Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета прапанавала беларусам скласці плэйліст з песень, якія яны хацелі б узяць з сабою ў будучую Беларусь. У выніку атрымаўся спіс са 100 кампазіцый, якія ўжо цяпер можна паслухаць на Spotify.
Падборка атрымалася вельмі разнастайнай як па жанрах, так і эпохах: ад беларускай рок-класікі ў выкананні N.R.M., Neuro Dubel, Крамбамбулі і Крамы да сучаснага індзі, электроннай музыкі, фолку і поп-музыкі. У адным плэйлісце сустрэліся Naviband, Palina, Nizkiz, Akute, Intelligency, Molchat Doma, Nochy, Iva Sativa, Петля Пристрастия, Gods Tower, Верасы і дзясяткі іншых беларускіх артыстаў. Часцей за ўсё прапаноўвалі J:Mors — Маё сонца. Найстарэйшая кампазіцыя плейліста была запісаная ў 1972-м годзе (Песняры — «Беловежская пуща»), а самы свежы трэк выйшаў 30-га ліпеня 2026 года (uladz — «Я таю»).
Для кагосьці гэтыя песні — пра дом і вяртанне: «Каб кожны беларус і беларуска адшукалі шлях дадому, дзе б мы ні былі!», «Нагадвае Беларусь і сум па родным краі». Для іншых — пра сучасную Беларусь: «Гэта сапраўдная беларуская свага», «Стыльна, модна — я так бачу твар сучаснай беларускай музыкі», «Альтэрнатыўная Беларусь гучыць так». А хтосьці проста напісаў: «Бяру з сабой у Новую Беларусь!»
Эксперымент паказаў, наколькі разнастайная беларуская музычная культура. У гэтым плэйлісце сапраўды можна знайсці музыку на любы густ. На жаль, не ўсе прапанаваныя ўдзельнікамі песні даступныя ў Spotify. Таму Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета заклікае беларускіх творцаў размяшчаць сваю музыку на міжнародных платформах — гэта дапамагае захоўваць нашую музычную спадчыну, рабіць яе дасяжнай для наступных пакаленняў і знаходзіць новых слухачоў па ўсім свеце.
Таксама Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета стварыла асобны плэйліст на YouTube і дадалі ў яго кампазіцыі, якіх няма на Spotify. Дарэчы, там можна знайсці і сапраўдны архіўны скарб — напрыклад, кліп гурта «Мроя» 1989 года, з якога пазней вырас N.R.M. — «Незалежная Рэспубліка Мроя».
Калі вы не паспелі далучыцца і даслаць свае любімыя трэкі, то вы можаце гэта зрабіць зараз. Прапануйце свае любімыя кампазіцыі праз гугл-форму — і гэтыя трэкі таксама стануць часткай плэйлісту «Новая Беларусь»!