24 студзеня паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Матафонава выступілі ў Глыбоцкай гімназіі №3. Шмат гадоў дырэктарам тут быў паэт Віталь Гарановіч, таму сустрэчы з пісьменнікамі ў сценах гімназіі сталіся добрай традыцыяй. Гімназісты выдатна ведаюць сучасную літаратуру, айчынную гісторыю, у чым госці са сталіцы яшчэ раз пераканаліся.
Міхась Скобла прызнаўся пасля сустрэчы: “Глыбоцкіх гімназістаў на мякіне не правядзеш. Пытаюся: ці ведаеце, хто быў першым беларускім касманаўтам? І чую ў адказ: “Язэп Драздовіч, які яшчэ ў 1920-я гады абляцеў амаль усю Сонечную сістэму і замаляваў іншапланетныя краявіды”. Цікаўлюся: а што за прэм’ер-міністр стаіць у вас на гарадской плошчы? І чую ў адказ: “Вацлаў Ластоўскі, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, наш зямляк”. Прыемна выступаць перад такімі вучнямі. Глыбоцкая гімназія №3 – аазіс беларушчыны, куды хочацца прыязджаць зноў і зноў”.
Таццяна Матафонава расказала пра свой новы школьны праект – дыск “Сотня вершаў”, падаравала яго гімназіі і праспявала песні на словы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Дубоўкі, З. Пазняка. А напрыканцы сустрэчы ўручыла найбольш актыўным гімназістам сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.