Топ-10 самых адметных азёраў Беларусі і цікавыя факты пра іх

Беларусь нездарма называюць краем блакітных азёр, іх у нашай краіне больш за 10 тысяч. Кожнае — прыгожае па-свойму. Budzma.org падрыхтавала для вас топ-10 самых адметных азёраў і цікавыя факты пра іх. Чытайце, глядзіце фотаздымкі і натхняйцеся на падарожжы па Беларусі. 


1. Нарач

photo (8 of 15).jpg

Самае вялікае па плошчы возера Беларусі, яно знаходзіцца ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Максімальная глыбіня возера — 24,8 м; плошча — 79,6 км²; даўжыня берагавой лініі — 40 км.

photo (9 of 15).jpg

Возера Нарач узнікла некалькі тысяч стагоддзяў таму, калі адыходзіў ляднік, на шляху якога на поўначы знаходзілася Свянцянская града. Талая вада з ледніка ўтварыла вялікую водную прастору, а пасля зніжэння ўзроўню вады пачала вылучацца азёрная група, адным з іх была Нарач.

Нарач_ПБ.jpg
Фота — planetabelarus.by

У часы нарачанскай аперацыі падчас Першай сусветнай вайны, у сакавіку 1916 года, у ваколіцах загінула каля 78 тыс. чалавек толькі з боку Расійскай імперыі. Аперацыя завяршылася невялікім поспехам, былі вызваленыя Паставы і ваколіцы.

Фатограф Ян Булгак у 1935 годзе выдаў кнігу пад назвай «Нарач — самае вялікае возера ў Польшчы».

photo (12 of 15).jpg

З 1935 па 1939 год тут адбываліся масавыя забастоўкі рыбакоў. Прычынаю стала новая аграрная і падатковая палітыка тагачаснай Польшчы.

2. Возера Доўгае

Самае глыбокае возера Беларусі, знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці і з’яўляецца басейнам ракі Шошы. Глыбіня возера — 53,7 м; плошча — 2,6 км²; даўжыня берагавой лініі — 14,9 км.

Доўгае_ПБ01.jpg
  Фота — planetabelarus.by

Прыродная ўнікальнасць возера — гэта чысціня вады і пражыванне рэдкіх відаў жывёл —паслужыла прычынай таго, што ў 1979 годзе Доўгае было абвешчана гідралагічным заказнікам рэспубліканскага значэння. З тых часоў на возеры забаранілі здабываць рыбу ў прамысловых масштабах і выкарыстоўваць маторныя лодкі. Зараз на возеры можна лавіць рыбу, але толькі платна.

Доўгае_ПБ02.jpg
  Фота — planetabelarus.by

Доўгае карыстаецца папулярнасцю ў дайвераў з-за чысціні вады. Яны называюць возера «беларускім Байкалам». У 2007 годзе дайверы з Мінска пагрузіліся на глыбіню 51,4 м. з мэтаю даследаваць участак старажытнага берага. Тады імі былі знойдзены прадметы побыту старажытных людзей і парэшткі раслінаў, якім можа быць каля 12 тысяч гадоў.

3. Дрысвяты

Самае вялікае возера па даўжыні берагавой лініі (61 км), знаходзіцца на мяжы з Літвою і ў адлегласці 2 кіламетраў да Латвіі. Найбуйнейшае возера на тэрыторыі Літвы, якое было крыніцай вады для Ігналінскай АЭС, пакуль яе не закрылі. Яго плошча — 44,8 кв.км, максімальная глыбиня 33,3 м. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што такая цікавая назва возера бярэ свае карані з фіна-вугорскай мовы — аснова ў назвах Дрысвяты, Дрыса, Дрывяты мае старажытнае фіна-вугорскае паходжанне са значэннем «возера».

Дрысвяты_ПБ01.jpg
Фота — planetabelarus.by

Дрысвяты_ПБ02.jpg
Фота — planetabelarus.by

Дрысвяты_ПБ03.jpg
Фота — planetabelarus.by

4. Дрывяты

дрывяты4.JPG

Адно з самых вялікіх азёр Беларусі. Глыбіня возера — 12 м; плошча — 36,14км²; даўжыня берагавой лініі — 37,6 км.

photo (3 of 15).jpg

Возера мае шэсць выспаў. У вадаём з розных бакоў упадаюць 11 рэк і ручаёў. На ўзровень возера значны ўплыў аказалі меліярацыйныя работы па паглыбленні рэчышча і будаўніцтва плаціны на Друйцы. У 1926 годзе пры ўзроўні 132 метраў плошча возера складала 38,2 км², было 3 астравы. Уздоўж берагоў утварылася шырокая пойменная паласа. У 1958 годзе пры ўзроўні 129 метраў плошча возера — 32,6 км², 11 астравоў. Назва возера мае фіна-вугорскія карані, як і папярэднія Дрысвяты.

