Бітва пад Лоевам — трыумф ВКЛ, пра які не памятаюць

31.07.2017 Гісторыя

31 ліпеня 1649 года польны гетман ВКЛ Януш Радзівіл у кровапралітным баі літаральна знішчыў казацкі конны корпус Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам. Па добрай беларускай традыцыі, у масавай свядомасці нашых суайчыннікаў аб гэтай перамозе нічога не вядома. Паспрабуем аднавіць справядлівасць.

Паўстанне Багдана Хмяльніцкага, якое пачалося вясной 1648 года і якое каштавала Рэчы Паспалітай незлічоных ахвяр, прынята разглядаць як бы з «украінскага» або «польскага» пункту погляду — з аднаго боку палякі, з другога казакі пры падтрымцы крымскіх татар. А ВКЛ, якое было паўнавартаснай часткай Рэспублікі абодвух народаў ўжо амаль стагоддзе, аказваецца нібы за дужкамі. На Украіне шугае паўстанне, пад Жоўтымі Водамі, Карсунем і Піляўцамі гінуць тры каралеўскія арміі, а ў ВКЛ нічога не адбываецца — нічога не здаецца дзіўным?

На самай справе, зразумела, ніякага дачынення да рэальнасці такая сітуацыя не мела. Так, Багдан Хмяльніцкі не лічыў Княства сваім галоўным ворагам. Але і не быў дурнем, які думаў, што з поўначы ўздоўж Дняпра да яго не змогуць прыйсці арміі, пакуль казакі б’юцца з палякамі на ўкраінскіх землях. А на Дняпры стаіць Кіеў, які бацька Хмель ужо разглядаў як сваю сталіцу. Страціць галоўны горад казацкаму правадыру не ўсміхалася, і ён палічыў за лепшае прыняць меры загадзя.

Бітва пад Лоевам. Габелен XVIII ст.

Яшчэ ўлетку 1648 года на паўднёвых межах ВКЛ з’явілася мноства эмісараў Хмяльніцкага, часта яны прыходзілі цэлымі атрадамі. Да таго моманту ў Княстве, як і ва ўсёй Рэчы Паспалітай, наспелі немалыя супярэчнасці ў розных пластах грамадства, і казакі параўнальна лёгка здолелі захапіць цэлы шэраг гарадоў — Гомель, Старадуб, Рэчыцу, Чэрыкаў, Пінск, быў абложаны Слуцк.

Рэакцыя вярхоў ВКЛ была не імгненнай, але рашучай. Вялікі гетман Літоўскі Януш Кішка, ужо стары і хворы, ад вайны самаўхіліўся, і працаваць давялося польнаму гетману Янушу Радзівілу. Сабраўшы не без праблем войскі, на працягу дзвюх кампаній — увосень 1648 і зімой-вясной 1649 года — ён цалкам разграміў казацкія войскі ў ВКЛ, ачысціўшы ад саперніка ўсё княства. Стаўшы з арміяй у Рэчыцы, ён рыхтаваўся ажыццявіць тое, чаго і баяўся Хмяльніцкі: спусціцца ўніз па Дняпры да Кіева і ўзяць горад.

Хмяльніцкі дапусціць такога не мог. Ужо адправіўшыся ў новы паход пад Збараж, ён аператыўна сабраў з найлепшых войскаў конны корпус прыкладна ў 10 000 шабляў, паставіў над ім аднаго з самых таленавітых палкаводцаў — Міхаіла Крычэўскага, свайго хрэсніка, і загадаў любой цаной не пусціць Радзівіла да Кіева.

Крычэўскі быў не з казакоў — шляхціц, каталік, які ўжо душыў у мінулым казацкія паўстанні, такі чалавек, здавалася б, меў мала шанцаў стаць на чале паўстанцаў. Але былі ў яго і істотныя козыры — Хмяльніцкаму ён быў кумам, перад самым паўстаннем толькі дзякуючы Крычэўскаму Хмель выйшаў з турмы, і пасля таго як кум быў узяты ў палон, Хмяльніцкі знайшоў як яму падзякаваць. Крычэўскі аператыўна стаў праваслаўным (хроснікам самога Багдана) і заняў адну з найвышэйшых пасад у казацкай іерархіі. Зараз яму быў дадзены тытул наказнога гетмана, то бок паўнаўладнага прадстаўніка Багдана Хмяльніцкага ў ВКЛ.
Конны корпус Крычэўскага рушыў да паўднёвых межаў Княства наўпрост, міма вялікіх дарог, праз лясы і балоты Палесся. 600-верставы марш цэлай арміі можна, напэўна, было б параўнаць з пераходам Ганібала праз Альпы. Задачай Крычэўскага было калі не знішчыць войска Радзівіла, то хаця б не даць яму заняць «браму з Літвы ва Украіну» — дняпроўскую пераправу у Лоеве. У выпадку разгрому арміі ВКЛ супраціўляцца у Княстве не было асабліва каму: казакі маглі спакойна ісці хоць да Вільні.

