Вільня шмат стагоддзяў была сталіцай ВКЛ і адным з галоўных гарадоў Рэчы Паспалітай. Таму амаль усе знакамітыя магнацкія фаміліі Вялікага Княства будавалі тут свае рэзідэнцыі. Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Пацы, Гаштольды, Тышкевічы, Агінскія ды іншыя гаспадыры ВКЛ мелі у Вільні палацы, часам адразу некалькі. Не ўсе яны дажылi да нашых часоў, а тыя, што захавалiся, шмат разоў перабудоўваліся, мяняліся знутры і звонку, але працягваюць заставацца цікавымі месцамi для наведвання. У чарговым артыкуле пра беларускія мясціны Вільні "Новы Час" узгадвае тыя з віленскіх палацаў, што найбольш звязаныя з беларускай гісторыяй.
Палацы Радзівілаў
Радзівілы — напэўна, самы знакаміты вялікалітоўскі арыстакратычны род. На працягу ўсёй гісторыі ВКЛ, Рэчы Паспалітай, а затым і Расійскай імперыі яны нязменна заставаліся сярод найбагацейшых магнатаў. Ніводная іншая фамілія ня мела столькі сваіх прадстаўнікоў на найвышэйшых дзяржаўных пасадах, як род Радзівілаў. У Вільні ў розныя часы ім належала як мінімум 9 палацаў, мы узгадаем некалькі з іх, захаваўшыяся да нашага часу.
Пачнем мы з палацу Радзівілаў на вуліцы Віленскай (Vilniaus, 24). Напрыканцы XVI стагоддзя на гэтым месцы быў драўляны палац Мікалая Радзівіла Чорнага. Замест яго ў сярэдзіне XVII стагоддзя архітэктар Ян Ульрых па замове ваяводы віленскага, вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла пабудаваў новы вялікі палац. П-падобны ў плане, рэнесансных форм і маньерыстычнага дэкору будынак складаўся з чатырох двухпавярховых карпусоў, якiя былі злучаны па вуглах пяццю трохпавярховымі павільёнамі. Унутраны двор з паўднёва-заходняга боку (сучасная вуліца Vilniaus) быў абнесены невысокай мураванай агароджай з дзвюма брамамі. У той час гэта быў адзін з найпрыгажэйшых палацаў Вільні, але ж радаваў ён гаспадароў нядоўга. Пажары падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай ды Паўночнай вайны моцна пашкодзілі будынак. У 1807 годзе тагачасны гаспадар Дамінік Геранім Радзівіл перадаў закінутую нежылую пабудову Віленскаму філантрапічнаму таварыству, у распараджэнні якога палац знаходзіўся да 1940 года. За гэты час значная яго частка была знесеная — калі ў 1967 годзе пачаліся рэстаўрацыйныя работы, заставаліся толькі два карпусы (паўночны і ўсходні) і адзін — паўночны — павільён. У 1984 годзе быў адбудаваны другі — заходні — павільён. У 1990 годзе ў адноўленай частцы палаца Радзівілаў быў створаны філіял Літоўскага мастацкага музея, з 2020 года там месціцца пастаянная экспазіцыя «Пратэснае мастацтва: паўстанні савецкай эпохі», дзе прадстаўлены працы літоўскіх і расейскіх мастакоў савецкіх часоў (1960–1980 гг.), а таксама праходзяць выставы. Рэканструкцыя палаца не скончаная дагэтуль, зараз ідуць працы па распрацоўцы праекту маштабнай рэстаўрацыі ўсяго комплекса.
Крыху далей па той жа Віленскай вуліцы месціцца яшчэ адзін палац Радзівілаў — так званы Малы (Vilniaus, 41). У XVI стагоддзі на гэтым месцы стаялі трі аднапавярховых гатычных будынка, якія ў першай палове XVII былі перабудаваны і злучаны ў адзін палац. Есць меркаванне, што архітэктарам быў італьянец Канстанціна Тэнкала, аўтар капэлы святога Казіміра ў Кафедральным саборы і касцёла святой Тэрэзы. Каму належаў палац у той час, Радзівілам ці камусьці яшчэ — дакладных звестак няма. Але ж вядома, што пасля пажару і рэканструкцыі ў 1748 годзе будынак ужо належаў гетману вялікаму літоўскаму Міхаілу Казіміру Радзівілу «Рыбаньцы». У 1796 годзе палац быў перабудаваны пад Віленскі гарадскі тэатр (перабудовай кіраваў архітэктар Пьетро де Росі, таксама італьянец), які дзейнічаў тут да 1810 года, пакуль не пераехаў у будынак ратушы.
