Беларускія астравы, пра якія вы маглі не ведаць

Беларусь не мяжуе ані з акіянамі, ані з марамі. А таму можа падавацца, што гаворкі пра беларускія астравы і быць не можа. Тым не менш у Беларусі ўсё ж багата выспаў, якія, да таго ж, маюць вельмі цікавую гісторыю. Распавядаем пра самыя вялікія па плошчы беларускія астравы.

Ду

Asviejskajaje voziera

Востраў Ду на Асвейскім возеры з’яўляецца самым вялікім востравам Беларусі. Яго плошча ў пяць квадратных кіламетраў параўнальная з памерамі невялікіх гарадоў краіны, напрыклад, горадам Туравам. 

Адкуль паходзіць старажытная назва Ду (цяпер востраў на картах абазначаецца назвай Востраў), дакладна невядома. Па адной з версій назва Ду звязана з першымі мясцовымі жыхарамі — фіна-вугорскімі плямёнамі, у перакладзе на сучасную мову «Ду» азначае «возера». Згодна з іншай версіяй, на востраве існавала балцкая вёска Ду, назва ў такім разе перакладаецца як «два».

Vostraŭ Du

Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму гэты востраў быў заселены людзьмі і нават меў усё неабходнае для адносна камфортнага жыцця: краму, клуб, электрастанцыю і пачатковую школу. Да пачатку 1970-х гадоў тут існавала вёска з аднайменнай назвай Востраў. Сёння на востраве не засталося ані следу былой прысутнасці чалавека. Востраў мае статус заказніка, тут жывуць дзікія жывёлы, такія як ласі, алені і янотападобныя сабакі, а таксама мноства птушак.

Чайчын

Vostraŭ Čajčyn
Крыніца: wikipedia.org

На Браслаўскіх азёрах, у самым сэрцы возера Струста, размясціўся дзіўны востраў Чайчын — другі па велічыні ў Беларусі. Яго плошча крыху больш за паўтара квадратнага кіламетра. 

Востраў унікальны тым, што мае ўласнае ўнутранае возера. Яшчэ ў XX стагоддзі ён уваходзіў у невялікі архіпелаг разам з выспамі Юркава і Шова. Да сярэдзіны мінулага стагоддзя Чайчын, як і востраў Ду, быў населены, але не меў падобнай інфраструктуры. Тут размяшчалася вёска Востраў Струста, дзе пражывала каля 27 чалавек, якія займаліся пераважна рыбным промыслам. 

Vostraŭ Čajčyn

Чайчын вядомы не толькі сваёй гісторыяй, але і ўнікальнай прыродай. Тут захаваліся рэдкія для Беларусі карэльскія бярозы і ядлоўцы.

Шова

Vostraŭ Šova
Крыніца: wikipedia.org

Там жа, на возеры Струста, на адлегласці ўсяго каля 100 метраў ад вострава Чайчын знаходзіцца яшчэ адна выспа — Шова, якая таксама мела назвы Урвішча і Багатыр. Адметна, што і тут раней, да калектывізацыі, жылі людзі. 

Востраў асабліва вядомы сваім стромкім берагам. Крутыя схілы Шова, якія дасягаюць 25 метраў у вышыню, робяць востраў цяжкадаступным для турыстаў, але ператвараюць яго ў прытулак для дзікіх птушак.

Vostraŭ Šova

Сярод іншых, тут жывуць чайкі, крачкі і кулікі. Унікальнасць Шовы заключаецца не толькі ў яго высокіх берагах, але і ў наяўнасці двух невялікіх унутраных азёр на вяршыні вострава. Гэтыя вадаёмы, якія захоўваюць сваю паўнаводнасць нягледзячы на размяшчэнне, ніжэйшае адносна ўзроўню навакольных вод, дадаюць востраву загадкавасці.

Замак

Vostraŭ Zamak
Krynica: wikipedia.org

На возеры Мядзел, за 10 кіламетраў ад сучаснага горада, знаходзіцца загадкавы востраў Замак — чацвёрты па плошчы востраў Беларусі і найбуйнейшы на гэтым возеры. 

Vostraŭ Zamak

У X-XI стагоддзях тут размяшчаліся драўляныя фартыфікацыйныя збудаванні, якія пазней замянілі на каменныя для ўзмацнення абароназдольнасці. У XIV стагоддзі князь Гедымін згадваў пра Замак у пасланні Рыжскай гарадской радзе. Аднак у XV стагоддзі на востраў прыйшла эпідэмія чумы або халеры, якая, як мяркуецца, была занесена купцамі. Эпідэмія прымусіла людзей пакінуць гэтыя месцы. Так Замак аказаўся закінутым. Археалагічныя раскопкі праводзіліся тут у XX стагоддзі неаднойчы, але востраў да гэтага часу застаецца маладаследаваным.

Турмас

Vostraŭ Turmas

Востраў Турмас на возеры Снуды здаўна служыў часовым прытулкам для рыбакоў. Невялікія памеры выспы не дазвалялі развіць паўнавартасную гаспадарку, але тут жылі тры сям’і, агулам каля 13 чалавек. Яны займаліся пераважна рыбнай лоўляй. Рыбацкае рамяство мясцовых жыхароў асабліва квітнела ў XIX стагоддзі, калі возера было багатае на ракаў, якіх пастаўлялі нават у Прусію. Аднак у пачатку XX стагоддзя ракі тут практычна зніклі. Сёння на востраве можна ўбачыць рэдкія віды раслін, рыб і птушак.

Варта адзначыць, што гэта не адзіныя беларускія выспы. У многіх выпадках астравы з часам сталі незаселеныя, але маюць надзвычай важнае значэнне для захавання розных відаў флоры і фаўны. З гэтай прычыны найчасцей беларускія астравы з’яўляюцца часткай запаведнікаў і нацыянальных паркаў.

К. С., Budzma.org