photo (4 of 15).jpg

5. Свіцязь

Глыбіня возера — 15 м; плошча — 2,24 км²; даўжыня берагавой лініі 5,15 км.

photo (11 of 15).jpg

Месцічы вераць, што на дне Свіцязі жывуць русалкі, якіх у народзе называюць «Свіцязянкі». Паданні пра гэтае возера ўвайшлі ў творчасць Адама Міцкевіча і Тамаша Зана. Па легендах жа Свіцяць з’явілася ў часы праўлення першага вялікага князя літоўскага Міндоўга ў XIII ст. Сцвярджаецца, што на месцы возера стаяў горад Свіцязь, у якім правіў князь Туран. Падчас вайны з валынскімі князямі князь Міндоўг выклікаў свіцязянскую дружыну на дапамогу для абароны Навагрудка. Свіцязянскі князь Туран пакінуў горад на жанчын, старых і дзяцей. Калі да Свіцязі падышло войска варожых князёў, жыхары Свіцязі вырашылі супраціўляцца, але ўтрымаць горад яны не маглі, таму падпалілі яго. У выніку горад праваліўся пад зямлю, а на яго месцы з’явілася возера.

photo (10 of 15).jpg

6. Асвейскае

Глыбіня возера — 7,5 м; плошча — 52,8 км²; даўжыня берагавой лініі — 33,4 км. Славіцца сваімі астравамі. Адзін з іх (плошчай амаль 5 квадратных кіламетраў) уваходзіць у лік самых вялікіх азёрных астравоў у Еўропе.

photo (15 of 15).jpg

У паўночна-заходняй частцы возера знаходзіцца востраў плошчай 4,85 км², у старажытнасці ён называўся Дунаем. У XIX стагоддзі на востраве была вёска ў 14 двароў, якая згадвалася яшчэ раней у мірных дамовах Маскоўскага княства і Вялікага Княства Літоўскага. У вёсцы знаходзілася царква Раства Прасвятой Багародзіцы. У савецкія часы на востраве быў адзін з паспяховых калгасаў Верхнядзвінскага раёна «Асвейскі», аднак пасля востраў прыйшоў у запусценне, а яго тэрыторыя была прызнаная заказнікам.

photo (14 of 15).jpg

На возеры ёсць мігруючы востраў, мясцовыя старажылы далі яму мянушку «гаспадар». Востраў прыносіць больш шкоды, чым карысці, ён паступова нішчыць тое месца, дзе ён знаходзіцца, а менавіта скарачае плошчу воднай роўнядзі, стварае праблемы рыбакам, робіць існаванне некаторых рэдкіх відаў птушак немагчымым. Пасля 2007 года востраў знаходзіцца ля паўночна-ўсходняга берага.

7. Мястра

Плошча — 13,1 км, даўжыня берагавой лініі — 20,2 км, максімальная глыбіня — 11,3 км. Мястра — суседка Нарачы, злучае іх кароткая пратока ў 0,2 км пад назваю Скема. Цікавая асаблівасць: вельмі рэдка пры доўгім штылевым надвор’і можна назіраць расслаенне воднай тоўшчы на пласты рознай шчыльнасці.

photo (7 of 15).jpg

На паўночна-ўсходнім беразе возера Мястра размешчаны горад Мядзел. Акрамя таго, па берагах вадаёма размяшчаюцца некалькі вёсак: Нікольцы, Гірыны, Качэргі, Гатавічы. Вада возера Мястра выкарыстоўваецца жыхарамі Мядзела і бліжэйшых вёсак для бытавых і гаспадарчых патрэб. Актыўна вядзецца прамысловая і аматарская лоўля рыбы.

photo (6 of 15).jpg

Возера і яго наваколлі з’яўляюцца цэнтрам адпачынку і турызму. Па возеры праходзяць лодкавыя маршруты, арганізоўваюцца штогадовыя спаборніцтвы па спартыўнай рыбалцы. Прыватным асобам забаронена выкарыстанне плаўсродкаў з маторам.

photo (13 of 15).jpg

Патэнцыйную небяспеку для возера ўяўляюць узворванне схілаў і скід каналізацыйных сцёкаў. Гэтыя працэсы здольныя справакаваць разбурэнне не толькі гэтага вадаёма, але ў наступным і Нарачы.