У 20-я гады XX стагоддзя ў былым палацы Радзівілаў месціўся шэраг беларускіх устаноў: Беларускі кааператыўны банк, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускае кааператыўнае таварыства «Пчала», рэдакцыі дзіцячага часопіса «Заранка» і сельскагаспадарчага «Саха». Тут жа ў другой палове 1920-х жыў ідэолаг беларускага адраджэння, адзін з заснавальнікаў БНР Антон Луцкевіч. З 1965 года ў будынку зноў месціўся тэатр, а ў 1995 годзе сюды пераехаў Літоўскі музей тэатру і кіно, які працуе і зараз.
Палац Хадкевічаў
Род Хадкевічаў з другой паловы XV стагоддзя адносіўся да буйнейшых магнатаў ВКЛ і, пазней, Рэчы Паспалітай. У часы росквіту сваёй магутнасці ў XVI-XVII стагоддзях Хадкевічы валодалі шматлікімі маёнткамі ў розных кутках Вялікага Княства, а пасля Люблінскай уніі — яшчэ і ў Польскім Каралеўстве, на Валыні і Кіеўшчыне (вылучаўся абшарам маёнтак Чарнобыль). Ім належалі некалькі замкаў (у Быхаве, Ляхавічах, Шклове і Копысі) і палац ў Вільні, пра які і пойдзе гаворка.
Каменныя будынкі на месцы сучаснага палацу на вуліцы Вялікай (Didžioji g. 4) стаялі ўжо ў XVI стагоддзі. На мяжы XVI-XVII стагоддзяў род Хадкевічаў узвёў тут умацаваную гарадскую рэзідэнцыю з унутраным дваром і вежамі. У наступныя два стагоддзі палац пашыраўся, некалькі разоў перабудоўваўся пасля пажараў і войн. Напачатку XIX стагоддзя перайшоў да Пуслоўскіх, пры якіх быў рэканструяваны (прыблізна ў 1825-1834 гг), набыўшы сучасны выгляд у стылі позняга класіцызму.
З 1994 года ў палацы Хадкевічаў месціцца Віленская карцінная галерэя — філіял Мастацкага музея Літвы. Яе калекцыя налічвае больш за дзе з паловай тысячы карцін XVI — пачатку XX стагоддзя. Тут ёсць выяўленчае мастацтва Вялікага княства, працы прадстаўнікоў Віленскай мастацкай школы, творы літоўскіх, беларускіх, польскіх мастакоў другой паловы XIX стагоддзя. Частка залаў галерэі — інтэр’ерныя, абсталяваныя ў стылі шляхецкіх маёнткаў XIX стагоддзя.
Палац Сапегаў
Другім па значнасці магнацкім родам ВКЛ былі Сапегі. І, як амаль кожны другі, яны заўсёды імкнуліся стаць першымі. Гэта амаль атрымалася напрыканцы XVII стагоддзя, калі Сапегі ўзмацніліся настолькі, што фактычна кіравалі ВКЛ. Гэта ў выніку прывяло да грамадзянскай вайны ў Вялікім Княстве, дзе супраць Сапегаў змагалася аб’яднаная кааліцыя Радзівілаў, Агінскіх, Вішнявецкіх, Пацаў ды сярэдняй шляхты. Кааліцыя ў выніку перамагла, магутнасць Сапегаў была сур’ёзна падарваная, хаця яны працягвалі заставацца адной з галоўных магнацкіх фамілій Рэчы Паспалітай.
