У Вілейцы зносяць стогадовую польскую казарму

Былая казарма польскіх памежнікаў, якія аднымі з першых сустрэлі ўдар Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 года, пойдзе на друз для падсыпкі дарог, піша «Наша Ніва».

Kazarma ŭ ViliejcyЗнос польскай казармы ў Вілейцы. Фота: фэйсбук

Лёс двухпавярховага будынка, які размяшчаўся на заходняй ускраіне горада па вуліцы Гагарына, 6А быў прадвызначаны яшчэ некалькі гадоў таму. Будынак знаходзіўся на балансе Вілейскай цэнтральнай раённай бальніцы і выкарыстоўваўся як вучэбны корпус мясцовым каледжам. Апошнія гады гістарычны будынак пуставаў.

У 2022 годзе мясцовыя ўлады паспрабавалі знайсці для гістарычнай пабудовы інвестара. Казарма выстаўлялася на продаж прыкладна за 51 тысячу даляраў з прапановай перапрафіляваць яе пад гандаль, сферу паслуг або лагістыку. Аднак ахвотных так і не знайшлося.

Kazarma ŭ ViliejcyЗнос польскай казармы ў Вілейцы. Фота: фэйсбук

Kazarma ŭ Viliejcy
Знос польскай казармы ў Вілейцы. Фота: фэйсбук

Урэшце чыноўнікі пайшлі самым простым для сябе шляхам. Згодна з рашэннем Вілейскага раённага выканаўчага камітэта ад 23 студзеня 2026 года, вучэбны корпус пастанавілі спісаць і знесці праз стопрацэнтную амартызацыю.

Друз, які застанецца ад зносу даручана бязвыплатна перадаць мясцоваму ЖКГ, фермерскім гаспадаркам і насельніцтву для ізаляцыі аб’ектаў пахавання адкідаў і падсыпання дарог.

Тут застаецца толькі падзівіцца знаходлівасці мясцовых чыноўнікаў, якія хацелі за будынак са стопрацэнтнай амартызацыяй аж 51 тысячу даляраў.

Kazarma ŭ Viliejcy
Казарма ў Вілейцы да зносу. Фота: Глобус Беларусі

Kazarma ŭ Viliejcy
Казарма ў Вілейцы да зносу. Фота: Глобус Беларусі

Калісьці будынак замыкаў перспектыву вуліцы Доўгай, адной з цэнтральных гарадскіх вуліц, перайменавай за палякамі ў гонар віленскага біскупа Бандурскага, якая за савецкім часам стала называцца Чырвонаармейскай.

У афіцыйным рашэнні райвыканкама будынак дакументальна значыцца як пабудова 1924 года. Аднак апублікаваныя краязнаўцамі ўнікальныя архіўныя фотаздымкі з працэсу ўзвядзення гэтай казармы змешчаны на альбомным аркушы, які падпісаны 1934 годам.

Kazarma ŭ Viliejcy
Будаўніцтва казармы. 1934 г. Фота: фэйсбук

Kazarma ŭ Viliejcy
Будаўніцтва казармы. 1934 г. Фота: фэйсбук

Kazarma ŭ Viliejcy
Будаўніцтва казармы. 1934 г. Фота: фэйсбук

Kazarma ŭ Viliejcy
Будаўніцтва казармы. 1934 г. Фота: фэйсбук

Што праўда, 1924 год сапраўды выглядае праўдападобна. На гэтых кадрах добра бачна, што казарма будавалася з характэрнай для рэгіёна жоўтай цэглы ў «цагляным стылі», хоць у польскай архітэктуры, як адзначаюць спецыялісты, ужо панавалі зусім іншыя авангардныя плыні.

Першапачаткова фасады ўпрыгожвалі фігурныя сандрыкі над вокнамі, а самі аконныя праёмы мелі выразныя лучковыя абрысы. Праўда, у такім дэкараваным выглядзе будынак прастаяў нядоўга. Ужо на здымках канца 1930‑х гадоў ён набыў больш строгі выгляд: сцены шчыльна патынкавалі, цагляны дэкор знік, а вокны сталі звычайнымі прамавугольнымі.

Апошні рубеж абаронцаў мяжы

Казарма будавалася спецыяльна для патрэб Корпуса аховы памежжа (КОП) — вайсковага фармавання, створанага для абароны ўсходніх межаў Другой Рэчы Паспалітай. Полк КОП «Вілейка» быў сфарміраваны ў 1929 годзе, аб’яднаўшы батальёны «Будслаў», «Краснае», пазней «Івянец» і кавалерыйскія эскадроны.

Navučaĺnaja rota bataĺjona Korpusa achovy pamiežža «Viliejka» na fonie kazarmy. 1930-ja
Навучальная рота батальёна Корпуса аховы памежжа «Вілейка» на фоне казармы. 1930-я. Фота: фэйсбук

Менавіта памежнікі з гэтых казармаў аднымі з першых сустрэлі пачатак Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Раніцай 17 верасня 1939 года на пазіцыі палка абрынулася групоўка Чырвонай Арміі пад камандаваннем камдыва Чаравічэнкі, у склад якой уваходзілі сілы 4‑га стралковага корпуса, 22‑й танкавай брыгады і атрады НКВД.

Нягледзячы на катастрафічную перавагу праціўніка ў жывой сіле і бранятэхніцы, польскія батальёны здолелі навязаць баі. Адступаючы ў бок Вільні, яны знішчылі за сабой масты цераз раку Сэрвач і спалілі склады з амуніцыяй, спрабуючы запаволіць прасоўванне савецкіх войскаў. Шанцаў перамагчы ва ўмовах, калі адначасова з захаду наступалі нацысты, у іх не было.