«Канцэрты гэтага тура дакладна стануць апошнімі ў гэтым годзе, таму што можам паведаміць неверагодную навіну — мы чакаем дзіця. Пасля тура „Bestiarium“ сыходзім у дэкрэт да 2027 года. І ў тым ліку таму ў гэтым туры мы факусуемся на беларусах, вельмі моцна хочам бачыць іх на нашых канцэртах, бо нейкі час будзем без асабістага кантакту», — так пачынаецца размова з Надзеяй і Уладзімірам, лідарамі гурта Irdorath, напярэдадні выхаду новага альбома і пачатку тура.
Гурт Irdorath на канцэрце ў Вільні, 2024 г.
— «Будзьма» віншуе вас з гэтай цудоўнай навіной! І таксама з выхадам новага альбома, які, як я разумею, ствараўся даволі доўга. Адразу пасля выхаду на волю вы казалі, што думаеце пра новы матэрыял.
Уладзімір Калач: Альбом «Bestiarium» — вытрыманы прадукт, можна так сказаць.
Надзея Калач: А я б сказала, што гэта вельмі складаны і глабальны прадукт, на стварэнне якога пайшло шмат гадоў. Ён быў задуманы яшчэ ў 2019 годзе, калі да нас прыйшло ўсведамленне таго, што мы — беларусы, што мы хочам дэманстарваць нашу культуру ў Еўропе, дзе мы пастаянна гастралявалі. Асабліва часта ў Германіі, Італіі, Нідэрландах — мы былі, можна сказаць, флагманамі беларускай культуры там.
Уладзімір: Я б сказаў, амбасадарамі.
Надзея Калач
Надзея: Ну так, можа, так лепш назваць. З беларусаў тады на фэстах нашага накірунку ў Еўропе выступалі толькі мы — тысячы людзей выпадкова сустракалі нашу культуру. Калі людзі пыталіся: «А што гэта? А пра што гэта? А дзе больш пра гэта пачытаць?», мы не маглі параіць ім нейкі англамоўны рэсурс на такую тэму.
І мы тады яшчэ прыдумалі, што нам трэба зрабіць альбом на беларускай мове і да яго — кнігу-білінгву з тлумачэннямі. Альбом і кнігу, дзе беларуская культура прадстаўлена з нашага пункту гледжання — у лютай сумесі паганства і хрысціянства.
Дзе ёсць тлумачэнне, што гэта за персанаж у нашай песні, дзе ёсць тлумачэнне нейкіх момантаў з беларускай культуры. Напрыклад, калі гэта песня пра русалку, то мы распавядаем у кнізе, што такое русальны тыдзень у тым ліку.
Дзе ёсць і нашы ўласныя філасофскія разважанні, пытанні і гэтак далей. То-бок гэта такая комплексная праца, каб еўрапейцы, якія выпадкова пазнаёміліся з намі і закахаліся ў нашу музыку, маглі пайсці і проста па поўнай пагрузіцца ў незнаёмую для іх культуру.

Кніга-альбом «Бестыярыум»
«Будзьма»: Але потым прыйшлі рэвалюцыя і пераслед.
Надзея: Так, гэтая праца была перапынена ў 2021 годзе, калі нас затрымалі, а потым судзілі. З таго часу, як мы апынуліся ў Германіі, усё, што мы рабілі, вяло да завяршэння таго, што было задумана яшчэ тады.
Мы наноў сабралі групу, знайшлі студыю, зрабілі рэальнымі песні, якія былі напісаныя мной у турме. Мы пачалі іх граць і шліфаваць.
Мы падавалі розныя заяўкі на фінансаванне, таму што нам хацелася зрабіць працу якасна.
Наколькі мы замарочыліся, можна ўявіць па гісторыі з барабанамі — у нас там гучаць не сэмплы, гэта барабаны, якія гучалі ў музыцы Irdorath шмат гадоў. Яны былі, так бы мовіць, скантрабандаваныя з Беларусі, перавезеныя на вельмі крутую студыю, дзе стаіць шмат ударных установак, у дзясяткі разоў даражэйшых за нашу. І мы прыйшлі — адзіныя за ўсю гісторыю гэтай крутой барабаннай студыі — і сказалі: «Зафіксуйце, калі ласка, унікальнасць гучання нашай уласнай барабаннай устаноўкі!».
Таму праца над альбомам заняла шмат гадоў. Але ў тым ліку і таму гэта будзе бомба і артэфакт беларускай культуры, які, як нам падаецца, важны не толькі еўрапейцам, але і самім беларусам!
