– Так ці інакш, ад Полацка свет пачаўся, а ў Палессі ён завершыцца, – сказала Рагнеда, памахваючы сваім двухручным мачэтэ перад маім носам. – Тут, з самага нізкага пункту краіны, на паверхню ўпершыню выйдзе боршч і пакрысе затопіць усенькую Зямлю.
– Стоп, стоп, прабабуля, пры чым тут уся Зямля? – раптам сказаў я. – Ну, тое, што вы на нашых мужчынаў зуб маеце, я ўжо цудоўна зразумеў, а замежнікаў затапляць за што? Яны ж, з пэўнымі агаворкамі, не вінаватыя.
– Помста за тое, што… – тут Рагнеда раптам запнулася.
Яна няўцямна перавяла вочы з нас на сваіх сябровак. Пад яе позіркам Еўфрасіння пачала даставаць з вока нейкую няісную парушынку. Чорная Панна зірнула на свае празрыстыя чаравікі. Рагнеда відавочна мулялася. Мы пакутліва чакалі.
– …За тое, што… – голас Рагнеды канчаткова перасекся.
– …за тое, што яны вас, нашых мужыкоў, абражалі! – выпаліла за яе мая ўнучка Еўфрасіння.
Мы стаялі збянтэжаныя, а казала ўжо Чорная Панна Нясвіжа:
– Як цяпер у вачах стаіць, як замежнікі пальцам паказвалі: “Вось, глядзіце на бесталковых і бесхрыбетных беларусаў!..
Мы па-ранейшаму маўчалі.
– Яны, можа, і не казалі нічога благога пра беларусак, толькі пра вас, мужчын, – дадала Соф’я Гальшанская, – але гэта чамусьці было так… так… крыўдна…
Зноў запанавала паўза. Баян паскроб ключамі ад машыны часу за вухам. Я ў одуме паператвараўся ў ваўка і назад.
– Дык я не магу зразумець, дзяўчаты, вы супраць нас ці за? – урэшце запытаў заяц. – І самае галоўнае: вельмі цікава, будзеце вы рабіць сусветны патоп ці спусціце на тармазах боршч бедным?
– Ат! – выпаліла Рагнеда і, адвярнуўшыся, махнула рукой.
– Не-не, прабабуля, пачакай… – заўпінаўся цяпер ужо я.
Рагнеда паспрабавала зрабіць суворыя вочы і нават размахнулася мачэтэ, але знянацку абмякла. Мачэтэ грукнулася ля саменькіх маіх ног.
– Ну канечне, мы за вас, Усяславік! – кволым голасам урэшце змагла вымавіць яна.
І разрыдалася. Плакала рыдма, несуцешна.
Хутка разам з ёй румзалі і Еўфрасіння, і Соф’я Гальшанская, і Эмілія Плятэр, і Алаіза Пашкевіч.
– Канечне, мы за вас, хлопчыкі, – паўтарыла за Рагнедай Чорная Панна Нясвіжа, раняючы свае важкія фантомныя слёзы.
– І па вялікім рахунку, мы гатовыя – калі вы папросіце па-добраму і па-нармальнаму – дараваць вам тысячагадовы заняпад. Бо з мілым рай і ў незаможнай усходнееўрапейскай краіне з невысокай працягласцю жыцця. І вам дастаткова проста прыпаўзці да нас на каленках і сказаць, што вы не мелі рацыі ўсе гэтыя тысячы гадоў, і мы вам усё-ўсенькае даруем, – дадала Соф’я Гальшанская.
Нашыя твары расквеціліся ўсмешкамі.
– Даравалі б усё, Усяславік, акрамя адной рэчы! – грымотным тонам пракурора раптам перарвала яе Рагнеда, якая паспела ўзяць у рукі сябе і сваё двухручнае мачэтэ. – Непусканне нас на кактэйль-вечарыну ў гонар былых валадароў дзяржавы – недаравальнае!
І махнула мачэтэ перад нашымі насамі. Які ўжо раз мы ашаломлена прамаўчалі. Вынікала, што круці – не круці, а трэ памярці.