«Эма, закону Майсеевага, дачка Ноаха Залкінда і Раі Трабіновіч, родная мова — беларуская, нацыянальнасць — беларуска, нарадзілася ў Вільні». Стоп! Гэта як? Нудныя радкі трафарэтнай бюракратыі раптоўна ажываюць, імгненна даючы табе вобраз чалавека яўна неардынарнага.
Літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч сабраў у адно рассыпаныя па архіўных дакументах і старых публікацыях фрагментарныя звесткі пра гэтую, як яна сама сябе атэставала, віленскую беларуску.

Эма Залкінд. Фота, апрацаванае ШІ
Нарадзілася Эма Залкінд, як ужо і сказана вышэй, у Вільні. З датай жа нараджэння не ўсё так адназначна. Сама яна ў анкетных дадзеных для ўніверсітэта запісала днём нараджэння 19 красавіка 1909 года. Але ў класным журнале Віленскай Беларускай Гімназіі народзіны Эмы Залкінд пазначаныя 19 снежня 1907-га. Зрэшты, у тыя часы, калі Эму прымалі ў гімназію, вэрхал з дакументамі здараўся часта.
Віленская Беларуская Гімназія, відавочна, сталася для Эмы вялікай школай жыцця. Больш таго, яна, магчыма, — адзіная вучаніца, якая скончыла гімназію двойчы.

Абвестка пра адкрыццё Віленскай беларускай гімназіі ў газеце «Грамадзянін» ад 17 студзеня 1919 г.
Вучоба ейная пачалася, мяркуючы па журнале за 1918-1919 год, у самыя першыя дні існавання гэтай легендарнай установы. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія супрацьстаялі адкрыццю і існаванню ВБГ — а гэта, на хвіліначку, адсутнасць памяшкання, прыладаў, адсутнасць настаўнікаў, падручнікаў, і ўрэшце адсутнасць вучняў (бо ніякіх беларускіх гімназій у Вільні да таго часу не было), змена ўлады з нямецкай на літоўскую, потым польскую, потым бальшавіцкую, потым ізноў на польскую — каманда на чале з Іванам Луцкевічам адкрыла 7 поўных гімназічных класаў, 2 падрыхтоўчыя класы для самых маленькіх і паспяхова давяла іх да пачатку летніх вакацый 1919 года. Вось у першую «дарослую» класу і была прынятая маленькая Эма.
Фота: ВБГ_Шлях Моладзі
Адхінуўшыся на момант ад біяграфіі і пагартаўшы яшчэ раз гэты самы першы журнал ВБГ, бачыш, што прымалі ў гімназію фактычна ўсіх ахвотных. Магчымасці для навучання ў Вільні на мяжы 1918/1919 гадоў, калі з’явіліся першыя весткі пра набор (лекцыі пачаліся 1 лютага 1919 г.), былі дастаткова сціплыя. Вайна раскідала і адправіла ў эвакуацыю шмат школ і гімназій, у тым ліку разам з педагагічнымі кадрамі. Для літоўцаў, на грошы амерыканскай дыяспары, дзейнічала Літоўская гімназія. Безумоўна, былі і чыста польскія гімназіі — тая ж гімназія Жыгімонта Аўгуста, дзе потым будзе вучыцца Чэслаў Мілаш. Пры гэтым вельмі вялікую частку віленскага жыхарства, аж да часоў Халакосту, складалі габрэі (шмат хто з іх былі рускамоўнымі, а першая руская гімназія Любові Паспелавай з’явіцца толькі ў 1921 г.). Менавіта яны склалі аснову ВБГ першага набору, некаторыя класы, асабліва гэта тычыцца старшых, складаліся з габрэяў на 90%. Уплывала тут і блізкасць Базыльянскіх муроў на Вострабрамскай вуліцы, дзе размясцілася беларуская гімназія, да густанаселеных кварталаў паміж вуліцай Шкляной, Нямецкай і Завальнай, кварталаў традыцыйна габрэйскіх. Месцы, дзе беларусаў пражывала вельмі багата, на той 1919 год былі ад Вільні фактычна адрэзаныя праз бясконцыя ваенныя сутыкненні і прапускны рэжым.
Таму размаўлялі вучні і вучаніцы кагадзе заснаванай ВБГ пераважна на рускай мове і на ідыш. На рускай жа мове ў першы год збольшага вялося і выкладанне, за выняткам беларускай мовы і літаратуры, геаграфіі, гісторыі Беларусі (на габрэйскай выкладаўся Закон Майсееў, апрача таго, вывучаліся польская, французская, нямецкая мовы).
Вельмі хутка гэта ўсё змянілася і праз некалькі гадоў гімназія стала цалкам беларускамоўнай, і толькі пад ціскам польскай улады даводзілася ўводзіць прадметы, якія выкладаліся на польскай мове. Паразыходзіліся, пасля ўсталявання якой-кольвечы стабільнасці, па больш перспектыўных гарадскіх гімназіях многія вучні-габрэі.
Эма Залкінд засталася, яна выпускніца В.Б.Г. 1926-га і 1930-гадоў. У сваёй кароткай аўтабіяграфіі для паступлення ў Віленскі Універсітэт яна лаканічна напіша: «Першую навуку атрымала ў Беларускай Гімназіі ў Вільні, якую скончыла ў 1926 г. Не займеўшы аднак матуры, паступіла ў другі раз у тую ж гімназію ў 29/30 г., якую і скончыла ў гэтым годзе».
Падвойны дыплом мае сваё тлумачэнне, не такое, зрэшты, лаканічнае, як Эмін жыццяпіс. Рэч у тым, што гімназія ў 1920-я гады сапраўды была вядомай у Вільні, часта ладзіла канцэрты і танцы, мела свой тэатр, выдатных настаўнікаў, якія выкладалі ў найбуйнейшых вучэльнях, чыталі публічныя лекцыі, пісалі і выдавалі падручнікі, аднак усё гэта часта зводзіла намаганні на нішто, бо польскія ўлады ўпарта не прызнавалі гімназічныя атэстаты. Таму большасць выпускнікоў, нелегальна перайшоўшы мяжу, рушыла ў Літву, а адтуль кіравалася ў Прагу, дзе іх атэстат лічыўся паўнавартасным, і можна было спакойна вучыцца ў чэшскіх універсітэтах, дзякуючы стыпендыям, лабіраваным Радай БНР.
На час 1930-га года, пасля разгрому Беларускай сялянска-работніцкай грамады і шырокамаштабных рэпрэсій, улады ўсё ж успомнілі, пра што дзясяткі разоў гаварылі ў варшаўскім сойме беларускія паслы на чале з Тарашкевічам, і такі пайшлі на саступку, прызналі гімназічныя «матуры». Таму Эма Залкінд зноў паступае ў гімназію, зноў яе заканчвае і ўрэшце атрымлівае права вучыцца ў Віленскім Універсітэце, перайменаваным у той час ва Універсітэт Стэфана Баторыя у Вільні.