Наша фокус-група, скажам так, у тым ліку члены каманды, часта не ведала вельмі многіх рэчаў. Напрыклад: «О, а хто такая Лойма? А што гэта за Стаўры і Гаўры?».
Увогуле мы ўпэўненыя — гэта круты артэфакт беларускай культуры, імерсіўны і шматпластовы.
«Будзьма»: Запісваліся ў Берліне?
Уладзімір: Мы пісаліся ў некалькіх студыях. Мы вырашылі не везці нашы барабаны ў Варшаву і знайшлі тут студыю гуказапісу, якая спецыялізуецца менавіта на ўдарных. Гэта TimTon Studio Б’ёрна Цімермана — дастаткова вядомай асобы ў фолкавай і медыевальнай сцэне і ўвогуле ў музычнай індустрыі.
Ён, у сваю чаргу, таксама прыняў удзел у запісе альбома. Проста паслухаў матэрыял, паглядзеў, як мы працуем, і сказаў, што не можа стрымацца — прапанаваў нам запісаць сваё перкусійнае бачанне.
Ён стварае неверагодныя барабанныя ўстаноўкі. Увогуле Б’ёрн проста не вытрымаў і сказаў: «Можна я ў вас сыграю?». Ён будзе пазначаны як адзін з гасцей у альбоме. Атрымалася спантанная калабарацыя.
А астатнія інструменты і вакалы мы запісвалі ў нашай дарагой і любімай Everest Media Studio, якая працавала ў Мінску і на якой мы запісвалі наш Dreamcatcher у 2015 годзе. Потым ім, як і многім беларусам, давялося з’ехаць з краіны. Цяпер Павел Сініла, кіраўнік студыі, працягвае працу ў Варшаве. І ў нас не было сумневаў, у каго запісваць альбом.
Надзея: Мы запісвалі «Зорамі» там, калі вярнуліся з турмы. Гэта знакавае для нас месца.
На канцэрце ў Вільні, 2024 г.
«Будзьма»: Як можна працягваць працу над музычным альбомам у турме?
Надзея: Мы трапілі ў турму, можна сказаць, у самым разгары працы над гэтым альбомам. У той час мы вывучалі міфалагічныя тэксты, пагружаліся ў матэрыял, распрацоўвалі лінейку персанажаў — каго мы абяром для альбома і гэтак далей. І вось калі апынуліся ў турме, жыццё, мякка кажучы, стала не вельмі.
Каб не звар’яцець, каб проста не канцэнтравацца на тым, у якой сітуацыі аказаліся, каб неяк сысці ва ўнутраную эміграцыю, ці што, не ведаю, каб проста выратавацца, мы, знаходзячыся кожны ў розных кропках Сусвету, засяродзіліся не на пакутах і не на самажальбе. Мы сканцэнтраваліся на стварэнні, на працягу творчасці.
Але права на перапіску нам далі толькі на другі год. Праз год і месяц, калі быць дакладнымі. І мы адразу ж пачалі абмяркоўваць працяг працы.
Надзея і Уладзімір Калач. Фота: Anastasia Kodis 2025
«Будзьма»: Абмяркоўваць?
Надзея: Так, абмяркоўваць. Гэта значыць, што я пішу ліст мужу, ён ідзе праз дзве цэнзуры два тыдні ў адзін бок. Уладзімір нешта адказвае — і два тыдні адказ ідзе назад. Вось такая праца.
Тым не менш я там на прымусовых працах, у тым ліку на пашыве гэтай міліцэйскай формы, пад гукі фабрыкі сядзела і канцэнтравалася на тэкстах. Я вельмі добра вывучыла бібліятэку калоніі, брала ўсё, што толькі можна, на беларускай мове. Шукала, бо мне не хапала лексікі, я паглыблялася ў тэму як магла.
Там было столькі цудоўных момантаў, нягледзячы на месца і абставіны. Напрыклад, я выходзіла на фабрыцы на перакур — там былі моманты, калі людзі з розных атрадаў маглі бачыцца. І я закідвала нейкае пытанне, напрыклад: як правільна сказаць па-беларуску тое ці іншае слова, не вельмі ўжыванае або старажытнае. І сыходзіла. На наступны дзень я слухала здагадкі і версіі перакладу ад дзяўчат. Без Google Translate, аказваецца, часам цяжка жыць.
Я запісвала тэксты на плотарнай паперы з-пад лекалаў — такой фабрычнай паперы для выкраек. Запісвала, выразала, каб гэта выглядала як крафтавая папера, таемна выносіла з фабрыкі і ўкладвала ў лісты Уладзіміру.

«Будзьма»: А як з мелодыямі — высылалі ноты?