Сам Радзівіл у гэты час стаяў з шасцітысячнай арміяй у Рэчыцкім лагеры і збіраўся рухацца на поўдзень, займаць тую самую «браму». Перашкодзіць яму спрабаваў казацкі палкоўнік Падабайла прыкладна з 3 тысячамі казакоў. «Лыцары» пабудавалі магутныя палявыя ўмацаванні на беразе Дняпра, і выбіць іх з занятых пазіцый было нялёгка. Усё ж армія Радзівіла выйшла з Рэчыцы і падышла 23 ліпеня 1649 года да Лоеўскай пераправы.

А тым часам 24 ліпеня перадавыя атрады Крычэўскага ўжо перапраўляліся пад Бабічамі цераз Прыпяць — уся конная армія рэзка апынулася ў тыле войскаў ВКЛ. Стратэгічна наказны гетман перайграў Радзівіла цалкам, цяпер ён мог узяць Рэчыцу, пазбавіўшы праціўніка базы, або проста перарэзаць шляхі зносін з Княствам, вымусіўшы польнага гетмана здацца. Зрэшты, сам Радзівіл гэтага пакуль што не ведаў, яго задачай было так ці інакш выбіць Падабайлу з дняпроўскіх пазіцый.

У разгар падрыхтоўкі да штурму да Януша Радзівіла прыскакаў ганец, які распавёў, што ў тыле арміі ВКЛ аднекуль узяліся дзясяткі варожых харугваў. З пункту гледжання гетмана, такога быць не магло — і ўсё ж гэта была праўда. Для знішчэння праціўніка Радзівіл не стаў разгортваць ўсё войска на поўнач, ён абмежаваўся адпраўкай двух конных атрадаў агульнай колькасцю прыкладна ў 2000 шабель пад Рэчыцу і Брагін з загадам разбіць і знішчыць любога саперніка. З чаго гетман узяў, што дзвюх тысячаў конных хопіць для разгрому вялікага казацкага войска, невядома. Але ў выніку такі аптымізм стаў галоўным укладам у перамогу.

Крычэўскі не адважыўся штурмаваць Рэчыцу, вырашыўшы, што напад на замак будзе каштаваць жыцця многім воінам, а лепш было б зберагчы іх для разгрому самога Радзівіла. Даведаўшыся, што асноўныя сілы гетмана сышлі на поўдзень, казацкі правадыр кінуў сваю конніцу ў тым жа кірунку, збіраючыся зноў абысці праціўніка. Па дарозе Казакі ўзялі мястэчка Холмеч, дзе знаходзіўся лазарэт княжацкай арміі. Нікога шкадаваць «лыцары» не збіраліся, усе параненыя і хворыя былі перарэзаныя, выратаваўся толькі адзін. Гэты ўцякач і далажыў Радзівілу, што адпраўленыя ім атрады нікога не разбілі, што Крычэўскі літаральна дыхае гетманскай арміі ў патыліцу і што бой ужо блізкі. Радзівіл не запанікаваў, але зрабіў усе захады да адбіцця нападу: спробы разбіць Падабайлу былі пакінутыя, войска разгарнулася і падрыхтавалася да атакі з поўначы, адкуль павінныя былі прыйсці казакі.

Казакі прыйшлі з поўдня. Крычэўскі, майстар абходных манеўраў, зноў падмануў праціўніка і выйшаў у тыл арміі ВКЛ — два войскі падзяляла толькі маленькая рэчка Лоеўка і грэбля праз яе. Задачай Крычэўскага было адным ударам узяць гэтую грэблю і ўдарыць па разгубленым саперніку ззаду. Раніцай 31 ліпеня казацкія калоны выступілі з лесу і накіраваліся да Лоеўкі. Бітва пад Лоевам пачалася.

Бітва пад Лоевам (з нямецкай гравюры)

Радзівіл убачыў войска казакоў амаль адразу ж. Кіеўскі, Оўручскі, Брагінскі, Чарнобыльскі паліцы ішлі да грэблі, якую абаранялі ці не 400 пяхотнікаў. Здавалася, перамога казакоў прадвызначаная. Тым не менш залпы мушкетаў крыху затармазілі рух казакоў, і Радзівіл здолеў падцягнуць спачатку асабістую казацкую харугву, а потым і тыя войскі, што засталіся. Раптоўная атака правалілася.

