га, калі Беласток аказаўся ў шэрагу новых дыяспарных цэнтраў, пытанне зноў стала актуальным: а што ж тут нашага?
Герб Падляшша 1720 года
Што тут рабіць маладзёну з беларускай мовай?
Калі зірнуць у Вікіпедыю, то можа падацца, што беларускае жыццё Падляшша квітнее, а беларусы пасля 2020-га прыехалі сюды калі не «на ўсё гатовае», то прынамсі — да сваіх. Арганізацыі, фонды, СМІ, два беларускія ліцэі, музей у Гайнаўцы, фэсты... Урэшце, фактар праваслаўнай царквы: этнічнасць тут моцна завязаная на канфесіі.
Па факце ж аказалася, што беларуская меншасць тут — гэта сапраўды развітая супольнасць з моцнымі гарызантальнымі сувязямі, але моцна стомленая, не маладая. Часткова ў стане дэпрэсіі, ідэйнага крызісу.
Ёсць аб’ектыўнае старэнне супольнасці, бо моладзь не мае матывацыі «быць беларусамі» — навошта? Калі літоўскі маладзён у Польшчы вучыць літоўскую і едзе ва ўніверсітэт у Вільню, то што рабіць ягонаму аднагодку з беларускай мовай тут? Ехаць у Мінск, дзе тая мова таксама нікому не трэба? Таму, ўу Беластоцкім універсітэце ўжо няма беларускай філалогіі, без сэнсу. Ліцэі ў Гайнаўцы і Бельску ўмоўна беларускія, бо на мове — пэўная колькасць гадзінаў. На перапынках і на вуліцы гучыць польская.
У «скансэне» не ствараюць новага, але — берагуць старое
Фальклорнае беларускае свята ў Чыжах на Падляшшы, фота Юрася Дзешука
Праваслаўная царква па факце стала і «каўчэгам» для мясцовых беларусаў, і — пасткай. У ёй беларусы захоўвалі сваю іншасць, але беларускага твару царква не мае (у адрозненне ад польскасці ў касцёлах у Беларусі). Мова царквы — царкоўнаславянская, расійская, польская. У польскамоўным праваслаўным часопісе ёсць адна рубрыка, дзе пішуць па-беларуску і на мясцовых гаворках — экзотыка.
Але галоўны фактар, аб які гадамі разбіваліся самыя лепшыя намаганні беларускай меншасці тут — гэта сітуацыя ў самой Беларусі. Гаворка не толькі пра грашовую падтрымку «з мацерыка», але і пра жаданне асацыяваць сябе з дзяржавай у яе сучасным выглядзе. Пасля 2022-га гэта значыла тлумачыць кожнаму сустрэчнаму, чаму ты — не «саўдзельнік агрэсіі»...
Па выніку беларускае Падляшша гадамі пераўтварался ў «скансэн» — этнаграфічны музей. Спевы, строі, лён, кудзеля. І гэта няблага, бо без падтрымкі Польшчы як дзяржавы не было б і гэтага. Але ў скансэне не ствараюць нічога новага — у лепшым выпадку захоўваюць тое, што ёсць. А на фоне глабальных працэсаў яно непазбежна размываецца. Тут не робяць гісторыю, тут яе зберагаюць.
25 сакавіка 2023 году ў беларускім ліцэі ў Гайнаўцы, фота з архіву аўтара
«Блізкая Беларусь» па гэты бок жалезнай заслоны
Пры ўсім гэтым Падляшша застаецца надзвычай важным для ўсіх беларусаў. Прычым, незалежна ад таго, ці будзе Беларусь вольнай у бліжэйшы час, ці — сітуацыя замарозіцца на гады. Гэта важна і для Польшчы. Без беларускага каларыту Падляшша — усяго толькі правінцыя, усходні ўскраек з пушчай. У дадатак, гэта праблема расійскамоўных прыехалых беларусаў — што будзе ў іх у галаве, беларускасць ці «рускі мір»?