Надзея: Там нельга было пісаць ноты, лісты з нотамі знішчалі, бо гэта нібыта шыфр. Уладзімір атрымліваў лісты з апісаннем музыкі і мелодыі словамі — апісальныя рэферэнсы, нейкія метафары.
Уладзімір: Гэта было складана і доўга. Бо ў працэсе перапіскі мы абмяркоўвалі, якія персанажы будуць удзельнічаць у альбоме, як, кім і з якога боку яны будуць апісаныя. Бо можна ж зрабіць гэта ад імя самога персанажа, ад імя ахвяры персанажа або ад імя старонняга назіральніка.
І мы з Надзяй, як высветлілася, часам зусім па-рознаму ўсё гэта чулі. Мы зразумелі гэта, калі сустрэліся на волі. Мне, шчыра кажучы, было вельмі складана пазнаць гэтыя песні і прыняць тое, як чуе Надзя. Бо ў мяне на працягу прыкладна паўгода складваліся адны вобразы: ты ўжо прыкладна ведаеш, якое відэа пад гэта можна здымаць, якія інструменты будуць гучаць, у якім рытме, з якім характарам.
І тут Надзя спявае мне зусім іншыя мелодыю і рытм. У мяне ўсё, што было выбудавана раней, проста ламаецца. З гэтым было трохі цяжкавата змірыцца, але тым не менш мы справіліся. Надзя ў нас адказвае за гук, я — за візуальную частку.
Надзея: Надзя — вуха, Уладзімір — вока.
Уладзімір: Так. Мая задача была знайсці графічную мову, адчуць візуальную стылістыку гэтых тэкстаў, адчуць настрой гэтых песень, гісторый. Я, у сваю чаргу, маляваў іх Надзі на канвертах, на нейкіх паштоўках. У мяне таксама быў такі творчы пошук.
І так, гэтая праца, па сутнасці, нас ратавала. Ты ведаеш, што ты тут часова, што тваё цела часова знаходзіцца ў гэтым кантэйнеры, але нашы думкі былі свабоднымі. Хай гэта і доўга, хай і праз некалькі слаёў праверак і розных перашкод, але ў нас была ментальная сувязь.
Надзея і Уладзімір Калач. Merlin J. Noack 2025
Мы нават сварыліся ў гэтых лістах, памятаеш? На тэмы творчага бачання. У нечым адразу пагаджаліся, раіліся адно з адным. Гэта была вельмі інтэнсіўная сувязь, якая падтрымлівала нас абоіх, каб не скаціцца ў тое, што там вакол. А вакол там — жудасныя рэчы, проста жудасныя.
Надзея: І ў цэнтры гэтага апакаліпсісу мы выратавалі адно аднаго. «Бестыярыум» выратаваў нас абоіх, выратаваў нашу ментальнасць і даў нам мэту. Мы ведалі, што калі мы выйдзем — а калі-небудзь мы ўсё ж такі выйдзем, хутчэй за ўсё — мы ўвасобім у жыццё тое, што з’явілася насуперак усяму, тое, што напоўнена любоўю да жыцця.
У альбоме вы не пачуеце палітычных заклікаў або сацыяльных маніфестаў. Там, канешне, будуць адсылкі да рэальнасці, натуральна, але гэта будзе далёка не на першым месцы. На першым месцы будзе гіганцкая прага жыць, любіць, тварыць.
Будзе любоў да беларускай культуры, любоў да беларускай міфалогіі, да светапогляду нашых продкаў.
«Будзьма»: То-бок, нягледзячы на турэмны перыяд, прага любіць і тварыць засталася з вамі?
Надзея: Мы апынуліся ў месцы, куды мала людзей трапляе выпадкова. Скажам так, каб дайсці да калоніі жанчынам, трэба вельмі пастарацца. Я цяпер не пра «палітычных» — ім якраз вельмі лёгка туды дайсці. Але ўвогуле там вельмі спецыфічны кантынгент.
І, здавалася б, яны павінны быць зладзеямі, і, здавалася б, іх наўмысна падбухторваюць ускладняць жыццё «жоўтым» — у «палітычных» у турме жоўтыя біркі. Але, шчыра кажучы, акрамя асобных людзей, якія рабілі б зло ў любым выпадку — проста яны такія па сваёй прыродзе, — мы знайшлі значна больш чалавечнасці, чым можна было чакаць.
Больш за тое, мы знайшлі праявы неверагоднай высакароднасці і ўнутранай душэўнай прыгажосці, калі людзі, якім забаронена дапамагаць «жоўтым», дапамагалі, ратавалі, падтрымлівалі таемна і пад страхам пакарання.
