Прэзентацыя календара “Канец словаў” прайшла ў Оршы Віцебскай вобласці 13 лістапада.
Імпрэза ладзілася ў музеі Канстанціна Заслонава, якому хутка споўнілася б 100 гадоў.
Арт-праект прадстаўлялі выдавец Ігар Логвінаў, пісьменнікі і перакладчыкі Андрэй Хадановіч, Марыйка Мартысевіч, Віталь Рыжкоў і Павал Касцюкевіч.
На прэзентацыі сабралося каля 40 чалавек.
Павал Касцюкевіч:
“Калі мы толькі шукалі музей, то даведаліся, што ў Оршы іх два. Адзін імя Караткевіча, а другі імя Заслонава. Прычым мясцовыя жыхары ўпарта паказывалі ў бок менавіта музея імя Караткевіча, што сведчыць аб большай папулярнасці пісьменніка перад партызанам ў народзе.
Сустрэчу праводзілі ў антуражы зямлянкі. Паміж намі і публікай вісеў кулямёт. Па ўсіх законах жанру, ён павінен быў стрэліць пры канцы імпрэзы, але, на жаль, гэтага не адбылося. І нягледзячы на прэзентацыю календара з аголенымі літаратарамі, ніхто з выступоўцаў таксама не распрануўся…
Дарэчы, пра кампанію “Будзьма беларусамі!” супрацоўнікі музея ведалі і нават крыўдавалі, што большую частку імпрэзаў кампанія праводзіць у музеі Караткевіча, а не ў іх”.
Музей імя Заслонава падараваў выступоўцам медалі. Ці былі яны экспанатамі, ці вырабленыя спецыяльна для выступоўцаў, гісторыі невядома.
Прэзентацыя ладзілася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Орша