8. Лепельскае возера

ЛепельскаеTarantino.by-2013-Cmok-5-Polack-Lepel-5651.jpg

Плошча — 10,18 км². Найбольшая глыбіня — 33,7 м. Даўжыня — 7,57 км. Найбольшая шырыня — 2,03 км. Плошча вадазбору — 1279,6 км². Даўжыня берагавой лініі амаль 40 км.

Лепельскае_ПБ.jpg
  Фота — planetabelarus.by

У паўднёвай частцы ў возера ўпадае рака Эса, якая з’яўлялася часткай пабудаванай у 1797-1804 гадах Бярэзінскай воднай сістэмы. З поўначы ў возера ўпадае рака Зэха. На возеры ёсць 7 астравоў, агульнай плошчай 6,3 га. У 1958 годзе, калі на рацэ Ула была пабудаваная Лепельская ГЭС, узровень возера падняўся прыкладна на 4 м, што істотна змяніла яго гідралагічны рэжым і канфігурацыю берагавой лініі.

Лепельскае_ПБ02.jpg
  Фота — planetabelarus.by

Па легендзе, лічыцца, што ў возеры жыве цмок. Як ён выглядае, дэтальна апісаў Уладзімір Караткевіч у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

ЛепельскаеTarantino.by-2013-Cmok-5-Polack-Lepel-5552.jpg

9. Рудакова

Невялікае возера Рудакова размяшчаецца непадалёку ад буйнейшых азёр Нарач і Мядзель на паўночным захадзе Мінскай вобласці. Плошча — 0,24 км², максімальная глыбіня — 28,6 м, даўжыня берагавой лініі — 2,01 км. Возера мае высокую празрыстасьць вады — да 5,3 м.

Рудакова_ПБ.jpg
  Фота — planetabelarus.by

Вада ўтрымлівае невялікую канцэнтрацыю срэбра, якое абеззаражвае і чысціць яе. Паводле легенды, на месцы возера раней была царква са срэбнымі купаламі, але яе затапіла вадой, адсюль і срэбра ў возеры. Лічыцца, што купанне ў возеры мае лекавы эфект. Назва возера паходзіць ад праславянскага «руды», што азначала «чырвоны», бо ў возеры жыве мікраскапічная водарасць «Oscilatoria rubescens», якая актыўна развіваецца пад лёдам ранняй вясной, утвараючы масу чырвона-ружовага колеру. Складаецца ўражанне, што чырвоныя аблокі плаваюць пад ільдзінамі ў вадзе ранняю вясной, надаючы ёй незвычайнае чырванаватае адценне.

Штогод на возеры збіраюцца шмат аматараў рыбнай лоўлі, але на маторных лодках перасоўвацца забаронена, таму рыбу можна лавіць або з берага, або на веславых лодках. Турысты прыязджаюць сюды не толькі лавіць рыбу, але і проста адпачыць на пясчаных берагах вадаёма, выкупацца ў чысцюткай вадзе возера.

Пра возера Рудакова напісаў верш беларускі паэт Мікола Кандратаў.

Над возерам Рудакова пасля навальніцы вясёлка над самай вадою нізка крутым паўстае мастом.

10. Гінькава

Возера знаходзіцца ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Нехрысць, адлегласць ад Глыбокага — 33 кіламетра. Плошча Гінькава — 0,51 км², даўжыня берагавой лініі — 4,84 км , максімальная глыбіня — 48,3 м. Гэта трэцяе па глыбіні возера ў Беларусі. Язэп Драздовіч называў яго Гінь-возера.

Гінькава_ПБ.jpg
  Фота — planetabelarus.by

На беразе возера знаходзіцца ўнікальны для нашай раўніннай мясцовасці аб’ект — пячора. «... У 4 вярстах ад сяла Чарневічы, паблізу вёскі Барсукі, знаходзіцца Гінькава возера, на ўзвышаным беразе гэтага возера бачныя разваліны падземнага ходу, сцены якога складаюцца з дробных камянёў, якія залітыя вапнай». Так апісвалі пячору А. Сапуноў і князь В. Друцкі-Любецкі ў сваёй манаграфіі па гісторыі і геаграфіі Дзісненсага і Вілейскага паветаў у 1896 годзе.

пячора.jpg

У возеры водзіцца рыба, якая пахне агурком — стынка — азёрны падвід корушкі. Свежавылаўленая стынка пахне не толькі рыбай, але і свежым агурком. Праўда, пасля тэрмаапрацоўкі пах агурка знікае.

Падрыхтаваў Алесь Масевіч, Budzma.org 

У артыкуле выкарыстаныя фотаздымкі з сайта planetabelarus.by, дзе зараз прадстаўлена больш за 700 азёраў, і пастаянна дадаюцца новыя.