І мы бачылі людзей, якія былі сапраўды пакараныя, жорстка пакараныя. За дапамогу «жоўтым» зняволеныя атрымліваюць статус «злосніка». Атрымаць злоснае парушэнне рэжыму — значыць не проста пазбавіцца пасылак, спатканняў ці яшчэ чагосьці. Самае галоўнае — ты пазбаўляешся права на амністыю, калі твой артыкул пад яе падпадае. Вось гэта самае страшнае.
І вось пад такім ціскам дапамагаць — гэта было настолькі прыгожа, што ў альбоме прасочваецца гэты лейтматыў. Хто такія паганскія істоты? Гэта істоты без душы. Такую версію афіцыйна ўвялі хрысціяне, каб выцесніць папярэднюю культуру і рэлігію.
Атрымліваецца, што сваім альбомам мы шукаем душу і чалавечнасць у істотах, якія афіцыйна лічацца бяздушнымі і бесчалавечнымі. Пра гэта, па сутнасці, альбом «Bestiarium».
І наш негатыўны досвед, на самай справе, даў нам цэлы пласт разважанняў. Досвед назірання за тым, чаго мы ў жыцці ніколі б не ўбачылі. Мы ніколі б не дайшлі да такой глыбіні, знаходзячыся па-за гэтымі абставінамі. І ўсё гэта будзе ўкладзена.
«Будзьма»: Будзе?
Надзея: Ды ўжо ўкладзена, калі шчыра. Альбом гатовы. Усё, ён ужо пайшоў у прадакшн.
Гэта будзе пушка, бомба, ракета — зробленая з душой, зробленая гадамі, адшліфаваная да немагчымасці. Мы шчаслівыя.
Я паняцця не маю, што будзе далей, але мы вельмі радыя, што пакінем такі артэфакт беларускай культуры. Я вельмі задаволеная тым, што атрымалася.
«Будзьма»: На якіх носьбітах выйдзе? Можа, будзе і на вінiле?
Уладзімір: Магчыма, і на вінiле, але не цяпер. На дадзены момант мы факусуемся на кнізе. У нас сапраўды быў выбар па бюджэце — або зрабіць вінiл, або зрабіць кнігу. Мы выбралі кнігу, бо гэта больш адпавядае мэце, большую культурную вагу мае гэты прадукт.
Тым не менш мы не пакідаем ідэю з вінiлам. Як толькі з’явіцца магчымасць, мы выпусцім як мінімум «Бестыярыум» на вінiле, а як максімум — усю дыскаграфію.
Надзея: Але цяпер мэта — альбом і двухмоўная кніга, якая ідзе ў звязцы з альбомам.
Плануем таксама дзесяць lyric-відэа для кожнага персанажа — гэта ажыўленыя ілюстрацыі, беларускі тэкст і пераклад на англійскую, што таксама неверагодна важна для распаўсюджвання беларускай культуры ў Еўропе.
«Будзьма»: Тур будзе прэзентаваць і альбом, і кнігу?
Надзея: Так, жывыя прэзентацыі пачнуцца з красавіка, і мы вельмі сур’ёзна да іх рыхтуемся. Мы хочам зрабіць іх захапляльнымі і запамінальнымі, таму што для нас саміх яны стануць апошнімі на нейкі працяглы перыяд жыцця.
Паверце, зроблена неверагодная колькасць працы, і яшчэ робіцца.

Расклад канцэртаў тура «Бестыярыум»
24.04 — Варшава (PL)
25.04 — Познань (PL)
26.04 — Берлін(DE)
28.04 — Прага(CZ)
30.04 — Брно(CZ)
01.05 — Кракаў(PL)
Квіткі на канцэрты бярыце па спасылцы.
«Будзьма»: Як у вас з мясцовай аўдыторыяй?
Надзея: Ды ў нас у асноўным еўрапейская аўдыторыя. Яшчэ да пандэміі, калі мы дзесяць гадоў жылі і працавалі ў Беларусі, выступалі ў роднай краіне мы прыкладна тры разы на год: «Дудуткі», нейкі фолк-фестываль і сольны канцэрт.
Цяпер жа, калі казаць пра нашу публіку тут, на канцэртах, то прыходзіць 90% мясцовых жыхароў (няхай гэта Нідэрланды, Італія або Германія) і 10% беларусаў.
Можам сказаць, што сектар славянскай паганскай культуры выклікае неверагодную цікавасць у еўрапейцаў. І мы вырашылі, што гэта выдатна — калі так атрымалася, сфакусавацца на тым, каб даць ім яшчэ больш усяго гэтага і яшчэ мацней закахаць іх у нашу творчасць. І ў той жа час падумалі: «Ну, можа, беларусам таксама нарэшце стане цікава занурыцца ў тэму беларускай міфалогіі».
