Выхадзец з Беларусі, які напісаў самую прадаваную песню XX стагоддзя: «Жыццё на 10% складаецца з таго, што вы робіце, і на 90% з таго, як вы яго ўспрымаеце»

Ірвінг Берлін пражыў 101 год, праславіўся эстраднымі песнямі, а таксама стварыў «Божа, дабраславі Амерыку», якая стала неафіцыйным гімнам ЗША, піша «Салідарнасць».

Irvinh Bierlin

«У мяне няма чэкавых кніжак, няма банкаў. І ўсё ж я хацеў бы выказаць сваю падзяку — у мяне ёсць сонца раніцай і месяц ноччу», — казаў Ірвінг Берлін (народжаны Ізраіль Бейлін), аўтар мноства хітоў, у тым ліку White Christmas.

Ізя быў малодшым з васьмярых дзяцей у сям’і сінагагальнага кантара Майсея Бейліна і Леі Ліпкінай з Талачына. На Віцебшчыне нарадзіліся іх старэйшыя дзеці, а Ірвінг з’явіўся на свет ці то там, ці то ў Магілёве (хоць існуе яшчэ экзатычная версія наконт Цюмені, але незразумела, з чаго раптам яго маці магла там апынуцца).

Irvinh Bierlin

«Жыццё на 10% складаецца з таго, што вы робіце, і на 90% з таго, як вы яго ўспрымаеце», — казаў геній, які ў юнацтве паспеў папрацаваць пасыльным у краме, разносчыкам газет і афіцыянтам у музычнай кавярні.

Менавіта там па просьбе ўладальніка, у 16 гадоў, напісаў свой першы хіт «Мэры з сонечнай Італіі». Зарабіўшы дадатковыя 37 цэнтаў.

Irvinh Bierlin

«Талент — гэта толькі адпраўная кропка. А самае цяжкае ў поспеху тое, што ты павінен працягваць быць паспяховым», — Ірвінг напісаў каля 20 мюзіклаў і 900 песень.

За «Божа, дабраславі Амерыку» прэзідэнт Эйзенхаўэр узнагародзіў Берліна «Залатым медалём Кангрэса». А прэзідэнт Форд уручыў кампазітару вышэйшую ўзнагароду Кангрэса грамадзянскім асобам — «Медаль Свабоды».

Irvinh Bierlin

«Музыка мяняе мысленне, уплывае на кожнага, ведаюць яны пра гэта ці не. Музыка не ведае меж. Таму што песня заканчваецца, але мелодыя застаецца», — Ірвінг і казаць умеў прыгожа.

Irvinh Bierlin

Афіцыйнае відэа White Christmas прысвячаецца «мужчынам і жанчынам узброеных сіл па ўсім свеце, якія аддаюць свае жыцці за свой народ». Кампазіцыя ўпершыню прагучала ў выкананні Бінга Кросбі на радыё NBC на Каляды 1941 года. White Christmas увайшла ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самая прадаваная песня XX стагоддзя.

Ірвінг Берлін памёр у сне ў 1989-м. Экс-прэзідэнт Рональд Рэйган даслаў спачуванне, а дзейны тады прэзідэнт Джордж Буш-старэйшы ўзначаліў жалобную калону, якая спявала «God bless America». І выступіў з прамовай, назваўшы выхадца з Магілёва «легендарным чалавекам, чые словы і музыка будуць дапамагаць разуменню гісторыі нашага народа».

Irvinh Bierlin

Irvinh Bierlin