Палац Сапегаў на Антаколі (вул. Sapiegos, 3) быў пабудаваны ў апошняй дэкадзе XVII стагоддзя, у час максімальнага ўзмацнення роду, гетманам вялікім літоўскім Казімірам Янам Сапегам. Раней тут стаяў драўляны маёнтак Льва Сапегі, канцлера ВКЛ і вялікага гетмана літоўскага, стваральніка трэцяга Статута ВКЛ. На ягоным месцы і быў пабудаваны велічны барочны палац з паркам. Унутраныя інтэр’еры палаца стваралі найлепшыя віленскія майстры таго часу — італьянцы П’етра Перці (выбітны італьянскі барочны скульптар і архітэктар, адзін з вядучых еўрапейскіх скульптараў пачатку XVIII стагоддзя, ён раней дэкараваў касцёл святых Пятра і Паўла; па некаторых звестках, ён таксама быў архітэктарам палацу) і Мікеланджэла Палоні. Сапегам палац належаў наступныя сто з лішкам гадоў, пакуль у 1809 годзе будынак не набылі расейскія ўлады, якія перабудавалі яго пад шпіталь. Наступныя два стагоддзі ў будынку, які паступова прыходзіў у заняпад, дзейнічалі розныя медычныя установы — вайсковы шпіталь, шпіталь універсітэта Стэфана Баторыя, інстытут афтальмалогіі Віленскага ўніверсітэта, зноў вайсковы шпіталь, клініка імя Сапегаў. Зараз палац на рэстаўрацыі, якая цягнецца ўжо больш за дзесяць гадоў.
Палац Слушкаў
Непадалёк ад палацу Сапегаў, на вуліцы Касцюшкі (Kosciuškos, 10), знаходзіцца яшчэ адзін палац, пабудаваны і дэкараваны П’етра Перці прыкладна ў той жа час, што і палац Сапегаў, у апошняе дзесяцігоддзе XVII стагоддзя. Замоўнікам будоўлі быў полацкі ваявода Дамінік Слушка, які для ўзвядзення палаца загадаў насыпаць штучны паўвостраў на рацэ Вілія. Цікава, што Перці ў 1689-1701 гадах быў прыдворным архітэктарам Казіміра Яна Сапегі, а Дамінік Слушка разам са сваім старэйшым братам, кашталянам троцкім і віленскім, гетманам польным літоўскім Юзафам Багуславам выступаў супраць Сапегаў і быў адным з камандуючых шляхецкага апалчэння ў вырашальнай бітве пад Алькенікамі, дзе Сапегі пацярпелі паразу. Палац атрымаўся адным з лепшых у Вільні на той момант — менавіта тут спыняліся пад час візітаў у горад польска-літоўскія ўраднікі (былая вялікакняская рэзідэнцыя, Ніжні замак, была моцна пашкоджаная падчас вайны з Масковіяй у 1655 годзе і не магла выконваць свае функцыі), у 1705 і 1709 гадах, падчас Паўночнай вайны, тут спыняўся расейскі цар Пётр I. Гэта быў прастакутны двухпавярховы будынак з чатырма масіўнымі трохпавярховымі бакавымі вежамі. Фасад упрыгожвалі велізарныя іянічныя пілястры, столь адной з залаў была шкляной, а над ёй быў абсталяваны акварыум, у якім плавалі рыбы. Палац акружаў парк італьянскага тыпу з каналамі, сажалкамі, фантанамі і экзатычнымі раслінамі. Уваход на тэрыторыю палаца быў з боку цяперашняй вуліцы Касцюшкі праз браму.
Пасля смерці Дамініка Слушкі ў 1719 годзе палац перайшоў у валоданне Патоцкіх, у 1727 годзе — да Пузынаў, з 1745 году — зноў Патоцкіх. У 1756 годзе палац Слушкаў набылі манахі ордэна піяраў, якія арганізавалі тут калегіюм і друкарню. У 1766 годзе будынак купіў гетман вялікі літоўскі, кампазітар, паэт і мецэнат Міхал Казімір Агінскі, які адрэстаўраваў яго паводле праекту архітэктара П’етра Росі. У 1791 годзе Міхал Казімір перадаў амаль усе свае маёнткі, у тым ліку і віленскі палац, далёкаму сваяку Міхалу Клеафасу Агінскаму, аўтару знакамітага «Паланэзу». Падчас паўстання Касцюшкі тут дзейнічаў штаб паўстанцаў. Пасля паразы паўстання палац, як і іншую ўласнасць Агінскіх, канфіскавалі расейскія ўлады, якія ператварылі яго ў даходны дом. У 1803 годзе будынак набыў купец Дамінік Зайкоўскі, які размясціў тут бровар і лесапілку. У 1831 годзе былы палац выкупілі ўлады, пасля чаго тут месціліся казармы, ваенны лазарэт ды склады амуніцыі. У гэты час будынак перабудавалі, знішчыўшы арыгінальны інтэр’ер і экстэр’ер, першы паверх падзялілі на два, дадаўшы драўляныя перакрыцці (пазней, у 1895-98 гадах, тое ж зрабілі і з другім паверхам, зрабіўшы ў выніку будынак чатырохпавярховым). З 1872 году былы палац пачалі выкарыстоўваць у якасці ваеннай турмы. Турма тут была таксама ў міжваенны час пры польскіх уладах, пасля Другой сусветнай вайны ў былым палацы трымалі палонных немцаў. Напрыканцы 1950-х будынак рэканструявалі і да 2002 года тут месцілася ПТВ, зараз у палацы размяшчаецца факультэт тэатра і кіно Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра.