Вытрымаўшы першы ўдар Крычэўскага, Радзівіл адправіў у контратаку ўсю конніцу. Кавалерыя ВКЛ перайшла Лоеўку, разгарнулася на беразе i ўдарыла па казаках. Тыя пачалі адступаць, пакуль не зайшлі назад у лес. Перагрупаваўшыся там, воіны Крычэўскага адкрылі страшны агонь, якім так славілася казацкая армія — пачалі падаць людзі і коні ў харугвах Радзівіла, атака кавалерыі захлынулася. І тут на флангі войскі ВКЛ абрынуліся свежыя казацкія сілы — дачакаўшыся, пакуль вялікая частка ворагаў уцягнецца ў бітву, Крычэўскі, выкарыстоўваючы колькасную перавагу, ахапіў абодва флангі праціўніка і прарваўся амаль да самай грэблі. Калі б казакі захапілі яе, армія Радзівіла апынулася б у коле і непазбежна была б знішчаная.

І тут у тыле казакоў загрымелі баявыя клічы «Езус Марыя!» і «Бі-забівай!». У самы зручны момант вярнуліся дзве тысячы конных, якіх Радзівіл адправіў на пошукі Крычэўскага. Знайсці казакоў ім не ўдалося, затое, вяртаючыся, у патрэбны момант яны апынуліся менавіта там, дзе трэба: за спінай у ворага. Конны таран, урэзаўшыся ў казацкія шэрагі, учыніў там поўнае спусташэнне. Левае крыло казакоў было знішчанае адным ударам. Крычэўскі з правым крылом быў вымушаны адысці ў лес і аператыўна акапацца. Бітва была па сутнасці выйграная, але трэба было дабіць яшчэ моцнага ворага.

У гэты час да казакоў прыбыла запозненая дапамога — Падабайла адправіў вялікую частку сваіх воінаў праз Днепр, каб ударыць Радзівілу ў фланг. На жаль, атака правалілася. Атрымаўшы магчымасць вольна манеўраваць войскамі, Радзівіл засяродзіў супраць 2 тысяч казакоў на лодках пераважныя сілы з артылерыяй, і дэсант быў скінуты ў раку. «Было іх да 3000, так што за галовамі не відаць вады. І гэтыя галавы бралі на мушку жаўнеры нашы, якія стаялі на беразе, так што ледзь 300 іх уратавалася ад гэтага разгрому». Месца, дзе адбывалася знішчэнне, і сёння называецца «Казацкі пясок».

Знішчыўшы войскі Падабайлы, воіны ВКЛ атрымалі весткі аб абозе Крычэўскага, які ішоў услед за войскам казакоў з поўдня. Конніца стражніка ВКЛ Рыгора Мірскага і нямецкая пяхота Тызенгаўза неадкладна рушыла насустрач. Ім удалося заспець казакоў знянацку — не паспеўшы сашчапіць вазы ў табар, тыя былі вымушаныя прыняць бой на маршы і былі перабітыя.

Бой скончыўся, смяротна стомленыя салдаты Радзівіла сышлі ў свой лагер, збіраючыся дабіць Крычэўскага на наступны дзень. Раніцай, аднак, высветлілася, што дабіваць ужо няма каго. Рэшткі казакоў пад покрывам ночы рассеяліся і сышлі на поўдзень, пакінуўшы ў акопах забітых, параненых… і Крычэўскага. Магчыма, цяжка паранены наказны гетман сам папрасіў пакінуць яго, магчыма, пра яго проста забыліся ў мітусні. Так ці інакш, кум Хмяльніцкага трапіў у рукі Радзівіла, які загадаў вылечыць яго і адправіць у Варшаву да караля. На жаль, мастацтва асабістага лекара польнага гетмана аказалася бяссільным, і неўзабаве Крычэўскі памёр.

Разгром коннага корпуса Міхаіла Крычэўскага стаў самым буйным паражэннем казакоў аж да 1651 года. У той час як польскія войскі на пачатковым этапе паўстання цярпелі паражэнне за паражэннем, армія ВКЛ не толькі здолела ачысціць Княства ад паўстанцаў, але і выйграла найбуйнейшую бітву. Януш Радзівіл атрымаў славу непераможнага палкаводца. Паўднёвыя межы ВКЛ былі надзейна абароненыя. Праўда, хранічны недахоп фінансавання і правіянту не даў воінам Радзівіла, як планавалася, ісці на Кіеў, які быў узяты толькі праз два гады. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

 

Дзяніс Буркоўскі, budzma.by