«Будзьма»: З калегамі па сцэне кантактуеце? У вас жа былі сумесныя выступленні з In Extremo.
Уладзімір: У мінулым годзе мы таксама выступалі з імі. І, як толькі вернемся на сцэну, з задавальненнем зайграем з імі яшчэ раз. Натуральна, падтрымліваем сувязь з мэтрамі сцэны. І калі нас пасадзілі, вядомыя еўрапейскія гурты адкрыта і адназначна нас падтрымалі.
І пасля нашага вызвалення і пераезду яны працягваюць падтрымліваць з намі адносіны і падтрымліваць нас. Многім з іх не трэба шмат чаго тлумачыць — на гэтай сцэне ёсць людзі, якія ў свой час перажылі ГДР, перажылі «Штазі» і рэпрэсіі — або яны самі, або нехта з іх сям’і.
Увосень In Extremo у свой дзень нараджэння правялі легендарны фестываль Lorelei на 30 000 чалавек. Туды немагчыма трапіць, проста падаўшы заяўку. In Extremo самі складаюць спіс тых каманд, якіх хочуць там бачыць. Нас запрасілі, і мы выступілі там. Гэта неверагодна.
Шчыра кажучы, і раней, і цяпер мы адчуваем сябе больш часткай еўрапейскай фолк-сям’і, чым у Беларусі адчувалі беларускай. Хоць, канешне, усе тыя разы, калі мы выступалі ў Беларусі, былі для нас вельмі важнымі. І для душы гэта было проста найлепшае.
Але тут мы проста адчуваем, што знаходзімся на сваім месцы, у атачэнні сваіх калег. Нам ёсць да чаго імкнуцца, у нас ёсць планы на калабарацыі. У нас запісана значна больш, чым выйдзе цяпер. Сюрпрызы яшчэ будуць.
Але гэты тур з цалкам беларускамоўным альбомам мы пабудавалі так, каб праехаць па гарадах з вялікай канцэнтрацыяй беларусаў. Зрабіць тур па Усходняй Еўропе, па славянскіх лакацыях — у межах таго, куды я магу перамяшчацца, бо хутка я ўжо не змагу лётаць, шчыра кажучы.
«Будзьма»: Як заўсёды са сваёй тэхнікай едзеце?
Уладзімір: Так, мы прыхільнікі олдскульнага падыходу. Ды і тут, у Германіі, асабліва для фестывальнага гурта, немагчыма ездзіць без свайго бэклайну, без свайго гукаінжынера і гэтак далей.
Гэта магчыма, але ты абмежаваны па ўзроўні дасяжных мерапрыемстваў. Таму калі мы нанова збіралі гурт, у нас не было ніякіх сумненняў, што трэба адразу нацэльвацца на хедлайнерскія пазіцыі, умоўна кажучы.
Таму так — мы возім з сабой усё, што дазваляе нам быць аўтаномнымі і ўкладацца ў кароткія чэндж оверы. Звычайна восем чалавек у камандзе, яшчэ два чалавекі працуюць дыстанцыйна, пакуль мы ў туры — SMM і букінг-менеджар.
І мы заўсёды гатовыя да любых выступленняў — няхай гэта будзе маленькі клуб ці дваццацітысячны фестываль.
Надзея: Мы — за якасць. Нам увогуле не цікава рабіць хуткі кантэнт. І ў гуку таксама.
Маем адну мэту: калі мы выступаем, мы хочам, каб гэта засталося ў людзей у душы, у галаве, у вушах, у памяці. Таму што ты ніколі не ведаеш, калі твой шлях перарвецца і як ён перарвецца.
Irdorath з прыхільнікамі іх творчасці. Фота: Anastasia Kodis 2025
Мы заўсёды, што б мы ні рабілі, спаборнічаем толькі з адной камандай — з Irdorath. Мы заўсёды стараемся зрабіць лепш, чым мы ж у мінулы раз. Мы ўжо перажылі момант у сваім жыцці, калі раптам — раз — і ўсе твае планы, усё тваё жыццё схлопнуліся. Таму робім усё, як у апошні раз.
І цяпер акумуляваная энергія столькіх гадоў, якая ўвасобілася ў кнізе і альбоме, выльецца на сцэну. Гэта будзе крута — мы гэта ведаем дакладна, таму што цяпер мы мучым сваю каманду адточваннем якасці, ды і сябе таксама.
Запрашаем у «Bestiarium»!
Рыгор Сапежынскі, budzma.org