Вучні і настаўнікі Беларускай гімназіі ў Вільні, 1937 г. Фота: nashaziamlia.org
Зрэшты, я ўсё забягаю наперад у 1930-ыя гады, у архіўную тэчку магістаркі гістарычных навук Эмы Залкінд, але ж акурат у 1920-я дзейнасць праяўлена больш шырока, і імя яе пастаянна з’яўляецца на старонках беларускіх газет.
Бо яна — акторка ў беларускіх тэатральных трупах. Першыя адшуканыя згадкі пра яе ролі ў спектаклях датуюцца другой паловай 1920-х гадоў, але яшчэ ў 1924 годзе яе маці Раіса Залкінд абіраецца ў сяброўкі рады Беларускай Драматычнай Майстроўні, арганізаванай пры Беларускай Гімназіі ў адсутнасць рэгулярнага беларускага тэатру.
Адольф Клімовіч у сваёй шырокай картатэцы беларускіх дзеячаў характарызуе Эму так: «актыўная учасніца беларускіх тэатральных і наагул усякіх культурных пастановак у Вільні ў міжваенны пэрыод».
Таксама вядома, што кароткі час Эма выступае як акторка Вандроўнага беларускага тэатру, арганізаванага Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры.

Вандроўны беларускі народны тэатр пры БІГіК. Другая справа ўнізе Эма Залкінд
Успамінае Клімовіч і эпізод, які паказвае Эму Залкінд не толькі як акторку, але і як адну з першых беларускіх перформерак:
«Аб здольнасцях Эммы З. да прапаганды беларусазнаўства сведчыць ейны помысл прадставіць беларускую прэсу на жыдоўскай выстаўцы ў Вільні: на гэтай выстаўцы Эмма З., прыгожая маладая дзеўчына, была апранута ў вопратку пашытую з... тагачасных беларускіх газэт».
Імя пастаянна фігуруе і ў тэатральных рэцэнзіях. Вось водгук на пастаноўку «Паўлінкі» Янкі Купалы:
«П’еса прайшла гладка. Адказныя ролі — Пронкі і Паўлюка былі выкананы п. Ф. Більдзюкевіч і А. Лабанам адпаведна. Каму дадзена «іскра Божая», трэба разьвіваць яе, і хай пані Більдзюкевіч не закідвае свайго дару. З рэшты вучасьнікаў лепш ад іншых іграла Э. Залкінд».
Ці на «Страхі жыцця» Францішка Аляхновіча: «Гульня артыстаў была наагул добрая, апрача Маліцкага (Казюк). Найбольш мастацкага размаху выказалі Сарока, Цьвірко й Залкінд».
У іншым месцы пра той жа спектакль: «З артыстаў некаторыя ўжо вядомы й даюць шмат надзеяў для беларускай сцэны (Э. Залкінд, С. Сарока, В. Цьвірчанка)».
«На парозе справы» А. Астроўскага ў перакладзе на беларускую мову: «Вядомая здаўна на сцэне Эмма Залкінд іграла слабей, чым заўсёды. Э. Залкінд прафарсавала сваю ролю — у той час, як яна патрабавала вельмі тонкага разуменьня. Там, дзе глядзельнік чакаў ціхіх, сэрдэчных слоў, чуў ён крык. Вытлумачыць гэта можна хіба тэй пасьпешнасьцяй, з якой ладзіўся спэктакль, бо-ж грам. Залкінд наагул іграе добра і скончыла драм. студыю».
Апошнія знойдзеныя мною звесткі ў хроніках — што Эма Залкінд выконвала ролю Насты ў спектаклі «У зімовы вечар», першай пастаноўцы Ф. Аляхновіча пасля вяртання ў Вільню з Салавецкага лагеру. Паказаны быў гэты спектакль 12 студзеня 1935 года ў залі Віленскай Кансерваторыі.
Другая вядомая частка біяграфіі Залкінд — яе грамадская дзейнасць. Пра гэта мы раскажам у наступнай частцы артыкула. Сачыце за абнаўленнямі на сайце.
Ціхан Чарнякевіч, Budzma.org