Брашура «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча» вярнулася ў Вільню

Арыгінал брашуры А. Луцкевіча «Беларускі музэй ім. Івана Луцкевіча» (Вільня, 1933) з калекцыі Скарынаўкі вярнуўся ў Вільню. Пра гэта паведамляе Скарынаўская бібліятэка на сваёй старонцы ў Фэйсбук.


203.jpg
Куратарка віленскага Беларускага музэю Паўліна Вітушчанка з падараванай брашурай Луцкевіча

«Сёлетняя выстава «Няскораныя» ў Скарынаўцы атрымала нечаканую дапамогу ад віленскага Беларускага музэю імя І. Луцкевіча, які пазычыў нам унікальныя дакумэнты і артэфакты часоў сталінскіх рэпрэсіяў і лісты сёньняшніх палітвязьняў (пра гэтую частку выставы мы напішам асобна). 

Мы цешымся гэтай магчымасьці міжмузэйнага супрацоўніцтва і ганарымся тым, што ў падзяку маглі падараваць віленскаму Беларускаму музэю арыгінал брашуры Антона Луцкевіча «Беларускі музэй ім. Івана Луцкевіча» (Вільня, 1933). 

Браты Іван і Антон Луцкевічы — легендарныя постаці беларускага нацыянальнага і дзяржаўнага адраджэньня пачатку ХХ ст., заснавальнікі «Нашай Нівы», абодва ўваходзілі ў Раду БНР. 

Прыватная калекцыя старажытнасьцяў Івана Луцкевіча стала пасьля ягонай сьмерці асновай Беларускага музэю, заснаванага ў 1921 г., якім ягоны брат Антон кіраваў да свайго арышту савецкімі спэцслужбамі ў 1939 г. У брашуры Антон Луцкевіч апісвае ўнікальную калекцыю музэю, якая на той час налічвала каля 200 археалягічных знаходак з тэрыторыі Беларусі ад часоў палеаліту, пячаткі полацкіх князёў ХІ-ХІІ стст., рукапіснае Эвангельле ХІV cт. з Наваградчыны, частку праскай Бібліі Скарыны 1517 г., Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., кнігазбор з 14 тысячаў кніг, каштоўныя прадметы этнаграфіі, мастацтва, ды інш. 

Музэй быў ліквідаваны савецкімі ўладамі ў 1944 г. і падзелены паміж установамі культуры ЛітССР і БССР, частка калекцыі была вывезеная ў Маскву. Цяперашні Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча у Вільні, адноўлены ў 2001 г. намаганьнямі віленскіх беларусаў, адраджае віленскую музэйную традыцыю. Мы радыя, што змаглі спрычыніцца да гэтае годнае справы і што апісаньне колішняе калекцыі вярнулася ў беларускі асяродак Вільні».

204.jpg

205.jpg
Другі асобнік выданьня ў калекцыі Скарынаўкі