Палац Пацаў
Яшчэ адзін віленскі палац, да якога, верагодна, спрычыніліся П’етра Перці ды ягоны цесць Мікеланджэла Палоні, — гэта палац Пацаў (Didžioji, 7). Яго пабудавалі ў 70-х гадах XVII стагоддзя па замове вялікага гетмана літоўскага, ваяводы віленскага Міхала Казіміра Паца, фундатара касцёла святых Пятра і Паўла. Наступныя паўтары стагоддзі палац належаў дынастыі Пацаў — буйнога магнацкага роду, у другой палове XVII стагоддзя, падчас аслаблення Радзівілаў — другога па ўплыву пасля Сапегаў. У 1688 тут спыняўся кароль Ян Сабескі, у 1812 годзе ладзіліся банкеты ў гонар спачатку расійскага імператара Аляксандра І, а потым — Напалеона Банапарта. У 1822 годзе палац быў месцам тайных збораў філарэтаў — патаемнага патрыятычнага аб’яднання віленскіх студэнтаў, у якое ўваходзілі Адам Міцкевіч, Томаш Зан, Ян Чачот, Ігнацій Дамейка. Апошні ўладальнік палаца з роду Пацаў, Людвік Пац, удзельнічаў у паўстанні 1830-31 гадоў і пасля ягонай паразы быў вымушаны эміграваць, а ўсю ягоную маёмасць канфіскавалі. З 1837 года ў палацы месціўся штаб Віленскай вайсковай акругі, падчас першай сусветнай вайны тут былі расквартыраваны нямецкія жаўнеры, а ў міжваенны час — зноў вайсковы штаб, на гэты раз Віленскага ваяводства. Пасля вайны ў будынку размяшчаліся розныя ўстановы міністэрстваў унутраных спраў і аховы здароўя. З 2018 года, пасля буйной рэканструкцыі, падчас якой на фасад вярнуўся герб Пацаў, у былым палацы месціцца гатэль Pacai. Унутры захаваліся і былі адкрытыя падчас рэстаўрацыі фрагменты інтэр’ераў, пачынаючы з ХVII стагоддзя.
Палац Бжастоўскіх
У 1667 і 1669 гадах вялікі пісар літоўскі, дыпламат ВКЛ у час вайны Рэчы Паспалітай з Расеяй (1654-67) Цыпрыян Павел Бжастоўскі набыў два дамы на перакрыжаванні вуліц Дамініканскай і Універсітэцкай (Dominikonų, 18 /Universiteto, 2) і аб’яднаў іх у адзін будынак. 3 1760-га тут уладарыў ягоны нашчадак — пісар і рэферэндар Вялікага княства Павел Бжастоўскі, заснавальнік так званай «Паўлаўскай рэспублікі» — сацыяльнага эксперымента па стварэнні сялянскай самакіраванай рэспублікі ў адным асобна ўзятым маёнтку. Пры ім будынак набыў сваё сучаснае аблічча пасля перабудовы 1769 года паводле праекта славутага віленскага архітэктара Марціна Кнафкуса. Неўзабаве палац быў прададзены падкаморыю жамойцкаму Якубу Нагурскаму, а пасля яго смерці ў 1802 годзе ўладальнікам палаца стаў Міхал Клеафас Агінскі, аўтар паланэза «Развітанне з радзімай». Ягоныя нашчадкі валодалі палацам цягам наступнага стагоддзя. Напрыканцы XIX-пачатку XX стагоддзя тагачасны ўласнік палаца Міхал Агінскі здаваў тут кватэры гараджанам. Адну з іх займаў урач, краязнаўца, фатограф і грамадскі дзеяч Уладзіслаў Загорскі.