Падляшша зараз для ўсёй дыяспары — гэта «блізкая Беларусь», па гэты бок жалезнай заслоны. Дзе ёсць карані, гісторыя, пераемнасць. Зямля Каліноўскага, Карпюка, Сакрата Яновіча. Месца, куды можна прыехаць з Гданьска ці Уроцлава, каб паказаць дзецям, як выглядае беларуская вёска. Дзе ёсць арганізацыі са шматгадовай гісторыяй, якія могуць падзяліцца сваёй легітымнасцю ў абмен на свежую кроў і энэргію.
Ніва — газета беларусаў Польшчы, якая выходзіць на Падляшшы — фота Нівы
«Мова нанова» для польскамоўных — чаму не?
Калі казаць пра беларускую адукацыю тут, будзем рэалістамі: без практычнага прыкладання беларускай мовы ў жыцці, працы, бізнесе, гэта не мае надзвычайнага сэнсу. Нават калі нейкім цудам тут паўстане цалкам беларускамоўная гімназія, то куды пасля падзецца яе выпускнікам? Гэта пытанне палітычнае: калі ў Беларусі будзе запатрабаваная беларуская мова, а сама краіна будзе асацыявацца з нечым светлым, тады і адукацыя набудзе сэнс.
25 сакавіка 2023 году ў беларускім ліцэі ў Гайнаўцы, фота з архіву аўтара
Але гэта не адмяняе нефармальнай адукацыі, чаму не? Курсы і семінары — нармальная практыка нашага часу. Не толькі моўныя. Паспрабуй дзіцёнка запіхнуць за школьную лаву ў вольную суботу, пасля навучальнага тыдня, каб вучыцца па-беларуску — фэйл. Але калі гэта будзе нешта накшталт скаўтынгу, школы стральбы з лука ці клубу падарожнікаў, то чаму не? Дзецям не трэба ідэалогія, ім трэба прыгода.
А чаму б не зрабіць тую ж «Мову нанова» для польскамоўных? Для тых прадстаўнікоў этнічнай меншасці, якія ў жыцці гавораць па-польску? Так, тут ёсць такая катэгорыя — роўна як большасць наведнікаў курсаў у Беларусі былі расійскамоўнымі, для чаго, уласна, яно ўсё і рабілася.
Рака Нарва, фота wikipedia.org
«Рэгіянальная ідэя» беларусаў Падляшша: адкрытасць, грошы, мэта
Зрэшты, фіксацыя на адукацыі, дзецях, нават мове сёння выглядаюць слаба. Працуюць нестандартныя гібрыдныя падыходы. Чалавек ходзіць туды, дзе цікава, а не туды, дзе «за ідэю». Музычны фэст не патрабуе ад цябе ідэальнага ведання мовы: ты можаш не чуць ці не разумець словаў песні, але ведаеш, што яна беларуская. Роўна як і спорт: у футбольным ці якім іншым клубе не прынцыповая мова, прынцыпова, як гуляеш і за каго заўзееш.
Свядомасць — куды важнейшая і шырэйшая за мову. Гэта акурат тое, што можа аб’яднаць польскамоўных, расійскамоўных і беларускамоўных беларусаў тут. Што з ліку этнічнай меншасці, што з дыяспары.
Бардаўская восень — фэст які шмат год ладзіцца на Падляшшы, фота фундацыі Tutaka
Фэст Тутака, які прыйшоў на змену Басовішчу —фота фундацыі Tutaka
Дык што трэба для поспеху беларусаў на Падляшшы?
Адкрытасць. Разуменне, што рабіць варта разам, нягледзячы на мову ці пашпарт. Акцэнт на падобным, не на розным.
Грошы. Датацыі з боку Польшчы — добра, але найбольш трывалыя заўжды праекты, за якія людзі плацяць самі. Не будзем прыніжаць сябе, беларусы тут не жабруюць.
Мэта. Сама опцыя мець змогу паехаць у вольную Беларусь — той стрыжань, які надае ўсяму гэтаму сэнс. Без гэтага ў доўгатэрміновай перспектыве і этнічная меншасць, і дыяспара прырэчаныя на размыванне і паланізацыю: мы знікнем. Пра гэта варта памятаць.
Вось, калі хочаце, кампактная «рэгіянальная ідэя» для беларусаў Падляшша. Разам з тым, гэта ўсяго толькі развагі чалавека, які жыве тут крыху больш за год. Калі нехта захоча падыскутаваць — запрашаем!
Алесь Кіркевіч, budzma.org