Цяпер у будынку месцяцца аптэка, оптыка і прыватныя кватэры.
Палац Тызенгаўза
Па некаторых звестках, будынак на перакрыжаванні сучасных вуліц Нямецкай і Трокскай (Vokieciu gatvė, 28/ Trakų g. 17) у першай палове XVI стагоддзя належыў Гаштольдам, магутнаму магнацкаму роду, сваякам і супернікам Радзівілаў. Ад апошняга з іх, Станіслава Гаштольда, сына канцлера вялікага літоўскага Альбрэхта Гаштольда будынак перайшоў у спадчыну ягонай удаве, будучай вялікай княгіне літоўскай і каралеве польскай Барбары Радзівіл. Напрыканцы XVII стагоддзя будынак ужо належаў шляхецкаму роду Тызенгаўзаў. У 70-я гады XVIII стагоддзя фінансіст, мецэнат і асветнік Антоні Тызенгаўз, гарадзенскі стараста і асабісты сябра апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага пабудаваў на месцы старога будынка новы класічны палац. Аўтарам праекта перабудовы верагодна быў галоўны архітэктар Вялікага Княства Джузэпэ дэ Сака. Пасля смерці Тызенгаўза ў 1785 годзе палац перайшоў да ўдавы генерала фон Фітынгофа, пры якой набыў сучаснае аблічча з манументальнымі класічнымі фасадамі і сіметрычнай кампазіцыяй. Аўтарам праекта рэканструкцыі лічыцца архітэктар Марцін Кнафкус. У другой палове XIX стагоддзя першы паверх палацу быў прыстасаваны пад крамы. У XX стагоддзі ў міжваенны час на другім і трэцім паверхах быў гатэль. Палац быў моцна пашкоджаны падчас Другой сусветнай, ад яго захаваліся адны сцены. Але ж, у адрозненні ад шматлікіх іншых будынкаў на Нямецкай вуліцы, будынак узнавілі і рэканструявалі. У пасляваенныя часы там былі жылыя кватэры, зараз у асноўным офісы.
Палац Абрамовічаў
Яшчэ адзін будынак, якi пабудаваны па праекту Кнафкуса, магчыма, з’яўляецца адной з самых прыгожых яго прац. Гэта палац Абрамовічаў на вуліцы Вялікай (Didžioji g. 36) побач з касцёлам святога Казіміра і ратушай. Палац у стылі ранняга класіцызму быў узведзены ў самым пачатку XIX стагоддзя прадстаўнікамі шляхецкага роду Абрамовічаў. Але ўжо ў 1815 годзе палац набывае ў падарунак дачкам хтосьці з Ваньковічаў, у 1840 годзе палац пераходзіць да графа Мастоўскага. У 1844 годзе расейскія ўлады ператвараюць касцёл святога Казіміра ў праваслаўны кафедральны сабор Святога Мікалая, а палац Абрамовічаў пераходзіць да праваслаўнага архірэя, мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі), знішчальніка Уніяцкай царквы. Праваслаўнай кансісторыі палац належаў да 1915 года. У 1914-1915 гадах тут жыў архіепіскап Віленскі і Літоўскі Ціхан (Белавін), будучы патрыярх Маскоўскі і ўсёй Расіі, непрымірымы крытык савецкай улады.
Зараз у будынку месціцца Віленская кансерваторыя.
Палац Тышкевічаў
Пра «дом пад балванамі» на рагу вуліц Завальнай і Троцкай (Trakų, 1/ Pylimo, 26) мы згадвалі ў артыкуле пра пяць стагоддзяў беларускага друку ў Вільні. У XV стагоддзі ў гэтым месцы стаяў дом князёў Жылінскіх, пазней, пасля смерці апошняга з Жылінскіх у 1602 годзе, ён перайшоў да шляхецкага роду Карпаў. У 1783 годзе тут быў узведзены палац у стылі позняга класіцызму, як мяркуецца — па праекце архітэктара Лаўрына Гуцэвіча, аўтара сучаснага выгляду Кафедральнага сабора ды гарадской ратушы. Пасля таго, як Іаана Карп выйшла замуж за Міхала Юзафа Тышкевіча, пачынальніка біржанскай галіны роду, будынак стаў вядомы як палац Тышкевічаў.
Палац зведаў некалькі рэканструкцый у XIX стагоддзі, падчас якіх набыў эклектычныя рысы і тых самых «балванаў» — статуі атлантаў, што падтрымліваюць партал з балконам з боку Троцкай вуліцы.
Гісторык і краязнавец Яўстах Тышкевіч, адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі, захоўваў тут частку сваіх археалагічных збораў, якія сталі асновай для першага беларускага музея — Віленскага музея старажытнасцяў. У 1863 годзе тут збіраліся паўстанцы Каліноўскага, хоць сам Тышкевіч у паўстанні не ўдзельнічаў. Але ж расійскія ўлады ўсё роўна секвестравалі ягоны палац пасля падаўлення паўстання.
Потым тут змяшчаўся акруговы суд, дзе з 1884 да 1898 года працаваў адвакатам Францішак Багушэвіч. У канцы XIX стагоддзя палац набыў Адольф Вэндарф. У 1907 годзе ў былым палацы месцілася рэдакцыя «Нашай Нівы» і менавіта тут некалькі тыдняў працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела Якуб Колас, пакуль не быў вымушаны з’ехаць з Вільні паводле загаду паліцыі.
Пасля Першай сусветнай вайны ўладальнікам палаца стаў старшыня сіндыката працаўнікоў друку Канстантын Буконскі, які быў жанаты на дачцы Адольфа Вэндарфа. У будынку размяшчаліся пякарня і хлебная крама. У савецкія часы ў будынку працавала Віленская спецыяльная сярэдняя школа падрыхтоўкі начальніцкага складу МУС СССР імя Юозаса Барташунаса. Пазней тут знаходзілася Віленская вучэльня права, а з 1997 году месціцца архітэктурны факультэт Віленскага тэхнічнага ўніверсітэту імя Гедыміна.
Зараз у будынку рамонт.
Палац на вуліцы Святога Яна
Таксама мы пісалі пра змяніўшы шмат уладальнікаў палац на вуліцы Святога Яна (Šv. Jono, 3). Упершыню будынак на гэтым месцы згадваецца ў канцы XVI стагоддзя, калі яго набыў стараста генеральны жамойцкі Геранім Валовіч. У наступным стагоддзі палац спачатку перайшоў ва ўладанне Радзівілам, затым Казіміру Льву Сапегу, сыну канцлера ВКЛ Льва Сапегі, і, нарэшце, у сярэдзіне XVII стагоддзя, стаў уладаннем роду Пацаў, якім належаў да канца XVIII стагоддзя. Пры іх палац гарэў і зноў адбудоўваўся ў 1655 і 1748 гадах. У 1783 годзе будынак зноў перайшоў да Сапегаў — састарэлы палац купіў канцлер вялікі літоўскі Аляксандр Міхаіл Сапега, які цалкам адрамантаваў і ўпрыгожыў яго. Пасля паўстання ў 1831 года палац быў канфіскаваны ў тагачаснага ўладальніка генерала Францішка Сапегі царскімі ўладамі. Тут размясцілася рэзідэнцыя губернатара Літоўска-Віленскай губерні. У другой палове XIX стагоддзя ў будынку месцілася друкарня, дзе выходзілі газеты «Виленские губернские ведомости» і «Виленский вестник». Рэдактарам і выдаўцом апошняй з 1860 па 1865 гады быў гісторык, этнограф, археолаг Адам Ганоры Кіркор. Пры ім з газетай супрацоўнічалі лепшыя літаратары, навукоўцы і публіцысты літоўска-беларускіх губерняў Расійскай імперыі — Уладзіслаў Сыракомля, Мікалай Маліноўскі, Тэадор Нарбут, браты Канстанцін і Яўстах Тышкевічы, Юзаф Крашэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і іншыя. Газета была вельмі папулярнай, мела каля 3 тысяч падпісчыкаў, а рэдакцыя была адным з цэнтраў культурнага жыцця Вільні.
З 1912 года ў будынку, перабудаваным па праекце архітэктара Соніна, знаходзіліся рускі дваранскі сход і рэстаран «Русский мир». Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады ператварылі былы палац y Дом культуры сувязістаў. Сёння ў будынку месціцца амбасада Польшчы ў Літве.